1 царстваў 2 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І малілася Ганна, і гукала: «Узрадавалася сэрца мае ў СПАДАРУ; узьняўся рог мой у СПАДАРУ; шырака рашчыніліся вусны мае на варагоў маіх; бо я разьвесялілася ў спасеньню Тваім.
 
І Ганна малілася, і казала: “Радуецца сэрца маё ў ГОСПАДЗЕ, узьняўся рог мой у Богу маім. Адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо радуюся я ў збаўленьні Тваім.

Нямаш сьвятога, як СПАДАР; бо нямаш іншага, апрача Цябе; і няма скалы, як Бог наш.
 
Ніхто не сьвяты так як ГОСПАД, бо няма нікога іншага, апроч Цябе. Ніхто не магутны, як Бог наш.

Ня гукайце болей надта пыхата; лішне сьмелыя словы хай ня выходзяць із вуснаў вашых; бо Бог веданьня СПАДАР, і справы ў Яго ўзважаны.
 
Не памнажайце словаў фанабэрыстых. Няхай спыніцца пыхлівасьць вуснаў вашых, бо ГОСПАД ёсьць Бог [усякіх] ведаў, Ён судзіць усе ўчынкі.

Лук дужых ломіцца, а тыя, што спатыкаюцца, папяразуюцца сілаю.
 
Лук волатаў ломіцца, а слабыя набіраюцца сілы.

Насычаныя хлебам наняліся, а галодныя перасталі; нават бясплодная родзе сямёра, а каторая мела шмат дзяцей, ялавее.
 
Тыя, што былі насычаныя, наймаюцца за хлеб, а галодныя хлеба не патрабуюць, бясплодная нараджае сем разоў, а тая, што мела шмат сыноў — саслабела.

СПАДАР забівае й ажыўляе, зводзе ў бяздоньне й узводзе!
 
ГОСПАД дае сьмерць і жыцьцё, кідае ў адхлань і выцягвае з яе.

СПАДАР голе й багаце, паніжае й павышае.
 
ГОСПАД робіць бедным і багатым, паніжае і ўзвышае.

З пылу падыймае ён беднага, із шуметніку павышае галечу, каб пасадзіць із князьмі і даць на спадак ім пасад славы; бо СПАДАРОВЫ поды зямлі, і ён пастанавіў сьвет на іх.
 
Ён выцягвае беднага з балота, і са сьмецьця падымае ўбогага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо ГОСПАДА асновы зямлі, на іх Ён паставіў сусьвет.

Ногі справядлівых Сваіх ён сьцеражэць, а ліхія ў цемні змоўкнуць; бо ня сілаю чалавек перамагае.
 
Ён захоўвае крокі сьвятых Сваіх, а бязбожнікі ў цемры зьнікаюць, бо ня сілаю сваёю перамагае чалавек.

СПАДАРУ, скрышацца праціўнікі Твае; зь нябёс загрыміць на іх, СПАДАР будзе судзіць канцы зямлі, і дасьць дужасьць каралю Свайму, і ўзьніме рог памазанца Свайго».
 
ГОСПАД зьнішчае супраціўнікаў Сваіх, грыміць на іх у нябёсах. ГОСПАД будзе судзіць канцы зямлі, і дасьць уладу валадару Свайму, і ўзвысіць рог памазанца Свайго».

І пайшоў Елкана да Рамы двору; а хлопчык служыў СПАДАРУ перад Ілям сьвятаром.
 
І вярнуўся Элькана ў Раму, у дом свой. А хлопчык застаўся служыць ГОСПАДУ пад наглядам Гэлія сьвятара.

А сыны Ілевы — сыны Веляла; яны ня зналі СПАДАРА
 
А сыны Гэлія [былі] як сыны Бэліяла, і ня ведалі яны ані ГОСПАДА,

Ані парадку сьвятароў да люду. Калі хто абракаў аброк, слуга сьвятароў прыходзіў, часу варэньня мяса, зь мясною трызубаю відзёлкаю ў руццэ сваёй,
 
ані абавязак сьвятарскі адносна народу, але калі нехта складаў ахвяру крывавую, прыходзіў слуга сьвятара з трызубым відэльцам у руцэ і, калі варылася мяса,

І ўтыкаў яе ў казан, альбо ў рондаль, альбо ў сквараду, альбо ў гаршчок, і што ўзьвяла відзёлка, тое браў сабе сьвятар. Гэтак рабілі яны з усімі Ізраелцамі, што прыходзілі туды да Шыла.
 
запускаў яго ў кацёл, або ў гаршчок, або ў патэльню, або ў міску, і ўсё, што выдабыў відэльцам, забіраў сабе сьвятар. Так рабілі з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі ў Шыло.

Таксама ўперад, чымся спалевалі тук, прыходзіў дзяцюк сьвятарскі й казаў абракаючаму аброк: «Дай мяса на пячонку сьвятару, і ён ня возьме ў цябе варанага мяса, але сырое».
 
І нават яшчэ ня быў спалены тлушч, а ўжо прыходзіў слуга сьвятара і казаў таму, хто складаў ахвяру: «Дай мне мяса, а я сьпяку яго сьвятару, бо ён ня прыйме ад цябе варанага мяса, але толькі сырое».

І казаў яму тый чалавек: «Хай спаляць, як маюць спаліць, уперад тук, і тады вазьмі сабе, як пажадае душа твая», то ён казаў: «Не, цяпер жа дай, а калі не, то сілком вазьму».
 
І казаў яму той, што складаў ахвяру: «Дазволь спаліць тлушч, а тады возьмеш сабе, што душа твая зажадае». [Слуга] адказваў яму: «Ніякім чынам. Давай цяпер; а калі не, забяру сілай».

І быў грэх гэтых маладзёнаў вельма вялікі перад СПАДАРОМ, бо людзі пачалі грэбаваць абраканьням СПАДАРУ.
 
І грэх тых юнакоў быў вельмі вялікі перад абліччам ГОСПАДА, бо яны зьневажалі ахвяры ГОСПАДУ.

А Самуйла служыў перад СПАДАРОМ, хлопчык быў паперазаўшыся лянным наплечнікам.
 
А Самуэль служыў перад абліччам ГОСПАДА як хлопец, апрануты ў ільняны эфод.

І малую вопратку рабіла яму маці ягоная, і ўзносіла яму што году, як узыходзіла з мужам сваім абракаць годнія аброкі.
 
Маці ягоная шыла яму малую шату, якую прыносіла яму штогод, калі прыходзіла з мужам скласьці ахвяру штогадовую.

І дабраславіў Іль Елкану а жонку ягоную, і сказаў: «Хай дасьць табе СПАДАР насеньне ад жонкі гэтае замест пазычанага, каторае пазычана СПАДАРУ!» І пайшлі яны на месца свае.
 
І дабраславіў Гэлій Элькану і жонку ягоную, кажучы: «Няхай дасьць табе ГОСПАД нашчадкаў з гэтай жонкі ў замену за ўпрошанага, якога ты аддаў ГОСПАДУ». І яны варочаліся ў дом свой.

І даведаўся СПАДАР да Ганны, і зачала яна, і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьве дачкі; А хлапец Самуйла рос із СПАДАРОМ.
 
І паспагадаў ГОСПАД Ганьне, і яна зачала, і нарадзіла трох сыноў і дзьве дачкі. А юнак Самуэль рос пры ГОСПАДЗЕ.

Іль жа быў вельма стары, і чуў усе, што рабілі сыны ягоныя ўсяму Ізраелю, і што яны ляжаць із жанкамі, каторыя зьбіраліся ля ўходу ў будан збору.
 
Гэлій быў ужо вельмі стары. І чуў ён усё, што рабілі сыны ягоныя адносна ўсіх Ізраільцянаў, як яны спалі з жанчынамі, якія зьбіраліся пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня.

І сказаў ім: «Чаму вы робіце такія ўчынкі? бо я чую ліхія словы праз вас ад усёга люду гэтага.
 
І сказаў ён ім: «Чаму дапускаецеся вы такіх учынкаў, бо я чую пра ліхія справы вашыя ад усяго народу?

Не, дзеці мае, ня добрыя галасы, каторыя я чую; вы зводзіце люд СПАДАРОЎ.
 
Спыніцеся, сыны мае. Нядобрая гэта слава, пра якую я чую. Вы разбэшчваеце народ ГОСПАДА.

Калі ізгрэша чалавек супроці чалавека, то прычыняцца за яго перад Богам; а калі ж чалавек ізгрэша супроці СПАДАРА, то хто будзе прычынцаю за яго?» Але яны ня слухалі голасу айца свайго, бо СПАДАР хацеў пакараць іх сьмерцяй.
 
Калі саграшыць чалавек супраць чалавека, судзьдзёю яму можа быць Бог. Але калі супраць ГОСПАДА саграшыць чалавек, хто заступіцца за яго?» Але яны ня слухалі перасьцярогі бацькі свайго, бо ГОСПАД вырашыў аддаць іх на сьмерць.

А хлапец Самуйла рос а ўзьвялічаўся, і быў добрым таксама ў Бога, і таксама ў людзёў.
 
А юнак Самуэль рос, і падабаўся як ГОСПАДУ, так і людзям.

І прышоў чалавек Божы да Іля, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Ці не напэўна аб’явіўся Я дому айца твайго, як яшчэ былі яны ў Ягіпце ў доме фараонавым?
 
І прыйшоў да Гэлія чалавек Божы, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Ці ж Я не зьявіўся дому бацькі твайго, калі былі яны ў Эгіпце ў доме фараона?

І абраў яго Сабе з усіх плямёнаў Ізраелявых за сьвятара, абракаць на Маім аброчніку, кадзіць кадзіла, насіць наплечнік перад Імною? І даў Я дому айца твайго ўсі агняныя аброкі сыноў Ізраелявых.
 
Спаміж усіх пакаленьняў Ізраіля Я выбраў іх Сабе на сьвятароў, каб прыходзілі да ахвярніка Майго складаць ахвяры каджэньня і насіць перад абліччам Маім эфод. Я даў для дому бацькі твайго ўсе ахвяры сыноў Ізраіля.

Чаму вы ўлегцы маеце аброкі Мае й хлебныя аброкі Мае, каторыя Я расказаў абракаць у сялібе, і чаму ты важыш сыноў сваіх болей за Мяне, каб вы сыцелі пачаткамі ўсіх аброкаў люду Майго Ізраеля?"
 
Чаму вы топчаце нагамі ахвяры Мае крывавыя і ахвяры хлебныя, якія Я ўстанавіў, каб яны былі складаныя ў сьвятыні. Ты больш шануеш сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на найлепшых частках з усіх дароў Ізраіля, народу Майго”.

Затым гэтак агалашае СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я цьвердзячы сказаў: "Дом твой а дом айца твайго будуць хадзіць перад відам Маім навекі’. — Але цяпер агалашае СПАДАР: — Хай ня будзе так у Мяне; бо Я ўслаўлю ўслаўляючых Мяне, а ўлегцы маючыя Мяне будуць мала важаныя.
 
Дзеля гэтага кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я з моцай казаў дому бацькі твайго, што будуць яны служыць перад абліччам Маім на вякі. Але цяпер, кажа ГОСПАД, гэтак ня будзе ў Мяне. Цяпер так будзе: хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю; а хто зьневажае Мяне, той будзе ў ганьбе.

Гля, настаюць дні, і Я адатну плячо твае й плячо дому твайго, так што ня будзе старога ў доме тваім;
 
Вось, прыходзяць дні, у якія Я адсяку рамяно тваё і рамяно дому бацькі твайго, каб не было старога ў доме тваім.

І ты будзеш бачыць праціўніка ў гасподзе, у вусім, чым Я дабро дзеяў Ізраелю; і ня будзе старога ў доме тваім усі дні.
 
Ты будзеш бачыць бедства сьвятыні Маёй, [нават] калі ГОСПАД будзе рабіць добрае Ізраілю, і ў доме тваім ня будзе старога ў-ва ўсе часы.

І ня кажнага чалавека Я адатну ад аброчніка Свайго, каб скончыць вочы твае й мучыць душу тваю; але патомства дому твайго будзе паміраць сталае.
 
Аднак Я не забяру цалкам чалавека з цябе ад ахвярніка Майго, каб выцяклі вочы твае і ссохла душа твая, але загіне большая частка дому твайго.

І во знак табе, каторы станецца на двух сынох тваіх, Гофні а Фінегасу: абодва яны памруць у вадзін дзень.
 
І вось, будзе табе знак, які станецца з абодвума сынамі тваімі, з Хофні і Пінхасам, абодва ў адзін дзень памруць.

І ўстанаўлю Сабе сьвятара вернага, каторы подле сэрца Майго й душы Мае, і пастанаўлю яму дом верны, і ён будзе хадзіць перад памазадцам Маім усі дні.
 
А Я пастаўлю Сабе сьвятара вернага, які паводле сэрца Майго і паводле душы Маёй будзе рабіць. І пастаўлю яму дом цьвёрды, і ён будзе хадзіць перад памазанцам Маім усе дні.

І будзе, што кажны, засталы ў дому тваім, прыйдзе кланяцца яму дзеля геры срэбра а лусты хлеба, і скажа: ’Залічы мяне, я прашу цябе, да аднаго ізь сьвятарскіх урадаў, каб я мог есьці лусту хлеба’"».
 
І будзе, што той, хто яшчэ застанецца ў доме тваім, прыйдзе і ўпакорыцца перад ім дзеля срэбнай манэты або дзеля кавалка хлеба, і будзе казаць: "Дай мне хоць які абавязак сьвятарскі, каб я мог зьесьці лусту хлеба"”».