1 царстваў 12 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў Самуіл усяму Ізраілю: вось, я паслухаўся голасу вашага ва ўсім, што вы казалі мне, і паставіў над вамі цара,
І сказаў Самуэль усяму Ізраілю: «Я выслухаў усё, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі валадара.
і вось, цар ходзіць перад вамі; а я састарыўся і пасівеў; і сыны мае з вамі; а я хадзіў перад вамі з маладосьці маёй і да сёньня;
Цяпер узначальвае вас гэты валадар. А я ўжо пастарэў і пасівеў, і сыны мае застаюцца з вамі. І хадзіў я з вамі ад юнацтва майго аж да гэтага дня.
вось я; сьведчыце на мяне перад Госпадам і прад памазанцам Ягоным, у каго я ўзяў вала, у каго ўзяў асла, каго пакрыўдзіў і каго ўціснуў, у каго ўзяў дарунак і заплюшчыў у справе ягонай вочы мае, — і я вярну вам.
Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад ГОСПАДАМ і перад памазанцам Ягоным, можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, ад каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы на справу ягоную? Калі так, аднагараджуся вам».
І адказвалі: ты ня крыўдзіў нас і ня ўціскаў нас і нічога ні ў кога ня ўзяў.
Усе адказалі: «Не прыгнятаў ты нас, і ня крыўдзіў, і ніякага хабару ня ўзяў з нічыёй рукі».
І сказаў ён ім: сьведка на вас Гасподзь, і сьведка памазанец Ягоны ў гэты дзень, што вы не знайшлі нічога за мною. І сказалі: сьведка.
І ён сказаў ім: «Няхай ГОСПАД будзе сьведкам супраць вас, і памазанец Ягоны ў гэты дзень няхай будзе сьведкам, што ня знойдзена ў руцэ маёй нічога такога». Яны сказалі: «Ён — сьведка».
Тады Самуіл сказаў народу: сьведка Гасподзь, Які паставіў Майсея і Аарона і Які вывеў бацькоў вашых зь зямлі Егіпецкай.
І сказаў Самуэль народу: «Сведка — ГОСПАД, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Эгіпецкай.
А цяпер станьце, і я буду судзіцца з вамі прад Госпадам за ўсе дабрачынствы, якія зрабіў Ён вам і бацькам вашым.
Цяпер падыйдзіце, і я буду судзіцца з вамі перад абліччам ГОСПАДА ў справе дабрадзействаў ГОСПАДА, якія Ён учыніў для вас і для бацькоў вашых:
Калі прыйшоў Якаў у Егіпет, і бацькі вашыя залямантавалі да Госпада, дык Гасподзь паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых зь Егіпта і пасялілі іх на месцы гэтым.
Калі прыйшоў Якуб у Эгіпет і калі клікалі бацькі вашыя ГОСПАДА, ГОСПАД паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых з Эгіпту, і пасялілі іх у гэтым месцы.
Але яны забылі Госпада Бога свайго, і Ён аддаў іх у рукі Сісары, ваеначальніка Асорскага, і ў рукі Філістымлянаў і ў рукі цара Маавіцкага, якія ваявалі супроць іх.
Але яны забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісэры, начальніка войска Хацора, у рукі Філістынцаў і ў рукі валадара Мааву, і яны ваявалі супраць іх.
Але калі яны залямантавалі да Госпада і сказалі: «зграшылі мы, бо пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалам і Астартам, цяпер выратуй нас ад рукі ворагаў нашых і мы будзем служыць Табе»,
І клікалі яны ГОСПАДА, і казалі: “Саграшылі мы, бо пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалам і Астартам. Дык цяпер выратуй нас з рукі ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.
тады Гасподзь паслаў Ераваала і Варака, і Ефтая і Самуіла, і выратаваў вас ад рукі ворагаў вашых, што атачалі вас, і вы жылі ў бясьпецы.
І паслаў ГОСПАД Еруббаала, Бэдана, Ефтаха і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола, і жылі вы ў бясьпецы.
Але ўбачыўшы, што Наас, цар Аманіцкі, ідзе супроць вас, вы сказалі мне: «ня цар няхай валадарыць над намі», тым часам як Гасподзь Бог ваш — цар ваш.
Калі вы ўбачылі, што Нахаш, валадар сыноў Амона, прыйшоў да вас, вы сказалі мне: “Ня [будзе так], але пастаў валадара над намі!” Але ж ГОСПАД, Бог ваш, — Валадар ваш.
Дык вось, вось цар, якога вы абралі, якога вы патрабавалі: вось, Гасподзь паставіў над вамі цара.
І цяпер, вось валадар ваш, якога вы выбралі і якога прасілі, і вось, ГОСПАД даў вам валадара.
Калі будзеце баяцца Госпада і служыць Яму і слухаць голасу Ягонага, і ня будзеце супрацівіцца загадам Госпада, і будзеце і вы і цар ваш, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам Богам вашым;
Калі вы будзеце баяцца ГОСПАДА, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Ягоны, і ня будзеце непаслухмяныя [слову] з вуснаў ГОСПАДА, будзеце вы і валадар, які валадарыць над вамі, на баку ГОСПАДА, Бога вашага.
а калі ня будзеце слухаць голасу Госпада і пачняце супрацівіцца загадам Госпада, дык рука Госпада будзе супроць вас, як была супроць бацькоў вашых.
А калі ня будзеце слухаць голас ГОСПАДА і будзеце непаслухмяныя [слову] з вуснаў ГОСПАДА, тады рука ГОСПАДА будзе супраць вас, як была супраць бацькоў вашых.
Цяпер станьце і паглядзеце на дзею вялікую, якую Гасподзь учыніў перад вачыма вашымі:
І цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую ўчыніць ГОСПАД на вачах вашых.
ці ж ня жніва пшаніцы сёньня? але я паклічу Госпада, і пашле Ён гром і дождж, і вы ўведаеце і пабачыце, які вялікі грэх, які вы ўчынілі прад вачыма Госпада, просячы сабе цара.
Ці ж ня сёньня жніво пшаніцы? Я паклічу ГОСПАДА, і Ён дасьць грымоты і дождж, і вы даведаецеся і ўбачыце, што вялікая ліхота вашая ў вачах ГОСПАДА, бо вы прасілі сабе валадара».
І паклікаў Самуіл Госпада, і Гасподзь паслаў гром і дождж у той дзень; і прыйшоў увесь народ у вялікі страх ад Госпада і Самуіла.
І клікаў Самуэль ГОСПАДА, і даў ГОСПАД грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ ГОСПАДА і Самуэля.
І сказаў увесь народ Самуілу: памаліся за рабоў тваіх прад Госпадам Богам тваім, каб не памерці нам; бо да ўсіх грахоў нашых мы дадалі яшчэ грэх, калі прасілі сабе цара.
І казаў увесь народ Самуэлю: «Маліся за слугаў тваіх да ГОСПАДА, Бога твайго, каб мы не паўміралі, бо дадалі мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і гэтае зло, бо прасілі сабе валадара».
І адказваў Самуіл народу: ня бойцеся, грэх гэты вамі зроблены, але вы не адступайце толькі ад Госпада і служэце Госпаду ўсім сэрцам вашым
І сказаў Самуэль народу: «Ня бойцеся! Вы дапусьціліся ўсяго гэтага зла, але не пакідайце ГОСПАДА і служыце ГОСПАДУ ўсім сэрцам сваім.
і не навяртайцеся на сьлед нікчэмных багоў, якія не прынясуць карысьці і ня выбавяць, бо яны — нішто.
Не адварочвайцеся [ад Яго] і не хадзіце за марнасьцямі, якія не дапамогуць вам і ня выратуюць вас, бо яны — марнасьць.
А Гасподзь не пакіне народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо Госпаду заўгодна было выбраць вас народам Сваім;
Не пакіне ГОСПАД народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо захацеў ГОСПАД зрабіць вас народам Сваім.
і я таксама не дапушчу сабе грэху прад Госпадам, каб перастаць маліцца за вас, і буду настаўляць вас на шлях добры і просты;
І я не хачу грашыць перад ГОСПАДАМ, і ня кіну маліцца за вас, і буду вучыць вас шляху добраму і простаму.
толькі бойцеся Госпада і служэце Яму ў ісьціне, ад усяго сэрца вашага, бо вы бачылі, якія вялікія дзеі Ён учыніў з вамі;
Толькі бойцеся ГОСПАДА і служыце Яму ў праўдзе ўсім сэрцам вашым, бо вы бачылі, якія вялікія [справы] Ягоныя сярод вас
калі ж вы будзеце рабіць ліхое, дык і вы і цар ваш загінеце.
А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і валадар ваш».