Лявіт 13 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
 
Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:

«Калі ў чалавека на скуры цела ягонага зьявіцца пухліна, або лішай, або белая пляма, і будзе на скуры цела ягонага хвароба праказы, няхай прывядуць яго да Аарона сьвятара, або да аднаго з сыноў ягоных, сьвятароў.
 
«Калі ў якога чалавека на скуры цела з’явіцца пухліна, або гнайнік, або белая пляма, што ёсць рана праказы, то хай прывядуць яго да Аарона святара, або да аднаго з сыноў яго, святароў.

І сьвятар агледзіць пляму на скуры, і калі валасы на пляме зьменяцца на белыя і пляма паглыбіцца на скуры цела, гэта хвароба праказы. Сьвятар агледзіць яго і прызнае яго нячыстым.
 
Калі той убачыць, што на скуры рана і валасы змянілі колер на белы ды сам выгляд плямы паглыбіцца на скуры цела, — гэта рана праказы; калі святар убачыць гэта, хай прызнае яго нячыстым.

Але калі пляма на скуры цела яго белая, але ня ўглыбіўшыся ў цела, і валасы не пабялелыя, сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
 
Калі аднак пляма на скуры будзе белая, але не ўглыбілася ў цела, ды валасы ранейшага колеру, то святар адасобіць яго на сем дзён.

У сёмы дзень сьвятар агледзіць яго. І вось, пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры, і адасобніць яго сьвятар яшчэ на сем дзён.
 
Сёмага дня агледзіць яго. Калі святар сцвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры па-за ранейшыя межы, то адасобіць яго яшчэ на сем дзён.

Пасьля сямі дзён сьвятар зноў агледзіць яго. І вось, пляма пацямнела і не пашырылася на скуры, і сьвятар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык няхай ён вымые адзеньне сваё і будзе чысты
 
Пасля сямі дзён зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнее і не пашырыцца на скуры, то святар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык хай чалавек вымые адзенне сваё і будзе чысты.

А калі лішай пашырыўся па скуры пасьля таго, як ён стаў перад сьвятаром для праверкі, ён другі раз павінен стаць перад сьвятаром.
 
Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасля таго, як ён быў агледжаны святаром і вернуты на ачышчэнне, хай зноў прывядуць [чалавека] да яго,

І сьвятар агледзіць яго, і вось, лішай пашырыўся на скуры, і сьвятар прызнае яго нячыстым; гэта праказа.
 
і калі ён убачыць, што [усё] так і ёсць, прызнае яго нячыстым; гэта праказа.

Калі на чалавеку выявіцца праказа, няхай прывядуць яго да сьвятара.
 
Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, прывядуць яго да святара.

І сьвятар агледзіць яго, і вось, на скуры ягонай белая пухліна, і валасы [на ёй] белыя, і на пухліне жывое мяса.
 
Святар агледзіць яго, і калі на скуры яго ёсць белая пухліна, парослая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса,

Гэта застарэлая праказа на скуры цела яго, і сьвятар прызнае яго нячыстым, і адасобніць яго, бо ён нячысты.
 
хай прызнаюць застарэлую праказу, што вырасла на скуры. Тады святар прызнае яго нячыстым і не адасобіць яго, бо гэта відавочная нячыстасць.

Калі ж праказа расьцьвіце на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы сьвятара,
 
Калі ж праказа расцвіце шырока на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы святара,

і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, ён прызнае хворага чыстым, таму што ўсё [цела] перамянілася ў белае; ён чысты.
 
ды ўбачыць святар яго, што праказа пакрыла ўсё цела яго, то ён аб’явіць хворага чыстым, таму што ўсё перамянілася ў белае; ён чысты.

А ў дзень, калі выявіцца на ім жывое мяса, ён нячысты.
 
Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён будзе нячысты.

І ўбачыць сьвятар жывое мяса, і прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.
 
Святар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.

А калі жывое мяса станецца зноў белым, няхай ён прыйдзе да сьвятара.
 
Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, хай ён прыйдзе да святара,

І сьвятар агледзіць яго, і вось, плямы сталіся белымі, і сьвятар прызнае яго чыстым; ён чысты.
 
які, агледзеўшы гэта, прызнае яго чыстым; ён чысты.

Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,
 
Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,

але на месцы скулы будзе белая пухліна, або белая пляма, або чырвоная, ён павінен паказацца сьвятару.
 
але на месцы скулы з’явіцца белая пухліна або чырвоная пляма, то [гэты] чалавек павінен паказацца святару.

І сьвятар агледзіць яго і вось, тая пляма паглыблена адносна скуры і валасы на ёй пабялеўшыя, і сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, якая зацьвіла на скуле.
 
Калі той убачыць, што месца плямы паглыблена адносна скуры і валасы змянілі колер на белы, ён прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, каторая зацвіла на скуле.

А калі сьвятар убачыць, што вось, няма белых валасоў, і што пляма не паглыблена адносна скуры, і што яна пацямнеўшы, сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
 
Калі ж валасы ранейшага колеру, і рана цемнаватая, і скура паблізу не сапсаваная, хай адасобіць яго на сем дзён.

І калі яна, пашыраючыся, пашырыцца на скуры, сьвятар прызнае яго нячыстым. Бо гэта хвароба [праказы].
 
Калі ж яна разрасцецца, то святар прызнае на ім праказу. Гэта бо хвароба праказы.

А калі пляма застанецца бяз зьмены і не пашырыцца, гэта шнар на скуле, і сьвятар прызнае яго чыстым.
 
Калі, аднак, пляма застанецца на тым самым месцы і не пашырыцца, то гэта рана на скуле, і святар прызнае яго чыстым.

Калі хто мае на целе сваім апёк скуры, і калі на той скуры зьявіцца чырвоная або белая пляма,
 
Калі хто мае на сваёй скуры апёк, ды калі на месцы апёку паявіцца чырвоная або белая пляма,

сьвятар агледзіць яго. І вось, валасы на пляме пабялеўшы, і пляма паглыблена адносна скуры, гэта праказа, якая зацьвіла на апёку. І сьвятар прызнае яго нячыстым; гэта хвароба праказы.
 
дык святар агледзіць яго. І вось, валасы змянілі колер на белы, і месца яе паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць гэта праказа, якая зацвіла на апёку; святар прызнае яго нячыстым, бо гэта хвароба праказы з’явілася на ране.

А калі сьвятар агледзіць яго, і вось, на пляме няма белых валасоў і яна не паглыблена адносна скуры, і яна пацямнеўшы, тады сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
 
Калі, аднак, святар сцвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнелая, дык святар адасобіць яго на сем дзён.

У сёмы дзень сьвятар зноў агледзіць яго. Калі пляма, пашыраючыся, пашырылася на скуры, сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.
 
Сёмага дня зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырыцца на скуры, то прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.

А калі пляма не пашырыцца на скуры, але пацямнее, гэта шнар ад апёку. Сьвятар прызнае яго чыстым, бо гэта шнар ад апёку.
 
Калі, аднак, пляма не пашырыцца па скуры, але пацямнее, значыць гэта пухліна ад апёку, таму прызнае яго чыстым, бо гэта ёсць рана ад апёку.

Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе зьявіцца пляма,
 
Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе з’явіцца пляма,

няхай сьвятар агледзіць пляму, і калі яна паглыблена адносна скуры і валасы на ёй сталіся жоўтыя і ценькія, сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта паршывасьць, праказа галавы або барады.
 
хай агледзіць яе святар, і калі яна будзе паглыблена адносна акружаючай скуры і валасы на ёй сталіся жоўтымі і тонкімі, дык святар прызнае іх нячыстымі. Гэта паршывасць, праказа галавы або барады.

А калі сьвятар агледзіць пляму паршывасьці, і вось, яна не паглыблена адносна скуры, і няма чорных валасоў на ёй, сьвятар адасобніць хворага на паршывасьць на сем дзён.
 
Калі ж ён убачыць, што пляма паршывасці не змянілася адносна прылеглага цела і што валасы на ёй не чорныя, дык адасобіць іх на сем дзён.

У сёмы дзень сьвятар агледзіць пляму, і вось, паршывасьць не пашырылася і на ёй няма жоўтых валасоў, і паршывасьць не паглыбілася адносна скуры.
 
У сёмы дзень агледзіць пляму, і калі пляма не разраслася і на ёй няма жоўтых валасоў, ды калі месца плямы не паглыбілася адносна скуры,

Тады [чалавек] паголіцца, але не абголіць месца паршывасьці, і сьвятар зноў адасобніць яго на сем дзён.
 
то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і святар зноў адасобіць яго на сем дзён.

У сёмы дзень сьвятар агледзіць паршывасьць, і вось, паршывасьць не пашырылася і не паглыбілася адносна скуры, і сьвятар прызнае яго чыстым, і ён памые адзеньне сваё, і будзе чыстым.
 
Сёмага дня, калі святар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то святар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзенне, будзе ён чыстым.

А калі пасьля таго, як прызнаюць яго чыстым, пашыраючыся, пашырыцца паршывасьць на скуры,
 
А калі пасля ачышчэння зноў разрасцецца паршывасць на скуры,

сьвятар агледзіць яго. І вось, паршывасьць пашырылася на скуры, і ўжо ня будзе сьвятар шукаць жоўтых валасоў, бо [чалавек той] нячысты.
 
то не будзе ўжо больш высвятляць, ці не змяніўся колер валасоў на жоўты, бо ён відавочна нячысты.

А калі ў вачах [сьвятара] застаецца паршывасьць [у сваім выглядзе], і вырас на ёй чорны волас, паршывасьць вылекаваная, ён чысты, і сьвятар прызнае яго чыстым.
 
Калі ж пляма застаецца ды не будзе на ёй чорнага воласу, то хай ведае, што чалавек здаровы, і хай святар смела заяўляе, што ён чысты.

Калі ў мужчыны або жанчыны зьявіцца на скуры цела іхняга шмат плямаў белых,
 
Калі ў мужчыны або жанчыны на скуры цела іх з’явіцца шмат плям белых,

няхай агледзіць іх сьвятар. І вось, на скуры цела іхняга шмат плямаў белых. Гэта крапіўка, якая закрасавала на скуры; яны чыстыя.
 
хай агледзіць іх святар. Калі сцвердзіць, што на іх скуры бледнавата-белыя плямы, дык хай ведае, што гэта крапіўка з’явілася на скуры. Ён чысты.

Калі з чыёй галавы выпадуць валасы, ён лысы, і ён чысты.
 
Калі з чыёй галавы выпадаюць валасы, то ён лысы, і ён чысты.

і калі ў каго лоб палысее, ён лысы, і ён чысты.
 
Калі ў каго выпадуць валасы з ілба, ён паўлысы, і ён чысты.

Але калі на лысіне або палыселым чале зьявіцца пляма белая або чырвоная, гэта праказа, якая закрасавала на лысіне або палыселым чале.
 
А калі на лысіне або на залысіне з’явіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, каторая закрасавала на лысіне або вылыселым чале.

І сьвятар агледзіць яго, і вось, у яго пухліна белая або чырвоная на лысіне або палыселым чале, падобная да праказы на скуры цела.
 
Хай святар агледзіць яго, і вось, пухліна белая або чырвоная на залысіне, падобная да праказы на скуры цела,

Гэта чалавек пракажоны, ён нячысты. Сьвятар прызнае яго нячыстым. У яго на галаве хвароба ягоная.
 
гэта значыць чалавек нячысты, пракажаны. У яго на галаве праказа.

Пракажоны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзеньне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую, і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”
 
Пракажаны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзенне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”

Усе дні хваробы сваёй ён будзе нячыстым. Будзе жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае.
 
Увесь час, пакуль апанаваны праказай, нячысты; будзе жыць асобна па-за лагерам.

Калі на нейкім адзеньні зьявіцца хвароба праказы, ці на адзеньні ваўняным, ці на ільняным,
 
Калі на якімсьці адзенні з’явіцца праказа, ці на адзенні ваўняным, ці на льняным,

ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на нейкім вырабе скураным,
 
ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным,

і калі зьявіцца пляма зелянявая або чырвоная на адзеньні або на скуры, на ўтоку або аснове, або на нейкім вырабе скураным, гэта хвароба праказы. Трэба паказаць гэта сьвятару.
 
і калі з’явіцца пляма зеленаватая або чырванаватая на адзенні, або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, трэба лічыць, што гэта хвароба праказы, і трэба паказаць святару.

Сьвятар агледзіць гэта і замкне [заражанае хваробай] на сем дзён.
 
Ён агледзіць заражанае плямай і замкне на сем дзён.

У сёмы дзень агледзіць зноў хваробу, і калі яна пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на ўсім, што зроблена са скуры, гэта праказа ліхая; гэта [ўсё] нячыстае.
 
Сёмага дня агледзіць зноў, і калі заўважыць, што яна пашырылася на адзенні, або аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая, хай прызнае ён адзенне ды ўсё тое, на чым яна будзе знойдзена, нячыстым. Запаланела ёй адзенне ды ўсё, на чым была знойдзена.

І ён спаліць гэтае адзеньне, ці аснову, ці ўток ільняны, ці ваўняны, ці выраб скураны, на якіх будзе гэтая хвароба, бо гэта праказа ліхая, яна павінна быць спалена агнём.
 
І ён павінен спаліць гэта агнём.

А калі сьвятар убачыць, што хвароба не пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скураным вырабе,
 
Калі ж аднак убачыць, што яна не пашырылася на адзенні або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе,

тады сьвятар загадае вымыць рэч, на якой была хвароба, і замкне яе яшчэ на сем дзён.
 
то ў такім выпадку святар загадае вымыць рэч, на якой ёсць зараза, і замкне яе яшчэ на сем дзён.

І агледзіць яе сьвятар пасьля таго, як было вымытае [заражанае] хваробай, і вось, пляма не зьмянілася ў вачах ягоных, і пляма не пашырылася. Гэта нячыстае, спаліш яго ў агні, ці [рэч] заражаная з аднаго, ці з другога боку.
 
Калі па вымыцці святар убачыць, што пляма не змяніла свайго віду, то гэта рэч нячыстая, хоць і пляма не пашырылася. Спаліш тое агнём, бо прымяшалася зараза ці з аднаго, ці з другога боку.

А калі сьвятар агледзіць яе, і вось, пасьля таго, як [рэч] была вымытая, пляма сталася сьвятлейшай, ён аддзярэ гэтае [месца] ад адзеньня, або скуры, або асновы, або ўтоку.
 
А калі па вымыцці пляма станецца святлейшай, то святар адарве гэтае месца і аддзеліць ад цэлага.

А калі хвароба зноў зьявіцца на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на вырабе скураным, і закрасуе, спаліш у агні тое, на чым ёсьць хвароба.
 
А калі пляма зноў з’явіцца на тых рэчах, якія раней былі незаражаныя, то гэта лятучая і вандроўная праказа; спалі гэта агнём.

А тое адзеньне, або аснова, або ўток, або ўсякі выраб скураны, які ты вымыў і з якога зьнікла хвароба, няхай будзе вымыты паўторна, і будзе ён чысты.
 
Аднак тое, што ты вымыў ды з чаго знікла пляма, тое памый яшчэ раз, і будзе яно чыстым.

Гэта закон адносна хваробы праказы на адзеньні ваўняным ці льняным, або на аснове, або на ўтоку, або на ўсялякім вырабе скураным, каб прызнаць іх чыстымі або нячыстымі».
 
Гэта вось закон адносна праказы на адзенні ваўняным ці льняным, на аснове, або ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі, ці нячыстымі».