Лявіт 26 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Не рабіце сабе балваноў ані выразайце абразоў, і стаўпоў ня стаўце ў сябе, і каменя з абразамі не кладзіце ў зямлі вашай, каб кланяцца на ім; бо Я СПАДАР, Бог ваш.
 
Не рабіце сабе ідалаў і выяў, і не стаўляйце ані камянёў, ані каменных фігур не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — Госпад, Бог ваш.

Сыботы Мае дзяржыце й сьвятыні Мае сьціце, бо Я СПАДАР, Бог ваш.
 
Святкуйце суботы Мае і шануйце святыню Маю. Я — Госпад!

Калі вы будзеце хадзіць у вуставах Маіх і расказаньні Мае будзеце дзяржаць а паўніць іх;
 
Калі будзеце жыць паводле прыказанняў Маіх, і берагчы загады Мае, і спаўняць іх,

Дык Я дам вам дажджы вашы ў пару іх, і зямля дасьць урод свой, і дзервы палявыя дадуць плод свой.
 
Я дам вам у свой час дажджы, і зямля будзе даваць свой ураджай, і дрэвы напоўняцца пладамі.

І датрывае малацьба да збору віна, а збор віна датрывае да сяўбы; і будзеце есьці даволі хлеба свайго, і будзеце жыць бясьпечна на зямлі сваёй.
 
І малацьба хлеба працягнецца да збору вінаграду, а збор вінаграду працягнецца да сяўбы, ды будзеце есці хлеб ваш удосталь, і без турбот будзеце жыць на сваёй зямлі.

І дам мір у зямлі, і ляжаце, і ніхто не напалохае вас; прычыню звод на лютыя зьвяры ізь зямлі, і меч ня пройдзе па зямлі вашай.
 
Я дам супакой на межах вашых, і будзеце вы спаць і не будзе каму вас палохаць. Я прыму дзікіх звяроў, і меч не пройдзе па зямлі вашай.

І будзеце гнаць варагоў сваіх, і паваляцца яны перад вамі ад мяча.
 
Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць ад меча вашага.

І пяцёх із вас пражануць сту, а сту з вас пражануць дзесяць тысячаў, і паваляцца варагі вашыя перад вамі ад мяча.
 
Пяцёра з вас прагоняць сотню чужынцаў, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысяч. І будуць падаць ворагі вашы ад меча вашага.

І зьвярнуся да вас, і штоднымі ўчыню вас, і размнажу вас, і ўстанаўлю змову сваю з вамі.
 
Я прыхілюся да вас і зраблю, каб вы пладзіліся, і вы размножыцеся; і заключу Я запавет Мой з вамі.

І будзеце есьці старое леташняе, і вынясіце старое дзеля новага.
 
Вы будзеце есці старое збожжа з леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя зборы, павыкідаеце старыя.

І пастанаўлю вітальню Сваю сярод вас, і душа Мая ня будзе брыдзіцца вамі.
 
Я пастаўлю прыпынак Мой сярод вас, і не будзе брыдзіцца вамі душа Мая.

І буду хадзіць сярод вас, і буду вашым Богам, а вы будзеце Імне людам.
 
Я буду жыць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце Маім народам.

Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб вы ня былі ім нявольнікамі, і паламіў ланцугі йга вашага, і даў вам хадзіць выпрастаўшыся.
 
Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў пруты ярма вашага, каб хадзілі вы з паднятымі галовамі.

А калі не паслухаеце Мяне й ня будзеце паўніць усіх расказаньняў гэтых,
 
А калі не будзеце Мяне слухаць і не будзеце выконваць усіх гэтых прыказанняў Маіх,

І калі будзеце грэбаваць уставамі Маімі, калі душа ваша збрыдзе суды Мае, так што ня будзеце паўніць усіх расказаньняў Маіх, узрушыўшы змову Маю;
 
калі пагардзіце законамі Маімі і душа ваша не будзе зважаць на прысуды Мае, і не будзеце выконваць усяго, што Мною пастаноўлена, ды будзеце парушаць Мой запавет,

дык Я ўчыню з вамі гэта: і даведаюся да вас жахам, сухотамі а гаручкаю, ад каторых стамуюцца вочы вашыя і змучыцца душа, і будзеце сеяць сяўбу вашу дарма, і варагі вашы зьядуць яе.
 
тады Я так зраблю вам: наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, якія спрычыняюць слепату і нішчаць душу. Надарма будзеце сеяць насенне, бо з’ядуць яго ворагі.

І зьвярну від Свой супроці вас, і будзеце зражаны перад варагамі сваімі, і будуць панаваць над вамі непрыяцелі вашы, і ўцякаць будзеце, як ніхто не пажанецца за вамі.
 
Я павярну аблічча Сваё на вас, і будзеце вы падаць ад ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, якія вас зненавідзелі, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто не будзе гнацца за вамі.

Калі й пры ўсім гэтым не паслухаеце Мяне, то Я павялічу караць вас за грахі вашыя сем разоў;
 
А калі і тады не будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас дзеля грахоў вашых у сем разоў

І зламлю пыху сілы вашае, і неба вашае зраблю, як зялеза, і зямлю вашую, як медзь;
 
ды сатру пыхлівасць сілы вашай. Я дам для вас неба зверху, як жалеза, а зямлю, як медзь.

І дарма будзе высіляцца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць уроду свайго, і дзервы зямлі не дадуць пладоў сваіх.
 
Надарма будзе марнавацца сіла ваша; зямля не будзе даваць ураджаю, а дрэвы не дадуць пладоў.

Калі ж пойдзеце супроці Мяне і ня будзеце зычыць слухаць Мяне, то Я памнажу вам сем разоў подле грахоў вашых.
 
Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашы ў сем разоў.

Пашлю на вас зьвяры палявыя, каторыя спабудуць вас дзяцей, і выгубяць статак вашы, і вас зьменшаць, і спусьцеюць дарогі вашыя.
 
Я напушчу на вас звяроў палявых, якія пазбавяць вас дзяцей вашых і знішчаць жывёлу вашу, ды зменшаць колькасць вашу; пустымі стануцца дарогі вашы.

І калі ўсім гэтым ня будзеце наўчаны Імною, а пойдзеце Імне ў спраціўленьне;
 
Калі і далей не захочаце ўспрымаць вучэння ды будзеце хадзіць супраць Мяне,

Дык і Я пайду, нават Я, з вамі ў спраціўленьне, і зражу вас, нават Я, сем разоў за грахі вашы.
 
дык і Я пайду супраць вас і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашы.

І навяду на вас памсьлівы меч на помсту за змову; калі ж зьбярыцеся да местаў сваіх, дык пашлю мор пасярод вас, і адданы будзеце ў рукі ворага.
 
Я навяду на вас меч, мсціўцу за парушэнне запавету Майго. А калі паўцякаеце ў гарады вашы, Я пашлю заразу на вас, і будзеце вы выдадзены ў рукі ворагаў.

Як выгублю ў вас апору хлеба, дзесяць жанок будуць пячы хлеб вашы ў ваднэй печы, і будуць аддаваць хлеб вашы вагою; вы будзеце есьці, і ня будзеце пад’еўшы.
 
Калі Я знішчу хлеб, вашу падпору, тады пячы будуць дзесяць жанчын хлеб ваш у адной печы, і будуць выдаваць яго пад мерку, і вы будзеце есці і не наясцеся!

І калі й гэтым не паслухаеце Мяне й пойдзеце супроці Мяне,
 
А калі і дзеля гэтага не будзеце слухаць Мяне і будзеце хадзіць супраць Мяне,

Дык пайду Я з вамі ў гневе Майго спраціўленьня і пакараю вас, нават Я, сем разоў за грахі вашыя.
 
дык Я выступлю супраць вас з гвалтоўным абурэннем; Я пакараю вас сямікроць за грахі вашы,

І будзеце есьці цела сыноў сваіх, і цела дачок сваіх будзеце есьці.
 
так што будзеце есці целы сыноў і дачок вашых.

І разбуру вышыні вашыя, і зьнішчу сонечныя абразы вашыя, і палажу трупы вашыя на трупы балваноў вашых, і збрыдзе вас душа Мая.
 
Я зруйную вашы ўзгоркі, паб’ю слупы, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі,

І аддам месты вашыя на разбурэньне, і спустошу сьвятыні вашы, і ня буду нюхаць прыемнага паху аброкаў вашых.
 
настолькі, што гарады вашы зраблю пустыняй, і спустошу святыні вашы, і не прыму больш найпрыемнейшага паху.

І Я спустошу зямлю, ажно зумеюцца зь яе варагі вашы, у ёй жывучыя.
 
Я спустошу зямлю вашу, аж будуць дзівіцца ворагі вашы, якія яе заселяць.

І вас расьцярушу меж народаў, і зь мячом на галі пажануся за вамі, і будзе зямля ваша пустая, і месты вашыя разбураныя.
 
Вас жа расцярушу між народамі і пушчу меч услед за вамі; і будзе зямля ваша пустая, а гарады будуць зруйнаваныя.

Тады будуць любы зямлі сыботы яе ўсі дні пусьценьня свайго, а вы будзеце ў зямлі варагоў вашых; тады будзе супачываць зямля, і досыць учыне сабе за сыботы свае.
 
Тады зямля будзе адзначаць свае суботы ўсе дні свайго спусташэння, а вы апынецеся ў зямлі варожай. Тады зямля адпачываць будзе і святкаваць суботы.

Усі дні пусьценьня будзе яна супачываць, колькі не супачывала ў сыботы вашы, як вы жылі на ёй.
 
Усе дні спусташэння свайго будзе святкаваць яна адпачынак, якога не святкавала ў час вашых субот, калі вы ў ёй жылі.

І засталым із вас пашлю ў сэрцы ляклівасьць у землях варагоў іхных, і пажанець іх шапаценьне гнанага лісту, і ўцякуць ад мяча, і паваляцца, як ніхто не жанецца;
 
А тым, якія з вас застануцца, Я папушчу страх у сэрцы іх у зямлі варожай. Будзе палохаць іх шум лятучага ліста так, што будуць уцякаць, як ад меча, і, хоць ніхто не будзе за імі гнацца, упадуць.

І спатыкнуцца адзін на аднаго, як перад мячом, прымеж тога ніхто гнацца за імі ня будзе, і ня будзе ў вас трывалкосьці ўстоіць супроці варагоў сваіх.
 
І будуць нападаць брат на брата свайго, быццам бы пераследуючы ў вайне, хоць ніхто не будзе гнацца. Ніхто з вас не зможа ўстаяць перад ворагам.

І загінеце памеж народаў, і пажарэць вас зямля варагоў вашых.
 
Вы загінеце паміж народамі, і праглыне вас зямля варожая!

А засталыя з вас ссохнуць у сваіх бяспраўях у землях варагоў вашых, і нават у бяспраўю бацькоў сваіх ссохнуць.
 
А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у сваіх беззаконнях у землях сваіх ворагаў, і дзеля грахоў бацькоў сваіх змарнеюць разам з імі.

І вызнаюць яны бяспраўе свае і бяспраўе бацькоў сваіх у выступах іхных, што яны выступалі супроці Мяне і нават хадзілі з Імною ў спраціўленьне,
 
Тады прызнаюцца яны ў злачынствах сваіх і бацькоў сваіх, якімі спаганіліся адносна Мяне і хадзілі супраць Мяне.

За што нават Я пайшоў зь імі ў спраціўленьне і ўвёў іх у зямлю варагоў іхных; можа тады скарыцца неабрэзанае сэрца іхнае, і тады яны згодзяцца з караю за бяспраўі.
 
Таму Я выйшаў супраць іх ды ўвёў іх у зямлю варожую; і тады ўпакорыцца іх неабрэзанае сэрца, і тады панясуць яны кару за свае беззаконні.

І Я ўспомню змову Сваю зь Якавам, і нават змову Сваю з Ісаком, і нават змову Сваю з Абрагамом успомню, і зямлю ўспомню.
 
Тады Я ўзгадаю запавет Мой, які заключыў Я з Якубам, і Ізаакам, і Абрагамам. Тады вось успомню Я зямлю,

І зямлі, пакіненай імі, будуць любы сыботы яе, спусьцеўшы ад іх, і яны згодзяцца з караю за бяспраўі свае, дыкжэ за тое, што суды Мае ўлегцы мелі, і ўставы Мае збрыдзела душа іхная;
 
якая, хаця пакінута імі, падабаецца ім, у час субот іх церпячы спустошанасць ад іх. А яны будуць несці кару за свае грахі, бо адкінулі Мае законы і пагардзілі пастановамі Маімі.

І нават таксама гэта, як яны будуць у зямлі варагоў сваіх, Я ня буду ўлегцы мець іх і не пабрыджуся імі, каб выгубіць іх, каб узрушыць змову Маю зь імі, бо Я СПАДАР, Бог іх.
 
Але і тады, калі яны былі ў зямлі ворагаў іх, Я не адкінуў іх, не пагардзіў, каб іх знішчыць ды зламаць Маю дамову з імі, бо Я — Госпад, Бог іх.

І ўспомню дзеля іх змову зь першымі, каторых вывеў Я ізь зямлі Ягіпецкае перад ачмі паганаў, каб быць іх Богам. Я СПАДАР».
 
Дык прыгадаю Я ім запавет Мой з продкамі, якіх вывеў Я з зямлі Егіпецкай перад абліччам усіх народаў, каб быць іх Богам. Я — Госпад!”»

Гэта ўставы а суды а правы, каторыя даў СПАДАР меж Сябе й сыноў Ізраелявых на гары Сынаю, Масеям.
 
Гэта пастановы, прыказанні і законы, якія даў Госпад на гары Сінай адносна Сябе і адносна сыноў Ізраэля праз Майсея.