Лявіт 14 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Гэта закон адносна пракажанага, калі належыць яму ачышчацца: прывядуць яго да святара,
 
«Гэта закон адносна пракажонага ў дзень ачышчэньня ягонага. Няхай прывядуць яго да сьвятара,

а ён выйдзе з лагера і, калі выявіць, што праказа вылечаная,
 
і сьвятар выйдзе па-за табар, і агледзіць яго сьвятар, і вось, хвароба праказы вылечаная ў пракажонага.

загадае, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзве птушкі жывыя, чыстыя, і кедравага дрэва, і кармазынавыя ніткі, і гізоп.
 
І загадае сьвятар, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і дрэва кедровага, і ніткі кармазыновыя, і гізоп.

Потым святар загадае забіць адну птушку ў гліняным начынні над жывою вадой.
 
І сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, [напоўненым] вадой жывою.

Пасля другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедравага, з ніткамі кармазынавымі і з гізопам умочыць у крыві птушкі, забітай над жывою вадою,
 
І возьме другую жывую птушку разам з дрэвам кедровым, і ніткі кармазыновыя, і гізоп, і ўмочыць іх і птушку жывую ў крыві [птушкі], забітай над вадою жывою,

і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, каб той быў ачышчаным па законе. А жывую птушку выпусціць, каб ляцела ў поле.
 
і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і прызнае яго чыстым. А птушку жывую выпусьціць у поле.

Калі ачышчаны памые адзенне сваё, абголіць усе валасы на целе і вымыецца ў вадзе, і, ачышчаны, увойдзе ў лагер, аднак будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.
 
Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы свае, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за намётам сваім.

І сёмага дня абголіць ён валасы на галаве, бараду і бровы, ды валасы на ўсім целе, і вымые адзенне і цела сваё вадой, і будзе чысты.
 
У сёмы дзень абголіць ён усе валасы свае, абголіць галаву і бараду, і бровы свае, вымые адзеньне, абмые цела сваё вадой і будзе чысты.

Восьмага дня возьме ён двух бараноў без заганы, адну гадавалую авечку без плямы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, змешанай з алеем, як ахвяру [з ежы] і адзін лог алею.
 
У восьмы дзень возьме ён двух ягнятаў без заганы, адну авечку аднагадовую без заганы і тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, як ахвяру хлебную, і адзін лог алею.

Потым святар, які ачышчае, паставіць гэтага чалавека з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў палатку сустрэчы.
 
І сьвятар, які ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

Пасля возьме аднаго барана і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, уздымаючы ўсё гэта перад Госпадам.
 
І сьвятар возьме адно ягня, і складзе яго ў ахвяру аднагараджэньня, і [возьме] лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрэсваючы перад абліччам ГОСПАДА.

І заб’е барана на месцы, на якім звычайна забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпалення, на месцы святым. Як ахвяра за грэх, так і ахвяра за праступак належыць святару, гэта святая рэч!
 
І заб’е ягня гэтае на месцы, на якім забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, [належыць] сьвятару; гэта сьвятое сьвятых.

Далей возьме святар кроў ахвяры аднагараджэння і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі.
 
І возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа ёю верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

Далей святар з лога алею вылье на сваю левую далонь
 
І возьме сьвятар лог алею, і вылье яго на [сваю] левую далонь.

і памочыць правы палец у ім ды пакропіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.
 
І памочыць сьвятар палец правай рукі сваёй у алеі, які на яго левай далоні, і пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.

Рэштай алею ў левай руцэ святар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі; над крывёй ахвяры за праступак.
 
Рэштаю алею, што на далоні ягонай, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі над крывёй ахвяры аднагараджэньня.

І ускладзе на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысціць яго перад Госпадам.
 
А рэшту алею, якая на далоні сьвятара, вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.

Пасля святар складзе ахвяру за грэх і ачысціць таго, хто ачышчаецца ад нячыстасці яго. Далей заб’е ахвяру цэласпалення
 
І складзе сьвятар ахвяру за грэх, і перапросіць за таго, хто ачышчаецца, за нячыстасьць ягоную, і пасьля складзе ахвяру цэласпаленьня.

і складзе яе на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай, і чалавек будзе ачышчаны па законе.
 
І складзе сьвятар ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай. І так сьвятар ачысьціць таго [чалавека], і будзе ён чысты.

Калі ж хто бедны і рука яго не можа знайсці таго, што прадпісана, хай возьме барана ў ахвяру за праступак для ўздымання, каб ачысціў яго святар, а таксама дзесятую частку мукі, запраўленай алеем, у ахвяру і адзін лог алею,
 
Калі ж хто бедны і няма ў руцэ ягонай дастатку, няхай возьме адно ягня ў ахвяру аднагараджэньня для патрэсваньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзясятую частку [эфы] мукі, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, і лог алею,

і дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, якіх зможа знайсці рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленне.
 
і дзьве туркаўкі або два маладыя галубы, на што будзе здольная рука ягоная; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленьне.

Ды прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэння святару да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам.
 
І прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА.

Святар возьме ягня за грэх і лог алею ды разам уздыме перад Госпадам.
 
І сьвятар возьме ягня ў ахвяру аднагараджэньня і лог алею, і будзе патрэсваць патрэсваньнем перад абліччам ГОСПАДА.

І заб’е барана ў ахвяру за грэх, кроўю яго памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
 
І заб’е ягня ў ахвяру аднагараджэньня, і возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.

Далей святар налье алею на сваю левую далонь
 
І налье сьвятар алей на левую далонь сваю,

і, памачыўшы ў ёй палец правай рукі, пакропіць сем разоў перад Госпадам.
 
і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.

Далей святар памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі над месцам крыві, што праліта ў ахвяру за праступак.
 
І сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.

Рэшту ж алею, што застаўся на левай руцэ, вылье на галаву чалавека, які ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад Госпадам.
 
А рэшту алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад абліччам ГОСПАДА.

Пасля ахвяруе туркавак або маладых галубоў, якіх знойдзе яго рука,
 
І ахвяруе адну туркаўку або маладога галуба, якога прынясе рука таго, хто ачышчаецца,

аднаго за праступак, а другога на цэласпаленне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысціць яго святар перад Госпадам.
 
і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэласпаленьне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысьціць яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.

Такая вось ахвяра пракажанага, які не ў стане мець усяго для ачышчэння свайго».
 
Гэта закон адносна пракажонага, якому не стае [маёмасьці] ў руцэ ягонай дзеля ачышчэньня свайго».

Гэта вось прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

«Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам ва ўласнасць, калі б з’явілася пляма праказы на дамах пасялення вашага,
 
«Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам на ўласнасьць, і калі спашлю хваробу праказы на нейкі дом у зямлі пасяленьня вашага,

хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць святару, кажучы: “Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме”.
 
няхай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятару, кажучы: “Хваробу я ўгледзеў у доме [маім]”.

І той загадае, каб вынеслі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе пасля святар, каб агледзець дом.
 
І сьвятар загадае, каб прыбралі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб яна не апаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.

І калі б заўважыў на сценах яго нібы ямінкі, пакрытыя агіднай плесенню або чырванню, якія пашыраюцца на [усё] астатняе,
 
І ён агледзіць хваробу тую, і вось, на сьценах хвароба дому, нібы ямінкі, зелянявыя ці чырвоныя, што ўеліся ў сьцяну.

тады выйдзе з дому да дзвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.
 
І выйдзе сьвятар з дому да дзьвярэй дому, і зачыніць дом на сем дзён.

Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што пляма-язва разраслася,
 
У сёмы дзень вернецца сьвятар і агледзіць [дом]. І вось, пашырылася хвароба на сьцяне дому.

загадае тое каменне, на якім зараза, вырваць ды выкінуць яго за горадам у нячыстым месцы,
 
І загадае сьвятар, і вырвуць тыя камяні заражаныя, і выкінуць іх за горад на месца нячыстае.

дом жа кругом унутры абскрэбсці і абскрэбкі высыпаць у месцы нячыстым за горадам.
 
А дом кругом унутры абскрабуць, і тынк, які абскрэблі, выкінуць на месца нячыстае за горадам.

Пасля ўзяць другія каменні замест тых, што былі вынесены, і абтынкаваць дом іншай глінай.
 
І возьмуць іншыя камяні, і пакладуць на месца папярэдніх камянёў, і возьмуць іншую заправу, і атынкуюць дом.

Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменні, а дом абскрэблі і абтынкавалі іншай глінай,
 
Калі ж зараза зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі камяні, а дом абскрэблі і атынкавалі,

дык прыйдзе святар і агледзіць, што зараза ў доме разраслася; значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.
 
прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І вось, зараза ў доме пашырылася, гэта ліхая праказа ў доме гэтым, і ён нячысты.

Тады дом гэты зараз жа разбяруць. Каменне з яго, і дрэва, і ўвесь попел з дому таго выкінуць за горадам у нячыстым месцы.
 
І дом гэты зруйнуюць, а камяні, і дрэва, і ўвесь тынк дому таго выкінуць за горад у месца нячыстае.

Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён закрыты, будзе ён нячысты да вечара,
 
І калі нехта ўвойдзе ў дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара.

а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзенне сваё.
 
А калі нехта сьпіць у доме гэтым або есьць у доме гэтым, няхай памые адзеньне сваё.

Калі вось святар прыйдзе і агледзіць, што зараза не разраслася ў гэтым доме па новым абтынкаванні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылечана.
 
А калі сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і вось, зараза не пашырылася ў доме гэтым пасьля атынкаваньня, сьвятар прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.

Каб ачысціць дом, ён возьме дзве птушкі, кавалак дрэва кедравага, ніткі кармазынавыя і гізоп.
 
І дзеля ачышчэньня дому сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.

І заб’е адну птушку ў пасудзіне глінянай над жывой вадою.
 
І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над вадою жывою.

Пасля возьме кедравага дрэва, гізоп, ніткі кармазынавыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе і пакропіць сем разоў дом.
 
І возьме дрэва кедровае, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў вадзе жывой, і пакрапіць сем разоў дом.

Такім чынам ачысціць ён крывёй птушкі гэты дом і вадой жывой, і жывой птушкай, і дрэвам кедравым, і гізопам, і ніткамі кармазынавымі.
 
І ачысьціць дом той крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.

Жывую птушку пусціць за горадам свабодна ляцець у поле. Такім чынам ачысціць дом, і ён будзе чыстым.
 
А жывую птушку пусьціць за горадам у полі. І перапросіць за дом гэты, і ён будзе чыстым.

Гэта закон адносна ўсякай праказы і паршывасці,
 
Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,

праказы адзення і дому, пухліны, скулы і белай плямы,
 
праказы на адзеньні і ў доме,

каб можна было ведаць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».
 
пухліны, скулаў і белых плямаў,