Лявіт 22 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Вось што прамовіў далей Госпад да Майсея, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Скажы Аарону і сынам яго, каб яны асцярожна абыходзіліся з тым, што пасвечана сынамі Ізраэля, і каб не знеслаўлялі святое імя Маё ў тым, што яны Мне складаюць у ахвяру. Я — Госпад.
«Прамоў да Аарона і да сыноў ягоных, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраіля і не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я — ГОСПАД.
Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленні, калі хто з патомкаў вашых, будучы ў нячыстасці, прыступіцца да рэчаў святых, якія сыны Ізраэля пасвяцілі Госпаду, то такі чалавек будзе вынішчаны перад абліччам Маім. Я — Госпад.
Скажы ім, каб ведалі пакаленьні вашыя: “Калі нехта з нашчадкаў вашых наблізіцца да рэчаў сьвятых, якія сыны Ізраіля пасьвячаюць ГОСПАДУ, а нячыстасьць ягоная на ім, такая душа будзе вынішчана спрад аблічча Майго. Я — ГОСПАД.
Ніводзін патомак Аарона, які быў бы пракажаны або цярпеў бы на выцёкі, не будзе магчы есці таго, што пасвечана, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памерлага або мужчына, у якога вывяргаецца семя,
Ніводзін з насеньня Аарона, які пракажоны або мае выцёкі, ня будзе есьці сьвятых [дароў], пакуль не ачысьціцца. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,
або хто дакранецца да паўзуна, якім занячысціцца, або чалавека, які апаганіў бы яго нейкай сваёй нячыстасцю,
або хто дакранецца паўзуна, якім занячысьціцца, або чалавека, які зрабіў бы яго нячыстым нячыстасьцю сваёю,
дык хто дакранецца да такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і не будзе есці таго, што пасвечана; але калі абмые сваё цела ў вадзе,
душа, якая дакранецца гэтага, будзе нячыстай аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых [дароў], пакуль не абмые цела сваё ў вадзе.
па захадзе сонца будзе ён ачышчаны і тады будзе есці пасвечанае, бо гэта ёсць ежа яго.
Пасьля заходу сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя [дары], бо яны ёсьць ежай ягонаю.
Не будзе ён есці мярцвячыны ані мяса жывёл, разарваных звярамі, ды не занячысціцца праз гэта. Я — Госпад.
Ня будзе ён есьці падліны ані разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта станецца нячысты. Я — ГОСПАД.
Хай выконваюць Мае прыказанні, каб не мелі дзеля таго граху, ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я — Госпад, Які асвячае іх.
Няхай захоўваюць загады Мае, каб ня мелі грэху і каб не памерлі з прычыны таго, што зьняважаць іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх.
Ніводзін чужынец не будзе есці пасвечанага, ані пражываючы ў святара або найміт не будзе есці гэтага.
Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых [дароў]; ані той, што жыве ў сьвятара, ані найміт ня будзе есьці сьвятых рэчаў.
А той, каго святар купіць і хто будзе паслугачом у доме яго, тыя могуць есці гэта, таксама народжаныя ў доме яго могуць есці хлеб яго.
Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме ягоным могуць есьці хлеб ягоны.
Калі б дачка святара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есці гэтых асвечаных ахвяраваных дароў.
Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.
Аднак, калі дачка святара аўдавела або была кінута і, не маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто, аднак, чужы не мае права есці яе.
Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як у маладосьці сваёй, будзе жывіцца хлебам бацькі свайго. Але ніхто чужы ня будзе есьці яго.
Калі ж хто несвядома з’есць святое, хай дадасца яшчэ пятая частка да таго, што ён з’еў, і хай аддасць ён святару пасвечанае.
Калі ж нехта несьвядома зьесьць сьвятое, дадасьць пятую частку яго [вартасьці] і аддасьць сьвятое сьвятару.
Яны ж [святары] не будуць паганіць святых дароў, якія сыны Ізраэля складаюць у ахвяру Госпаду,
[Сьвятары] ня будуць паганіць сьвятых дароў, якія сыны Ізраіля складаюць у ахвяру ГОСПАДУ,
і не павінны сцягваць на сябе віну, калі будуць есці пасвечанае сваё. Я — Госпад, Які асвячае іх».
і ня будуць сьцягваць на іх віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх”».
Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Гавары Аарону і сынам яго і ўсім сынам Ізраэля ды кажы ім: “Калі хто з дому Ізраэля або з прышэльцаў, якія жывуць сярод вас, выконваючы прысягу, па якой або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, якую прыносіць Госпаду на цэласпаленне,
«Прамоў да Аарона, і да сыноў ягоных, і да ўсіх сыноў Ізраіля, і скажы ім: “Калі хто з дому Ізраіля або спаміж прыхадняў, якія ў Ізраілі, паводле шлюбаваньня або як дар дабраахвотны свой складае ахвяру сваю, якую прыносіць ГОСПАДУ на цэласпаленьне,
то, каб была яна спрыяльнай для вас, трэба прыносіць самца беззаганнага з цялят, з бараноў ды з казлоў; мужчынскага роду.
каб яна была прынятаю, мусяць прынесьці самца без заганы мужчынскага роду з валоў, бараноў ці козаў.
Калі будзе мець загану, не складайце ў ахвяру, бо не будзе яна для вас спрыяльнай.
Ніякай жывёлы, якая мае загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна прынятая.
Калі хто захоча скласці Госпаду ахвяру прымірэння, каб выпаўніць прысягу або па добрай волі, ці гэта з валоў, ці з авечак, то хай будзе яна без заганы, каб была прынятай.
Калі хто захоча скласьці ГОСПАДУ ахвяру мірную, каб споўніць шлюбаваньне або як дар дабраахвотны, ці гэта з валоў, ці з авечак, няхай будзе яна без заганы, каб была прынятай.
Не складайце Госпаду ў ахвяру жывёлін сляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках, ды не давайце такіх у агнявую ахвяру на ахвярніку для Госпада.
Ня будзеце складаць ГОСПАДУ ў ахвяру жывёлаў сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлаў складаць на ахвярніку ў ахвяру агнявую для ГОСПАДА.
Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласці як ахвяру добраахвотную, але як ахвяра прысягі не будзе прынятая.
Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабраахвотную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.
Жывёлу, у якой яечкі сціснутыя, разбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру Госпаду. І не будзеце такога рабіць наогул у вашай зямлі,
Жывёлу, у якой яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру ГОСПАДУ. І ня будзеце такога рабіць у зямлі вашай,
ані з рук чужынцаў не будзеце складаць такіх жывёлін як ахвяру з ежы Богу вашаму, таму што гэта ўсё сапсаванае і заганнае, і дзеля таго не будуць яны для вас карыснымі”».
ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлаў як хлеб Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і ня будуць яны прынятыя”».
Далей казаў Госпад Майсею:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, то будзе яно сем дзён пад вымем маткі сваёй. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для Госпада.
«Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прынятае як ахвяра агнявая для ГОСПАДА.
Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым.
Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым.
Калі складаеце ахвяру дзеля выказу падзякі Госпаду, складайце яе так, каб магла яна быць прыемнай;
Калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прынятай;
у той самы дзень з’ежце яе; хай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — Госпад.
у той самы дзень зьешце яе; няхай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — ГОСПАД.
Беражыце прыказанні Мае і спаўняйце іх. Я — Госпад.
Захоўвайце прыказаньні Мае і выконвайце іх. Я — ГОСПАД.
Не паганьце імя Маё святое, каб быў Я святым паміж сыноў Ізраэля. Я Госпад, Які асвячае вас
Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас
ды Які вывеў з зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам. Я — Госпад».
і Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД».