Лявіт 7 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Вось жа закон адносна ахвяры за праступак: гэта святая рэч.
Вось закон адносна ахвяры аднагараджэньня. Гэта сьвятая рэч.
А таму на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпалення, будуць забіваць ахвяру за праступак, кроў яе выльюць вакол ахвярніка;
На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, і кроў яе выльюць вакол ахвярніка,
але ўвесь тлушч з яе будзе складзены ў ахвяру: гэта значыць, курдзюк і тлушч, які пакрывае нутро,
але ўвесь тлушч з яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, які пакрывае нутро,
абедзве ныркі і тлушч, што на іх каля вантробаў, ды сальнік печані, што каля нырак, хай будзе аддзелены.
абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі няхай будзе аддзелены.
Спаліць гэта святар на ахвярніку як агнявую ахвяру Госпаду. Такая вось ахвяра за праступак.
Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Гэта ахвяра аднагараджэньня.
Кожны мужчына са святарскага роду будзе спажываць гэтае мяса на святым месцы: гэта святая рэч.
Кожны мужчына з роду сьвятарскага будзе спажываць мяса гэтае на месцы сьвятым. Бо гэта сьвятое сьвятых.
Для ахвяры за грэх, як для ахвяры за праступак: адзін закон і той, і другой ахвяры; хай яна належыць святару, які складаў гэтую ахвяру.
Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэньня закон адзін. Яна належыць сьвятару, які складаў гэтую ахвяру.
Святар, які складае ахвяру цэласпалення нейкага чалавека, атрымае скуру жывёлы, якую склаў у ахвяру.
Сьвятар, які складае ахвяру цэласпаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, якую склаў у ахвяру.
Таксама кожная ахвяра хлебная належыць святару, якім гэта ахвяра складзена.
Таксама кожная ахвяра хлебная, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, якім гэтая ахвяра складзена.
Але кожная ахвяра з ежы, з алеем або сухая, належыць усім сынам Аарона, як аднаму, так і другому.
Але кожная ахвяра хлебная з алеем або сухая належыць усім сынам Аарона, як аднаму, так і другому.
Вось жа закон адносна ахвяры прымірэння, якую складаюць Госпаду:
Вось закон адносна ахвяры мірнай, якую складаюць ГОСПАДУ.
калі ахвяра будзе выказам падзякі, то хай складаюць хлябы без закваскі, скропленыя алеем, і прэсныя аладкі, змочаныя алеем, ды прыгатаваную пшанічную муку ў выглядзе аладак, скропленых сумессю алею.
Калі хто складае ахвяру гэтую як падзяку, няхай далучыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем.
Таксама хай прыносіць хлябы з цеста квашанага пры ахвяры прымірэння як выказ падзякі.
Таксама няхай прыносіць аладкі з цеста квашанага пры ахвяры мірнай ў падзяку.
Адна з іх хай будзе складзена як дар Госпаду, і яна будзе належаць святару, які вылье кроў ахвяры.
З усіх ахвяраў няхай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар ГОСПАДУ. Яна будзе належаць сьвятару, які вылье кроў ахвяры мірнай.
Мяса гэтай самай ахвяры мусіць быць з’едзена ў той самы дзень, нельга нічога з іх пакідаць да раніцы.
Мяса ахвяраў мірных у падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога з іх пакідаць да раніцы.
Калі хто складае ахвяру як урачыстае абяцанне або з добрай волі, то яе, падобным чынам, трэба есці ў дзень ахвяравання, але і на другі дзень можна есці, калі што застанецца.
Калі хто складае ахвяру як шлюбаваньне або з добрай волі, ахвяру ягоную трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці рэшту яе.
А вось калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.
Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.
Калі хто з’есць мяса ахвяры прымірэння на трэці дзень, то такая ахвяра не будзе прынятая, не будзе яна залічана таму, хто яе склаў; звыш таго, якая душа зняважыць сябе такой ежаю, будзе абвінавачана ў крывадушніцтве.
Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры мірнай на трэці дзень, такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе есьці яе, дапусьціцца грэху.
Мяса, якое дакраналася да чаго нячыстага, нельга есці, але павінна быць спалена на агні; дый наогул толькі той, хто будзе чысты, можа есці мяса.
Мяса, якое дакраналася чагосьці нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно ў агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты.
Душа нячыстая, якая будзе есці мяса ахвяры прымірэння, што складзена для Госпада, будзе вынішчана з народа свайго.
Калі нейкая душа, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, будзе выключана душа гэтая з народу свайго.
І калі яна дакранецца нячыстасці чалавека, або жывёлы, або гнюснасці любой рэчы, якая можа запэцкаць, ды будзе есці мяса гэтай самай ахвяры прымірэння, якая для Госпада, тая будзе выключана з народа свайго”».
Калі хто дакранецца нейкай нячыстасьці, нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго».
Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Скажы сынам Ізраэля: “Нельга вам есці тлушч цялят, авечак і казлоў.
«Скажы сынам Ізраіля: “Нельга вам есьці тлушч цялят, авечак і казлоў.
Тлушч з мярцвячыны і з той жывёлы, якую разарваў дзікі звер, можаце ўжываць у розных патрэбах, але не ежце яго;
Тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых можна карыстацца ў кожнай патрэбе, але ня ешце яго.
калі хто будзе есці тлушч, які складаецца на агнявую ахвяру для Госпада, той будзе вынішчаны з народа свайго.
Калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, якіх прынесьлі на ахвяру агнявую для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго.
Таксама не ўжывайце з ежай крыві аніводнай жывёлы: ні птушкі, ні быдла.
Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла.
Кожная душа, якая будзе есці якую-колечы кроў, будзе вынішчана з народа свайго”».
Кожная душа, якая будзе есьці кроў, будзе выключана душа гэтая з народу свайго”».
Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Скажы сынам Ізраэля: “Хто складае ахвяру прымірэння для Госпада, хай прынясе свой дар Госпаду з ахвяры прымірэння.
«Скажы сынам Ізраіля: “Хто складае ахвяру мірную для ГОСПАДА, няхай прынясе свой дар ГОСПАДУ з ахвяры мірнай.
Хай возьме ў рукі ахвяру агнявую для Госпада: хай ускладзе тлушч з грудзіны і грудзіну, каб узнімаць яе перад Госпадам.
Сваімі рукамі няхай прынясе ён ахвяру агнявую для ГОСПАДА: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад ГОСПАДАМ.
Тлушч спаліць святар на ахвярніку, а грудзіна ж будзе належаць Аарону і сынам яго.
Тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным.
Таксама правая лапатка пойдзе як дар святару з ахвяр прымірэння.
Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў мірных.
Які з сыноў Аарона складае кроў і тлушч ахвяры прымірэння, той як сваю частку атрымае правую лапатку,
Які з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры мірнай, той як частку сваю атрымае правую лапатку,
бо грудзіну ўздымання і лапатку паднашэння Я бяру ад сыноў Ізраэля з іх ахвяр прымірэння ды даю іх Аарону святару і сынам яго як вечны закон ад усяго народа Ізраэльскага”».
бо грудзіну патрасаную і лапатку ўздыманую Я бяру ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных і даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народу Ізраіля”».
Гэта ёсць частка з ахвяр агнявых для Госпада, якая належыць Аарону і сынам яго ад дня, калі Ён прызначыў іх, каб яны выконвалі святарскія абавязкі,
Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для ГОСПАДА, якая належыць Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў ГОСПАДА.
і Госпад загадаў, каб гэта было дадзена ім сынамі Ізраэля, у дзень, калі Ён памазаў іх. Гэта пастанова вечная ў пакаленнях іх.
У дзень, калі іх ГОСПАД памазаў, загадаў Ізраілю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія.
Гэта вось закон адносна ахвяры цэласпалення, ахвяры хлебнай, ахвяры за грэх, за праступак, і за пасвячэнне, а таксама ахвяры прымірэння.
Гэта вось закон адносна ахвяры цэласпаленьня, ахвяры хлебнай, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвячэньня і ахвяры мірнай.
Гэта загадаў Госпад Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраэля складаць ахвяры свае Госпаду ў пустыні Сінайскай.
Гэта загадаў ГОСПАД Майсею на гары Сынай у дзень, калі загадаў сынам Ізраіля складаць ахвяры ГОСПАДУ ў пустыні Сынай.