Лявіт 6 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Калі душа ізгрэша, і выступе выступам перад СПАДАРОМ, і запрэцца перад бліжнім сваім у тым, што яму даверана, альбо дана яму на схоў, альбо ім адабрана, альбо ашукае бліжняга свайго,
 
«Калі хто саграшыць і дапусьціцца праступку перад ГОСПАДАМ тым, што адмовіцца аддаць бліжняму тое, што яму было дадзена на захаваньне, або што яму было дадзена ў заклад, або што было ім скрадзена, або што было адабрана яшчэ якім чынам [у бліжняга],

Альбо знойдзе згубленае і запрэцца ў тым, і хвальшыва прысягае ў чым-лень, што людзі робяць, грэшачы гэтым;
 
або калі знайшоў ён згубленую рэч і запярэчыў гэтаму, або што фальшыва сьведчыў адносна якой рэчы, праз якую чалавек можа саграшыць,

І будзе, што, як ён ізграшыў, ён стаў вінным, ён зьверне заграбленае, што заграбіў, альбо адабранае, што адабраў, альбо даверанае, што яму даверылі, альбо згубленае, што ён знайшоў,
 
вось жа хто так саграшыў і мусіць аднагарадзіцца, павінен аддаць тое, што ўкраў, або тое, што адабраў, або што яму было даручана на захаваньне, або згубленае, што ён знайшоў,

Альбо ў вусім, у чым ён браў на сябе хвальшывую прысягу, дык мае заплаціць істу й дадаць да тога пятую часьць, каму належа, у дзень аброку за грэх свой.
 
або рэч, адносна якой прысягаў фальшыва, і няхай ён верне поўную вартасьць той рэчы, дадаючы пры тым да яе пятую частку яе вартасьці. Павінен ён аддаць гэта ўласьніку ў той самы дзень, калі будзе складаць ахвяру аднагараджэньня.

Аброк жа за грэх свой прывядзець СПАДАРУ барана бяз гану з драбнога статку, подле ацэны твае, на аброк віны да сьвятара.
 
А за праступак ахвяруе ён ГОСПАДУ ягня без заганы са статку, паводле ацаненьня твайго, на ахвяру аднагараджэньня, і прывядзе яго да сьвятара.

І адзяржыць ласкіўчыненьне яму сьвятар перад СПАДАРОМ, і даравана будзе яму за штохоця, што чалавек робе, грэшачы гэтым».
 
І ачысьціць сьвятар яго перад ГОСПАДАМ, і дараваны будзе яму праступак, якім саграшыў».

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Раскажы Аарону а сыном ягоным, кажучы: гэта ўстава ўсепаленьня: гэта ўсепаленьне мае быць на месцу паленьня на аброчніку ўсю ноч да раньня, і цяпло аброчніка хай гарыць на ім.
 
«Загадай Аарону і сынам ягоным, кажучы: “Вось закон адносна ахвяры цэласпаленьня. Ахвяра цэласпаленьня будзе прыносіцца на вогнішчы на ахвярніку ўсю ноч аж да раніцы, і агонь будзе гарэць на ахвярніку.

І хай сьвятар адзенецца ў лянное адзецьце свае, і лянныя ганавіцы надзене на цела свае, і здыйме попел, каторы зжэрла цяпло з усепаленьня на аброчніку, і паложа яго ля аброчніка.
 
Сьвятар апранецца ў ільняную шату і льняную бялізну, і зьбярэ попел ахвяры цэласпаленьня, якую спаліў агонь на ахвярніку, і высыпе каля ахвярніку.

І хай ськіне ізь сябе адзецьце свае, і надзене іншае адзецьце і вынясе попел вонкі з табару на чыстае месца.
 
Потым здыме з сябе адзеньне сваё, а апране на цела другое адзеньне, і вынясе попел за табар на чыстае месца.

А цяпло на аброчніку хай гарыць, ня гасьне; і хай сьвятар запаляе на ім дровы кажную раніцу, і раскладае на ім усепаленьне, і пале на ім тук супакойнага аброку.
 
Агонь жа на ахвярніку будзе гарэць заўсёды і ня будзе гаснуць. На ім сьвятар кожную раніцу будзе паліць дровы, і будзе складаць ахвяру цэласпаленьня, і паліць на ім тлушч ахвяраў мірных.

Цяпло штачаснае хай гарыць на аброчніку, ня гасьне.
 
Агонь будзе заўсёды гарэць на ахвярніку і ніколі ня згасьне.

І гэта ўстава аброку хлебнага: хай абракаюць яго сынове Ааронавы перад СПАДАРОМ сьпераду аброчніка.
 
Гэта закон адносна ахвяраў хлебных. Сыны Аарона павінны прыносіць іх перад аблічча ГОСПАДА перад ахвярнікам.

І падыйме сьвятар жменяю сваёю ценькае мукі з аброку хлебнага й алівы й усе кадзіла, што на аброку, і спале на аброчніку, — прыемны пах на памятку перад СПАДАРОМ.
 
Сьвятар возьме жменю мукі, палітай алеем, з усім кадзілам, пакладзеным на муку, і спаліць на ахвярніку на мілы пах як напамін ГОСПАДУ.

І засталае зь яго хай ядуць Аарон а сынове ягоныя. Прэсным маюць есьці яго на сьвятым месцу; на панадворку будану збору хай ядуць яго.
 
А рэшту мукі няхай зьядуць Аарон з сынамі сваімі, праснакі няхай яны ядуць на месцы сьвятым, на панадворку Намёту Спатканьня.

Ня маюць пячы яго кіслым. Гэта дзель іхная, каторую Я даў ім із агняных аброкаў Маіх. Гэта сьвятое сьвятых, як аброк за грэх і віны.
 
Ня будзеце пекчы [хлеб] квашаны. Гэта частка, якую Я даю ім з Маіх ахвяраў агнявых. Гэта сьвятое сьвятых, як і ахвяра за грэх, і ахвяра аднагараджэньня.

Кажны мужчына із сыноў Ааронавых есьці гэта будзе. Гэта вечная дзель у родах вашых із агняных аброкаў СПАДАРОВЫХ. Усе, што датыкаецца да іх, усьвяціцца».
 
Толькі мужчыны з сыноў Аарона будуць есьці яе. Гэта закон вечны для пакаленьняў вашых адносна ахвяраў цэласпаленьня ГОСПАДУ. Кожны, хто іх дакранецца, будзе асьвечаны”».

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«І гэта дар Ааронаў а сыноў ягоных, каторы абракуць яны СПАДАРУ ў дзень памазаньня яго: дзясятая часьць ефы ценькае мукі на аброк кажначасны, палавіца гэтага нараніцы, а палавіца ўвечары.
 
«Гэта вось ахвяра Аарона і сыноў ягоных, якую павінны яны складаць ГОСПАДУ ў дзень іхняга памазаньня. Будуць яны складаць ахвяру штодзённую з дзясятай часткі эфы мукі пшанічнай: палову яе раніцаю і палову — вечарам.

На скварадзе ў валіве ён мае быць прыгатаваны; смажаны прынясі яго, печаныя кавалкі хлебнага аброку даруй, — прыемны пах СПАДАРУ.
 
Яна павінна быць прыгатавана з алеем на патэльні. Прынясеш яе цёплую і ахвяруеш яе, падзеленую на кавалкі, на мілы пах ГОСПАДУ.

І сьвятар, памазанец на месца ягонае із сыноў ягоных, зробе гэта: гэта вечная ўстава СПАДАРОВА. Увесь ён мае быць спалены.
 
Сьвятар, памазаны на месца бацькі свайго, зробіць гэта. Гэта закон вечны. Ахвяра цалкам павінна быць спалена для ГОСПАДА.

І ўсялякі хлебны аброк сьвятароў увесь хай будзе спалены, а ня еж яго».
 
Бо кожная ахвяра хлебная сьвятара будзе спалена агнём, і ніхто ня будзе есьці яе».

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Гукай Аарону а сыном ягоным: во ўстава аброку за грэх: на тым месцу, ідзе рэжуць усепаленьне, там зарэж аброк за грэх перад СПАДАРОМ. Гэта сьвятое сьвятых.
 
«Скажы Аарону і сынам ягоным: “Такі вось закон адносна ахвяры за грэх. Ахвяра за грэх павінна быць забітая перад абліччам ГОСПАДА на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпаленьня. Гэта справа сьвятая.

Сьвятар, што абракае гэта як аброк за грэх, мае есьці яго, на сьвятым месцу мае есьці яго, на панадворку будану збору.
 
Сьвятар, які будзе складаць ахвяру за грэх, будзе яе есьці на месцы сьвятым, на панадворку Намёту Спатканьня.

Усе, што даткнецца да мяса яго, усьвяціцца; а калі крывёй яго апырскана будзе адзежа, то апырсканьне на ёй вымыеш на сьвятым месцу.
 
Кожны, хто дакранецца мяса яе, будзе асьвечаны. А калі кроўю яе будзе апырскана адзеньне, апырсканае абмый на месцы сьвятым.

І гліняную судзіну, у каторай ты варыў, маюць разьбіць; а калі ён у судзіне мядзянай варыўся, то маюць яе шараваць і апаласкаць вадою.
 
Калі тое мяса будзе варана ў пасудзіне глінянай, яе трэба разьбіць, а калі пасудзіна мядзяная, яна павінна быць добра вышаравана і выпаласкана.

Усялякі мужчына ізь сьвятароў можа есьці яго: гэта сьвятое сьвятых.
 
Кожны мужчына з роду сьвятарскага будзе есьці яе. Гэта сьвятое сьвятых.

А ўсялякі аброк за грэх, ад каторага кроў уносяць у будан збору дзеля адзяржаньня ласкіўчыненьня ў сьвятыні, ня мае быць зьяданы; у вагню спаліш яго.
 
А ўсякую ахвяру за грэх, кроў якой уносяць у Намёт Спатканьня для ачышчэньня ў Месцы Сьвятым, ніхто няхай ня есьць, яна спальваецца ў агні.