Лявіт 25 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І гукаў СПАДАР Масею на гары Сынаю, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай, кажучы:
«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як прыдзеце да зямлі, каторую Я даю вам, тады зямля мае супачыць у сыботу СПАДАРОВУ.
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, зямля таксама павінна супачываць у супачынкі ГОСПАДА.
Шэсьць год засявай поле свае, і шэсьць год абразай вінішчы свае, і зьбірай уроды іх;
Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць з іх плады,
А год сёмы няхай будзе сыбота сыботаў зямлі, сыбота СПАДАРУ: поля свайго не засявай і вінішча свайго не абразай.
але ў сёмы год няхай будзе супачынак супачынкаў, для зямлі будзе супачынак ГОСПАДА. Ня будзеш засяваць поля твайго і падразаць вінаграднік твой.
Што само вырасьце ўроду твайго, ня жні, і ягадаў зь вінішча свайго ня зьбірай; гэта будзе год сыботы зямлі.
Таго, што само вырасьце на пожні тваёй, ня будзеш жаць, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Гэта будзе год супачынку для зямлі.
І будзе сыбота зямлі вам на емя, табе а слузе твайму а служэбцы а найміту твайму а жыхару твайму, што асяліўся ў цябе;
[Што само вырасьце] падчас супачынку зямлі, будзе вам на ежу, табе, слузе твайму, служцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, які жыве ў цябе,
І статку твайму й зьверанятам, каторыя на зямлі тваёй, няхай будуць усі ўроды зямлі на корм.
і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе на ежу.
І налічы сабе сем сыботніх год, сем разоў па сем год, і будуць у цябе ў сямёх сыботніх гадох сорак дзевяць год.
І палічыш сем гадоў суботніх, сем разоў па сем гадоў, і будзе дзён сямі гадоў суботніх сорак дзевяць гадоў.
І хай пройдзе трубны гук сёмага месяца, дзясятага дня месяца, у дзень ласкіўчыненьня правядзіце трубу па ўсіх землях вашых.
У дзясяты дзень сёмага месяца затрубіш у рог, у Дзень Перамольваньня няхай разыйдзецца [гук] рогу па ўсёй зямлі вашай.
І пасьвяціце пяцьдзясяты год, і агаласіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе; хай будуць гэта ў вас угодкі; і зьвернецца кажны да дзяржаньня свайго, і кажны да радзімы свае зьвернецца.
І будзеце сьвяціць пяцідзясяты год, і абвесьціце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да уласнасьці сваёй, і кожны вернецца ў сям’ю сваю.
Угодкамі хай будзе пяцьдзясяты год у вас: ня сейце й ня жніце, што само вырасьце на зямлі, ані зьбірайце ягадаў з пасьвячаных вінішчаў;
Гэты пяцідзясяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,
Бо гэта ўгодкі; сьвятымі хай будуць яны вам; з поля ежча ўрод яго.
бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.
У гэтыя пяцьдзясятыя ўгодкі зьвернецца кажны да дзяржавы свае.
У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да ўласнасьці сваёй.
Калі будзеце прадаваць што субрату свайму, альбо будзеце купляць што ў субрата свайго, ня крыўдзьце адзін аднаго.
Калі што будзеш прадаваць бліжняму свайму або купляць з рукі бліжняга свайго, ня крыўдзіце адзін аднаго.
Подле ліку год па ўгодках ты маеш купляць у субрата свайго, і подле ліку год прыбытку ён мае прадаваць табе.
Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.
Подле шмат год, павяліч цану; а подле мала год, зьменш цану: бо ведамы лік прыбытку ён прадаець табе.
Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць ураджаяў ён прадае табе.
Не ашукуйце субрата свайго, але бойся Бога свайго; бо Я СПАДАР, Бог ваш.
Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Уставы Мае а суды Мае дзяржыце і чыніце іх, і будзеце жыць супакойна на зямлі.
Выконвайце пастановы Мае і прысуды Мае захоўвайце і выконвайце іх, і будзеце жыць на зямлі гэтай у бясьпецы.
І дасьць зямля плод свой, і будзеце есьці да сыці, і будзеце жыць бясьпечна на ёй.
І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце есьці ўдосталь, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы.
А калі скажаце: "Што ж нам есьці сёмага году, вось, мы ня сеялі ані зьбіралі прыбытку свайго?"
А калі скажаце: “Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем ані сеяць, ані зьбіраць ураджаю нашага?”
І Я раскажу дабраславенства Свае на вас шостага году, ён дасьць прыбытку на тры гады.
Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе, і хопіць вам ураджаю на тры гады.
І будзеце сеяць восьмага году, але есьці будзеце ўрод стары да дзявятага году; пакуль ня прыйдзе яго прыбытак, вы будзеце есьці старое.
У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці са старога ўраджаю аж да дзявятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія [плады].
І зямлю не прадаваць назаўсёды, бо зямля Мая; вы прыходныя а асяленцы ў Мяне.
Зямлю ня будзеце прадаваць назаўсёды, бо Мая зямля, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.
Па ўсёй зямлі дзяржаньня свайго давайце выкуп зямлі.
Таму ўся зямля, якая ў валоданьні вашым, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.
Калі брат твой зьбяднее й прадасьць ізь дзяржавы свае, то прыйдзе сваяк блізкі да яго й выкупе праданае братам ягоным.
Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку маёмасьці сваёй, няхай прыйдзе адкупіцель, сваяк ягоны, і выкупіць маёмасьць, прададзеную братам ягоным.
Калі ж у людзіны няма радні, і дастане рука ейная, і знойдзе даволі на выкуп;
Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але рука ягоная знойдзе належныя сродкі на выкуп,
Дык хай ён разьліча гады продажы свае, і зьверне засталае таму, каму ён прадаў, і ўступе ізноў у дзяржаву сваю.
няхай падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэшту таму, каму прадаў [зямлю], і вернецца да маёмасьці сваёй.
Калі ж ня знойдзе рука ягоная даволі, каб зьвярнуць яму, то праданае ім застанецца ў руках таго, хто купіў яго, да ўгодкавага году, а ў вугодкавым годзе адыйдзе яно, і ён зьвернецца да дзяржавы свае.
Калі не здабудзе рука ягоная належных сродкаў на выкуп, маёмасьць застанецца ў валоданьні таго, хто купіў, аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год яна выйдзе ад яго, і вернецца [ранейшы ўладальнік] да маёмасьці сваёй.
Калі хто прадасьць гасподні дом у месьце ізь сьцяною, то выкупіць яго можна да канца году ад продажы яго; цэлы год выкупіць яго можна.
Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, [які акружаны] мурам, той будзе [мець права] выкупу аж да канца году продажу; столькі дзён будзе [права] выкупу.
Калі ж ня будзе ён выкуплены, пакуль споўніцца яму супоўны год, то застанецца дом, каторы ў месьце ізь сьцяною, назаўсёды таму, хто купіў яго, у роды яго, у пяцьдзясятыя ўгодкі не адыйдзе.
Калі дом ня выкупяць на працягу году, дом у горадзе, акружаным мурам, застанецца назаўсёды ўласнасьцю таго, хто купіў, і нашчадкаў яго. Ня выйдзе [з рук іхніх] у юбілейны год.
А дамы сёлаў, ідзе няма сьцяны наўкола, за поле зямлі ўважаюцца; выкупляць іх можна, і ў вугодкі яны адходзяць.
А дамы ў вёсках, якія не акружаныя мурам, будуць лічыцца на роўні з зямлёю; будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валоданьня таго, хто купіў.
Узглядам местаў Левітаў, дамоў у местах дзяржаньня іхнага, дык выкуп вечны будзе Левітам.
Што да гарадоў лявітаў і дамоў у гарадах, якія яны маюць на ўласнасьць, дык лявіты заўсёды могуць выкупіць [дамы свае].
А хто купе ў Левітаў, дык выйдзе куплены дом і места дзяржаньня яго ў пяцьдзясятыя ўгодкі, бо дамы ў местах левіцкіх складаюць іхную дзяржаву сярод сыноў Ізраелявых.
Калі хто купіць у лявітаў дом у горадзе, маёмасьць гэтая выйдзе з рук ягоных у юбілейным годзе, бо дамы лявітаў — гэта маёмасьць іхняя сярод сыноў Ізраіля.
І поля пасты местаў іхных прадаваць ня можна, бо гэта вечная дзяржава іхная.
Таксама палёў вакол гарадоў іхніх нельга прадаваць, бо гэта іх маёмасьць вечная.
І калі брат твой зьбяднее, і паніжылася рука ягоная ў цябе, ты паддзяржы яго, ці гэта чужаземец, ці жыхар, каб ён жыў із табою.
Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука ягоная, ты падтрымай яго, каб ён мог жыць з табою як прыхадзень або пасяленец.
Не бяры ад яго працэнтаў ані прыбытку, і бойся Бога свайго, каб жыў брат твой із табою.
Не бяры ад яго ані адсоткаў, ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.
Срэбла свайго не аддавай яму на працэнты, і на прыбыткі не пазычай еміны свае.
Не давай яму грошы твае на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю.
Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб даць вам зямлю Канаанскую, каб быць вашым Богам.
Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан і каб быць вашым Богам!
І як зьбяднее брат твой у цябе і праданы будзе табе, то ня сіль яго рабіць работы нявольніцкія.
Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго працаю нявольнічай,
Ён мае быць у цябе як найміт, як асяленец; да пяцьдзясятага ўгодкавага году няхай робе табе;
але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць да юбілейнага году,
А тады хай адыйдзе ён ад цябе, сам а дзеці ягоныя зь ім, і зьвернецца да радзімы свае, і да дзяржаньня айцоў сваіх зьвернецца;
а тады выйдзе ён, і сыны ягоныя з ім і вернецца да сям’і сваёй, і вернецца ў валоданьне бацькоў сваіх.
Бо яны слугі Мае, каторых Я вывеў ізь зямлі Ягіпецкае; ня маюць прадаваць іх, як прадаюць нявольнікаў.
Бо яны — нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.
Не пануй над імі стродка, і май страх перад Богам сваім.
Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога твайго.
А слуга твой а служэбка твая, каторыя будуць у цябе, ад народаў, што наўкола вас, ад іх можаш купляць нявольніка а нявольніцу.
Нявольнік твой або нявольніца твая няхай будуць купленыя ў народаў, якія вакол цябе, у іх купляй нявольніка і нявольніцу.
І таксама зь дзяцей жыхараў, каторыя асяліліся ў вас, зь іх купляйце, з радзімаў іхных, каторыя ў вас, каторыя радзіліся ў зямлі вашай і будуць вам собскасьцю.
Таксама купляйце дзяцей пасяленцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сем’яў іхніх, якія жывуць у вас, і якія нарадзіліся ў зямлі вашай. Яны будуць уласнасьцю вашай,
І можаце перадаваць іх на спадак і сыном вашым па сабе як меньне, дзяржаньне на векі. Імі можаце рабіць. А над братамі сваімі, сынамі Ізраельскімі, адзін над адным не пануйце стродка.
і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але над братамі сваімі, сынамі Ізраіля, не пануйце сурова.
І калі чужаземец альбо асяленец, каторы з табою, будзе мець дастатак, а брат твой зьбяднее ля яго і прадасца чужаземцу, што жывець у цябе, альбо каму з патомкаў чужаземцавых;
Калі прыхадзень або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і прадасьць сябе прыхадню, які пасяліўся ў цябе, або нашчадку сям’і прыхадня,
То просьле продажы можна выкупіць яго; адзін із братоў ягоных выкупіць яго,
пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Няхай адзін з братоў ягоных выкупіць яго.
Альбо сын дзядзькі ягонага мае выкупіць яго, альбо хто-колечы з блізкое радні ягонае, з радзімы ягонае, мае выкупіць яго; альбо, калі будзе мець дастатак, ён сам выкупіцца.
Або дзядзька ягоны, або сын дзядзькі, або нехта са сваякоў з сям’і ягонай няхай выкупіць яго. Або калі знойдзе [сілу] рука ягоная, няхай выкупіць сам сябе.
І ён мае разьлічыцца з тым, хто яго купіў, ад тога году, як ён прадаў сябе, да пяцьдзясятага году ўгодкавага, і будзе срэбла, за каторае ён прадаў сябе, подле ліку год; як дні найміта ён мае быць у яго.
І ён разьлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да юбілейнага году, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму паводле ліку гадоў; як дні найміта, колькі ён павінен быць у яго.
І калі яшчэ шмат год, то подле іх зьверне выкуп за сябе із срэбла, за каторае ён куплены.
Калі да юбілейнага году застаецца шмат гадоў, адпаведна ліку іх няхай верне ён срэбра як выкуп свой.
І калі мала застанецца год да ўгодкавага году, то ён мае палічыць, подле год зьверне выкуп свой.
А калі застаецца мала гадоў да юбілейнага году, ён палічыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць выкуп свой.
Як найміт, з году ў год ён будзе ў яго; ён ня мае панаваць над ім стродка ў ваччу тваім.
Ён будзе ў [прыхадня] як найміт, з году на год. Няхай ён не ўціскае яго строга на вачах тваіх.
І калі ён ня выкупіцца такім парадкам, то ўгодкавага году адыйдзе сам а дзеці ягоныя зь ім;
Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, у юбілейным годзе выйдзе [вольны] ён і сыны ягоныя з ім.
Бо сынове Ізраелявы слугі Імне яны, Мае слугі, каторых Я вывеў ізь зямлі Ягіпецкае. Я СПАДАР, Бог ваш.
Бо сыны Ізраіля — гэта нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!