1 царстваў 6 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І была скрыня СПАДАРОВА ў палёх Пілісцкіх сем месяцаў.
І быў Каўчэг ГОСПАДА ў зямлі Філістынскай сем месяцаў.
І прыгукалі Пілішчане сьвятароў а чараўнікоў, кажучы: «Што нам рабіць із скрыняю СПАДАРОВАЮ? скажыце нам, чым адаслаць нам яе на месца яе».
І паклікалі Філістынцы сьвятароў і варажбітоў, і спыталіся: «Што маем зрабіць з Каўчэгам ГОСПАДА? Парайце нам, як маем адаслаць яго на месца ягонае».
І сказалі: «Калі адсылаеце скрыню Бога Ізраелявага, то не адсылайце яе парожнаю, але зьвярніце яе з аброкам віны; тады вылячыцеся, і стане ведамым вам, за што не адступае ад вас рука Ягоная».
Яны сказалі: «Калі будзеце адсылаць Каўчэг Бога Ізраіля, не адсылайце яго пустым, але тое, што належыцца, аддайце за грэх, і тады паздаравееце. І даведаецеся, чаму не адступае рука Ягоная ад вас».
І сказалі яны: «Які аброк віны маем мы зьвярнуць Яму?» Тыя сказалі: «Подле ліку князёў Пілісцкіх пяць скулаў залатых і пяць мышаў залатых; бо кара адна да, ўсіх і на князёў нашых.
Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аднагародзіцца?» Яны адказалі: «Паводле ліку валадароў Філістынскіх зрабіце пяць болек залатых і пяць мышэй залатых, бо пляга тая самая дакранулася ўсіх вас і валадароў вашых.
Дык зрабіце хвігуры скулаў сваіх і хвігуры мышаў сваіх, што пустошаць зямлю, і дайце Богу Ізраеляваму славу; можа Ён палягчыць руку Сваю над вамі, і над багамі вашымі, і над зямлёю вашай.
Зрабіце выявы болек і выявы мышэй, якія нішчаць зямлю, і аддайце славу Богу Ізраіля, каб Ён адхіліў руку Сваю ад вас, ад багоў вашых і ад зямлі вашай.
І нашто вам каляніць сэрца свае, як закалянілі Ягіпцяне а Фараон сэрца свае? Ці, — як учыніў у іх справы Свае, — яны не адпусьцілі іх, і тыя пайшлі?
Чаму вы робіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як Эгіпет і фараон зрабілі цьвёрдым сэрца сваё, бо яны не дазволілі ім адыйсьці, калі [Бог] караў іх.
Дык вазьміце й зрабіце адны цялежкі новыя, і вазьміце дзьве каровы, што кагадзе ацяліліся, на каторыя ня ўзышло йго, і запражыце каровы ў цялежкі, а цяляты іхныя зьвярніце ад іх двору.
І цяпер падрыхтуйце новы воз і дзьве дойныя каровы, на якіх не было ярма, і запражыце кароваў у вазы, а цялятаў іхніх адвядзіце дамоў.
І вазьміце скрыню СПАДАРОВУ, і пастаноўце яе на цялежкі; а залатыя рэчы, каторыя зьвернеце Яму на аброк віны, пастаноўце ў скрынку з боку яе; і адпусьціце яе, і няхай пойдзе.
І вазьміце Каўчэг ГОСПАДА, і пастаўце яго на воз, а выявы залатыя, якія маеце аддаць Яму за грэх, палажыце ў скрынку збоку яго. І так пусьціце яго ў дарогу.
І глядзіце, калі яна дарогаю граніцы ўзыйдзе да Вефшэмішу, то Ён вялікае гэта ліха зрабіў нам; і калі ж не, то будзем ведаць, што не Ягоная рука зразіла нас, але сталася гэта з намі з прыгоды».
І глядзіце, калі ён накіруецца дарогай да межаў сваіх да Бэт-Шэмэшу, ведайце, што гэта [Бог] навёў на вас гэтае вялікае няшчасьце; а калі не, будзем ведаць, што не рука Ягоная да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».
І зрабілі тыя мужы гэтак: і ўзялі дзьве каровы, што кагадзе ацяліліся, і запрэглі іх у цялежкі, а цяляты іхныя задзяржалі ў дварэ.
І зрабілі людзі такім чынам. І ўзялі дзьве дойныя каровы, і запрэглі іх у воз, а цялятаў іхніх затрымалі ў хляве.
І пастанавілі скрыню СПАДАРОВУ на цялежкі, і скрынку, і залатыя мышы, і хвігуры скулаў.
І паставілі Каўчэг ГОСПАДА на воз, і скрынку з залатымі мышамі і выявамі болек.
І пайшлі проста каровы дарогаю па дарозе да Вефшэмішу; адным гасьцінцам ішлі, ішлі й рыкалі, але не адхіналіся ані направа, алі налева; і князі Пілісцкія йшлі за імі аж да граніцаў Вефшэмішу.
І каровы пайшлі простаю дарогаю ў накірунку Бэт-Шэмэшу, і ідучы па гэтым шляху, не зыходзілі ані ўправа, ані ўлева. А валадары Філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэт-Шэмэшу.
І людзі Вефшэмішу жалі пшонку ў даліне, і ўзьнялі вочы свае, і абачылі скрыню СПАДАРОВУ, і ўзрадаваліся, што абачылі.
А ў Бэт-Шэмэшы на раўніне жалі пшаніцу. І падняўшы вочы, убачылі [жняцы] Каўчэг, і ўсьцешыліся, убачыўшы яго.
І цялежкі прышлі на поле Ігошуі Вефшэмішаніна, і адзяржаліся там; і быў там вялікі камень, і пасеклі на дровы дзерва цялежкаў, а каровы абраклі на ўсепаленьне СПАДАРУ.
А воз узьехаў на поле Егошуа з Бэт-Шэмэшу і затрымаўся там. І ляжаў там камень вялікі. І яны пасеклі воз на дровы, а кароваў склалі ў ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА.
А Левіты зьнялі скрыню СПАДАРОВУ й скрынку, што была пры ёй, у каторай залатыя рэчы, і пастанавілі на вялікім тым каменю; і Вефшэмішане абракалі ўсепаленьне й зарэзалі аброкі таго дня СПАДАРУ.
І лявіты зьнялі Каўчэг Божы і скрынку, якая ляжала побач яго, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і палажылі іх на вялікім камяні. І склалі ў той дзень людзі Бэт-Шэмэшу ГОСПАДУ ахвяры цэласпаленьня і ахвяры крывавыя.
І пяцёх князёў Пілісцкіх бачылі, і зьвярнуліся да Екрону.
І пяць валадароў Філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Экрон у той самы дзень.
І во гэныя залатыя скулы, каторыя зьвярнулі Пілішчане на аброк віны СПАДАРУ: адна за Ашдод, адна за Ґазу, адна за Ашкелон, адна за Ґаф, адна за Екрон.
Вось болькі залатыя, складзеныя Філістынцамі ГОСПАДУ за грэх: адзін — за Ашдод, адзін — за Газу, адзін — за Ашкелён, адзін — за Гат і адзін — за Экрон.
А залатыя мышы подле ліку ўсіх местаў Пілісцкіх — пяцёх князёў, ад местаў агароджаных аж да адкрытых сёлаў, аж да места вялікага плачу, на каторым пастанавілі скрыню СПАДАРОВУ, і каторае дагэтуль на полю Ігошуі Вефшэмішаніна.
А залатыя мышы былі паводле лічбы гарадоў Філістынскіх пяці валадароў іхніх, ад умацаванага гораду да пасяленьня, якое без муроў. Камень жа той вялікі, на якім паставілі Каўчэг ГОСПАДА на полі Егошуа з Бэт-Шэмэшу, ёсьць сьведкам гэтаму аж па сёньняшні дзень.
І зразіў Ён людзёў Вефшэмішу, бо яны заглядалі ў скрыню СПАДАРОВУ, і забіў зь люду пяцьдзясят тысячаў семдзясят чалавекаў; і плакаў па памерлых люд, бо зразіў СПАДАР люд паразаю вялікаю.
І ўдарыў ГОСПАД людзей Бэт-Шэмэшу, якія заглядалі ў Каўчэг ГОСПАДА, і выбіў з народу з пяцідзесяці тысячаў семдзясят чалавек. І народ быў у жалобе, бо ГОСПАД ударыў народ так страшнай карай.
І сказалі людзі Вефшэмішу: «Хто можа стаяць перад СПАДАРОМ, гэтым сьвятым Богам? і да кога Ён узыйдзе ад нас?»
І сказалі людзі Бэт-Шэмэшу: «Хто можа стаць перад ГОСПАДАМ, гэтым Сьвятым Богам? Да каго Ён пяройдзе ад нас?»
І паслалі паслоў да жыхараў Кіраф-Еарыму сказаць: «Пілішчане зьвярнулі скрыню СПАДАРОВУ; зайдзіце да нас, узьнясіце яе да сябе».
І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Кірыят-Ярыму, кажучы: «Вярнулі Філістынцы Каўчэг ГОСПАДА. Прыходзьце і забярыце яго да сябе».