Лявіт 19 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Гавары ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля і кажы ім: “Будзьце святымі, бо святы Я — Госпад, Бог ваш.
«Прамоў да ўсёй грамады сыноў Ізраіля і скажы ім: “Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Бог ваш.
Хай кожны паважае маці і бацьку свайго. Пільнуйце суботы Мае. Я — Госпад, Бог ваш!
Няхай кожны баіцца маці сваю і бацьку свайго. І захоўвайце суботы Мае. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Не звяртайцеся да ідалаў ані не вылівайце сабе багоў з металу. Я — Госпад, Бог ваш!
Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Калі будзеце складаць Госпаду ахвяру прымірэння, дык складайце яе так, каб была яна Яму прыемнай.
Калі будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру мірную, складайце так, каб была яна Яму прыемнай.
Будзеце яе есці ў сам дзень ахвяры ды ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.
Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай і ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.
Калі хто гэта будзе есці праз два дні, паганым гэта будзе і не будзе прыемным [Госпаду].
Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным [Госпаду].
Хто будзе гэта есці, панясе правіннасць сваю, бо спаганіў святасць Госпада, ды знішчана будзе душа тая з народа свайго.
Хто будзе яе есьці, учыніць беззаконьне, бо спаганіў сьвятасьць ГОСПАДА, і зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.
Калі будзеш жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля свайго, ды не збірай каласоў, якія засталіся.
Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля і не зьбірай каласоў, што засталіся.
Не збірай у вінаградніку сваім да рэшты і ягады, што абсыпаліся, але пакінь, каб іх сабралі бедныя і прыбыльцы. Я — Госпад, Бог ваш!
Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і ягадаў, што пападалі ў вінаградніку, не падбірай; пакінь гэта бедным і прыхадням. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Не крадзіце і не хлусіце. Хай ніводны з вас не ашуквае блізкага свайго.
Не крадзіце, і не хлусіце, і не ашуквайце адзін аднаго.
Не прысягай імем Маім і не зневажай імя Бога твайго. Я — Госпад!
Не прысягайце на імя Маё дзеля хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я — ГОСПАД!
Не нагаворвай на блізкага твайго і не чыні яму рабунку. І хай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.
Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І няхай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.
Не праклінай глухога ды перад сляпым не кладзі перашкоды, але шануй Бога твайго. Я — Госпад!
Не праклінай глухога і перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД!
Не дапускайцеся несправядлівасці на судзе. Не пагарджай асобаю беднай ды не патурай асобе магутнага. Справядліва судзі блізкага свайго.
Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным і не патурай багатаму. Праведна судзі бліжняга твайго.
Не будзь паклёпнікам і плеткаром у сваім народзе. Не цікуй на кроў блізкага свайго. Я — Госпад!
Ня будзь паклёпнікам у народзе сваім. Не цікуй на кроў бліжняга твайго. Я — ГОСПАД!
Не май у сэрцы сваім нянавісці да брата свайго; дакарай яго, каб не мець граху з прычыны яго.
Ня мей у сэрцы тваім нянавісьці да брата твайго. Дакараючы, дакарай бліжняга твайго, і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.
Не помсці ды не гневайся на суайчыннікаў сваіх. Любі бліжняга свайго як самога сябе. Я — Госпад!
Ня помсьці і не насі крыўду на сыноў народу твайго. Любі бліжняга твайго як самога сябе. Я — ГОСПАД!
Пільнуйце законы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёламі другой пароды; поля свайго не засявай рознымі гатункамі насення. Не апранай адзення з двух матэрыялаў.
Захоўвай пастановы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля твайго не засявай двума гатункамі [насеньня]. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.
Калі хто будзе спаць з жанчынай, выліваючы семя, а яна ёсць нявольніца, заручаная з мужам, але яшчэ не выкуплена і не надзелена воляй, абодва будуць пакараныя, але не карай смерцю, бо не была яна свабоднай.
Калі хто ўвойдзе да жанчыны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для [іншага] мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.
Дзеля таго складзе ён у ахвяру Госпаду ля ўваходу ў палатку сустрэчы за праступак свой барана ў ахвяру адплаты.
І ён складзе ахвяру аднагараджэньня ГОСПАДУ каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, барана ў ахвяру аднагараджэньня.
І ачысціць яго святар бараном ад граху яго перад Госпадам, ды будзе адпушчаны яму грэх, якім зграшыў.
І перапросіць за яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня за грэх ягоны, якім саграшыў перад абліччам ГОСПАДА, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.
Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, не забірайце іх абразання, гэта значыць пладоў, якія яны родзяць; тры гады будуць яны для вас нячыстыя як неабрэзаныя, і нельга іх есці.
Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць плады іхнія за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас неабрэзаныя, і нельга іх есьці.
У чацвёртым годзе ўсе іх плады будуць пасвячоны як дар для Госпада.
У чацьвёртым годзе ўсе плады іхнія будуць пасьвячоныя як дар для ГОСПАДА.
У пяты год будзеце есці плады іх, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — Госпад, Бог ваш!
А ў пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Не ежце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чарамі.
Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чараваньнем.
Не стрыжыце валасоў кругом галавы, і не караці край барады сваёй.
Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калеч край барады сваёй.
Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памерлых ды не накалвайце надпісы на скуры вашай. Я — Госпад!
Не рабіце нарэзы на целе вашым [на знак жалобы] па памерлых і не наколвайце надпісы на скуры. Я — ГОСПАД!
Не выдавай на ганьбу дачкі сваёй, робячы з яе распусніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.
Не выдавай на ганьбу дачку тваю, робячы з яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.
Пільнуйце Мае суботы і паважайце Маё святое месца. Я — Госпад!
Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД!
Не звяртайцеся да выклікаючых духі памерлых і не райцеся ні пра што з варажбітамі, каб праз іх не апаганіліся. Я — Госпад, Бог ваш!
Не зьвяртайцеся ані да тых, што выклікаюць духаў [памерлых], ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб праз іх не апаганіліся. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Перад сівой галавой устань і шануй старога ды шануй Бога твайго. Я — Госпад.
Перад сівой галавой устань, і шануй аблічча старога, і бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД.
Калі ў вашай зямлі паселіцца побач з табою чужынец, не крыўдзі яго,
Калі ў зямлі вашай паселіцца прыхадзень, ня крыўдзі яго,
але хай будзе пасярод вас як тутэйшы, і любі яго, як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!
але няхай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!
Не дапускайцеся якой-небудзь несправядлівасці на судзе, у мерцы ды ў вымярэнні.
Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньнях.
Хай будуць у вас справядлівыя вагі, правільныя гіры, справядлівая эфа ды правільны гін. Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай.
Няхай будуць у вас вагі праведныя, эфа праведная і гін праведны. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай.
Захоўвайце ўсе прыказанні Мае і ўсе пастановы, і выконвайце іх. Я — Госпад”».
І вы будзеце захоўваць усе пастановы Мае і ўсе пысуды Мае, і выконваць іх. Я — ГОСПАД”».