1 царстваў 6 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І быў каўчэг Госпада ў зямлі філістынскай сем месяцаў.
І быў Каўчэг ГОСПАДА ў зямлі Філістынскай сем месяцаў.
І паклікалі філістынцы святароў і прадказальнікаў, кажучы: «Што маем зрабіць з каўчэгам Госпада? Парайце нам, як маем адаслаць яго на сваё месца».
І паклікалі Філістынцы сьвятароў і варажбітоў, і спыталіся: «Што маем зрабіць з Каўчэгам ГОСПАДА? Парайце нам, як маем адаслаць яго на месца ягонае».
Яны сказалі: «Калі маеце адаслаць каўчэг Бога Ізраэля, не адсылайце яго пустым, але, што належыцца, аддайце Яму за грэх і тады ачысціцеся; даведаецеся, чаму не адступае рука Яго ад вас».
Яны сказалі: «Калі будзеце адсылаць Каўчэг Бога Ізраіля, не адсылайце яго пустым, але тое, што належыцца, аддайце за грэх, і тады паздаравееце. І даведаецеся, чаму не адступае рука Ягоная ад вас».
Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аддаць?» І яны адказалі: «Па ліку кіраўнікоў філістынскіх зрабіце пяць нарываў залатых і пяць мышэй залатых, бо адна пляга дакранулася да ўсіх вас і кіраўнікоў вашых.
Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аднагародзіцца?» Яны адказалі: «Паводле ліку валадароў Філістынскіх зрабіце пяць болек залатых і пяць мышэй залатых, бо пляга тая самая дакранулася ўсіх вас і валадароў вашых.
І зрабіце выявы нарываў вашых і выявы мышэй, якія вынішчаюць зямлю, і аддасце хвалу Богу Ізраэля, каб толькі адхіліў руку Сваю ад вас, і ад багоў вашых, і ад зямлі вашай.
Зрабіце выявы болек і выявы мышэй, якія нішчаць зямлю, і аддайце славу Богу Ізраіля, каб Ён адхіліў руку Сваю ад вас, ад багоў вашых і ад зямлі вашай.
Чаму вы робіце цвёрдымі сэрцы вашыя, як зацвярдзіў Егіпет і фараон сэрца сваё? Ці не дазволілі ім адысці тады, калі Госпад пакараў іх?
Чаму вы робіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як Эгіпет і фараон зрабілі цьвёрдым сэрца сваё, бо яны не дазволілі ім адыйсьці, калі [Бог] караў іх.
Дык цяпер вазьміце і падрыхтуйце адзін новы воз і дзвюх дойных кароў, на якіх не было ярма, запражыце ў воз, а цялят іх замкніце дома.
І цяпер падрыхтуйце новы воз і дзьве дойныя каровы, на якіх не было ярма, і запражыце кароваў у вазы, а цялятаў іхніх адвядзіце дамоў.
Затым вазьміце каўчэг Госпадаў і пастаўце на воз, а выявы залатыя, якімі адплачваеце Яму за грэх, палажыце ў скрынку на баку яго і пусціце яго ў дарогу,
І вазьміце Каўчэг ГОСПАДА, і пастаўце яго на воз, а выявы залатыя, якія маеце аддаць Яму за грэх, палажыце ў скрынку збоку яго. І так пусьціце яго ў дарогу.
і глядзіце на яго: калі ён накіруецца дарогай да сваіх межаў да Бэтсамэса, ведайце, што гэта Ён навёў на вас гэтае вялікае няшчасце; а калі не, то будзем ведаць, што не Яго рука да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».
І глядзіце, калі ён накіруецца дарогай да межаў сваіх да Бэт-Шэмэшу, ведайце, што гэта [Бог] навёў на вас гэтае вялікае няшчасьце; а калі не, будзем ведаць, што не рука Ягоная да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».
Дык зрабілі яны гэткім спосабам, і ўзялі дзвюх кароў, і запрэглі іх у воз, а цялят іх замкнулі ў доме,
І зрабілі людзі такім чынам. І ўзялі дзьве дойныя каровы, і запрэглі іх у воз, а цялятаў іхніх затрымалі ў хляве.
і паставілі каўчэг Госпадаў на воз і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарываў.
І паставілі Каўчэг ГОСПАДА на воз, і скрынку з залатымі мышамі і выявамі болек.
А каровы пайшлі простаю дарогаю ў напрамку Бэтсамэса, ішлі яны па адной дарозе, ступаючы і мыкаючы, і не сыходзілі ані ўправа, ані ўлева. Але і кіраўнікі філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэтсамэса.
І каровы пайшлі простаю дарогаю ў накірунку Бэт-Шэмэшу, і ідучы па гэтым шляху, не зыходзілі ані ўправа, ані ўлева. А валадары Філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэт-Шэмэшу.
А ў Бэтсаміце ў даліне жалі пшаніцу, і, падняўшы вочы, убачылі каўчэг і ўзрадаваліся, калі ўбачылі яго.
А ў Бэт-Шэмэшы на раўніне жалі пшаніцу. І падняўшы вочы, убачылі [жняцы] Каўчэг, і ўсьцешыліся, убачыўшы яго.
А воз уз’ехаў на поле Ешуа з Бэтсаміта і затрымаўся там. А там ляжаў камень вялікі; і яны пасяклі воз на дровы, а кароў усклалі на іх Госпаду ў ахвяру цэласпалення.
А воз узьехаў на поле Егошуа з Бэт-Шэмэшу і затрымаўся там. І ляжаў там камень вялікі. І яны пасеклі воз на дровы, а кароваў склалі ў ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА.
А левіты знялі каўчэг Божы і скрынку, што ляжала побач з ім, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і паклалі іх на вялікі камень. Усклалі ж у той дзень жыхары Бэтсаміта Госпаду ахвяры цэласпалення і прынеслі ахвяры крывавыя.
І лявіты зьнялі Каўчэг Божы і скрынку, якая ляжала побач яго, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і палажылі іх на вялікім камяні. І склалі ў той дзень людзі Бэт-Шэмэшу ГОСПАДУ ахвяры цэласпаленьня і ахвяры крывавыя.
І пяць кіраўнікоў філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Акарон у той самы дзень.
І пяць валадароў Філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Экрон у той самы дзень.
А вось нарывы залатыя, якія аддалі філістынцы Госпаду за грэх: адзін за Азот, адзін за Газу, адзін за Аскалон, адзін за Гет, адзін за Акарон;
Вось болькі залатыя, складзеныя Філістынцамі ГОСПАДУ за грэх: адзін — за Ашдод, адзін — за Газу, адзін — за Ашкелён, адзін — за Гат і адзін — за Экрон.
і залатыя мышы былі паводле ліку гарадоў філістынскіх, пяці кіраўнікоў іх, ад умацаванага горада аж да пасялення, што было без муроў; камень той вялікі, на якім паставілі каўчэг Госпадаў, на полі Ешуа з Бэтсаміта, ёсць сведка гэтаму па сённяшні дзень.
А залатыя мышы былі паводле лічбы гарадоў Філістынскіх пяці валадароў іхніх, ад умацаванага гораду да пасяленьня, якое без муроў. Камень жа той вялікі, на якім паставілі Каўчэг ГОСПАДА на полі Егошуа з Бэт-Шэмэшу, ёсьць сьведкам гэтаму аж па сёньняшні дзень.
І пакараў Госпад жыхароў Бэтсаміта, бо яны заглядвалі ў каўчэг Госпада; і забіў Госпад семдзесят чалавек з народа. І народ быў у жалобе, бо Госпад ударыў народ вялікай караю;
І ўдарыў ГОСПАД людзей Бэт-Шэмэшу, якія заглядалі ў Каўчэг ГОСПАДА, і выбіў з народу з пяцідзесяці тысячаў семдзясят чалавек. І народ быў у жалобе, бо ГОСПАД ударыў народ так страшнай карай.
і казалі людзі бэтсамітцы: «Хто можа стаць у прысутнасці Госпада, гэтага Святога Бога? І да каго Ён пяройдзе ад нас?»
І сказалі людзі Бэт-Шэмэшу: «Хто можа стаць перад ГОСПАДАМ, гэтым Сьвятым Богам? Да каго Ён пяройдзе ад нас?»
І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Карыят-Ярыма, кажучы: «Вярнулі філістынцы каўчэг Госпада. Прыходзьце і забярыце яго наверх да сябе».
І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Кірыят-Ярыму, кажучы: «Вярнулі Філістынцы Каўчэг ГОСПАДА. Прыходзьце і забярыце яго да сябе».