Лявіт 20 разьдзел
Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
«Кажы сынам Ізраіля: “Калі нехта з сыноў Ізраіля або з сыноў прыхадняў, якія пасяліліся ў Ізраілі, дасьць адно з дзяцей сваіх Малоху, сьмерцю памрэ; землякі ягоныя ўкамянуюць яго.
«Кажы сынам Ізраэля: “Хто з сыноў Ізраэля або з прышэльцаў, якія жывуць у Ізраэлі, дасць адно са сваіх дзяцей ідалу Малоху, будзе пакараны смерцю; народ землі хай укамянуе яго.
І Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго спаміж народу яго за тое, што ён даў насеньне сваё Малоху, спаганіў сьвятыню Маю і зьняважыў сьвятое імя Маё.
І Я Сам звярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго з народа яго за тое, што ён даў патомства сваё Малоху, спаганіў святыню Маю ды зняважыў святое імя Маё.
Калі землякі ягоныя закрыюць вочы свае на такога чалавека, які аддаў адно з дзяцей сваіх Малоху, і не заб’юць яго,
Калі землякі яго закрыюць вочы свае, каб не бачыць такога чалавека, які аддаў адно са сваіх дзяцей Малоху, ды не захочуць забіць яго,
Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць сям’і ягонай, і выкараню яго спасярод народу яго, а таксама ўсіх тых, якія насьлядуюць яго, якія распусьнічаюць з Малохам.
то Я Сам звярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць яго сям’і ды выкараню яго з народа яго, а таксама тых усіх, якія спачуваюць яму ў тым, каб распуснічаць з Малохам.
І супраць душы, якая зьвернецца да тых, што выклікаюць духаў [памерлых], або да варажбітоў, каб распусьнічаць з імі, Я зьвярну аблічча Маё, і выкараню яго спаміж народу яго.
Таксама супраць кожнай душы, якая звернецца да выклікаючых духі памерлых або да варажбітоў і будзе распуснічаць з імі, Я звярну аблічча Маё і выкараню яе з народа яе.
Дык асьвяціцеся і будзьце сьвятыя, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Дык асвяціцеся і будзьце святымі, бо Я — Госпад, Бог ваш!
Захоўвайце пастановы Мае і выконвайце іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас!
Захоўвайце прыказанні Мае і выконвайце іх. Я — Госпад, Які асвячае вас!
Хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, сьмерцю памрэ; хто праклінаў бацьку свайго і маці сваю, кроў ягоная [будзе] на ім.
Хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, будзе пакараны смерцю; хто праклінаў бацьку або маці, той выклікаў смерць на сябе.
Калі хто будзе чужаложыць з жонкай бліжняга свайго, сьмерцю памрэ і чужаложнік, і чужаложніца.
Калі хто будзе чужаложыць з чужою жонкай ці ўчыніць пералюб з жонкай блізкага свайго, будзе пакараны смерцю і чужаложнік, і чужаложніца.
Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той адкрывае голасьць бацькі свайго; сьмерцю памруць абое, кроў іхняя [будзе] на іх.
Калі хто ляжа з жонкаю бацькі свайго і адкрые галізну бацькі свайго, то будуць пакараны смерцю абодва, яны самі гэтую смерць сцягнуць на сябе.
Хто ляжа з нявесткай сваёй, сьмерцю памруць абое. Яны дапусьціліся брыдоты, і кроў іхняя [будзе] на іх.
Хто ляжа з нявесткай, будзе разам з ёю пакараны смерцю, бо яны ўчынілі злачынства і самі гэтую смерць сцягнулі на сябе.
Хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, робіць вычварэньне. Абодва сьмерцю памруць; кроў іхняя [будзе] на іх.
Калі хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, то абодва дапускаюцца брыдоты і будуць пакараныя смерцю; яны самі на сябе гэтую смерць сцягнулі.
Калі хто бярэ за жонку жанчыну і маці ейную, дапускаецца распусты; ён і яна будуць спалены ў агні, каб не было распусты сярод вас.
Калі хто бярэ за жонку жанчыну і яе маці, дапускаецца злачынства: ён і яна будуць спалены ў агні, каб толькі не было распусты сярод вас.
Хто ляжа з жывёлай, выліваючы [насеньне], сьмерцю памрэ. Жывёлу таксама трэба забіць.
Хто ляжа з жывёлай, будзе пакараны смерцю. Жывёлу таксама забіце.
Калі жанчына наблізіцца да якой жывёлы, каб злучыцца з ёй, заб’еш і жанчыну, і жывёлу. [Абое] сьмерцю памруць; кроў іхняя [будзе] на іх.
Калі жанчына злучыцца з якой-небудзь жывёлай, адразу забі іх разам, хай будуць пакараныя смерцю; самі гэтую смерць на сябе сцягнулі.
Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго або дачку маці сваёй, і будзе аглядаць голасьць яе, а яна будзе аглядаць голасьць яго, гэта сорам; няхай будуць забітыя перад вачыма сыноў народу свайго; ён адкрыў голасьць сястры сваёй, беззаконьня ён дапусьціўся.
Калі хто возьме сваю сястру, дачку бацькі свайго або маці сваёй, і будзе аглядаць яе галізну, а яна будзе аглядаць галізну брата, гэта сорам; хай будуць забітыя перад народам сваім; дзеля таго, што ён адкрыў галізну сястры сваёй, панясе ён правіннасць сваю.
Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые голасьць яе, ён адкрывае крыніцу [крыві], і яна таксама адкрывае крыніцу крыві сваёй; абодва вынішчаны будуць спасярод народу свайго.
Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые яе галізну, то ён адкрывае крыніцу яе крыві, і яна таксама адкрывае крыніцу сваёй крыві; абодва вынішчаны будуць з народа свайго.
Не адкрывай голасьці сястры маці тваёй або сястры бацькі твайго, бо выяўляеш голасьць сваячкі сваёй. Беззаконьне сваё яны панясуць.
Не адкрывай галізны сястры маці сваёй або сястры бацькі свайго, хто так робіць, галізну цела свайго адкрывае; панясуць абодва правіннасць сваю.
Хто ляжа з цёткай сваёй, той адкрывае голасьць дзядзькі свайго. Яны панясуць грэх свой, памруць бязьдзетныя.
Хто ляжа з жонкай стрыя або вуя свайго, той адкрывае галізну блізкага свайго, абодва панясуць грэх свой, памруць бяздзетныя.
Хто бярэ жонку брата свайго, гэта паскудства. Ён адкрыў голасьць брата свайго, будуць яны бязьдзетныя.
Хто бярэ жонку брата свайго, гэта нячыстасць. Адкрыў ён галізну свайго брата, будуць яны бяздзетныя.
Захоўвайце ўсе пастановы Мае і ўсе прысуды Мае і выконвайце іх, каб ня выкінула вас зямля, у якую Я ўвяду вас, каб вы жылі ў ёй.
Захоўвайце ўсе пастановы ды ўсе законы Мае і выконвайце іх, каб вас не выкінула зямля, у якую вы збіраецеся ўвайсці і жыць там.
Не хадзіце паводле звычаяў народаў, якія Я выганю перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і яны сталіся для Мяне брыдкімі.
Не жывіце паводле звычаяў народаў, якія Я збіраюся выгнаць перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і таму сталіся для Мяне брыдкімі”.
І Я сказаў вам: "Вы ўспадкаеміце зямлю іхнюю, і Я дам яе вам на ўласнасьць, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад [іншых] народаў".
Вось жа, сказаў Я вам: “Вы возьмеце зямлю іх, Я дам яе вам у спадчыну — зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Я — Госпад, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад іншых народаў.
Дык адрозьнівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душаў вашых жывёлай, і птушкамі, і ўсім, што рухаецца па зямлі, і што Я вылучыў вам як нячыстае.
Дык адрознівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душ вашых жывёлай і птушкамі ды ўсім другім, што рухаецца па зямлі і што Я вылучыў вам як нячыстае.
Будзьце для Мяне сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які аддзяліў вас ад [іншых] народаў, каб вы былі Маімі.
Будзьце перад Мною святымі, бо Я святы, Я — Госпад, і Я аддзяліў вас ад другіх народаў, каб вы былі Маімі.
Мужчына або жанчына, калі будуць яны выклікаць духаў [памерлых] або варажыць, сьмерцю памруць. Укамянуеце іх камянямі; кроў іхняя [будзе] на іх”».
Мужчына або жанчына, якія будуць варажыць або прадказваць будучыню і выклікаць духаў памерлых, будуць пакараныя смерцю. Хай закідаюць іх каменнем; яны самі заслужылі такую смерць”».