Лявіт 11 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прамовіў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы ім:

«Вось што кажыце сынам Ізраэля: “Вось жывёлы з усіх жывёл зямных, якіх можаце есці:
 
«Прамоўце да сыноў Ізраіля, кажучы: “Вось жывёлы з усіх жывёлаў зямных, якіх можаце есьці.

кожную жывёліну, у якой цалкам раздвоеныя капыты і на іх глыбокі разрэз і якая жуе жвайку, тую можаце есці.
 
Кожную жывёлу, у якой раздвоеныя капыты і глыбокі разрэз на капыце, і якая жуе жвайку, можаце есьці.

З тых, што маюць раздвоеныя капыты ці што жуюць жвайку, не ежце такіх: вярблюда, бо ён жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, лічы яго нячыстым,
 
Але з тых, якія маюць раздвоеныя капыты і якія жуюць жвайку, ня ешце вярблюда, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;

тушканчыка, які жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, — нячысты ён,
 
дамана, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;

таксама зайца, бо ён жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў,
 
зайца, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;

і свінню, якая, хаця мае цалкам раздвоеныя капыты, не жуе жвайку; нячыстая яна для цябе.
 
і сьвіньню, бо яна мае раздвоеныя капыты і на капытах разрэз глыбокі, але не жуе жвайку, нячыстая яна для вас.

Іх мясам не карыстайцеся і да падліны іх не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.
 
Мяса іхняе ня ешце і падліны іхняй не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.

Вось тыя, што родзяцца ў вадзе і якіх можна есці: кожнага з тых, што маюць плаўнікі і луску, ці ён з мора, ці з ракі, ці з ручая, есці можаце.
 
Гэта будзеце есьці з усяго, што ёсьць у вадзе: усё ў вадзе, што мае плаўнік і луску, ці ў моры, ці ў рацэ, можаце есьці.

Якія ж з іх не маюць плаўнікоў і лускі, з ліку паўзуноў або іншых якіх жывёл, якія рухаюцца ў вадзе, гэта паганае для вас
 
Але ўсё, што ня маеплаўніка і лускі, ці ў моры, ці ў рацэ, з усяго, што плавае ў вадзе, і з усякай душы жывой, якая ў вадзе, агідныя яны для вас.

і павінны быць брыдотай. Не ежце іх мяса ды высцерагайцеся іх падліны.
 
Яны будуць агідай для вас. Ня ешце мяса іхняга і высьцерагайцеся падліны іхняй.

Усе жывуны вадзяныя, якія не маюць плаўнікоў і лускі, будуць для вас нячыстымі.
 
Усе [жывёлы] ў вадзе, якія ня маюць плаўніка і лускі, будуць для вас агіднымі.

Гэта тыя з птушак, якіх не павінны вы есці і якіх трэба высцерагацца: арла, грыфа і марскога арла,
 
З птушак будзеце вы брыдзіцца, бо яны — агіда для вас, і ня будзеце есьці арла, грыфа і марскога арла,

каршука і сокала з родам яго,
 
каршука і сокала з [усімі] гатункамі яго,

усякіх гатункаў крумкачоў,
 
крумкачоў усякіх гатункаў яго,

страуса, савы, чайкі, ды ястраба з родам яго,
 
страуса, савы, чайкі і ястрабаў усякіх гатункаў,

пугача, рыбалова, ібіса,
 
пугача, рыбалова, ібіса,

лебедзя, пелікана і сыча,
 
лебедзя, пэлікана і сыча,

чаплі, бусла з родам яго, удода і кажана.
 
чаплі, буслоў усякіх гатункаў, удода і кажана.

Усе жывуны крылатыя, што ходзяць на чатырох нагах, нячыстыя будуць для вас.
 
Усе жужлы крылатыя, якія на чатырох [нагах], агіднымі будуць для вас.

Тых, хто ходзіць на чатырох нагах, але мае голені даўжэйшыя за ногі, якімі ён скача па зямлі,
 
Але спаміж жужлаў крылатых, якія ходзяць на чатырох [нагах], будзеце есьці толькі тых, у якіх галені вышэй за ногі, каб маглі скакаць па зямлі.

вы можаце есці; гэта саранча з родам яе, ды салам з родам яго, харгол і хагаб з родам яго.
 
Спаміж іх ешце саранчу ўсіх гатункаў, салам усіх гатункаў, харголь усіх гатункаў і хагаб усіх гатункаў.

Усе іншыя гатункі чатырохногіх крылатых паўзуноў будуць для вас нячыстыя.
 
Усе іншыя гатункі жужлаў крылатых, якія на чатырох [нагах], будуць для вас агідныя.

І хто дакранецца да іх мярцвячыны, апаганіцца і будзе нячысты да вечара.
 
Ад іх вы будзеце нячыстыя; хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты да вечара.

І калі б яму выпала несці нейкую мярцвячыну, хай вымые адзенне сваё і будзе нячысты да захаду сонца.
 
І кожны, хто будзе несьці падліну іхнюю, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара.

Кожная жывёла, якая мае капыт, але не раздвоены, ды не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас, дык хто дакранецца да яе, станецца нячыстым.
 
Кожная жывёла, якая мае капыты раздвоеныя, але ня мае разрэзу і не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас. Кожны, хто дакранецца яе, станецца нячыстым.

З усіх жывёл чатырохногіх тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя будуць для вас; кожны, хто дакранецца да мярцвячыны іх, нячысты будзе да вечара.
 
З усіх жывёлаў, якія ходзяць на чтырох [нагах], тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя для вас. Кожны, хто дакранецца падліны іхняй, нячысты будзе да вечара.

Дык кожны, хто нёс бы мярцвячыну іх, хай вымые адзенне сваё і будзе нячысты да вечара, бо ўсе яны нячыстыя для вас.
 
І той, хто нёс бы падліну іхнюю, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара, бо яны нячыстыя для вас.

Паміж малых жывёлін, якія рухаюцца па зямлі, нячыстымі хай лічацца гэтыя: ласка, мыш ды яшчаркі з родам іх,
 
Спаміж малых жывёлін, якія рухаюцца па зямлі, нячыстыя крот, мыш і яшчаркі ўсіх гатункаў,

землярыйка, чарапаха, стэліён, крот і хамелеон.
 
анака, хамэлеон, летаа, хамэт і тыншамэт.

Усе гэтыя жывёлы нячыстыя. Хто дакранецца да іх мярцвячыны, будзе нячысты аж да вечара.
 
Усе яны нячыстыя спаміж малых жывёлаў. Кожны, хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты да вечара.

Калі з гэтай мярцвячыны ўпадзе што-колечы, ці то на посуд драўляны, ці на адзенне, ці на скуру, ці на мяшок, то ўсякая рэч, катораю карыстаюцца, будзе нячыстай. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.
 
І ўсё, на што ўпадзе нейкая з іх нежывая, будзе нячыстым, усякі посуд драўляны, адзеньне, скура, мяшок, усякая рэч, якою карыстаюцца. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.

А посуд гліняны, у які штосьці з гэтага ўпала, будзе нячысты і яго трэба разбіць.
 
А посуд гліняны, у які штосьці з гэтага ўпала, будзе ўнутры нячысты, і яго трэба разьбіць.

Кожная страва, якую ўжываеце, калі б на яе пацякла вада з таго посуду, будзе нячыстай, ды ўсякае пітво, якое п’юць з такога посуду, будзе нячыстым.
 
Кожная страва, якую ясьцё, калі на яе выцячэ вада [з таго посуду], будзе нячыстай, і ўсякае пітво, якое п’юць з такога посуду, будзе нячыстае.

На што толькі нешта з гэтае мярцвячыны ўпадзе, тое будзе нячыстым; печ ці грубка маюць быць знішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.
 
Усё, на што ўпадзе падліна іхняя, будзе нячыстым. Печ ці грубка маюць быць зьнішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.

Толькі крыніцы і студні ды ўсё, дзе сабрана вада, будзе чыстым. Але той, хто дакранецца да той мярцвячыны, будзе нячысты.
 
Толькі крыніцы і студні, дзе ёсьць вада, будуць чыстымі. Але той, хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты.

Калі што-колечы ад падліны ўпадзе на насенне, не спаганіць яго,
 
Калі нешта ад падліны іхняй упадзе на насеньне, якое маюць сеяць, яно будзе чыстае.

але калі б якое насенне намачыла вада і такога дакранулася штосьці ад мярцвячыны, то яно будзе для вас нячыстым.
 
Але калі зерне было мокрае, і ўпала на яго падліна іхняя, яно будзе для вас нячыстым.

Калі здохне жывёла, якую вам можна есці, дык калі б хто дакрануўся да мярцвячыны, будзе нячысты да вечара,
 
Калі здохне жывёла, якую вам можна есьці, той, хто дакрануўся падліны яе, будзе нячысты да вечара.

і хто з’есць штосьці з яе або панясе падліну яе, хай памые адзенне сваё; і будзе нячысты да вечара.
 
Калі хто зьесьць падліну тую, няхай памые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара. І той, хто будзе несьці падліну тую, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара.

Усякая жывёліна, якая поўзае па зямлі, — гэта брыдота, нельга яе ўжываць у ежу.
 
Усякая малая жывёліна, якая поўзае па зямлі — гэта брыдота, нельга яе есьці.

Што-колечы, што поўзае на жываце і на чатырох нагах, або мае многа ног, або цягнецца па зямлі, не ежце гэтага, бо гэта брыдота.
 
Усё, што поўзае па зямлі на жываце, і ўсё, што ходзіць на чатырох нагах, або мае шмат ног, або цягнецца па зямлі, ня ешце гэтага, бо гэта брыдота.

Не паганьце душ вашых якімі-небудзь паўзунамі і не дакранайцеся ні да каго з іх, каб не сталіся нячыстымі.
 
Не паганьце душаў вашых усялякімі паўзунамі і не дакранайцеся да іх, каб ня сталіся нячыстымі.

Я — Госпад, Бог ваш. Асвячайцеся ды будзьце святымі, бо Я — святы! Не паганьце душ вашых якім-колечы паўзуном, які поўзае па зямлі,
 
Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш. Асьвячайцеся і будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты! Не паганьце душаў вашых нейкім паўзуном, які поўзае па зямлі,

бо Я — Госпад, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам. Будзьце святымі, бо Я — святы!
 
бо Я — ГОСПАД, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць для вас Богам. Будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты!

Гэта вось закон адносна жывёлы і птушак ды ўсякага жывуна, які рухаецца ў вадзе і поўзае па зямлі,
 
Гэта вось закон адносна быдла і птушак і ўсякай душы жывой, якая жыве ў вадзе і поўзае па зямлі,

каб адрознівалі, што чыстае, а што нячыстае, ды ведалі, што маеце есці, а чым маеце брыдзіцца”».
 
каб вы адрозьнівалі, што чыстае, а што нячыстае, і [ведалі], што маеце есьці, а што нельга есьці».