Малахіі 4 разьдзел

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Бо вось, прыйдзе дзень, палкі як печ: тады ўсе пагардлівыя бязбожначынцы будуць як салома, і папаліць іх прыйшлы дзень, кажа Гасподзь Саваоф, так што не пакіне ў іх ні кораня, ні вецьця.
 
Бо вось надыдзе дзень палючы, як печ; і ўсе пыхліўцы і ўсе, хто чыніць бязбожнае, будуць саломаю; і спаліць іх гэты надыходзячы дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — ён не пакіне па іх ані кораня, ані галінкі.

А вам, любабаязныя перад імем Маім, узыдзе сонца праўды і ацаленьні ў праменьні Ягоным, і выйдзеце вы і забушуеце, як цяляты ўкормленыя;
 
І для вас, шануючых імя Маё, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў промнях яго; і вы выйдзеце, і будзеце скакаць, як адкормленыя цяляты,

і будзеце таптаць бязбожных, бо яны будуць пылам пад ступакамі ног вашых у той дзень, які Я зраблю, кажа Гасподзь Саваоф.
 
і вы патопчаце бязбожнікаў, бо яны будуць, як попел пад ступнямі ног вашых у дзень, у які Я буду дзейнічаць, — кажа Госпад Магуццяў. —

Памятайце закон Майсея, раба Майго, які Я наказаў яму, на Харыве ўсяму Ізраілю, гэтак сама як і правілы і пастановы.
 
Памятайце пра закон слугі Майго Майсея, якому на Гарэбе Я даў прыказанні і законы для ўсяго Ізраэля.

Вось, я пашлю да вас Ільлю прарока перад наступленьнем дня Гасподняга, вялікага і страшнага.
 
Вось, Я пашлю вам прарока Іллю перад надыходам дня Госпадавага, дня вялікага і страшнага;

І ён паверне сэрцы бацькоў да дзяцей і сэрцы дзяцей да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, не пакараў зямлю праклёнам.
 
і ён схіліць сэрца бацькоў да сыноў і сэрца сыноў да бацькоў іх, каб Я, прыйшоўшы, не знішчыў зямлю праклёнам».