1 царстваў 2 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І малілася Ганна, і гукала: «Узрадавалася сэрца мае ў СПАДАРУ; узьняўся рог мой у СПАДАРУ; шырака рашчыніліся вусны мае на варагоў маіх; бо я разьвесялілася ў спасеньню Тваім.
 
І малілася Ганна і казала: зарадавалася сэрца маё ў Госпадзе; узьнёсься рог мой у Богу маім; шырока адкрыліся вусны мае на ворагаў маіх, бо я радуюся за ратаваньне Тваё.

Нямаш сьвятога, як СПАДАР; бо нямаш іншага, апрача Цябе; і няма скалы, як Бог наш.
 
Няма такога сьвятога, як Гасподзь, бо няма іншага, апрача Цябе; і няма цьвярдыні, як Бог наш.

Ня гукайце болей надта пыхата; лішне сьмелыя словы хай ня выходзяць із вуснаў вашых; бо Бог веданьня СПАДАР, і справы ў Яго ўзважаны.
 
Ня множце прамоваў пыхлівых; дзёрзкія словы няхай ня выходзяць з вуснаў вашых; бо Гасподзь ёсьць Бог веданьня, і дзеі ў Яго ўзважаныя.

Лук дужых ломіцца, а тыя, што спатыкаюцца, папяразуюцца сілаю.
 
Лук моцных ламаецца, а немачныя апярэзваюцца сілаю;

Насычаныя хлебам наняліся, а галодныя перасталі; нават бясплодная родзе сямёра, а каторая мела шмат дзяцей, ялавее.
 
насычаныя хлебам працуюць, а галодныя адпачываюць; нават няплодная родзіць сем разоў, а шматдзетная зьнемагае.

СПАДАР забівае й ажыўляе, зводзе ў бяздоньне й узводзе!
 
Гасподзь сьмерціць і ажыўляе, зводзіць у апраметную і выводзіць;

СПАДАР голе й багаце, паніжае й павышае.
 
Гасподзь робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае.

З пылу падыймае ён беднага, із шуметніку павышае галечу, каб пасадзіць із князьмі і даць на спадак ім пасад славы; бо СПАДАРОВЫ поды зямлі, і ён пастанавіў сьвет на іх.
 
З пылу падымае Ён беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, садзіць зь вяльможамі, і трон славы дае ім у спадчыну; бо ў Госпада асновы зямлі, і Ён сьцьвердзіў на іх сусьвет.

Ногі справядлівых Сваіх ён сьцеражэць, а ліхія ў цемні змоўкнуць; бо ня сілаю чалавек перамагае.
 
Сьляды сьвятых Сваіх Ён захоўвае, а беззаконьнікі ў цемры зьнікаюць: бо ня сілаю моцны чалавек.

СПАДАРУ, скрышацца праціўнікі Твае; зь нябёс загрыміць на іх, СПАДАР будзе судзіць канцы зямлі, і дасьць дужасьць каралю Свайму, і ўзьніме рог памазанца Свайго».
 
Гасподзь сатрэ тых, што спрачаюцца зь Ім; зь нябёсаў загрыміць на іх. Гасподзь будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц цару Свайму і падыме рог памазанца Свайго.

І пайшоў Елкана да Рамы двору; а хлопчык служыў СПАДАРУ перад Ілям сьвятаром.
 
І пайшоў Элкана ў Раму ў дом свой, а хлопчык застаўся служыць Госпаду пры Іліі сьвятары.

А сыны Ілевы — сыны Веляла; яны ня зналі СПАДАРА
 
А сыны Ілія былі людзі нягодныя; яны ня ведалі Госпада

Ані парадку сьвятароў да люду. Калі хто абракаў аброк, слуга сьвятароў прыходзіў, часу варэньня мяса, зь мясною трызубаю відзёлкаю ў руццэ сваёй,
 
і абавязку сьвятароў перад народам. Калі хто прыносіў ахвяру, хлопчык сьвятарскі, калі гатавалася мяса, прыходзіў зь відэльцам у руцэ сваёй

І ўтыкаў яе ў казан, альбо ў рондаль, альбо ў сквараду, альбо ў гаршчок, і што ўзьвяла відзёлка, тое браў сабе сьвятар. Гэтак рабілі яны з усімі Ізраелцамі, што прыходзілі туды да Шыла.
 
і апускаў яго ў кацёл, альбо ў каструлю, альбо на патэльню, альбо ў горшчык, і што выме відэлец, тое браў сабе сьвятар. Так рабілі яны з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі туды ў Сілом.

Таксама ўперад, чымся спалевалі тук, прыходзіў дзяцюк сьвятарскі й казаў абракаючаму аброк: «Дай мяса на пячонку сьвятару, і ён ня возьме ў цябе варанага мяса, але сырое».
 
Нават раней, чым спальвалі тлушч, прыходзіў хлопчык сьвятарскі і казаў ахвяравальніку: давай мяса на смажанку сьвятару; ён ня возьме ў цябе варанага мяса, а дай сырога.

І казаў яму тый чалавек: «Хай спаляць, як маюць спаліць, уперад тук, і тады вазьмі сабе, як пажадае душа твая», то ён казаў: «Не, цяпер жа дай, а калі не, то сілком вазьму».
 
І калі хто казаў яму: «хай спаляць раней тлушч, як павінна быць, і потым вазьмі сабе, колькі захоча душа твая», дык ён казаў: не, цяпер дай, а калі не, дык вазьму сілком.

І быў грэх гэтых маладзёнаў вельма вялікі перад СПАДАРОМ, бо людзі пачалі грэбаваць абраканьням СПАДАРУ.
 
І грэх гэтых маладых людзей быў даволі вялікі прад Госпадам, бо яны ўхіляліся ад ахвяраваньняў Госпаду.

А Самуйла служыў перад СПАДАРОМ, хлопчык быў паперазаўшыся лянным наплечнікам.
 
А хлопчык Самуіл служыў прад Госпадам, надзяваючы ільняны наплечнік.

І малую вопратку рабіла яму маці ягоная, і ўзносіла яму што году, як узыходзіла з мужам сваім абракаць годнія аброкі.
 
Верхнюю вопратку малую рабіла яму маці ягоная і прыносіла яму штогоду, калі прыходзіла з мужам сваім дзеля належнага ахвярапрынашэньня.

І дабраславіў Іль Елкану а жонку ягоную, і сказаў: «Хай дасьць табе СПАДАР насеньне ад жонкі гэтае замест пазычанага, каторае пазычана СПАДАРУ!» І пайшлі яны на месца свае.
 
І дабраславіў Ілій Элкану і жонку ягоную і сказаў: хай дасьць табе Гасподзь дзяцей ад жонкі гэтай, замест гэтага, якога ты аддаў Госпаду! І пайшлі яны ў месца сваё.

І даведаўся СПАДАР да Ганны, і зачала яна, і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьве дачкі; А хлапец Самуйла рос із СПАДАРОМ.
 
І наведаў Гасподзь Ганну, і зачала яна і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьвюх дачок; а хлопчык Самуіл падрастаў у Госпада.

Іль жа быў вельма стары, і чуў усе, што рабілі сыны ягоныя ўсяму Ізраелю, і што яны ляжаць із жанкамі, каторыя зьбіраліся ля ўходу ў будан збору.
 
А Ілій быў вельмі стары і чуў усё, як учыняюць сыны ягоныя з усімі Ізраільцянамі, і што яны сьпяць з жанчынамі, што зьбіраліся каля ўваходу ў скінію сходу.

І сказаў ім: «Чаму вы робіце такія ўчынкі? бо я чую ліхія словы праз вас ад усёга люду гэтага.
 
І сказаў ім: навошта вы робіце такія ўчынкі? бо я чую благія словы пра вас ад усяго народу,

Не, дзеці мае, ня добрыя галасы, каторыя я чую; вы зводзіце люд СПАДАРОЎ.
 
не, дзеці мае, нядобрая пагудка, якую я чую; вы разбэшчваеце народ Гасподні;

Калі ізгрэша чалавек супроці чалавека, то прычыняцца за яго перад Богам; а калі ж чалавек ізгрэша супроці СПАДАРА, то хто будзе прычынцаю за яго?» Але яны ня слухалі голасу айца свайго, бо СПАДАР хацеў пакараць іх сьмерцяй.
 
калі згрэшыць чалавек супроць чалавека, дык памоляцца за яго Богу; а калі чалавек згрэшыць супроць Госпада, дык хто будзе хадайнікам за яго? Але яны ня слухалі голасу бацькі свайго, бо Гасподзь вырашыў ужо аддаць іх сьмерці.

А хлапец Самуйла рос а ўзьвялічаўся, і быў добрым таксама ў Бога, і таксама ў людзёў.
 
А хлопчык Самуіл усё больш і больш набіраў узросту і ўпадабаньня ў Госпада і ў людзей.

І прышоў чалавек Божы да Іля, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Ці не напэўна аб’явіўся Я дому айца твайго, як яшчэ былі яны ў Ягіпце ў доме фараонавым?
 
І прыйшоў чалавек Божы да Ілія і сказаў яму: так кажа Гасподзь: ці ж не адкрыўся Я дому бацькі твайго, калі яны былі яшчэ ў Егіпце, у доме фараона?

І абраў яго Сабе з усіх плямёнаў Ізраелявых за сьвятара, абракаць на Маім аброчніку, кадзіць кадзіла, насіць наплечнік перад Імною? І даў Я дому айца твайго ўсі агняныя аброкі сыноў Ізраелявых.
 
і ці ж ня выбраў яго з усіх каленаў Ізраілевых Сабе ў сьвятары, каб ён падымаўся да ахвярніка Майго, каб дыміў фіміямам, каб насіў наплечнік прад Мною? і ці ж ня даў Я дому бацькі твайго ад усіх паленых агнём ахвяр сыноў Ізраілевых?

Чаму вы ўлегцы маеце аброкі Мае й хлебныя аброкі Мае, каторыя Я расказаў абракаць у сялібе, і чаму ты важыш сыноў сваіх болей за Мяне, каб вы сыцелі пачаткамі ўсіх аброкаў люду Майго Ізраеля?"
 
навошта ж вы топчаце нагамі ахвяры Мае і хлебныя прынашэньні Мае, якія запавядаў Я жытлішчу Майму, і навошта ты аддаеш перавагу сынам сваім прад Мною, раскормліваючы сябе пачаткамі прынашэньняў народу Майго Ізраіля?

Затым гэтак агалашае СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я цьвердзячы сказаў: "Дом твой а дом айца твайго будуць хадзіць перад відам Маім навекі’. — Але цяпер агалашае СПАДАР: — Хай ня будзе так у Мяне; бо Я ўслаўлю ўслаўляючых Мяне, а ўлегцы маючыя Мяне будуць мала важаныя.
 
Таму так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я сказаў тады: дом твой і дом бацькі твайго будуць хадзіць прад абліччам Маім вавек; а цяпер кажа Гасподзь: хай ня будзе так, бо Я праслаўлю тых, што праслаўляюць Мяне, а тыя, што няславяць Мяне, будуць паганьбаваныя.

Гля, настаюць дні, і Я адатну плячо твае й плячо дому твайго, так што ня будзе старога ў доме тваім;
 
Вось, настаюць дні, калі я падсяку мышцу тваю і мышцу дома бацькі твайго, так што ня будзе старца ў доме тваім ніколі;

І ты будзеш бачыць праціўніка ў гасподзе, у вусім, чым Я дабро дзеяў Ізраелю; і ня будзе старога ў доме тваім усі дні.
 
і ты будзеш бачыць бедства жытлішча Майго, пры ўсім тым, што Гасподзь дабрачыніць Ізраілю, і ня будзе ў доме тваім старога праз усе дні.

І ня кажнага чалавека Я адатну ад аброчніка Свайго, каб скончыць вочы твае й мучыць душу тваю; але патомства дому твайго будзе паміраць сталае.
 
Я не адхілю ў цябе ўсіх ад ахвярніка Майго, каб таміць вочы твае і мучыць душу тваю; але ўсе нашчадкі дома твайго будуць паміраць у сярэдніх гадах.

І во знак табе, каторы станецца на двух сынох тваіх, Гофні а Фінегасу: абодва яны памруць у вадзін дзень.
 
І вось табе азнака, якая будзе з двума сынамі тваімі, Офні і Фінээсам: абодва яны памруць у адзін дзень.

І ўстанаўлю Сабе сьвятара вернага, каторы подле сэрца Майго й душы Мае, і пастанаўлю яму дом верны, і ён будзе хадзіць перад памазадцам Маім усі дні.
 
І пастаўлю Сабе сьвятара вернага; ён будзе рабіць па сэрцы Маім і па душы Маёй; і дом яго зраблю цьвёрдым, і ён будзе хадзіць прад памазанцам Маім праз усе дні;

І будзе, што кажны, засталы ў дому тваім, прыйдзе кланяцца яму дзеля геры срэбра а лусты хлеба, і скажа: ’Залічы мяне, я прашу цябе, да аднаго ізь сьвятарскіх урадаў, каб я мог есьці лусту хлеба’"».
 
І кожны, хто застаўся з дому твайго, прыйдзе кланяцца яму за геру срэбра і кавалак хлеба і скажа: далучы мяне да якой-небудзь лявіцкай пасады, каб мець пракорм.