Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Лявіт 20 Лявіт 20 разьдзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Кажы сынам Ізраіля: “Калі нехта з сыноў Ізраіля або з сыноў прыхадняў, якія пасяліліся ў Ізраілі, дасьць адно з дзяцей сваіх Малоху, сьмерцю памрэ; землякі ягоныя ўкамянуюць яго.
3 І Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго спаміж народу яго за тое, што ён даў насеньне сваё Малоху, спаганіў сьвятыню Маю і зьняважыў сьвятое імя Маё.
4 Калі землякі ягоныя закрыюць вочы свае на такога чалавека, які аддаў адно з дзяцей сваіх Малоху, і не заб’юць яго,
5 Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць сям’і ягонай, і выкараню яго спасярод народу яго, а таксама ўсіх тых, якія насьлядуюць яго, якія распусьнічаюць з Малохам.
6 І супраць душы, якая зьвернецца да тых, што выклікаюць духаў [памерлых], або да варажбітоў, каб распусьнічаць з імі, Я зьвярну аблічча Маё, і выкараню яго спаміж народу яго.
7 Дык асьвяціцеся і будзьце сьвятыя, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!
8 Захоўвайце пастановы Мае і выконвайце іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас!
9 Хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, сьмерцю памрэ; хто праклінаў бацьку свайго і маці сваю, кроў ягоная [будзе] на ім.
10 Калі хто будзе чужаложыць з жонкай бліжняга свайго, сьмерцю памрэ і чужаложнік, і чужаложніца.
11 Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той адкрывае голасьць бацькі свайго; сьмерцю памруць абое, кроў іхняя [будзе] на іх.
12 Хто ляжа з нявесткай сваёй, сьмерцю памруць абое. Яны дапусьціліся брыдоты, і кроў іхняя [будзе] на іх.
13 Хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, робіць вычварэньне. Абодва сьмерцю памруць; кроў іхняя [будзе] на іх.
14 Калі хто бярэ за жонку жанчыну і маці ейную, дапускаецца распусты; ён і яна будуць спалены ў агні, каб не было распусты сярод вас.
15 Хто ляжа з жывёлай, выліваючы [насеньне], сьмерцю памрэ. Жывёлу таксама трэба забіць.
16 Калі жанчына наблізіцца да якой жывёлы, каб злучыцца з ёй, заб’еш і жанчыну, і жывёлу. [Абое] сьмерцю памруць; кроў іхняя [будзе] на іх.
17 Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго або дачку маці сваёй, і будзе аглядаць голасьць яе, а яна будзе аглядаць голасьць яго, гэта сорам; няхай будуць забітыя перад вачыма сыноў народу свайго; ён адкрыў голасьць сястры сваёй, беззаконьня ён дапусьціўся.
18 Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые голасьць яе, ён адкрывае крыніцу [крыві], і яна таксама адкрывае крыніцу крыві сваёй; абодва вынішчаны будуць спасярод народу свайго.
19 Не адкрывай голасьці сястры маці тваёй або сястры бацькі твайго, бо выяўляеш голасьць сваячкі сваёй. Беззаконьне сваё яны панясуць.
20 Хто ляжа з цёткай сваёй, той адкрывае голасьць дзядзькі свайго. Яны панясуць грэх свой, памруць бязьдзетныя.
21 Хто бярэ жонку брата свайго, гэта паскудства. Ён адкрыў голасьць брата свайго, будуць яны бязьдзетныя.
22 Захоўвайце ўсе пастановы Мае і ўсе прысуды Мае і выконвайце іх, каб ня выкінула вас зямля, у якую Я ўвяду вас, каб вы жылі ў ёй.
23 Не хадзіце паводле звычаяў народаў, якія Я выганю перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і яны сталіся для Мяне брыдкімі.
24 І Я сказаў вам: "Вы ўспадкаеміце зямлю іхнюю, і Я дам яе вам на ўласнасьць, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад [іншых] народаў".
25 Дык адрозьнівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душаў вашых жывёлай, і птушкамі, і ўсім, што рухаецца па зямлі, і што Я вылучыў вам як нячыстае.
26 Будзьце для Мяне сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які аддзяліў вас ад [іншых] народаў, каб вы былі Маімі.
27 Мужчына або жанчына, калі будуць яны выклікаць духаў [памерлых] або варажыць, сьмерцю памруць. Укамянуеце іх камянямі; кроў іхняя [будзе] на іх”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лявіт, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023