Малахіі 3 разьдзел

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Гасподзь, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце; вось, ён ідзе, кажа Гасподзь Саваоф.
 
Вось жа, Я пасылаю анёла Майго, і ён прыгатуе дарогу перада Мною; і зараз жа прыйдзе ў святыню Сваю Валадар, Якога вы чакаеце, і Анёл запавету, якога вы прагнеце. Вось, Ён прыходзіць, — кажа Госпад Магуццяў; —

І хто вытрымае дзень прышэсьця Яго, і хто ўстоіць, калі Ён явіцца? Бо Ён — як агонь, што расплаўляе, і як шчолак, што ачышчае,
 
і хто можа вытрымаць дзень прышэсця Яго? І хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Ён бо — як агонь растапляючы і як зелле ачышчаючае;

і сядзе пераплаўляць і ачышчаць срэбра, і ачысьціць сыноў Левія і пераплавіць іх, як золата і як срэбра, каб прыносілі ахвяру Госпаду ў праўдзе.
 
і сядзе Ён растапляць і ачышчаць срэбра, і Ён ачысціць сыноў Левія і працэдзіць іх, як золата і як срэбра, і стануць яны складаць Госпаду ахвяры справядліва.

Тады даспадобы будзе Госпаду ахвяра Юды і Ерусаліма, як у дні старадаўнія і як у гады ранейшыя.
 
І ўпадабае Госпад ахвяру Юды і Ерузаліма, як у часы мінулыя і як у гады даўнейшыя.

І прыйду да вас судзіць і буду хутка выкрываць чарадзеяў і пералюбцаў, і тых, якія прысягаюць ілжыва і забіраюць плату ў найміта, уціскаюць удаву і сірату і адпіхваюць прыхадня, і Мяне не баяцца, кажа Гасподзь Саваоф.
 
“І Я прыйду судзіць вас; і буду скорым сведкам супраць чараўнікоў, і чужаложнікаў, і лжывых сведкаў, і крыўдзіцеляў наймітаў, удоў і сірот і супраць тых, што прыгнятаюць чужынца і Мяне не баяцца, — кажа Госпад Магуццяў. —

Бо Я — Гасподзь, Я не мяняюся; і тады вы, сыны Якава, ня зьнішчыліся.
 
Я бо — Госпад, і не змяніўся; але вы, сыны Якуба, яшчэ не будзеце знішчаны.

Зь дзён бацькоў вашых вы адступіліся ад пастановаў Маіх і ня трымаецеся іх; зьвярнецеся да Мяне, і Я зьвярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф. Вы скажаце: як нам зьвярнуцца?
 
Бо, пачынаючы ад дзён бацькоў вашых, вы адступіліся ад законных прыказанняў Маіх і не пільнавалі іх. Навярніцеся да Мяне, і Я вярнуся да вас, — кажа Госпад Магуццяў. — І вы кажаце: “У чым маем мы навярнуцца?”

Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне. Скажаце: чым абкрадваем мы Цябе? дзесяцінаю і прынашэньнямі.
 
Ці ж можа чалавек падманваць Бога? Але вы падманваеце Мяне. І пытаецеся: “У чым мы ашукалі Цябе?” У дзесяцінах і пяршынях.

Праклёнам вы праклятыя, бо вы — увесь народ — абкрадваеце Мяне.
 
Праклятыя вы праклёнам, бо вы, увесь народ, падманваеце Мяне.

Прынясеце мне дзесяціны ў дом сховішча, каб у доме Маім была ежа, і хоць бы ў гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Гасподзь Саваоф: ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньня да краю?
 
Прынясіце ўсе дзесяціны ў скарбніцу, і хай будзе ежа ў доме Маім; і выпрабуйце Мяне, — кажа Госпад Магуццяў, — адносна таго, ці не адкрыю Я вам бездань нябесную і ці не вылью на вас шчодрага дабраславення,

Я ў вас забараню пажыральнікам зьнішчаць вашыя плады зямныя, і вінаградная лаза на полі не пазбудзецца пладоў сваіх, кажа Гасподзь Саваоф.
 
І ці дзеля вас Я не пакараю палявога шкодніка, і ці будзе ён нішчыць плады зямлі, і ці будзе ў вас бясплодным вінаград ў полі, — кажа Госпад Магуццяў. —

І шчаснымі называцьмуць вас усе народы, бо вы будзеце зямлёю бажавольнаю, кажа Гасподзь Саваоф.
 
І шчаснымі назавуць вас усе народы, бо будзеце вы зямлёю пажаданай, — кажа Госпад Магуццяў. —

Дзёрзкія прад Мною словы вашыя, кажа Гасподзь. Вы скажаце: што мы гаворым супроць Цябе?
 
Узмацніліся словы вашы супраць Мяне, — кажа Госпад, — і вы пытаецеся: “Што такое гаворым мы супраць Цябе?”

Вы кажаце: марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы трымаліся пастановаў Яго і хадзілі ў жалобнай вопратцы прад абліччам Госпада Саваофа?
 
Вы кажаце: “Надарма служыць Богу! Бо якую карысць мы мелі з таго, што пільнавалі прыказанні Яго і што хадзілі сумныя перад Госпадам Магуццяў?

І сёньня мы лічым пагардлівых шчасьлівымі: лепей уладжваюцца тыя, якія робяць беззаконна, і хоць спакушаюць Бога, але застаюцца цэлыя.
 
А цяпер нахабнікаў мы называем шчаснымі, бо адбудаваліся людзі бязбожныя, і спакусілі Бога, і засталіся цэлымі”.

Тыя, што не баяцца Бога, кажуць адно аднаму: уважае Гасподзь і чуе гэта, і прад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго.
 
Але тыя, што баяцца Бога, казалі тады, адзін аднаму: “Госпад звяртае увагу на гэта і чуе; і запісана гэта ў кнізе ўспамінаў, якая пішацца на віду ў Яго, пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго”.

І яны будуць Мае, кажа Гасподзь Саваоф, уласнасьцю Маёю ў той дзень, які Я зраблю, і буду літаваць іх, як літуе чалавек сына свайго, што служыць яму.
 
“Будуць яны, — кажа Госпад Магуццяў, — уласнасцю Маёй у той дзень, у які буду дзейнічаць; і Я пашкадую іх, як шкадуе бацька сына свайго, які служыць яму.

І тады зноў убачыце розьніцу паміж праведнікам і бязбожным, паміж службітом Бога і няслухам Ягоным.
 
Зноў убачыце розніцу паміж справядлівым і бязбожнікам, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто не служыць Яму.