Лявіт 22 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І гукаў СПАДАР Масею кажучы:
Вось што прамовіў далей Госпад да Майсея, кажучы:
«Скажы Аарону а сыном ягоным: і хай яны ўзьдзержуюцца ад сьвятасьцяў сыноў Ізраелявых, і ня будзеняць сьвятога імені Майго ў тым, што яны пасьвячаюць Імне. Я СПАДАР.
«Скажы Аарону і сынам яго, каб яны асцярожна абыходзіліся з тым, што пасвечана сынамі Ізраэля, і каб не знеслаўлялі святое імя Маё ў тым, што яны Мне складаюць у ахвяру. Я — Госпад.
Кажы ім гэта ў роды вашыя: "Кажная людзіна з усёга насеньня вашага, каторая дабліжыцца да сьвятасьцяў, што пасьвячаюць сынове Ізраелявы СПАДАРУ, калі нечысьць ейная на ёй, то выгубіцца тая душа ад віду Майго. Я СПАДАР.
Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленні, калі хто з патомкаў вашых, будучы ў нячыстасці, прыступіцца да рэчаў святых, якія сыны Ізраэля пасвяцілі Госпаду, то такі чалавек будзе вынішчаны перад абліччам Маім. Я — Госпад.
Кажная людзіна з насеньня Ааронавага, калі яна пракажаная альбо мае вытак, тая ня мае есьці сьвятасьці, пакуль не ачысьціцца. І хто даткнецца да ўсёга, што плюгаве душу, альбо людзіна, у каго выйдзе насеньне ляжаньня,
Ніводзін патомак Аарона, які быў бы пракажаны або цярпеў бы на выцёкі, не будзе магчы есці таго, што пасвечана, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памерлага або мужчына, у якога вывяргаецца семя,
Альбо людзіна, каторая даткнецца да ўсялякага роючага, каторы плюгаве яго, або калі да чалавека, каторы плюгавіцца ўсялякай нечысьцяй ягонай;
або хто дакранецца да паўзуна, якім занячысціцца, або чалавека, які апаганіў бы яго нейкай сваёй нячыстасцю,
Душа, што даткнецца да гэтага, нячыстая будзе аж да вечара, і ня мае есьці ізь сьвятасьці ўперад, чымся памые цела свае ў вадзе.
дык хто дакранецца да такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і не будзе есці таго, што пасвечана; але калі абмые сваё цела ў вадзе,
А як зойдзе сонца, і ён ачысьціцца, тады можа ён есьці сьвятасьці, бо гэта ежа ягоная.
па захадзе сонца будзе ён ачышчаны і тады будзе есці пасвечанае, бо гэта ёсць ежа яго.
Здыхляціны й разарванага зьвяром хай ня есьць, каб сплюгавіцца гэтым. Я СПАДАР.
Не будзе ён есці мярцвячыны ані мяса жывёл, разарваных звярамі, ды не занячысціцца праз гэта. Я — Госпад.
Хай дзяржаць яны данае дзяржаць ім Імною, каб не панесьлі на сабе грэху і каб не памерлі ад тога, што будзенілі. Я СПАДАР, пасьвячаючы іх.
Хай выконваюць Мае прыказанні, каб не мелі дзеля таго граху, ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я — Госпад, Які асвячае іх.
І ніякі чужанін ня мае есьці сьвятасьці; гасподнік сьвятароў і найміт ня мае есьці сьвятасьці.
Ніводзін чужынец не будзе есці пасвечанага, ані пражываючы ў святара або найміт не будзе есці гэтага.
І сьвятар, калі купе сабе душу купляю срэбра, то гэты можа есьці гэта; і народжаны ў ягоным доме можа есьці хлеб ягоны.
А той, каго святар купіць і хто будзе паслугачом у доме яго, тыя могуць есці гэта, таксама народжаныя ў доме яго могуць есці хлеб яго.
І дачка сьвятарова, калі яна выйдзе замуж за чужаніна, то яна ня мае есьці абраканых сьвятасьцяў.
Калі б дачка святара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есці гэтых асвечаных ахвяраваных дароў.
І дачка сьвятарова, калі будзе ўдава альбо разьведзеная, а насеньня няма ў яе, і зьвернецца да дому айца свайго, як у маладосьці сваёй; тады яна можа есьці з хлеба айца свайго; а ніякі чужанін ня мае есьці яго.
Аднак, калі дачка святара аўдавела або была кінута і, не маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто, аднак, чужы не мае права есці яе.
І калі людзіна ела сьвятасьць абмыльна, дык аддасьць сьвятару сьвятасьць і мае дадаць да яе пятую часьць.
Калі ж хто несвядома з’есць святое, хай дадасца яшчэ пятая частка да таго, што ён з’еў, і хай аддасць ён святару пасвечанае.
І хай ня будзеняць сьвятасьцяў сыноў Ізраелявых, каторыя яны ўзьнімаюць СПАДАРУ,
Яны ж [святары] не будуць паганіць святых дароў, якія сыны Ізраэля складаюць у ахвяру Госпаду,
І не панясуць яны бяспраўя аброку віны, еўшы іх сьвятасьці, бо Я СПАДАР, Каторы пасьвячае іх"».
і не павінны сцягваць на сябе віну, калі будуць есці пасвечанае сваё. Я — Госпад, Які асвячае іх».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы:
«Гукай Аарону а сыном ягоным а ўсім сыном Ізраелявым, і скажы ім: калі якая людзіна з дому Ізраелявага, альбо з чужаземцаў каторая ў Ізраелю, прынясець дар свой, подле ўсіх абятніцаў сваіх і ўсіх самахотных дароў сваіх, каторы абракае СПАДАРУ на ўсепаленьне;
«Гавары Аарону і сынам яго і ўсім сынам Ізраэля ды кажы ім: “Калі хто з дому Ізраэля або з прышэльцаў, якія жывуць сярод вас, выконваючы прысягу, па якой або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, якую прыносіць Госпаду на цэласпаленне,
То яна мае абрачы самахоць самца бяз гану з буйнога статку, з авец або козаў.
то, каб была яна спрыяльнай для вас, трэба прыносіць самца беззаганнага з цялят, з бараноў ды з казлоў; мужчынскага роду.
Ніякага, на каторым ё ган, не абракайце, бо ім не дастанеце любосьці.
Калі будзе мець загану, не складайце ў ахвяру, бо не будзе яна для вас спрыяльнай.
І калі хто абракае супакойны аброк СПАДАРУ, спаўняючы абятніцу альбо самахоць, з буйнога альбо з драбнога; то мае быць дасканальны, каб быць любым; і ніякага гану ня мае быць на ім.
Калі хто захоча скласці Госпаду ахвяру прымірэння, каб выпаўніць прысягу або па добрай волі, ці гэта з валоў, ці з авечак, то хай будзе яна без заганы, каб была прынятай.
Сьляпое, альбо пашкоджанае, альбо калекае, альбо із струпам, альбо каросьлівае, альбо шалудзівае, такіх не абракайце СПАДАРУ; і на аброк агняны не давайце зь іх на аброчнік СПАДАРОЎ.
Не складайце Госпаду ў ахвяру жывёлін сляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках, ды не давайце такіх у агнявую ахвяру на ахвярніку для Госпада.
Вала а баранчыка зь перарослымі альбо недарослымі часьцьмі цела на самахотны дар прыгатаваць можаш, але за абятніцу ня будзе зьлюб.
Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласці як ахвяру добраахвотную, але як ахвяра прысягі не будзе прынятая.
У каторага шуляты расьцісьненыя, разьбітыя, адарваныя альбо выразаныя, не абракайце СПАДАРУ, і ў зямлі вашай не рабіце гэтага.
Жывёлу, у якой яечкі сціснутыя, разбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру Госпаду. І не будзеце такога рабіць наогул у вашай зямлі,
І з рук чужога не абракайце хлеба Бога вашага з усёга гэтага, бо на іх пашкоджаньне, ган на іх, ня будуць любыя».
ані з рук чужынцаў не будзеце складаць такіх жывёлін як ахвяру з ежы Богу вашаму, таму што гэта ўсё сапсаванае і заганнае, і дзеля таго не будуць яны для вас карыснымі”».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
Далей казаў Госпад Майсею:
«Бычок альбо баранчык, альбо казянё, як родзіцца, то сем дзён яно мае прабыць пры маці сваёй, а з восьмага дня й далей будзе любы на агняны аброк СПАДАРУ.
«Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, то будзе яно сем дзён пад вымем маткі сваёй. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для Госпада.
Ані вала, ані авечкі, яе й дзецяняці яе, ня рэжча тога самага дня.
Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым.
Калі абракаеце СПАДАРУ аброк удзячнасьці, абракайце яго самахоць.
Калі складаеце ахвяру дзеля выказу падзякі Госпаду, складайце яе так, каб магла яна быць прыемнай;
Тога самага дня надабе зьесьці яго; не пакідайце ад яго да раньня. Я СПАДАР.
у той самы дзень з’ежце яе; хай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — Госпад.
Дзяржыце расказаньні Мае й паўніце іх. Я СПАДАР.
Беражыце прыказанні Мае і спаўняйце іх. Я — Госпад.
І ня будзеньце сьвятога імені Майго, і Я буду сьвячаны сярод сыноў Ізраелявых. Я СПАДАР, Каторы пасьвячае вас,
Не паганьце імя Маё святое, каб быў Я святым паміж сыноў Ізраэля. Я Госпад, Які асвячае вас
Каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб быць вашым Богам. Я СПАДАР».
ды Які вывеў з зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам. Я — Госпад».