1 царстваў 16 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў СПАДАР Самуйлу: «Пакуль ты будзеш плакаць па Саўлу, гэта ж Я адхінуў яго ад караляваньня над Ізраелям? Напоўні рог свой алеям і пайдзі; Я пашлю цябе да Еса Бэтлеемляніна; бо Я абачыў меж сыноў ягоных Сабе караля».
І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Дакуль ты будзеш сумаваць дзеля Саўла, якога Я адкінуў, каб ён ня быў валадаром над Ізраілем. Напоўні рог свой алеем і ідзі. Я пасылаю цябе да Есэя з Бэтлеему, бо сярод сыноў ягоных Я ўбачыў для Сябе валадара».
І сказаў Самуйла: «Як я пайду? Саўла ж пачуе і заб’ець мяне». І сказаў СПАДАР: «Цяліцу буйнога статку возьмеш у руку сваю і скажаш: "Абракаць СПАДАРУ прышоў я".
І сказаў Самуэль: «Як я пайду? Пачуе пра гэта Саўл і заб’е мяне». І сказаў яму ГОСПАД: «Возьмеш з сабою ялаўку і скажаш: “Іду скласьці ахвяру ГОСПАДУ”.
І пазаві Еса да аброку; і Я скажу табе, што рабіць табе, і ты памажаш Імне таго, праз каторага Я скажу табе».
І запросіш Есэя на ахвяру, а Я дам табе ведаць, што маеш рабіць, і ты памажаш таго, пра каго Я скажу табе».
І зрабіў Самуйла тое, што казаў СПАДАР. І прышоў ён да Бэтлеему; і задрыжэлі старцы места, ідучы наўпярэймы яму, і сказаў: «Ці супакойны прыход твой?»
І зрабіў Самуэль так, як ГОСПАД прамовіў. І прыйшоў ён у Бэтлеем. І напалохаліся старшыні гораду, сустрэўшы яго, і спыталіся: «Ці мірны прыход твой?»
І сказаў ён: «Супакойны, абракаць СПАДАРУ прышоў я; пасьвяціцеся й пайдзіце з імною да абраканьня». І пасьвяціў Еса а сыноў ягоных, і пазваў іх да аброку.
Ён сказаў: «Мірны. Я прыйшоў, каб скласьці ахвяру ГОСПАДУ. Асьвяціцеся і хадзіце са мною скласьці ахвяру». І асьвяціў Есэя і сыноў ягоных, і паклікаў іх на ахвяру.
І, як яны прышлі, ён абачыў Елява і сказаў: «Пэўне гэты перад СПАДАРОМ памазанец ягоны!»
І прыйшлі яны, і ўбачыў Самуэль Эліява, і сказаў: «Без сумніву, перад ГОСПАДАМ памазанец Ягоны!»
Але СПАДАР сказаў Самуйлу: «Не глядзі на выгляд ягоны й на вышыню росту ягонага, бо я адхінуў яго: бо не гляджу на што чалавек глядзіць, бо чалавек глядзіць на вочы, але СПАДАР глядзіць на сэрца».
Але ГОСПАД сказаў Самуэлю: «Не глядзі на выгляд ягоны, ані на высокі рост ягоны, бо Я яго адкінуў. Бо Я [гляджу] ня так, як глядзіць чалавек, бо чалавек бачыць вачыма, а ГОСПАД бачыць сэрца».
І гукнуў Есэ Амінадава, і правёў яго перад Самуйлам, і сказаў Самуйла: «І гэтага не абраў СПАДАР».
І паклікаў Есэй Абінадава, і прывёў яго перад аблічча Самуэля, але ён сказаў: «Ня гэтага выбраў ГОСПАД».
І прывёў Есэ Шаму, і сказаў: «І гэтага не абраў СПАДАР».
І прывёў Есэй Шамму, але сказаў [Самуэль]: «І гэтага ня выбраў ГОСПАД».
І прывёў Есэ сямёх сыноў сваіх да Самуйлы, але Самуйла сказаў: «Не абраў СПАДАР із гэтых».
І прыводзіў Есэй сем сыноў сваіх да Самуэля, але Самуэль казаў Есэю: «Ня выбраў ГОСПАД анікога з іх».
І сказаў Самуйла: «Ці ўсі дзяцюкі?» І сказаў: «Яшчэ застаўся малы, і вось, ён пасець авечкі». І сказаў Самуйла Есу: «Пашлі, і мы возьмем яго, бо мы не абернемся, пакуль ён ня прыйдзе сюды».
І сказаў Самуэль Есэю: «Ці гэта ўсе хлопцы твае?» Ён адказаў: «Застаўся яшчэ адзін, найменшы, ён пасьвіць авечкі». І сказаў Самуэль Есэю: «Пашлі па яго і прывядзі яго. Не пачнем [бяседы], пакуль ён ня прыйдзе».
І паслаў, і прывялі яго. А ён быў румены, з харошымі ачыма і добрым выглядам. І сказаў СПАДАР: «Устань, памаж яго, бо гэта ён».
І паслаў ён па яго, і прывёў яго, а быў ён руды, меў прыгожыя вочы і зграбную постаць. І сказаў ГОСПАД [Самуэлю]: «Устань, памаж яго, бо гэта ён».
І ўзяў Самуйла рог алею, і памазаў яго сярод братоў ягоных, і зышоў Дух СПАДАРОЎ на Давіда адгэнуль і далей; і ўстаў Самуйла, і адышоў да Рамы.
І ўзяў Самуэль рог з алеем, і памазаў яго ў прысутнасьці братоў ягоных. І зыйшоў на Давіда Дух ГОСПАДА ад таго дня. А Самуэль падняўся і вярнуўся ў Раму.
І Дух СПАДАРОЎ адступіў ад Саўлы, і палохаў яго благі дух ад СПАДАРА.
І пакінуў Дух ГОСПАДА Саўла, і авалодаў ім дух ліхі ад ГОСПАДА.
І сказалі слугі Саўлавы яму: «Вось, благі дух ад Бога палохае цябе.
І сказалі Саўлу слугі ягоныя: «Мучыць цябе ліхі дух ад Бога.
Хай жа спадар наш раскажа слугам сваім, што перад табою, пашукаць чалавека, што ўмее граць на гарпе; і будзе, што як нойдзе на цябе благі дух ад СПАДАРА, то ён будзе граць рукою сваёй, будзе добры табе».
Гаспадару наш, дай загад, і слугі твае, якія пры табе, адшукаюць чалавека, які грае на гусьлях, каб ён, калі будзе цябе мучыць дух ліхі ад Бога, граў табе рукою сваёю, і будзе добра табе».
І сказаў Саўла слугам сваім: «Выглядзіце імне чалавека, добра граючага, і прывядзіце да мяне».
І сказаў Саўл слугам сваім: «Знайдзіце мне чалавека, які грае добра на гусьлях, і прывядзіце яго да мяне».
І адказаў адзін ізь дзяцюкоў, і сказаў: «Вось, я бачыў сына Есы Бэтлеемляніна, што ўмее граць, дужасіла й мужа ваёўнага, і разумнага ў мове, і самавітага выгляду, і СПАДАР ізь ім».
І адказаў адзін з юнакоў, і сказаў: «Вось, я бачыў сына Есэя з Бэтлеему, які ўмее граць на гусьлях. Ён — чалавек мужны і дужы, моцны ў слове, і прыгожы, і ГОСПАД ёсьць з ім».
І паслаў Саўла пасланцоў да Есы, і сказаў: «Пашлі да мяне Давіда, сына свайго, каторы ля авец».
І паслаў Саўл пасланцоў да Есэя, і сказаў: «Прышлі да мяне Давіда, сына твайго, які пасьвіць авечак».
І ўзяў Есэ асла, хлеба, скураны мех ізь віном і адно казянё, і паслаў з Давідам, сынам сваім, да Саўлы.
І ўзяў Есэй пяць хлябоў, буклак з віном і адно казьляня, і паслаў праз Давіда, сына свайго, Саўлу.
І прышоў Давід да Саўлы, і стаў перад ім, і Саўла вельма палюбіў яго, і стаў збрайношам ягоным.
І прыйшоў Давід да Саўла, і стаў перад ім. І Саўл палюбіў яго вельмі, і стаўся ён у яго збраяносцам.
І паслаў Саўла Есу, кажучы: «Хай Давід стаіць перад імною, бо ён знайшоў ласку ў ваччу маім».
І паслаў Саўл да Есэя, кажучы: «Давід застанецца ў мяне, бо ён знайшоў ласку ў вачах маіх».
І як Дух ад Бога бываў на Саўлу, то браў Давід гарпу і граў рукою сваёй, і лацьвей рабілася Саўлу, і добра рабілася яму, і адварачаўся ад яго благі дух.
І, калі дух, [спасланы] Богам, агартаў Саўла, Давід браў гусьлі і граў рукою сваёй. І Саўлу была палёгка, і ён адчуваў сябе добра, бо адступаўся ад яго ліхі дух.