1 Далей казаў Госпад Майсею:
2 «Кажы сынам Ізраэля і гавары ім: “Калі які чалавек складзе прысягу і ахвяруе душу Богу, то кошт яго будзе па ацаненні,
3 дык калі б гэта быў мужчына ад дваццаці да шасцідзесяці гадоў, то будзе ён ацэнены на пяцьдзесят сікляў срэбрам па мерцы святыні,
4 а калі жанчына, то на трыццаць.
5 А ад пятага года да дваццатага будзе ацэнка мужчыны — дваццаць сікляў срэбра, а жанчыны — дзесяць.
6 А ад аднаго месяца да пяці гадоў будзе дадзена за мужчыну пяць сікляў, а за жанчыну — тры.
7 Ад шасцідзесяці гадоў і вышэй за мужчыну даецца пятнаццаць сікляў, а за жанчыну — дзесяць.
8 Калі б хто быў такі бедны і не мог бы заплаціць ацанення, то хай паставяць яго перад святаром, а ён ацэніць і паглядзіць: што ён можа даць, — хай тое дасць.
9 Калі хто складзе на прысягу жывёлу, якая можа складацца ў ахвяру Госпаду, то гэта будзе святое.
10 Нельга будзе яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. Калі б жа хто замяніў, то і тое, што заменена, і на што заменена будзе святой рэччу для Госпада.
11 Калі б хто ахвяраваў жывёлу нячыстую, якой нельга складаць у ахвяру Госпаду, то прывядуць яе да святара,
12 які ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, ды якую ўстановіць цану, такая і будзе.
13 Калі хто захоча выкупіць яе, то тады той, хто складае, хай дасць пятую частку звыш ацанення.
14 Калі хто ахвяруе дом свой Госпаду як святую рэч, дык святар ацэніць той дом паводле таго, ці ён добры, ці благі. Як святар яго ацэніць, такая будзе яго вартасць.
15 А калі той, хто яго ахвяраваў, захоча адкупіць яго, то дадасць пятую частку кошту яго і будзе мець дом.
16 Калі хто ахвяруе і пасвяціць Госпаду поле з уласнай маёмасці, то ацэнка твая павінна быць паводле засеву: калі ў зямлю засяваецца трыццаць гамэраў ячменю — хай будзе ацэнена ў пяцьдзесят сікляў срэбра.
17 Калі хто ахвяруе поле сваё ў год юбілейны, то хай будзе ацэнена ў столькі, колькі можа каштаваць.
18 А калі хто [ахвяруе сваю зямлю] праз некаторы час, то святар вылічыць за яго суму грошай па гадах, якія засталіся, колькасць аж да юбілею, ды будзе зніжана ацаненне.
19 Калі той, хто ахвяраваў зямлю, захоча выкупіць яе, то дадасць пятую частку грошай ацанення і будзе мець яе.
20 А калі ён не захоча выкупляць ды калі прадасць яе каму іншаму, то ўжо больш яе нельга будзе выкупіць.
21 Аднак, калі яна адыдзе ў год юбілею, то будзе святой рэччу для Госпада, як поле пад клятвай; валодаць ёю будзе святар.
22 А калі хто захоча ахвяраваць Госпаду зямлю купленую, якая не з уласнасці продкаў,
23 то святар вылічыць суму ацанення за [зямлю] паводле колькасці гадоў да юбілейнага года, і той, хто ахвяраваў, аддасць яе ў той самы дзень як святую рэч для Госпада.
24 У год юбілейны зямля вернецца да ранейшага ўладальніка, які прадаў яе і валодаў [ёю] як часткай сваёй уласнасці.
25 Кожная ацэнка павінна быць паводле сікля святыні. Адзін сікль раўняецца дваццаці гэрам.
26 Ніхто не можа пасвяціць і ахвяраваць Госпаду першароднае з жывёлы, якое і так належыць Госпаду, ці то вол, ці то авечка, бо яны Госпадавы.
27 Калі гэта жывёла нячыстая, то можа выкупіць [яе] той, хто складае, паводле ацанення, дадаўшы яшчэ пятую частку кошту; калі ж ён не захоча выкупіць, то будзе прададзена за столькі, колькі будзе.
28 Калі нейкі чалавек пасвяціць штосьці з сваёй уласнасці Госпаду як клятву: чалавека, жывёлу або поле, то гэта рэч не можа быць ані прададзена, ані выкуплена. Усё, што толькі калісьці будзе пасвечана, — гэта будзе рэч найсвяцейшая для Госпада.
29 Ніводзін чалавек, які пасвячоны Госпаду як клятва, не можа быць выкуплены, павінен быць ён забіты.
30 Кожная дзесяціна зямлі з пасеву або з пладоў дрэў ёсць Госпадава, гэта святая рэч для Госпада.
31 Калі б хто хацеў выкупіць частку сваёй дзесяціны, то дадасць да яе адну пятую.
32 Кожная дзесяціна з валоў, авечак, коз, якія праходзяць пад палкай пастуха, кожнае, што пройдзе дзесятым, будзе святой рэччу для Госпада.
33 Не будзе адрознівацца, што добрае, а што благое, і не будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто аднак зробіць замену, то абедзве жывёліны, — якая заменена і на якую заменена, — будуць пасвячоны і не могуць быць выкуплены”».
34 Такія вось прыказанні, якія даў Госпад Майсею для сыноў Ізраэля на гары Сінай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Святарская, 27 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017