Лявіт 10 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ўзялі сыны Ааронавы, Надаў а Авігу, кажны сваю кадзільніцу, і палажылі ў іх цяпло, і ўлажылі ў іх кадзілы, і абраклі перад СПАДАРОМ цяпло чужое, каторага Ён не расказаў ім.
 
І ўзялі сыны Аарона, Надаў і Абігу, кожны кадзільніцу сваю, і набралі ў іх агонь, і паклалі на яго кадзіла і ахвяравалі перад абліччам ГОСПАДА іншы агонь, а ня той, што быў ім загаданы.

І вышла цяпло ад віду СПАДАРОВАГА, і зжэрла іх, і памерлі яны перад відам СПАДАРОВЫМ.
 
І выйшаў агонь ад ГОСПАДА, і спаліў іх, і яны памерлі перад абліччам ГОСПАДА.

І сказаў Масей Аарону: «Во, праз што гукаў СПАДАР, кажучы: "У тых, што бліжацца да мяне, пасьвячуся і перад усім людам услаўлюся"». І Аарон маўчаў.
 
І сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў ГОСПАД: “Я зьяўлю сьвятасьць Маю тым, якія набліжаюцца да Мяне, і зьяўлю славу перад усім народам”». І замаўчаў Аарон.

І гукнуў Масей Місайлу а Елцафана, сыноў Узелавых, дзядзі Ааронавага, і сказаў ім: «Дабліжчася, падыйміце братоў сваіх ізь перад сьвятыні за табар».
 
І паклікаў Майсей Мішаэля і Эльцафана, сыноў Узіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і забярыце братоў вашых, і вынясіце іх з Месца Сьвятога па-за табар».

І дабліжыліся, і паднялі іх у хітонах іхных за табар, як казаў Масей.
 
І яны пайшлі, і забралі іх, што ляжалі ў шатах сваіх, і вынесьлі па-за табар, як ім было загадана Майсеем.

І сказаў Масей Аарону ж а Елеазару а Іфамару, сыном ягоным: «Галоваў сваіх не адкрывайце і адзежаў сваіх не разьдзірайце, каб не памерці і не навесьці гневу на ўсю грамаду; але браты вашыя, увесь дом Ізраеляў, могуць плакаць па спаленьню, каторае спаліў СПАДАР.
 
І сказаў Майсей Аарону і Элеазару і Ітамару, сынам ягоным: «Не галіце валасоў вашых і не разьдзірайце адзеньня, каб часам не былі вы пакараныя сьмерцю, і каб не ўзгарэўся гнеў [Госпада] на ўсю грамаду. Але браты вашыя і ўвесь дом Ізраіля можа плакаць дзеля тых, якіх спаліў ГОСПАД.

І з уходу будану збору ня выходзьце, каб вам не памерці, бо на вас алей памазаньня СПАДАРОВАГА». І зрабілі подле слова Масеявага.
 
Вы ж не адыходзьце ад уваходу ў Намёт Спатканьня, бо загінеце, бо алей памазаньня ГОСПАДА на вас». І яны зрабілі так, як Майсей загадаў ім.

І гукаў СПАДАР Аарону, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Аарона, кажучы:

«Віна а моцных напіткаў ня пі ты а сыны твае з табою, як уходзіце ў будан збору, каб не памерці. Гэта вечная ўстава ў родах вашых;
 
«Ня піце ані віна, ані сікеры ты і сыны твае, калі будзеце ўваходзіць у Намёт Спатканьня, і не памрацё. Гэта пастанова вечная ў-ва ўсе пакаленьні вашыя,

Каб адразьняць сьвятое ад будзеннага і нячыстае ад чыстага,
 
каб вы маглі адрозьніваць паміж сьвятым і несьвятым, чыстым і нячыстым,

І наўчаць сыноў Ізраелявых усіх уставаў, каторыя казаў ім СПАДАР Масеям».
 
і вучылі сыноў Ізраіля ўсім пастановам Маім, якія аб’явіў ГОСПАД ім праз Майсея».

І казаў Масей Аарону а Елезару а Іфамару, засталым сыном ягоным: «Вазьміце аброк хлебны, засталы ад аброкаў агняных СПАДАРОВЫХ, і ежча яго прэсны ля аброчніка; бо гэта сьвятое сьвятых.
 
І прамовіў Майсей да Аарона і пазасталых сыноў ягоных, Элеазара і Ітамара: «Вазьміце ахвяру хлебную, якая засталася ад ахвяраў ГОСПАДАВЫХ, і ешце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта сьвятое сьвятых.

І ежча яго на сьвятым месцу, бо гэта ўстава твая а ўстава сыноў тваіх із агняных аброкаў СПАДАРОВЫХ; бо так імне расказана.
 
Ешце яе ў месцы сьвятым, бо гэта частка твая і сыноў тваіх з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА, бо так мне загадана.

І грудзіну нахінаньня, і лапатку ўзнесеньня ежча на чыстым месцу, ты а сыны твае а дачкі твае з табою; бо гэта ўстава твая а ўстава сыноў тваіх, даная із супакойных аброкаў сыноў Ізраелявых.
 
Грудзіну патрасаную і лапатку падыманую будзеце есьці на месцы чыстым ты і сыны твае, і дочкі твае з табою, бо гэта частка твая і сыноў тваіх з ахвяраў мірных сыноў Ізраіля.

Лапатку ўзьнесеньня й грудзіну нахінаньня разам із аброкамі агнянымі тукаў маюць прыносіць, туды-сюды нахінаючы перад відам СПАДАРОВЫМ; і хай будзе табе а сыном тваім із табою на вечную ўставу, як расказаў СПАДАР».
 
Лапатка падыманая і грудзіна патрасаная разам з часткамі тлустымі ахвяры цэласпаленьня, якія будуць патрэсваць перад абліччам ГОСПАДА, будуць належаць табе і сынам тваім з табою як пастанова вечная, як загадаў ГОСПАД».

І казяняці аброку за грэх уважна шукаў Масей, і во, ён спалены. І зазлаваўся на Елеазара а Іфамара, засталых сыноў Ааронавых, кажучы:
 
І Майсей, шукаючы, шукаў казла ахвяры за грэх, і вось, ён спалены. І разгневаўся ён на Элеазара і Ітамара, пазасталых сыноў Аарона, і сказаў ім:

«Чаму вы ня елі аброку за грэх на сьвятым месцу? бо гэта сьвятое сьвятых, і яно дана вам, каб насіць бяспраўі грамады і даставаць ласкіўчыненьне ў СПАДАРА;
 
«Чаму ня зьелі вы ахвяры за грэх у месцы сьвятым? Бо гэта сьвятое сьвятых. Яна дадзена вам, каб зьняць правіны з грамады, каб ачысьціць яе перад абліччам ГОСПАДА.

Во, кроў ягоная ня ўнесена ўнутр сьвятыні, а вы мелі сусім зьесьці яго на сьвятым месцу, як расказана імне».
 
Вось, кроў яе ня ўнесена ў Месца Сьвятое, а вы мусілі зьесьці яе ў Месцы Сьвятым, як загадана мне».

І казаў Аарон Масею: «Вось, сядні абраклі яны аброк свой за грэх і ўсепаленьне перад СПАДАРОМ, і прылучылася з імною штось падобнае; калі я сядні зьем аброк за грэх, ці ўпадабае гэта СПАДАР?»
 
І прамовіў Аарон да Майсея: «Вось, складзеная сёньня імі ахвяра за грэх і цэласпаленьне перад абліччам ГОСПАДА, і такое здарылася. Калі сёньня зьем ахвяру за грэх, ці гэта будзе добра ў вачах ГОСПАДА?”

І пачуў Масей, і было добрым гэта ў ваччу ягоным.
 
І Майсей выслухаў гэта, і было гэта добра ў вачах ягоных.