Лявіт 26 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Не рабіце сабе балваноў ані выразайце абразоў, і стаўпоў ня стаўце ў сябе, і каменя з абразамі не кладзіце ў зямлі вашай, каб кланяцца на ім; бо Я СПАДАР, Бог ваш.
Не рабіце сабе ідалаў і выяваў, і не стаўляйце слупоў, і каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш.
Сыботы Мае дзяржыце й сьвятыні Мае сьціце, бо Я СПАДАР, Бог ваш.
Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД!
Калі вы будзеце хадзіць у вуставах Маіх і расказаньні Мае будзеце дзяржаць а паўніць іх;
Калі будзеце хадзіць паводле пастановаў Маіх, і захоўваць прыказаньні Мае, і спаўняць іх,
Дык Я дам вам дажджы вашы ў пару іх, і зямля дасьць урод свой, і дзервы палявыя дадуць плод свой.
Я дам вам дажджы ў патрэбны час, і зямля будзе даваць ураджай, і дрэвы палявыя дадуць плады свае.
І датрывае малацьба да збору віна, а збор віна датрывае да сяўбы; і будзеце есьці даволі хлеба свайго, і будзеце жыць бясьпечна на зямлі сваёй.
І малацьба [хлеба] працягнецца да збору вінаграду, а зьбіраньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і будзеце жыць у бясьпецы на зямлі сваёй.
І дам мір у зямлі, і ляжаце, і ніхто не напалохае вас; прычыню звод на лютыя зьвяры ізь зямлі, і меч ня пройдзе па зямлі вашай.
І Я дам мір у зямлі вашай, і будзеце вы спаць, і ня будзе каму вас палохаць. І Я прыбяру дзікіх зьвяроў з зямлі, і меч ня будзе праходзіць па зямлі вашай.
І будзеце гнаць варагоў сваіх, і паваляцца яны перад вамі ад мяча.
Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць перад абліччам вашым ад мяча.
І пяцёх із вас пражануць сту, а сту з вас пражануць дзесяць тысячаў, і паваляцца варагі вашыя перад вамі ад мяча.
Пяцёх з вас прагоняць сотню, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысячаў. І будуць падаць ворагі вашыя перад абліччам вашым ад мяча.
І зьвярнуся да вас, і штоднымі ўчыню вас, і размнажу вас, і ўстанаўлю змову сваю з вамі.
І Я прыхілюся да вас, і дам вам плоднасьць, і вы памножыцеся; і Я заключу запавет Мой з вамі.
І будзеце есьці старое леташняе, і вынясіце старое дзеля новага.
І вы будзеце есьці [збожжа] з леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя [зборы], павыкідаеце [старыя].
І пастанаўлю вітальню Сваю сярод вас, і душа Мая ня будзе брыдзіцца вамі.
І Я пастаўлю Сялібу Маю сярод вас, і ня будзе брыдзіцца вамі душа Мая.
І буду хадзіць сярод вас, і буду вашым Богам, а вы будзеце Імне людам.
Я буду хадзіць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце народам Маім.
Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб вы ня былі ім нявольнікамі, і паламіў ланцугі йга вашага, і даў вам хадзіць выпрастаўшыся.
Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў ярмо вашае, каб хадзілі вы з узьнятымі галовамі.
А калі не паслухаеце Мяне й ня будзеце паўніць усіх расказаньняў гэтых,
А калі вы ня будзеце слухаць Мяне і ня будзеце выконваць усе гэтыя прыказаньні,
І калі будзеце грэбаваць уставамі Маімі, калі душа ваша збрыдзе суды Мае, так што ня будзеце паўніць усіх расказаньняў Маіх, узрушыўшы змову Маю;
калі пагардзіце пастановамі Маімі, і ня будзеце зважаць на прысуды Мае, і ня будзеце выконваць усіх прыказаньняў Маіх, і будзеце парушаць запавет Мой,
дык Я ўчыню з вамі гэта: і даведаюся да вас жахам, сухотамі а гаручкаю, ад каторых стамуюцца вочы вашыя і змучыцца душа, і будзеце сеяць сяўбу вашу дарма, і варагі вашы зьядуць яе.
тады Я гэтак зраблю вам, і наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, якія спрычыняюць сьлепату і нішчаць здароўе. Дарэмна будзеце сеяць насеньне вашае, бо зьядуць яго ворагі вашыя.
І зьвярну від Свой супроці вас, і будзеце зражаны перад варагамі сваімі, і будуць панаваць над вамі непрыяцелі вашы, і ўцякаць будзеце, як ніхто не пажанецца за вамі.
І Я зьвярну аблічча Маё супраць вас, і будзеце вы падаць перад абліччам ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, якія вас ненавідзяць, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто ня будзе гнацца за вамі.
Калі й пры ўсім гэтым не паслухаеце Мяне, то Я павялічу караць вас за грахі вашыя сем разоў;
А калі і тады ня будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў,
І зламлю пыху сілы вашае, і неба вашае зраблю, як зялеза, і зямлю вашую, як медзь;
і зьнішчу пыхлівасьць сілы вашай, і зраблю для вас неба як жалеза, а зямлю — як медзь.
І дарма будзе высіляцца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць уроду свайго, і дзервы зямлі не дадуць пладоў сваіх.
Дарэмна будзе марнавацца праца вашая, і зямля вашая ня будзе даваць ураджаю свайго, а дрэвы палявыя не дадуць пладоў сваіх.
Калі ж пойдзеце супроці Мяне і ня будзеце зычыць слухаць Мяне, то Я памнажу вам сем разоў подле грахоў вашых.
Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў.
Пашлю на вас зьвяры палявыя, каторыя спабудуць вас дзяцей, і выгубяць статак вашы, і вас зьменшаць, і спусьцеюць дарогі вашыя.
Я напушчу на вас зьвяроў палявых, якія пазбавяць вас [дзяцей] і зьнішчаць жывёлу вашую, і зьменшаць вас; і пустымі стануцца шляхі вашыя.
І калі ўсім гэтым ня будзеце наўчаны Імною, а пойдзеце Імне ў спраціўленьне;
Калі і далей ня будзеце навучаныя Мною і будзеце працівіцца Мне,
Дык і Я пайду, нават Я, з вамі ў спраціўленьне, і зражу вас, нават Я, сем разоў за грахі вашы.
Я таксама пайду супраць вас, і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашыя.
І навяду на вас памсьлівы меч на помсту за змову; калі ж зьбярыцеся да местаў сваіх, дык пашлю мор пасярод вас, і адданы будзеце ў рукі ворага.
Я навяду на вас меч, мсьціўцу за парушэньне запавету. А калі паўцякаеце ў гарады вашыя, Я пашлю заразу на вас, і будзеце выдадзеныя ў рукі ворагаў.
Як выгублю ў вас апору хлеба, дзесяць жанок будуць пячы хлеб вашы ў ваднэй печы, і будуць аддаваць хлеб вашы вагою; вы будзеце есьці, і ня будзеце пад’еўшы.
Калі Я зьнішчу вашую падпору хлебную, тады пекчы будуць дзесяць жанчынаў хлеб сабе ў адной печцы і будуць выдаваць пад мерку, і вы будзеце есьці, і не насыціцеся!
І калі й гэтым не паслухаеце Мяне й пойдзеце супроці Мяне,
А калі тады ня будзеце слухаць Мяне і будзеце працівіцца Мне,
Дык пайду Я з вамі ў гневе Майго спраціўленьня і пакараю вас, нават Я, сем разоў за грахі вашыя.
Я выступлю супраць вас з гвалтоўнай ярасьцю; і Я пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,
І будзеце есьці цела сыноў сваіх, і цела дачок сваіх будзеце есьці.
і вы будзеце есьці целы сыноў вашых і дачок вашых.
І разбуру вышыні вашыя, і зьнішчу сонечныя абразы вашыя, і палажу трупы вашыя на трупы балваноў вашых, і збрыдзе вас душа Мая.
і Я зруйную ўзгоркі вашыя, і паб’ю слупы вашыя, і кіну трупы вашыя на ідалаў вашых, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі.
І аддам месты вашыя на разбурэньне, і спустошу сьвятыні вашы, і ня буду нюхаць прыемнага паху аброкаў вашых.
Гарады вашыя зраблю руінамі, і спустошу сьвятыні вашыя, і не прыйму больш паху ахвяраў вашых.
І Я спустошу зямлю, ажно зумеюцца зь яе варагі вашы, у ёй жывучыя.
І Я спустошу зямлю гэтую, аж будуць дзівіцца ворагі вашыя, якія заселяць яе.
І вас расьцярушу меж народаў, і зь мячом на галі пажануся за вамі, і будзе зямля ваша пустая, і месты вашыя разбураныя.
А вас Я расьцярушу між народамі і пушчу меч усьлед за вамі; і будзе зямля вашая пусткаю, а гарады вашыя будуць руінамі.
Тады будуць любы зямлі сыботы яе ўсі дні пусьценьня свайго, а вы будзеце ў зямлі варагоў вашых; тады будзе супачываць зямля, і досыць учыне сабе за сыботы свае.
Тады зямля будзе адзначаць суботы свае ўсе дні спусташэньня свайго, а вы [будзеце] ў зямлі ворагаў вашых. Тады зямля будзе адпачываць і сьвяткаваць суботы свае.
Усі дні пусьценьня будзе яна супачываць, колькі не супачывала ў сыботы вашы, як вы жылі на ёй.
Усе дні спусташэньня свайго будзе яна адпачываць, бо не адпачывала ў гады суботнія, калі вы ў ёй жылі.
І засталым із вас пашлю ў сэрцы ляклівасьць у землях варагоў іхных, і пажанець іх шапаценьне гнанага лісту, і ўцякуць ад мяча, і паваляцца, як ніхто не жанецца;
А для тых, хто з вас застанецца, Я спашлю страх у сэрцы іхнія ў зямлі ворагаў іхніх. Будзе палохаць іх шум лістка, што ляціць, і будуць уцякаць, як ад мяча; і хоць ніхто ня будзе за імі гнацца, і будуць падаць.
І спатыкнуцца адзін на аднаго, як перад мячом, прымеж тога ніхто гнацца за імі ня будзе, і ня будзе ў вас трывалкосьці ўстоіць супроці варагоў сваіх.
І будуць спатыкацца адзін аб другога, быццам ад мяча, хоць ніхто ня будзе гнацца за імі. Ня зможаце вы ўстаяць перад абліччам ворагаў вашых.
І загінеце памеж народаў, і пажарэць вас зямля варагоў вашых.
І вы загінеце паміж народамі, і праглыне вас зямля ворагаў вашых!
А засталыя з вас ссохнуць у сваіх бяспраўях у землях варагоў вашых, і нават у бяспраўю бацькоў сваіх ссохнуць.
А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у беззаконьнях сваіх у землях ворагаў сваіх, і за беззаконьні бацькоў сваіх змарнеюць, як і яны.
І вызнаюць яны бяспраўе свае і бяспраўе бацькоў сваіх у выступах іхных, што яны выступалі супроці Мяне і нават хадзілі з Імною ў спраціўленьне,
І прызнаюць яны беззаконьні свае і беззаконьні бацькоў сваіх, здраду, якой здрадзілі Мне і працівіліся Мне.
За што нават Я пайшоў зь імі ў спраціўленьне і ўвёў іх у зямлю варагоў іхных; можа тады скарыцца неабрэзанае сэрца іхнае, і тады яны згодзяцца з караю за бяспраўі.
Таму Я выйшаў супраць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх, каб упакорылася неабразанае сэрца іхняе, і каб яны панесьлі кару за беззаконьні свае.
І Я ўспомню змову Сваю зь Якавам, і нават змову Сваю з Ісаком, і нават змову Сваю з Абрагамом успомню, і зямлю ўспомню.
І Я ўзгадаю запавет Мой з Якубам, і запавет Мой з Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам. І Я ўзгадаю зямлю гэтую.
І зямлі, пакіненай імі, будуць любы сыботы яе, спусьцеўшы ад іх, і яны згодзяцца з караю за бяспраўі свае, дыкжэ за тое, што суды Мае ўлегцы мелі, і ўставы Мае збрыдзела душа іхная;
Зямля гэтая была пакінутая імі; і будзе яна сплочваць суботы свае праз тое, што будзе спустошана за правіны іх, а яны будуць несьці кару за беззаконьні свае, бо адкінулі прысуды Мае і брыдзілася душа іхняя пастановамі Маімі.
І нават таксама гэта, як яны будуць у зямлі варагоў сваіх, Я ня буду ўлегцы мець іх і не пабрыджуся імі, каб выгубіць іх, каб узрушыць змову Маю зь імі, бо Я СПАДАР, Бог іх.
Але і тады, калі яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, Я не адкіну іх зусім і ня буду брыдзіцца імі так, каб цалкам іх зьнішчыць і зламаць запавет Мой з імі, бо Я — ГОСПАД, Бог іхні.
І ўспомню дзеля іх змову зь першымі, каторых вывеў Я ізь зямлі Ягіпецкае перад ачмі паганаў, каб быць іх Богам. Я СПАДАР».
І Я прыгадаю ім запавет Мой з продкамі іхнімі, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай на вачах народаў, каб быць іх Богам. Я — ГОСПАД!»
Гэта ўставы а суды а правы, каторыя даў СПАДАР меж Сябе й сыноў Ізраелявых на гары Сынаю, Масеям.
Гэта пастановы, прысуды і законы, якія даў ГОСПАД на гары Сынай адносна Сябе і сыноў Ізраіля у рукі Майсея.