Лявіт 8 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
Вось гэта прамовіў Госпад Майсею, кажучы:

«Вазьмі Аарона і сыноў ягоных, адзеньне, алей памазаньня, бычка на ахвяру за грэх, два бараны і кош прэсных хлябоў.
 
«Вазьмі Аарона і сыноў яго, адзенне іх і алей намашчэння, бычка на ахвяру за грэх, двух бараноў і кош прэсных хлябоў.

Пасьля зьбяры ўсю грамаду каля ўваходу ў Намёт Спатканьня».
 
Пасля збяры ўсю супольнасць ля ўваходу ў палатку сустрэчы».

Майсей зрабіў так, як яму ГОСПАД загадаў, і грамада сабралася каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
 
Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і калі ўся супольнасць сабралася ля ўваходу ў палатку сустрэчы,

І сказаў Майсей грамадзе: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД выканаць!»
 
сказаў: «Вось, даручэнне, якое загадаў Госпад выканаць!»

І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных, і абмыў іх вадою.
 
І ў той жа момант прывёў Аарона і сыноў яго. І калі абмыў іх вадою,

І ўсклаў на яго шату льняную, і падперазаў яго паясом, і апрануў на яго верхнюю шату, і наверх усклаў эфод, і апаясаў яго пасам эфоду, і прымацаваў на ім эфод.
 
усклаў на святара шаты льняныя і падперазаў яго поясам ды адзеў на яго верхняе фіялетавае адзенне, і наверх усклаў эфод:

І ўсклаў на яго нагруднік, на якім разьмясьціў урым і тумім,
 
і гэты эфод моцна сцягнуў поясам і ўсклаў яму нагруднік, на якім размясціў урым і тумім,

і ўсклаў яму на галаву мітру і на ёй залатую дыядэму, сьвяты вянок, як загадаў Майсею ГОСПАД.
 
таксама пакрыў галаву яму кідарам, і на яго спераду паклаў залатую бляху, святую дыядэму, так, як загадаў Майсею Госпад.

Потым узяў Майсей алей памазаньня, і памазаў Сялібу разам з усім, што ў ёй было, і асьвяціў гэта.
 
Потым узяў Майсей алей намашчэння, якім і памазаў скінію разам з усёй яе маёмасцю, і пасвяціў гэта.

І пакрапіў ён ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік разам з яго прыналежнасьцямі, і мыцельнік, і яго падставу, каб асьвяціць іх.
 
І калі пакрапіў ён ім ахвярнік сем разоў, памазаў яго, а таксама ўвесь посуд яго, ды ўмывальнік з падножжам яго пасвяціў алеем.

І паліў ім галаву Аарона, і памазаў яго, каб асьвяціць яго.
 
А выліўшы яго на галаву Аарона, памазаў яго.

І наблізіў сыноў Аарона, і апрануў іх у шаты, і падперазаў іх паясамі, і ўсклаў на іх галовы турбаны, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
Таксама і прыведзеных сыноў яго апрануў ён у тунікі льняныя і падперазаў іх поясам; і ўсклаў мітры, як загадаў Госпад Майсею.

І прывёў [Майсей] бычка ў ахвяру за грэх. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ахвяры за грэх.
 
І прывёў [Майсей] бычка на ахвяру за грэх. І калі Аарон і сыны яго ўсклалі рукі свае на галаву яго,

І Майсей забіў яго, і, узяўшы крыві яго, пальцам памазаў рагі ахвярніка кругом, і ачысьціў ахвярнік. А рэшту крыві выліў на падставу ахвярніка, і асьвяціў яго, ачышчаючы яго.
 
забіў яго, ды, намачыўшы палец у крыві яго, памазаў рогі ахвярніка кругом і ачысціў яго; рэшту крыві выліў на падножжа яго і так пасвяціў яго, ачышчаючы.

І ўзяў ён увесь тлушч, які на нутры, і тлушч на вантробе, і абедзьве ныркі разам з тлушчам, і спаліў іх на ахвярніку,
 
А тлушч, які пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі разам з тлушчам іх спаліў на ахвярніку,

а бычка і скуру ягоную, і мяса ягонае, і нячыстасьці ягоныя спаліў у агні па-за табарам, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
а бычка, і скуру яго, і мяса яго, і нечыстоты яго спаліў у агні па-за лагерам, так, як загадаў Майсею Госпад.

І прывёў [Майсей] барана ў ахвяру цэласпаленьня. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі на галаву ягоную рукі свае.
 
Потым прывёў барана на ахвяру цэласпалення. Калі Аарон і сыны яго ўсклалі на галаву яго рукі свае,

І Майсей забіў яго, і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю,
 
закалоў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю яго,

і пасек барана на часткі, і спаліў галаву, і кавалкі, і тлушч,
 
пасля рассек самога барана на часткі і спаліў на агні галаву, і члены цела, і тлушч.

а нутро і ногі памыў вадой. І спаліў Майсей усяго барана ў агні на ахвярніку. Гэта цэласпаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая для ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
Абмыўшы найперш нутро і ногі, спаліў ён цэлага барана на ахвярніку, і гэта была ахвяра цэласпалення на найпрыемнейшы пах, агнявая ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею.

І прывялі другога барана, барана асьвячэньня. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ягоную.
 
Потым прывёў і другога барана на [ахвяру] пасвячэння святароў. Аарон і сыны яго ўсклалі свае рукі на галаву яго.

І Майсей забіў яго, і ўзяў крыві ягонай, і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
 
Майсей забіў яго ды ўзяў крыху крыві яго і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

І прывёў Майсей сыноў Аарона, і памазаў крывёй верх правага вуха іхняга, і вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю ахвярнік з усіх бакоў.
 
Прывёў ён і сыноў Аарона; і калі крывёй ахвяраванага барана памазаў верх правага вуха кожнага з іх ды вялікія пальцы правай рукі і нагі, то рэшту крыві пакрапіў вакол ахвярніка.

Потым узяў тлушч, хвост і ўвесь тлушч, які на нутры, разам з тлушчам на вантробе, абедзьве ныркі і іхні тлушч, і правую лапатку,
 
Потым узяў тлушч і курдзюк, і ўвесь тлушч, які пакрывае вантробы ды сальнік печані, і абедзве ныркі з іх тлушчам, ды правую лапатку,

і з каша праснакоў, які стаяў перад абліччам ГОСПАДА, узяў адзін праснак, адну аладку на алеі і адзін сухарык, і палажыў на тлушч і на правую лапатку.
 
і з каша праснакоў, які стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку, скропленую алеем, і адзін сухарык, і паклаў на тлушч і на правую лапатку,

І палажыў усё гэта на рукі Аарона і сыноў яго, і патрос гэтым перад абліччам ГОСПАДА.
 
перадаючы ўсё разам на рукі Аарона і сыноў яго. Той, пасля таго, як яны ўзнялі гэта перад Госпадам,

І ўзяў усё гэта Майсей з рук іхніх, і спаліў на ахвярніку разам з цэласпаленьнем. Гэта ахвяра асьвячэньня на мілы пах, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.
 
прыняўшы назад з рук іх, спаліў на ахвярніку на ахвяру цэласпалення, і гэта была ахвяра пасвячэння на пах найпрыемнейшы: гэта была ахвяра агнявая для Госпада.

І ўзяў Майсей грудзіну, і патрос яе перад абліччам ГОСПАДА. Гэта была частка Майсею з барана ахвяры асьвячэньня, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
Потым прынёс грудзіну і падняў яе перад Госпадам; гэта была яго частка з барана, ахвяры пасвячэння, як загадаў Госпад Майсею.

І ўзяў Майсей крыху алею памазаньня і крыху крыві з ахвярніка, і пакрапіў Аарона і шаты ягоныя, а таксама сыноў ягоных і шаты іхнія. І асьвяціў Аарона і шаты ягоныя, а таксама сыноў ягоных і шаты іхнія.
 
Потым Майсей узяў крыху алею намашчэння і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў зверху Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх. Гэтак пасвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх.

І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: «Зварыце мяса каля ўваходу ў Намёт Спатканьня і там ешце яго і хлеб, які ў кашы ахвяры асьвячэньня, як мне было загадана: “Аарон і сыны ягоныя будуць есьці яго”.
 
Па пасвячэнні іх і шатаў іх загадаў ім, кажучы: «Зварыце мяса ля ўваходу ў палатку і там ежце яго; таксама ежце хлябы [ахвяры] пасвячэння, што ляжаць у кашы, як мне было загадана: “Аарон і сыны яго будуць іх есці,”

А што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём.
 
а што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём.

Ад уваходу ў Намёт Спатканьня не адыходзьцеся сем дзён, аж да дня заканчэньня асьвячэньня вашага, бо сем дзён будзе працягвацца асьвячэньне.
 
Ад уваходу ў палатку сустрэчы не адыдзецеся сем дзён, аж да дня, калі споўніцца час пасвячэння вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасвячэнне.

І што я зрабіў сёньня, так загадаў ГОСПАД рабіць, каб ачысьціць вас.
 
І што адбылося сёння, так загадаў Госпад, каб рабілася дзеля іх ачышчэння.

Каля ўваходу ў Намёт Спатканьня заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце ГОСПАДА, каб не паўміралі, бо гэтак мне было загадана».
 
Ля ўваходу ў палатку сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо мне гэтак загадана».

І зрабілі Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў ім ГОСПАД праз Майсея.
 
І зрабілі Аарон і сыны яго ўсё, што сказаў Госпад праз Майсея.