1 царстваў 12 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І Самуэль прамовіў да ўсяго Ізраэля: «Вось, выслухаў я прамову вашу адносна ўсяго, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі цара;
 
І сказаў Самуэль усяму Ізраілю: «Я выслухаў усё, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі валадара.

і цяпер узначальвае вас цар. А я ўжо пастарэў і пасівеў; а сыны мае застаюцца з вамі. Такім чынам, хадзіў я перад вамі ад юнацтва майго аж па гэты дзень.
 
Цяпер узначальвае вас гэты валадар. А я ўжо пастарэў і пасівеў, і сыны мае застаюцца з вамі. І хадзіў я з вамі ад юнацтва майго аж да гэтага дня.

Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад Госпадам і перад Яго памазаннікам; можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, з рукі каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы свае на яго справу? Калі так, аддам вам».
 
Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад ГОСПАДАМ і перад памазанцам Ягоным, можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, ад каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы на справу ягоную? Калі так, аднагараджуся вам».

І яны адказалі: «Не прыгнятаў ты нас і не крыўдзіў, і нічога не ўзяў ні з чыёй рукі».
 
Усе адказалі: «Не прыгнятаў ты нас, і ня крыўдзіў, і ніякага хабару ня ўзяў з нічыёй рукі».

І ён казаў ім: «Хай Госпад будзе сведкам супраць вас і памазаннік Яго ў гэты дзень хай будзе сведкам, бо не знайшлі вы ў руцэ маёй нічога». І яны сказалі: «Ён сведка».
 
І ён сказаў ім: «Няхай ГОСПАД будзе сьведкам супраць вас, і памазанец Ягоны ў гэты дзень няхай будзе сьведкам, што ня знойдзена ў руцэ маёй нічога такога». Яны сказалі: «Ён — сьведка».

І сказаў Самуэль народу: «Сведка — Госпад, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай.
 
І сказаў Самуэль народу: «Сведка — ГОСПАД, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Эгіпецкай.

Такім чынам, цяпер падыдзіце, каб я судзіўся з вамі перад Госпадам адносна міласэрнасці Госпада, якою Ён абдарыў вас і бацькоў вашых:
 
Цяпер падыйдзіце, і я буду судзіцца з вамі перад абліччам ГОСПАДА ў справе дабрадзействаў ГОСПАДА, якія Ён учыніў для вас і для бацькоў вашых:

як перабраўся Якуб у Егіпет, і прыціскалі іх егіпцяне, і прызывалі бацькі вашыя Госпада, і Госпад паслаў Майсея і Аарона, і вывеў бацькоў вашых з Егіпта і пасяліў іх у гэтым месцы;
 
Калі прыйшоў Якуб у Эгіпет і калі клікалі бацькі вашыя ГОСПАДА, ГОСПАД паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых з Эгіпту, і пасялілі іх у гэтым месцы.

яны забыліся пра Госпада, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісары, кіраўніка войска Асора, і ў рукі філістынцаў, і ў рукі цара Мааба, і яны ваявалі супраць іх.
 
Але яны забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісэры, начальніка войска Хацора, у рукі Філістынцаў і ў рукі валадара Мааву, і яны ваявалі супраць іх.

А затым прызывалі яны Госпада і казалі: “Зграшылі мы, бо пакінулі Госпада, а служылі Баалу і Астарце; дык цяпер выратуй нас з рук ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.
 
І клікалі яны ГОСПАДА, і казалі: “Саграшылі мы, бо пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалам і Астартам. Дык цяпер выратуй нас з рукі ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.

І паслаў Госпад Ерабаала, і Барака, і Яфтаха, і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола; і жылі вы спакойна.
 
І паслаў ГОСПАД Еруббаала, Бэдана, Ефтаха і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола, і жылі вы ў бясьпецы.

Бачачы ж, што Наас, цар сыноў Амона, прыйшоў на вас, сказалі вы мне: “Не трэба, але хай цар валодае намі!” — а ўсё ж такі Госпад, Бог ваш, цараваў сярод вас.
 
Калі вы ўбачылі, што Нахаш, валадар сыноў Амона, прыйшоў да вас, вы сказалі мне: “Ня [будзе так], але пастаў валадара над намі!” Але ж ГОСПАД, Бог ваш, — Валадар ваш.

Дык вы маеце цяпер цара свайго, якога вы выбралі і дамагліся; вось, Госпад даў вам цара.
 
І цяпер, вось валадар ваш, якога вы выбралі і якога прасілі, і вось, ГОСПАД даў вам валадара.

Калі вы будзеце баяцца Госпада, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Яго, і не пагардзіце словам Госпада, то будзеце і вы, і цар, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам, Богам вашым.
 
Калі вы будзеце баяцца ГОСПАДА, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Ягоны, і ня будзеце непаслухмяныя [слову] з вуснаў ГОСПАДА, будзеце вы і валадар, які валадарыць над вамі, на баку ГОСПАДА, Бога вашага.

А калі не будзеце слухаць голас Госпада, але пагардзіце словам Госпадавым, то рука Госпада будзе супраць вас і супраць цара вашага, каб знішчыць вас.
 
А калі ня будзеце слухаць голас ГОСПАДА і будзеце непаслухмяныя [слову] з вуснаў ГОСПАДА, тады рука ГОСПАДА будзе супраць вас, як была супраць бацькоў вашых.

Але і цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую мае зрабіць Госпад перад вамі.
 
І цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую ўчыніць ГОСПАД на вачах вашых.

Ці ж не сёння жніво пшаніцы? Я паклічу Госпада, і Ён дасць грымоты і дождж; і вы даведаецеся і пабачыце, якога дапусціліся вы вялікага зла перад Госпадам, дамагаючыся сабе цара».
 
Ці ж ня сёньня жніво пшаніцы? Я паклічу ГОСПАДА, і Ён дасьць грымоты і дождж, і вы даведаецеся і ўбачыце, што вялікая ліхота вашая ў вачах ГОСПАДА, бо вы прасілі сабе валадара».

І прызываў Самуэль Госпада, і даў Госпад грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ Госпада і Самуэля,
 
І клікаў Самуэль ГОСПАДА, і даў ГОСПАД грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ ГОСПАДА і Самуэля.

і прасіў увесь народ Самуэля: «Маліся за паслугачоў сваіх да Госпада, Бога твайго, каб мы не паўміралі: далучылі бо мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і тое зло, што прасілі сабе цара».
 
І казаў увесь народ Самуэлю: «Маліся за слугаў тваіх да ГОСПАДА, Бога твайго, каб мы не паўміралі, бо дадалі мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і гэтае зло, бо прасілі сабе валадара».

І сказаў Самуэль народу: «Не бойцеся! Вы дапусціліся гэтага ліха, але не пакідайце Госпада і служыце Яму ўсім сэрцам сваім.
 
І сказаў Самуэль народу: «Ня бойцеся! Вы дапусьціліся ўсяго гэтага зла, але не пакідайце ГОСПАДА і служыце ГОСПАДУ ўсім сэрцам сваім.

Не адхіляйцеся за марнасцямі, якія не дапамогуць вам і не выратуюць вас, бо яны марнасць;
 
Не адварочвайцеся [ад Яго] і не хадзіце за марнасьцямі, якія не дапамогуць вам і ня выратуюць вас, бо яны — марнасьць.

не пакіне Госпад народ Свой дзеля вялікага імя Свайго, бо ўдастоіў Госпад зрабіць вас Сваім народам.
 
Не пакіне ГОСПАД народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо захацеў ГОСПАД зрабіць вас народам Сваім.

Хай жа не будзе ў мяне гэтага граху перад Госпадам, каб кінуць маліцца за вас і вучыць вас добрай і простай дарозе.
 
І я не хачу грашыць перад ГОСПАДАМ, і ня кіну маліцца за вас, і буду вучыць вас шляху добраму і простаму.

Такім чынам, бойцеся Госпада і служыце Яму ў праўдзе і ўсім сэрцам вашым; бо вы бачылі вялікія справы, якія Ён зрабіў вам.
 
Толькі бойцеся ГОСПАДА і служыце Яму ў праўдзе ўсім сэрцам вашым, бо вы бачылі, якія вялікія [справы] Ягоныя сярод вас

А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і цар ваш разам».
 
А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і валадар ваш».