Лявіт 25 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І гукаў СПАДАР Масею на гары Сынаю, кажучы:
 
Вось што сказаў Госпад Майсею на гары Сінай, гаворачы:

«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як прыдзеце да зямлі, каторую Я даю вам, тады зямля мае супачыць у сыботу СПАДАРОВУ.
 
«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна святкаваць суботу Госпада.

Шэсьць год засявай поле свае, і шэсьць год абразай вінішчы свае, і зьбірай уроды іх;
 
Шэсць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой ды збіраць у ім плады,

А год сёмы няхай будзе сыбота сыботаў зямлі, сыбота СПАДАРУ: поля свайго не засявай і вінішча свайго не абразай.
 
але ў сёмы год хай будзе субота супачынку для зямлі, субота для Госпада. Не будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніку свайго.

Што само вырасьце ўроду твайго, ня жні, і ягадаў зь вінішча свайго ня зьбірай; гэта будзе год сыботы зямлі.
 
Што само вырасце на полі, не будзеш жаць таго, і не будзеш збіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі.

І будзе сыбота зямлі вам на емя, табе а слузе твайму а служэбцы а найміту твайму а жыхару твайму, што асяліўся ў цябе;
 
І будзе гэта на працягу суботы зямлі вам у ежу: табе, і паслугачу твайму, і паслугачцы тваёй, і парабку твайму, і прышэльцам, якія жывуць у цябе,

І статку твайму й зьверанятам, каторыя на зямлі тваёй, няхай будуць усі ўроды зямлі на корм.
 
і жывёле тваёй, і звярам, якія жывуць на зямлі тваёй, усё, што родзіцца, паслужыць ежаю.

І налічы сабе сем сыботніх год, сем разоў па сем год, і будуць у цябе ў сямёх сыботніх гадох сорак дзевяць год.
 
Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць сем разоў па сем гадоў, так што разам складуць яны сорак дзевяць гадоў.

І хай пройдзе трубны гук сёмага месяца, дзясятага дня месяца, у дзень ласкіўчыненьня правядзіце трубу па ўсіх землях вашых.
 
І затрубіш у трубу ў сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, у дзень ачышчэння зайграеш на трубе на ўсёй зямлі вашай.

І пасьвяціце пяцьдзясяты год, і агаласіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе; хай будуць гэта ў вас угодкі; і зьвернецца кажны да дзяржаньня свайго, і кажны да радзімы свае зьвернецца.
 
І будзеце святкаваць пяцідзесяты год, і аб’явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасці, ды кожны вернецца ў ранейшую сям’ю.

Угодкамі хай будзе пяцьдзясяты год у вас: ня сейце й ня жніце, што само вырасьце на зямлі, ані зьбірайце ягадаў з пасьвячаных вінішчаў;
 
Пяцідзесяты год будзе для вас годам юбілейным; не будзеце сеяць, не будзеце жаць таго, што вырасце ў полі, і не будзеце збіраць неабрэзанага вінаграду,

Бо гэта ўгодкі; сьвятымі хай будуць яны вам; з поля ежча ўрод яго.
 
бо гэта юбілей; хай будзе ён святым для вас, будзеце есці плады, адразу сабраныя з поля.

У гэтыя пяцьдзясятыя ўгодкі зьвернецца кажны да дзяржавы свае.
 
У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да сваёй уласнасці.

Калі будзеце прадаваць што субрату свайму, альбо будзеце купляць што ў субрата свайго, ня крыўдзьце адзін аднаго.
 
Калі што будзеце прадаваць блізкаму або купляць ад яго, не крыўдзіце адзін брат другога, але паводле ліку гадоў пасля юбілею ты будзеш купляць у яго,

Подле ліку год па ўгодках ты маеш купляць у субрата свайго, і подле ліку год прыбытку ён мае прадаваць табе.
 
ды паводле ліку гадоў ураджаю ён будзе прадаваць табе.

Подле шмат год, павяліч цану; а подле мала год, зьменш цану: бо ведамы лік прыбытку ён прадаець табе.
 
Чым больш гадоў застаецца пасля юбілею, тым больш вырасце цана, а чым менш гадоў налічыш, тым меншай стане цана продажу, бо ён прадасць табе час пладоў.

Не ашукуйце субрата свайго, але бойся Бога свайго; бо Я СПАДАР, Бог ваш.
 
Не крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — Госпад, Бог ваш!

Уставы Мае а суды Мае дзяржыце і чыніце іх, і будзеце жыць супакойна на зямлі.
 
Спаўняйце прыказанні Мае і законы, беражыце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі без ніякага страху.

І дасьць зямля плод свой, і будзеце есьці да сыці, і будзеце жыць бясьпечна на ёй.
 
І будзе зямля даваць вам плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй.

А калі скажаце: "Што ж нам есьці сёмага году, вось, мы ня сеялі ані зьбіралі прыбытку свайго?"
 
А калі запытаеце: “Што мы будзем есці ў сёмым годзе, калі не будзем сеяць ані збіраць пладоў нашых?”

І Я раскажу дабраславенства Свае на вас шостага году, ён дасьць прыбытку на тры гады.
 
Я спашлю на вас дабраславенства Маё ў шостым годзе так, што яно створыць пладоў на тры гады.

І будзеце сеяць восьмага году, але есьці будзеце ўрод стары да дзявятага году; пакуль ня прыйдзе яго прыбытак, вы будзеце есьці старое.
 
У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есці з даўнейшых пладоў аж да дзевятага года, аж пакуль не вырасце новы ўраджай, будзеце есці старое.

І зямлю не прадаваць назаўсёды, бо зямля Мая; вы прыходныя а асяленцы ў Мяне.
 
Зямлю не належыць прадаваць назаўсёды, бо яна — Мая, а вы — прышэльцы і пасяленцы ў Мяне.

Па ўсёй зямлі дзяржаньня свайго давайце выкуп зямлі.
 
Таму ўся зямля, якая ў вашым валоданні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.

Калі брат твой зьбяднее й прадасьць ізь дзяржавы свае, то прыйдзе сваяк блізкі да яго й выкупе праданае братам ягоным.
 
Калі збяднее брат твой і прадасць частку сваёй маёмасці, дык хай прыйдзе блізкі яго сваяк як адкупіцель і выкупіць маёмасць, прададзеную братам.

Калі ж у людзіны няма радні, і дастане рука ейная, і знойдзе даволі на выкуп;
 
Калі ж хто не мае адкупіцеля, але сам зможа знайсці належныя сродкі на выкуп,

Дык хай ён разьліча гады продажы свае, і зьверне засталае таму, каму ён прадаў, і ўступе ізноў у дзяржаву сваю.
 
дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зверне рэшту пакупніку, і гэтак верне сваю маёмасць.

Калі ж ня знойдзе рука ягоная даволі, каб зьвярнуць яму, то праданае ім застанецца ў руках таго, хто купіў яго, да ўгодкавага году, а ў вугодкавым годзе адыйдзе яно, і ён зьвернецца да дзяржавы свае.
 
Калі аднак не здабудзе рука яго належных сродкаў на выкуп, то пакупнік будзе валодаць тым, што купіў, аж да юбілейнага года. А ў юбілейны год усё прададзенае вернецца гаспадару і ранейшаму ўладальніку.

Калі хто прадасьць гасподні дом у месьце ізь сьцяною, то выкупіць яго можна да канца году ад продажы яго; цэлы год выкупіць яго можна.
 
Калі хто прадасць дом у горадзе, акружанам мурам, то будзе мець права на выкуп аж да канца года; закон выкупу будзе трываць год.

Калі ж ня будзе ён выкуплены, пакуль споўніцца яму супоўны год, то застанецца дом, каторы ў месьце ізь сьцяною, назаўсёды таму, хто купіў яго, у роды яго, у пяцьдзясятыя ўгодкі не адыйдзе.
 
Калі ён не выкупіць і год завершыцца, завалодае ім пакупнік і нашчадкі яго навечна; і ён не зможа быць выкуплены, нават у юбілейны год.

А дамы сёлаў, ідзе няма сьцяны наўкола, за поле зямлі ўважаюцца; выкупляць іх можна, і ў вугодкі яны адходзяць.
 
Дом у паселішчы, які не абведзены мурам, будзе прадавацца на роўні з зямлёю, дык можа быць выкуплены, і ў юбілейным годзе вернецца гаспадару.

Узглядам местаў Левітаў, дамоў у местах дзяржаньня іхнага, дык выкуп вечны будзе Левітам.
 
Што да дамоў левітаў, якія знаходзяцца ў гарадах іх валодання, то яны заўсёды могуць быць імі выкуплены.

А хто купе ў Левітаў, дык выйдзе куплены дом і места дзяржаньня яго ў пяцьдзясятыя ўгодкі, бо дамы ў местах левіцкіх складаюць іхную дзяржаву сярод сыноў Ізраелявых.
 
Калі ж хто будзе купляць у левітаў, то дом і горад у юбілейным годзе вернуцца гаспадарам, бо дамы гарадоў левітаў лічацца іх маёмасцю сярод сыноў Ізраэля.

І поля пасты местаў іхных прадаваць ня можна, бо гэта вечная дзяржава іхная.
 
Таксама і палеткаў вакол іх гарадоў нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасць.

І калі брат твой зьбяднее, і паніжылася рука ягоная ў цябе, ты паддзяржы яго, ці гэта чужаземец, ці жыхар, каб ён жыў із табою.
 
Калі брат твой збяднее і аслабее рука яго ў цябе, дык падтрымай яго, і хай жыве з табою, хаця б як прышэлец або пасяленец.

Не бяры ад яго працэнтаў ані прыбытку, і бойся Бога свайго, каб жыў брат твой із табою.
 
Не бяры ад яго працэнтаў, ані ліхвы таго, што ты даў. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.

Срэбла свайго не аддавай яму на працэнты, і на прыбыткі не пазычай еміны свае.
 
Не давай яму грошай сваіх на працэнты і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю.

Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб даць вам зямлю Канаанскую, каб быць вашым Богам.
 
Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам!

І як зьбяднее брат твой у цябе і праданы будзе табе, то ня сіль яго рабіць работы нявольніцкія.
 
Калі брат твой з убогасці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнікаў,

Ён мае быць у цябе як найміт, як асяленец; да пяцьдзясятага ўгодкавага году няхай робе табе;
 
але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да года юбілейнага,

А тады хай адыйдзе ён ад цябе, сам а дзеці ягоныя зь ім, і зьвернецца да радзімы свае, і да дзяржаньня айцоў сваіх зьвернецца;
 
а тады разам са сваімі дзецьмі выйдзе ён ад цябе і вернецца да сваёй радні, ва ўласнасць бацькоў сваіх.

Бо яны слугі Мае, каторых Я вывеў ізь зямлі Ягіпецкае; ня маюць прадаваць іх, як прадаюць нявольнікаў.
 
Бо яны — Мае нявольнікі, Я іх вывеў з зямлі Егіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.

Не пануй над імі стродка, і май страх перад Богам сваім.
 
Не будзеш уціскаць іх моцна, але будзеш баяцца Бога твайго.

А слуга твой а служэбка твая, каторыя будуць у цябе, ад народаў, што наўкола вас, ад іх можаш купляць нявольніка а нявольніцу.
 
Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у тых народаў, што навокал цябе.

І таксама зь дзяцей жыхараў, каторыя асяліліся ў вас, зь іх купляйце, з радзімаў іхных, каторыя ў вас, каторыя радзіліся ў зямлі вашай і будуць вам собскасьцю.
 
Таксама купляйце дзяцей прышэльцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сям’і іх, якая жыве ў вас і якую стварылі яны на зямлі вашай. Яны будуць вашай уласнасцю,

І можаце перадаваць іх на спадак і сыном вашым па сабе як меньне, дзяржаньне на векі. Імі можаце рабіць. А над братамі сваімі, сынамі Ізраельскімі, адзін над адным не пануйце стродка.
 
і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і майце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраэля, не прыгнятайце сілаю.

І калі чужаземец альбо асяленец, каторы з табою, будзе мець дастатак, а брат твой зьбяднее ля яго і прадасца чужаземцу, што жывець у цябе, альбо каму з патомкаў чужаземцавых;
 
Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой збяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому з яго сям’і,

То просьле продажы можна выкупіць яго; адзін із братоў ягоных выкупіць яго,
 
дык пасля продажу можа ён быць выкуплены. Хай тады хто з братоў яго выкупіць яго:

Альбо сын дзядзькі ягонага мае выкупіць яго, альбо хто-колечы з блізкое радні ягонае, з радзімы ягонае, мае выкупіць яго; альбо, калі будзе мець дастатак, ён сам выкупіцца.
 
ці дзяцька, ці сын яго, ці сваяк, ці хто блізкі. А калі зможа, сам сябе хай выкупіць.

І ён мае разьлічыцца з тым, хто яго купіў, ад тога году, як ён прадаў сябе, да пяцьдзясятага году ўгодкавага, і будзе срэбла, за каторае ён прадаў сябе, подле ліку год; як дні найміта ён мае быць у яго.
 
І ён павінен разлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму па лічбе гадоў і па правіле найміта.

І калі яшчэ шмат год, то подле іх зьверне выкуп за сябе із срэбла, за каторае ён куплены.
 
Але калі да юбілейнага года застаецца многа гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу адносна цаны пакупкі.

І калі мала застанецца год да ўгодкавага году, то ён мае палічыць, подле год зьверне выкуп свой.
 
А калі застаецца нямнога, палічыць іх, і адпаведна ліку тых гадоў заплаціць свой выкуп пакупніку, колькі засталося гадоў

Як найміт, з году ў год ён будзе ў яго; ён ня мае панаваць над ім стродка ў ваччу тваім.
 
ад тых, якія ён раней адслужыў як найміт за наёмную плату. Хай не ўціскае яго строга перад абліччам сваім.

І калі ён ня выкупіцца такім парадкам, то ўгодкавага году адыйдзе сам а дзеці ягоныя зь ім;
 
Калі ж такім чынам выкупіцца не зможа, то ў годзе юбілейным вызваліцца разам з дзецьмі сваімі.

Бо сынове Ізраелявы слугі Імне яны, Мае слугі, каторых Я вывеў ізь зямлі Ягіпецкае. Я СПАДАР, Бог ваш.
 
Бо сыны Ізраэля — гэта Мае нявольнікі, якіх Я вывеў з зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!