Лявіт 4 разьдзел

Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
Прамовіў Госпад Майсею, кажучы:

скажы сынам Ізраілевым: калі якая душа згрэшыць з памылкі супроць якіх-небудзь запаведзяў Гасподніх і зробіць што-небудзь, чаго нельга рабіць:
 
«Гавары сынам Ізраэля: “Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць што-небудзь з ліку ўсіх тых прыказанняў Госпада, што Ён загадаў, каб не рабілі,

калі сьвятар памазаны згрэшыць і зробіць вінаватым народ, — дык за грэх свой, якім зграшыў, няхай прынясе з буйнога быдла цяля, без пахібы, Госпаду ў ахвяру за грэх,
 
калі граху дапусціцца памазаны святар, так што яго віна спадае на народ, то складзе ён за свой грэх у ахвяру Госпаду маладога бычка без заганы як перамольную ахвяру за грэх;

і прывядзе цяля да дзьвярэй скініі сходу да Госпада, і пакладзе рукі свае на галаву цяляці, і заколе цяля прад Госпадам;
 
хай прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам і пакладзе руку на галаву яго ды заб’е яго перад Госпадам.

і возьме сьвятар памазаны крыві цяляці і ўнясе яе ў скінію сходу,
 
Потым хай памазаны святар зачэрпне крыві таго бычка і ўнясе яе ў палатку сустрэчы;

і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць крывёю сем разоў прад Госпадам перад заслонаю сьвятыні;
 
і калі памочыць святар палец у крыві, то хай пакропіць ёю сем разоў перад Госпадам, перад заслонай месца святога;

і пакладзе сьвятар крыві прад Госпадам на рогі ахвярніка пахучых дымленьняў, які ў скініі сходу, а астатнюю кроў цяляці вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу.
 
і хай пакладзе ад гэтай крыві на рогі ахвярніка пахкага каджэння перад Госпадам, які ў палатцы сустрэчы, а рэшту крыві бычка хай вылье ён на падножжа ахвярніка цэласпальных ахвяр перад уваходам у палатку сустрэчы.

і выме зь цяляці за грэх увесь тлушч ягоны, лой, што на вантробах і ўвесь здор, што на вантробах,
 
І хай выцягне з бычка ахвяры ўвесь тлушч, як той, што пакрываў усё нутро, так і ўвесь тлушч, які прылягае да вантробаў,

і абедзьве ныркі і здор, што на іх; які на сьцёгнах, і сальнік на печані: з ныркамі аддзеліць ён гэта,
 
і абедзве ныркі разам з тлушчам, які над імі, каля вантробаў, ды аддзеліць сальнік печані, што каля нырак,

як аддзяляецца зь цяляці ахвяры мірнай: і спаліць іх сьвятар на ахвярніку цэласпаленьня;
 
такім жа чынам як аддзяляецца [тлушч] бычка ахвяры прымірэння. І спаліць святар гэта на ахвярніку цэласпалення.

а скуру цяляці і ўсё мяса яго з галавою і з нагамі ягонымі, і вантробы ягоныя і нячыстасьць ягоную,
 
А скуру цяляці, усё мяса, галаву, ногі, і нутро, і нячыстасць

з усяго цяляці няхай вынесе па-за табар на чыстае месца, дзе высыпаецца попел, і спаліць яго агнём на дровах: дзе высыпаецца попел, там няхай спалены будзе.
 
усяго бычка хай вынесуць па-за лагер; на чыстае месца, дзе звычайна высыпаюць попел, і там хай спаляць агнём на дровах: у месцы высыпання попелу.

Калі ж усё супольства Ізраілевае згрэшыць з памылкі, і ўтоена будзе дзея ад вачэй сходу, і зробіць хто-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго нельга было рабіць, і будзе вінаватае,
 
Калі ўся супольнасць Ізраэля зграшыць праз няўвагу і схавана гэта будзе перад вачыма сабрання, і ўчыніць яна тое, што супраць прыказання Госпадава, і правініцца,

дык, калі пазнаны будзе грэх, якім яны зграшылі, няхай ад усяго супольства прынясуць яны з буйнога быдла цяля ў ахвяру за грэх і прывядуць яго да скініі сходу;
 
а потым яна зразумее грэх свой, дык хай супольнасць складзе ў ахвяру за грэх бычка і хай прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы.

і пакладуць старэйшыны супольства рукі свае на галаву цяляці перад Госпадам і заколюць цяля перад Госпадам.
 
Тады старэйшыны супольнасці народа ўскладуць рукі на галаву яго перад Госпадам, і той бычок будзе забіты перад Госпадам.

І ўнясе сьвятар памазаны крыві цяляці ў скінію сходу,
 
Памазаны святар унясе ў палатку сустрэчы частку крыві яго,

і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць сем разоў прад Госпадам перад заслонаю,
 
пасля памочыць палец у крыві ды пакропіць сем разоў перад заслонай.

пакладзе крыві на рогі ахвярніка, які прад абліччам Гасподнім у скініі сходу, а астатнюю кроў вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу;
 
І памажа тою крывёю рогі ахвярніка, які перад Госпадам у палатцы сустрэчы, а астатнюю кроў вылье на падножжа ахвярніка цэласпалення, які ля ўваходу ў палатку сустрэчы.

і ўвесь тлушч ягоны выме зь яго і спаліць на ахвярніку;
 
А ўвесь тлушч яго аддзеліць і спаліць на ахвярніку.

і зробіць зь цялём тое, што робяць зь цялём за грэх: так павінен зрабіць зь ім, і так ачысьціць іх сьвятар, і даравана ім будзе;
 
І зробіць з гэтым бычком тое, што робіць ён з бычком ахвяры за грэх, так павінен зрабіць з ім. Так ачысціць іх святар, і будзе спагадны Госпад да іх.

і вынесе цяля за табар і спаліць яго так, як спаліў першае цяля. Гэта ахвяра за грэх супольства.
 
І вынесе самога бычка па-за лагер, і спаліць яго так, як і папярэдняга бычка. Гэта ахвяра за грэх супольнасці.

А калі згрэшыць правадыр і зробіць з памылкі што-колечы супроць запаведзяў Госпада, Бога свайго, чаго не належала рабіць, і будзе вінаваты,
 
Калі зграшыць начальнік і дапусціцца праз няўвагу чагосьці з ліку таго, што забараняецца паводле закону Госпада, Бога яго, ды гэтак правініцца,

дык, калі пазнаны ім будзе грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казла без пахібы,
 
то, калі будзе даказаны грэх яго, хай прывядзе ён у ахвяру Госпаду казла без заганы.

і пакладзе руку сваю на галаву казла, і заколе яго на месцы, дзе колюць цэласпаленьні прад Госпадам: гэта ахвяра за грэх;
 
Паложыць ён руку сваю на галаву яго ды заб’е яго на месцы, дзе звычайна забівае ахвяры цэласпалення перад Госпадам. Гэта ахвяра за грэх.

і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яго вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьня;
 
І памочыць святар палец у крыві ахвяры за грэх ды памажа ёю рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту крыві вылье на падножжа яго.

і ўвесь тлушч ягоны спаліць на ахвярніку, так як і тлушч ахвяры мірнай, і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і даравана будзе яму.
 
А тлушч яго спаліць зверху, падобна як тлушч ахвяры прымірэння. Так вось ачысціць яго святар ад граху яго, ды будзе яму даравана.

Калі ж хто зь людзей зямлі згрэшыць з памылкі і зробіць што-колечы супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і вінаваты будзе,
 
Калі якая душа паміж народа зямлі праз няўвагу зграшыць тым, што ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, і правініцца,

дык, калі пазнаны будзе ім грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казу без пахібы за грэх свой, якім ён зграшыў,
 
то, калі будзе выяўлены грэх яго, хай прывядзе казу без заганы.

і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколюць у ахвяру за грэх на месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня,
 
Пасля ўскладзе руку на галаву ахвяры за грэх, ды заб’е яе на месцы ахвяры цэласпалення.

і возьме сьвятар крыві яе пальцам сваім і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка;
 
Святар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёй рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту вылье на падножжа яго.

і ўвесь тлушч яе аддзеліць, так як аддзяляюць тлушч з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку як прыемную духмянасьць Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар, і даравана будзе яму.
 
Потым аддзеліць увесь тлушч так, як звычайна аддзяляецца тлушч ахвяры прымірэння. І спаліць яго святар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Так ачысціць яго святар, і будзе спагадны Госпад.

А калі са статку авечак захоча ён прынесьці ахвяру за грэх, няхай прынясе саміцу, без пахібы,
 
А калі хто захоча скласці ў ахвяру за грэх авечку, то хай прывядзе авечку без заганы,

і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколе яе ў ахвяру за грэх на тым месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня;
 
ускладзе руку на яе галаву ды заб’е яе на месцы, дзе звычайна забіваюць ахвяры цэласпалення.

і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад гэтай ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка;
 
Потым возьме святар пальцам сваім крыві і памажа рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту вылье на падножжа ахвярніка.

і ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляюць тлушч авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму.
 
А ўвесь тлушч аддзеліць, як аддзяляецца тлушч авечкі, што забіваецца як ахвяра прымірэння, ды спаліць на ахвярніку на агнявых ахвярах Госпаду. Так ачысціць яго святар ад граху яго, і будзе яму даравана.