1 царстваў 20 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Давід уцёк з Навата ў Раме і прыйшоў і сказаў Ёнатану: што зрабіў я, у чым няпраўда мая, чым зграшыў я перад бацькам тваім, што ён шукае душы маёй?
 
А Давід уцёк з Наёту каля Рамы, і пайшоў да Ёнатана, і сказаў яму: «Што я зрабіў, у чым мая віна і чым я саграшыў адносна бацькі твайго, што ён цікуе на душу маю?»

І сказаў яму Ёнатан: не, ты не памрэш; вось, бацька мой ня робіць ні большае, ні меншае дзеі, не адкрыўшы вушам маім; навошта ж бо бацьку майму хаваць ад мяне гэтую дзею? гэтага ня будзе.
 
[Ёнатан] сказаў яму: «Няхай будзе гэта далёка [ад цябе], ты не памрэш. Вось, бацька мой не вырашае анічога важнага або няважнага, калі перш не параіцца са мною. Навошта такую рэч ён хаваў бы перада мною? Ня будзе гэтага».

Давід прысягаў і казаў: бацька твой добра ведае, што я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, і таму гаворыць сам у Сабе: «хай ня ведае пра тое Ёнатан, каб не засмуціўся, але жывы Гасподзь і жывая душа твая! адзін толькі крок паміж мною і сьмерцю.»
 
Але Давід запрысягся яшчэ і сказаў: «Ведаючы, ведае бацька твой, што я знайшоў ласку ў вачах тваіх, і ён сказаў: “Няхай не даведаецца пра гэта Ёнатан, каб не сумаваў”. Але як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, толькі адзін крок [аддзяляе] мяне ад сьмерці».

І сказаў Ёнатан Давіду: чаго жадае душа твая, я зраблю табе.
 
І сказаў Ёнатан Давіду: «Што толькі скажа душа твая, я зраблю табе».

І сказаў Давід Ёнатану: вось заўтра малады месяц, і я павінен сядзець з царом за сталом; але адпусьці мяне, і я схаваюся ў полі да вечара пасьлязаўтра.
 
І сказаў Давід Ёнатану: «Вось, маладзік, і я павінен сядзець каля валадара на банкеце. Дык дазволь мне, і я схаваюся ў полі аж да трэцяга вечара.

Калі бацька твой спытаецца пра мяне, ты скажы: Давід адпрасіўся ў мяне схадзіць у свой горад Віфляем, бо там гадавое ахвярапрынашэньне ўсяго роду ягонага.
 
Калі спытаецца бацька твой пра мяне, скажы: “Прасіў мяне Давід, каб заскочыць у Бэтлеем, горад свой, бо ўся сям’я ягоная складае там ахвяру штогадовую”.

Калі на гэта ён скажа: «добра», дык мір рабу твайму; а калі ён угневаецца, дык ведай, што ліхое намысьліў ён.
 
Калі ён скажа: “Добра”, будзе тады супакой слузе твайму, а калі разгневаецца, ведай, што [нешта] ліхое ён вырашыў зрабіць.

А ты зрабі міласьць рабу твайму, — бо ты прыняў раба твайго ў запавет Гасподні з табою, — і калі ёсьць якая віна на мне, дык забі ты мяне; навошта табе весьці мяне да бацькі твайго?
 
Дык зьяві міласэрнасьць слузе твайму, бо ты заключыў запавет ГОСПАДА са слугою тваім. Калі я ў чым вінаваты, ты забі мяне, але да бацькі свайго не вядзі мяне».

І сказаў Ёнатан: ніяк ня будзе гэтага з табою; бо, калі я даведаюся напэўна, што ў бацькі майго намысьлена ліхое ўчыніць над табою, дык няўжо не паведамлю табе пра гэта?
 
І сказаў Ёнатан: «Далёка гэта ад цябе! Калі даведаюся, што бацька мой вырашыў зрабіць табе ліхое, ці ж я табе пра гэта не паведамлю?»

І сказаў Давід Ёнатану: хто паведаміць мне, калі бацька твой адкажа сурова?
 
І сказаў Давід Ёнатану: «Хто паведаміць мне, калі бацька твой жорстка адкажа табе?»

І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі, выйдзем у поле. І выйшлі абодва ў поле.
 
І сказаў Ёнатан Давіду: «Хадзем, выйдзем у поле». І выйшлі яны абодва ў поле,

І сказаў Ёнатан Давіду: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў! я заўтра каля гэтага часу, альбо пасьлязаўтра, выпытаю ў бацькі майго; і калі ён добрым прыхільны да Давіда, і я тады не пашлю да цябе і не адкрыю перад вушамі тваімі,
 
і сказаў Ёнатан Давіду: «[Сведка] ГОСПАД, Бог Ізраіля, што заўтра або пасьлязаўтра я даведаюся ў бацькі свайго, і калі што добрае будзе адносна Давіда, а я не пашлю да цябе і не паведамлю ў вушы твае,

няхай тое і тое зробіць Гасподзь зь Ёнатанам і яшчэ болей зробіць. Калі ж бацька мой намышляе зрабіць табе ліхое, і гэта адкрыю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і тады ідзі зь мірам: і хай будзе Гасподзь з табою, як бы з бацькам маім!
 
няхай ГОСПАД гэтае зло зробіць Ёнатанату і тое дадасьць. А калі задумае ліхое бацька мой супраць цябе, пра гэта я паведамлю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і ты пойдзеш у супакоі. І няхай ГОСПАД будзе з табою, як Ён быў з бацькам маім.

Але і ты, калі я яшчэ буду жывы, зрабі мне міласьць Гасподнюю.
 
І калі я яшчэ буду жыць, ты зьявіш мне міласэрнасьць ГОСПАДА, і я не памру.

А калі я памру, дык не адбяры міласьці тваёй ад дому майго вавек, нават і тады, калі Гасподзь зьнішчыць з улоньня зямлі ўсіх ворагаў Давідавых.
 
І ты не спыняй міласэрнасьці сваёй адносна дому майго на вякі, нават тады, калі ГОСПАД прыбярэ ворагаў Давіда з аблічча зямлі».

Так заключыў Ёнатан запавет з домам Давіда і сказаў: хай спагоніць Гасподзь з ворагаў Давідавых!
 
І заключыў Ёнатан [запавет] з домам Давіда, [кажучы]: «Няхай ГОСПАД шукае [адказ за душы] з рук ворагаў Давіда».

І зноў Ёнатан прысягаўся Давіду сваёй любоўю да яго, бо любіў яго, як сваю душу.
 
І яшчэ раз Ёнатан запрысяг Давіду любоў сваю, бо ён палюбіў яго, як душу сваю.

І сказаў яму Ёнатан: заўтра малады месяц, і пра цябе спытаюць, бо месца тваё будзе не занятае;
 
І сказаў яму Ёнатан: «Заўтра маладзік, і будуць цябе шукаць, бо месца тваё будзе пустым.

таму на трэці дзень ты спусьціся і пасьпяшайся на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і сядзь каля каменя Азэль:
 
Таму на трэці дзень ты зыйдзі і прыйдзі на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і затрымайся каля камяня Эзэл.

а я ў той бок пушчу тры стралы, быццам страляючы па цэлі;
 
А я пушчу ў бок ягоны тры стралы, нібы страляючы ў метку.

потым пашлю хлопчыка, кажучы: «ідзі, знайдзі стрэлы»; і калі я скажу хлопчыку: «вось, стрэлы за табою, вазьмі іх», дык прыйдзі да мяне, бо мір табе, і, жывы Гасподзь, нічога табе ня будзе;
 
І вось, я пашлю юнака: “Ідзі і знайдзі стрэлы”. Калі скажу юнаку: “Вось, стрэлы перад табою, вазьмі іх”, ты прыходзь да мяне, бо супакой табе, і няма нічога [кепскага], як жывы ГОСПАД.

а калі так скажу хлопчыку: «вось, стрэлы прад табою», дык ты сыдзі, бо адпускае цябе Гасподзь;
 
А калі скажу хлопцу: “Стрэлы за табой”, ты ўцякай, бо ГОСПАД пасылае цябе [далёка].

а таму, што мы казалі, я і ты, сьведка Гасподзь паміж мною і табою навекі.
 
А ў слове, якое мы сказалі, я і ты, няхай ГОСПАД будзе між мною і табой на вякі».

І схаваўся Давід у полі. І настаў час маладзіка, і сеў цар абедаць.
 
І схаваўся Давід у полі. І надыйшоў маладзік, і валадар банкетаваў пры стале.

Цар сеў на сваім месцы, паводле звычаю, на сядзеньні каля сьцяны, і Ёнатан устаў, і Авэнір сеў каля Саўла; а месца Давідава засталася незанятае.
 
І, як звычайна, сядзеў валадар на пасадзе сваім каля сьцяны, а Ёнатан насупраць, і Абнэр сядзеў каля Саўла, і заўважылі, што месца Давіда [пустое].

І не сказаў Саўл у той дзень нічога, бо падумаў, што гэта выпадковасьць, што Давід нячысты, не ачысьціўся.
 
І нічога не сказаў Саўл у той дзень, бо ён сказаў: «Можа, што здарылася. Хіба ён нячысты, бо не ачысьціўся».

Настаў і другі дзень маладзіка, а месца Давідава заставалася незанятае. Тады сказаў Саўл сыну свайму Ёнатану: чаму сын Ясэеў ня прыйшоў на абед ні ўчора, ні сёньня?
 
Але назаўтра, на другі дзень маладзіка, заўважылі, што месца Давіда зноў пустое, і сказаў Саўл Ёнатану, сыну свайму: «Чаму сын Есэя не прыйшоў на банкет ані ўчора, ані сёньня?»

І адказаў Ёнатан Саўлу: Давід адпрасіўся ў мяне ў Віфляем:
 
І адказаў Ёнатан Саўлу: «Давід вельмі прасіў мяне [адпусьціць] яго ў Бэтлеем.

ён казаў: «адпусьці мяне, бо ў нас у горадзе родавае ахвярапрынашэньне, і мой брат запрасіў мяне; дык вось, калі я знайшоў дабраславеньне ў вачах тваіх, схаджу я і пабачуся са сваімі братамі»; таму ён і ня прыйшоў на абед да цара.
 
Ён казаў: “Адпусьці мяне, бо сям’я мая ў горадзе складае ахвяру, і брат мой запрасіў мяне, і калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, я пайду і наведаю братоў маіх”. З гэтай прычыны не прыйшоў ён на банкет валадара».

Тады моцна ўгневаўся Саўл на Ёнатана і сказаў яму: сыне нягодны і непакорлівы! хіба я ня ведаю, што ты сябраваўся з сынам Ясэевым на сорам сабе і на сорам маці тваёй!
 
І ўзлаваўся Саўл на Ёнатана, і сказаў яму: «Ты, сын жанчыны здрадлівай, ці ж я ня ведаю, што ты любіш сына Есэя на ганьбу тваю і на ганьбу маці тваёй.

бо ўсе дні, пакуль сын Ясэеў будзе жыць на зямлі, ня ўстоіш ні ты, ні царства тваё; цяпер жа пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён асуджаны на сьмерць.
 
Як доўга будуць дні жыцьця на зямлі сына Есэя, ня будзеш у бясьпецы ані ты, ані валадараньне тваё. Дык цяпер пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён павінен памерці».

І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: за што забіваеш яго? што ён зрабіў?
 
І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: «Чаму ён мусіць памерці? Што ён зрабіў?»

Тады Саўл кінуў дзіду ў яго, каб забіць яго. І Ёнатан зразумеў, што бацька ягоны рашыўся забіць Давіда.
 
І кінуў Саўл у яго дзіду, каб забіць яго, і зразумеў Ёнатан, што бацька ягоны вырашыў забіць Давіда.

І ўстаў Ёнатан з-за стала ў вялікім гневе і не абедаў на другі дзень маладзіка, бо смуткаваў па Давідзе і таму што пакрыўдзіў яго бацька ягоны.
 
І падняўся Ёнатан ад стала поўны гневу, і ня еў хлеба ў другі дзень маладзіка, бо трывожыўся дзеля Давіда, і што бацька ягоны зьняважыў [таксама] яго.

На другі дзень раніцай выйшаў Ёнатан у поле, у час, назначаны Давіду, і малы хлопчык зь ім.
 
І сталася раніцаю, пайшоў Ёнатан у поле, на месца, вызначанае Давідам, а разам з ім юнак.

І сказаў ён хлопчыку: бяжы, шукай стрэлы, якія я пускаю. Хлопчык пабег, а ён пускаў стрэлы так, што яны ляцелі далей хлопчыка.
 
І сказаў ён юнаку свайму: «Бяжы і знайдзі стрэлы, якія я пушчу». І калі юнак пабег, ён пусьціў стралу цераз юнака.

І пабег хлопчык туды, куды Ёнатан пускаў стрэлы, і закрычаў Ёнатан усьлед хлопчыку і сказаў: глядзі, страла перад табою.
 
І пайшоў юнак да месца стралы, якую пусьціў Ёнатан, а Ёнатан крыкнуў за ім і сказаў: «Страла далей за табою».

І зноў крычаў Ёнатан усьлед хлопчыку: хутчэй бяжы, ня спыняйся. І сабраў хлопчык Ёнатанаў стрэлы і прыйшоў да свайго гаспадара.
 
І закрычаў Ёнатан ззаду за юнаком: «Падымі хутчэй, ня стой там!» І сабраў юнак стрэлы Ёнатана, і прыйшоў да гаспадара свайго.

А хлопчык ня ведаў нічога; толькі Ёнатан і Давід ведалі, што да чаго.
 
І не разумеў юнак анічога. Толькі Ёнатан і Давід разумелі справу.

І аддаў Ёнатан зброю сваю хлопчыку, які быў пры ім, і сказаў яму: ідзі, занясі ў горад.
 
І аддаў Ёнатан зброю сваю юнаку, і сказаў яму: «Ідзі і занясі ў горад».

Хлопчык пайшоў, а Давід падняўся з паўднёвага боку і ўпаў тварам сваім на зямлю і тройчы пакланіўся; і цалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, але Давід плакаў болей.
 
І калі пайшоў юнак, устаў Давід з паўднёвага боку, і ўпаў абліччам сваім на зямлю, і тры разы пакланіўся. І пацалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, а Давід плакаў уголас.

І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі зь мірам; а ў чым прысягалі мы абодва імем Госпада, кажучы: «Гасподзь хай будзе паміж мною і табою і паміж семем маім і семем тваім», тое хай будзе навекі.
 
І сказаў Ёнатан Давіду: «Ідзі ў супакоі, бо мы прысягнулі абодва ў імя ГОСПАДА, кажучы: “ГОСПАД будзе між мною і табой, і паміж насеньнем маім і насеньнем тваім на вякі”».

І ўстаў Давід і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.