Лявіт 19 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Гукай усёй грамадзе сыноў Ізраелявых і скажы ім: сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я СПАДАР, Бог ваш.
 
«Прамоў да ўсёй грамады сыноў Ізраіля і скажы ім: “Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Бог ваш.

Кажны бойцеся маці свае й айца свайго; і сыботы мае заховуйце. Я СПАДАР, Бог ваш.
 
Няхай кожны баіцца маці сваю і бацьку свайго. І захоўвайце суботы Мае. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Не зварачайцеся да балваноў, і багоў літых не рабіце сабе. Я СПАДАР, Бог ваш.
 
Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Як будзеце абракаць СПАДАРУ аброк супакойны, то самахоць абракайце яго.
 
Калі будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру мірную, складайце так, каб была яна Яму прыемнай.

У дзень абраканьня ежча яго і назаўтрае, а засталае на пазаўтра надабе спаліць на цяпле.
 
Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай і ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.

Калі ж хто будзе есьці яго пазаўтра, гэта агідна, гэта ня будзе люба.
 
Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным [Госпаду].

Хто будзе есьці яго, тый панясець бяспраўе свае, бо ён збудзеніў сьвятыню СПАДАРОВУ; і будзе выгублена душа тая зь люду свайго.
 
Хто будзе яе есьці, учыніць беззаконьне, бо спаганіў сьвятасьць ГОСПАДА, і зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.

І як будзеце жаць жніво зямлі вашае, не канчайце канца поля свайго, і засталага ад жніва свайго ня зьбірай,
 
Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля і не зьбірай каласоў, што засталіся.

І вінішча свайго не абірай сусім чыста, і апалых ягадаў у вінішчу не падбірай; беднаму а чужніку пакінь гэта. Я СПАДАР, Бог ваш.
 
Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і ягадаў, што пападалі ў вінаградніку, не падбірай; пакінь гэта бедным і прыхадням. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Не крадзіце, і не адракайцеся, і не маніце адзін аднаму.
 
Не крадзіце, і не хлусіце, і не ашуквайце адзін аднаго.

І не прысягайце імям Маім да маны, і ня будзеньце імені Бога свайго. Я СПАДАР.
 
Не прысягайце на імя Маё дзеля хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я — ГОСПАД!

Ня крыўдзь бліжняга свайго й ня глабай. Хай не начуе плата найміта ў цябе да раньня.
 
Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І няхай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.

Ня кліні глухога і перад нявісным не кладзі на спатыкненьне; і бойся Бога свайго. Я СПАДАР.
 
Не праклінай глухога і перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД!

Не рабіце бяспраўя на судзе; не патурай убогаму й ня сьці віду вялікага, справядлівасьцю судзі бліжняга свайго.
 
Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным і не патурай багатаму. Праведна судзі бліжняга твайго.

Не хадзі абмоўнікам у людзе сваім, і не паўставай на кроў прыяцеля свайго. Я СПАДАР.
 
Ня будзь паклёпнікам у народзе сваім. Не цікуй на кроў бліжняга твайго. Я — ГОСПАД!

Не ненавідзь брата свайго ў сэрцу сваім, чыста вымаўляй бліжняму свайму, і не панясеш за яго грэху.
 
Ня мей у сэрцы тваім нянавісьці да брата твайго. Дакараючы, дакарай бліжняга твайго, і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.

Ня імсьці а ня май злосьці на сыноў люду свайго, любі прыяцеля свайго, як самога сябе. Я СПАДАР.
 
Ня помсьці і не насі крыўду на сыноў народу твайго. Любі бліжняга твайго як самога сябе. Я — ГОСПАД!

Уставы Мае дзяржыце; статку свайго не размнажай мяшаньням; поля свайго не засявай мешанкаю, і адзежа мешаная, з воўны й лёну, хай ня ўвыйдзе на цябе.
 
Захоўвай пастановы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля твайго не засявай двума гатункамі [насеньня]. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.

Калі хто паляжыць із жонкаю ляжаньням насеньня, а яна нявольніца, заручаная мужу, але яшчэ ня выкупленая, альбо свабода яшчэ ня дана ёй, то мае быць прасока, але ня будуць забіты, бо яна несвабодная.
 
Калі хто ўвойдзе да жанчыны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для [іншага] мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.

І прывядзець ён свой аброк віны СПАДАРУ да ўходу будану збору, барана віны.
 
І ён складзе ахвяру аднагараджэньня ГОСПАДУ каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, барана ў ахвяру аднагараджэньня.

І адзяржыць ласкіўчыненьне яму сьвятар бараном віны перад СПАДАРОМ ад грэху, каторым ён ізграшыў, і дараваны будзе яму грэх, каторым ён ізграшыў.
 
І перапросіць за яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня за грэх ягоны, якім саграшыў перад абліччам ГОСПАДА, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.

І як прыйдзеце да зямлі, і пасадзіце якое дзерва дзеля еміны, то плод яго ўважайце за неабрэзаны; тры гады маюць быць вам за неабрэзаныя, ня маеце есьці іх;
 
Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць плады іхнія за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас неабрэзаныя, і нельга іх есьці.

А чацьвертага году ўся садавіна яго мае быць пасьвячана на славу СПАДАРОВУ;
 
У чацьвёртым годзе ўсе плады іхнія будуць пасьвячоныя як дар для ГОСПАДА.

Пятага ж году вы можаце есьці садавіну яго, каб размнажыўся вам урод яго. Я СПАДАР, Бог ваш.
 
А ў пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Ня ежча з крывёй; Не займайцеся чарамі ані варажыце.
 
Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чараваньнем.

Ня стрыжыце краю галавы свае і ня псуй краю барады свае.
 
Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калеч край барады сваёй.

І націнаў дзеля памерлага не рабіце на целе сваім, пісаньня выцісканага не давайце рабіць на сабе. Я СПАДАР.
 
Не рабіце нарэзы на целе вашым [на знак жалобы] па памерлых і не наколвайце надпісы на скуры. Я — ГОСПАД!

Ня будзень дачкі свае, дапушчаючы яе да бязулства, і хай не бязуле зямля, і хай не напоўніцца зямля бязулствам.
 
Не выдавай на ганьбу дачку тваю, робячы з яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.

Сыботы Мае заховуйце, і сьвятыні Мае сьціце. Я СПАДАР.
 
Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД!

Не зварачайцеся да выгукаючых мерцьвякоў а да знахараў, ня шукайце сплюгавіцца імі. Я СПАДАР, Бог Ваш.
 
Не зьвяртайцеся ані да тых, што выклікаюць духаў [памерлых], ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб праз іх не апаганіліся. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Перад відам сівога ўставай і сьці від старога, і бойся Бога свайго. Я СПАДАР.
 
Перад сівой галавой устань, і шануй аблічча старога, і бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД.

Як аселіцца чужнік у зямлі вашай, ня ўціскайце яго.
 
Калі ў зямлі вашай паселіцца прыхадзень, ня крыўдзі яго,

Як тубылец із вас, няхай будзе чужнік, што жывець із вамі, і любі яго, як сябе, бо чужнікамі вы былі ў зямлі Ягіпецкай. Я СПАДАР, Бог ваш.
 
але няхай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Не рабіце несправядлівасьці ў судзе, у меры а ў вазе а памеры.
 
Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньнях.

Вага справядлівая, важкі справядлівыя, ефа справіядлівая й гін справядлівы няхай будзе ў вас. Я СПАДАР Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае.
 
Няхай будуць у вас вагі праведныя, эфа праведная і гін праведны. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай.

І дзяржыце ўсі ўставы Мае а ўсі суды Мае, і паўніце іх. Я СПАДАР».
 
І вы будзеце захоўваць усе пастановы Мае і ўсе пысуды Мае, і выконваць іх. Я — ГОСПАД”».