Лявіт 27 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Далей казаў Госпад Майсею:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Кажы сынам Ізраэля і гавары ім: “Калі які чалавек складзе прысягу і ахвяруе душу Богу, то кошт яго будзе па ацаненні,
 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі які чалавек дае шлюбаваньне пасьвяціць душу ГОСПАДУ паводле ацэнкі тваёй,

дык калі б гэта быў мужчына ад дваццаці да шасцідзесяці гадоў, то будзе ён ацэнены на пяцьдзесят сікляў срэбрам па мерцы святыні,
 
калі гэта будзе мужчына ад дваццаці да шасьцідзесяці гадоў, ён будзе ацэнены ў пяцьдзясят сыкляў срэбра паводле сыкля сьвятыні,

а калі жанчына, то на трыццаць.
 
а калі жанчына, яна будзе ацэнена ў трыццаць сыкляў.

А ад пятага года да дваццатага будзе ацэнка мужчыны — дваццаць сікляў срэбра, а жанчыны — дзесяць.
 
А калі яму ад пяці гадоў да дваццаці будзе ацэнка твая за мужчыну — дваццаць сыкляў, а за жанчыну — дзесяць сыкляў.

А ад аднаго месяца да пяці гадоў будзе дадзена за мужчыну пяць сікляў, а за жанчыну — тры.
 
А калі яму ад аднаго месяца да пяці гадоў, будзе ацэнка твая за мужчыну пяць сыкляў, а за жанчыну — тры сыклі.

Ад шасцідзесяці гадоў і вышэй за мужчыну даецца пятнаццаць сікляў, а за жанчыну — дзесяць.
 
А калі яму ад шасьцідзесяці гадоў і вышэй, будзе ацэнка твая за мужчыну пятнаццаць сыкляў, а за жанчыну — дзесяць сыкляў.

Калі б хто быў такі бедны і не мог бы заплаціць ацанення, то хай паставяць яго перад святаром, а ён ацэніць і паглядзіць: што ён можа даць, — хай тое дасць.
 
А калі хто такі бедны, каб заплаціць ацэнку тваю, няхай паставяць яго перад абліччам сьвятара, і ацэніць яго сьвятар паводле таго, што можа даць рука яго, і няхай тое дасьць.

Калі хто складзе на прысягу жывёлу, якая можа складацца ў ахвяру Госпаду, то гэта будзе святое.
 
Калі гэта будзе быдла, якое складаецца ў ахвяру ГОСПАДУ, тады ўсё, што шлюбаваў для ГОСПАДА, ёсьць сьвятым.

Нельга будзе яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. Калі б жа хто замяніў, то і тое, што заменена, і на што заменена будзе святой рэччу для Госпада.
 
Нельга яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. А калі хто заменіць быдла на быдла, і тое, што заменена, і на што заменена, будзе сьвятым для ГОСПАДА.

Калі б хто ахвяраваў жывёлу нячыстую, якой нельга складаць у ахвяру Госпаду, то прывядуць яе да святара,
 
А калі гэта будзе жывёла нячыстая, якой нельга складаць у ахвяру ГОСПАДУ, няхай паставяць яе перад абліччам сьвятара,

які ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, ды якую ўстановіць цану, такая і будзе.
 
і сьвятар ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, і як ацэніць яе сьвятар, так і будзе.

Калі хто захоча выкупіць яе, то тады той, хто складае, хай дасць пятую частку звыш ацанення.
 
Калі хто [захоча] выкупіць яе, няхай дадасьць пятую частку да ацэнкі яго.

Калі хто ахвяруе дом свой Госпаду як святую рэч, дык святар ацэніць той дом паводле таго, ці ён добры, ці благі. Як святар яго ацэніць, такая будзе яго вартасць.
 
Калі хто пасьвяціць дом свой ГОСПАДУ як сьвятую рэч, тады сьвятар ацэніць той дом, ці ён добры, ці благі. Як сьвятар ацэніць яго, так і будзе.

А калі той, хто яго ахвяраваў, захоча адкупіць яго, то дадасць пятую частку кошту яго і будзе мець дом.
 
А калі той, хто пасьвяціў яго, [захоча] выкупіць дом свой, няхай дадасьць пятую частку кошту яго, і будзе яго.

Калі хто ахвяруе і пасвяціць Госпаду поле з уласнай маёмасці, то ацэнка твая павінна быць паводле засеву: калі ў зямлю засяваецца трыццаць гамэраў ячменю — хай будзе ацэнена ў пяцьдзесят сікляў срэбра.
 
Калі хто пасьвяціць ГОСПАДУ [частку] поля ўласнасьці сваёй, ацэнка твая павінна быць паводле зерня на засеў: за засеў гомару ячменя — пяцьдзясят сыкляў срэбра.

Калі хто ахвяруе поле сваё ў год юбілейны, то хай будзе ацэнена ў столькі, колькі можа каштаваць.
 
Калі хто пасьвяціць поле сваё ў год юбілейны, твая ацэнка будзе важная.

А калі хто [ахвяруе сваю зямлю] праз некаторы час, то святар вылічыць за яго суму грошай па гадах, якія засталіся, колькасць аж да юбілею, ды будзе зніжана ацаненне.
 
Калі ж хто пасьвяціць зямлю сваю пасьля году юбілейнага, тады сьвятар палічыць срэбра паводле гадоў, якія застаюцца да наступнага году юбілейнага, і зьменшыць ацэнку.

Калі той, хто ахвяраваў зямлю, захоча выкупіць яе, то дадасць пятую частку грошай ацанення і будзе мець яе.
 
Калі той, хто пасьвяціў поле, хоча выкупіць яго, няхай дадасьць пятую частку вышэй ацэнкі тваёй, і будзе яго.

А калі ён не захоча выкупляць ды калі прадасць яе каму іншаму, то ўжо больш яе нельга будзе выкупіць.
 
А калі ён ня выкупіць поля, і калі гэтае поле будзе прададзена некаму іншаму, яно ня можа быць выкупленае.

Аднак, калі яна адыдзе ў год юбілею, то будзе святой рэччу для Госпада, як поле пад клятвай; валодаць ёю будзе святар.
 
І станецца поле гэтае ў годзе юбілейным свабодным, сьвятым для ГОСПАДА, як поле пад закляцьцем. Станецца яно ўласнасьцю сьвятара.

А калі хто захоча ахвяраваць Госпаду зямлю купленую, якая не з уласнасці продкаў,
 
А калі хто пасьвяціць ГОСПАДУ поле набытае, якое не з уласнасьці ягонай,

то святар вылічыць суму ацанення за [зямлю] паводле колькасці гадоў да юбілейнага года, і той, хто ахвяраваў, аддасць яе ў той самы дзень як святую рэч для Госпада.
 
тады сьвятар палічыць вялікасьць ацэнкі тваёй да юбілейнага году, і павінен ён аддаць у той самы дзень ГОСПАДУ [кошт] ацэнкі тваёй як сьвятыню.

У год юбілейны зямля вернецца да ранейшага ўладальніка, які прадаў яе і валодаў [ёю] як часткай сваёй уласнасці.
 
У год юбілейны зямля вернецца да таго, ад каго была куплена, чыёй была ўласнасьцю.

Кожная ацэнка павінна быць паводле сікля святыні. Адзін сікль раўняецца дваццаці гэрам.
 
Кожная ацэнка твая павінна быць паводле сыклю сьвятыні. Адзін сыкль будзе дваццаць гераў.

Ніхто не можа пасвяціць і ахвяраваць Госпаду першароднае з жывёлы, якое і так належыць Госпаду, ці то вол, ці то авечка, бо яны Госпадавы.
 
Першароднае з быдла, якое першароднае для ГОСПАДА, ці то вол, ці то баран, ніхто ня можа пасьвяціць [Госпаду], бо яны — ГОСПАДАВЫ.

Калі гэта жывёла нячыстая, то можа выкупіць [яе] той, хто складае, паводле ацанення, дадаўшы яшчэ пятую частку кошту; калі ж ён не захоча выкупіць, то будзе прададзена за столькі, колькі будзе.
 
Калі гэта жывёла нячыстая, можна яе выкупіць паводле ацэнкі тваёй, дадаючы да яе адну пятую. Калі ня будзе выкуплена, будзе прададзена паводле ацэнкі тваёй.

Калі нейкі чалавек пасвяціць штосьці з сваёй уласнасці Госпаду як клятву: чалавека, жывёлу або поле, то гэта рэч не можа быць ані прададзена, ані выкуплена. Усё, што толькі калісьці будзе пасвечана, — гэта будзе рэч найсвяцейшая для Госпада.
 
Калі хто пасьвяціць штосьці з уласнасьці сваёй ГОСПАДУ як заклятае: чалавека, жывёлу або поле ўласнасьці сваёй, ня будзе гэта ані прададзена, ані выкуплена. Кожная [рэч] заклятая — гэта сьвятое сьвятых для ГОСПАДА.

Ніводзін чалавек, які пасвячоны Госпаду як клятва, не можа быць выкуплены, павінен быць ён забіты.
 
Ніводзін чалавек, які пасьвячоны ГОСПАДУ як закляцьце, ня можа быць выкуплены, але сьмерцю памрэ.

Кожная дзесяціна зямлі з пасеву або з пладоў дрэў ёсць Госпадава, гэта святая рэч для Госпада.
 
Кожная дзесяціна зямлі з пасеву зямлі і з пладоў дрэваў [належыць] ГОСПАДУ, гэта сьвятое для ГОСПАДА.

Калі б хто хацеў выкупіць частку сваёй дзесяціны, то дадасць да яе адну пятую.
 
Калі б хто хацеў выкупіць [частку] дзесяціны сваёй, няхай дадасьць да яе адну пятую.

Кожная дзесяціна з валоў, авечак, коз, якія праходзяць пад палкай пастуха, кожнае, што пройдзе дзесятым, будзе святой рэччу для Госпада.
 
Кожная дзесяціна з валоў і авечак, усё дзясятае, што праходзіць пад кіем пастуха, пасьвячона ГОСПАДУ.

Не будзе адрознівацца, што добрае, а што благое, і не будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто аднак зробіць замену, то абедзве жывёліны, — якая заменена і на якую заменена, — будуць пасвячоны і не могуць быць выкуплены”».
 
Ня будзе адрозьнівацца, што добрае, а што благое, і ня будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто зробіць замену, абедзьве жывёлы будуць пасьвячоныя ГОСПАДУ. Ня будуць яны выкупленыя».

Такія вось прыказанні, якія даў Госпад Майсею для сыноў Ізраэля на гары Сінай.
 
Гэта прыказаньні, якія даў ГОСПАД Майсею для сыноў Ізраіля на гары [Сынай].