1 царстваў 28 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І было тых дзён, што зьберлі Пілішчане войскі свае на вайну, ваяваць із Ізраелям. І сказаў Ахіш Давіду: «Ведай пэўна, што ты пойдзеш з імною на вайну, ты а мужы твае».
 
У той час Філістымляне сабралі войскі свае на вайну, каб ваяваць зь Ізраілем. І сказаў Анхус Давіду: хай будзе табе вядома, што ты пойдзеш са мною ў рушэньне, і ты і людзі твае.

І сказаў Давід Ахішу: «З гэтага ты даведаешся, што зробе слуга твой». І сказаў Ахіш Давіду: «За тое пастанаўлю цябе вартаўніком галавы мае на ўсі дні».
 
І сказаў Давід Анхусу: сёньня ты даведаешся, што зробіць раб твой. І сказаў Анхус Давіду: за тое я зраблю цябе ахоўцам галавы маёй на ўсе часіны.

І памер Самуйла, і плакаў па ім увесь Ізраель, і пахавалі яго ў Раме, у ягоным жа месьце. Саўла ж выгнаў чараўнікоў а варажбітоў з краю.
 
І памёр Самуіл, і аплаквалі яго ўсе Ізраільцяне і пахавалі яго ў Раме, у горадзе ягоным, а Саўл прагнаў чараўнікоў і варажбітоў з краіны.

І зьберліся Пілішчане, і прышлі, і разьлягліся табарам у Шунеме; і зьбер Саўла ўсяго Ізраеля, і разьлягліся табарам у Ґелвоа.
 
І сабраліся Філістымляне і пайшлі і атабарыліся ў Сонаме; сабраў і Саўл увесь народ Ізраільскі, і атабарыліся ў Гэлвуе.

І абачыў Саўла табар Пілісцкі, і баяўся, і моцна задрыжэла сэрца ягонае.
 
І ўбачыў Саўл табар Філістымскі і спалохаўся, і моцна ўздрыгнула сэрца ягонае.

І папытаўся Саўла ў СПАДАРА; але СПАДАР не адказаў яму ані ў сьне, ані урымам, ані прарокамі.
 
І спытаўся Саўл у Госпада; але Гасподзь не адказваў яму ні ў сьне, ні праз урым, ні праз прарокаў.

І сказаў Саўла слугам сваім: «Пашукайце імне жонку чараўніцу, і я пайду да яе, і папытаюся ў яе». І адказалі яму слугі ягоныя: «Вось, жонка чараўніца ў Ендору».
 
Тады Саўл сказаў слугам сваім: знайдзеце мне жанчыну-чараўніцу, і я пайду да яе і спытаюся ў яе. І адказвалі яму слугі ягоныя: тут у Аэндоры ёсьць жанчына-чараўніца.

І прыдаўся іншым Саўла, і адзеў накшыя адзецьці, і пайшоў сам а два чалавекі зь ім, і прышлі яны да жонкі ночы. І сказаў: «Калі ласка, паваражы імне духам, і ўзьвядзі імне, каго я скажу табе».
 
І зьняў зь сябе Саўл вопратку сваю і апрануў іншую, і пайшоў сам і двое людзей зь ім, і прыйшлі яны да жанчыны ўначы. І сказаў ёй Саўл: прашу цябе, паваражы мне і выведзі мне, пра каго я скажу табе.

Але жонка адказала яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўла, як аддаліў ён із краю чараўнікоў а варажбітоў, чаму ж ты ставіш пастку на душу маю, на сьмерць імне?»
 
Але жанчына адказвала яму: ты ведаеш, што зрабіў Саўл, як выгнаў ён з краіны чараўнікоў і варажбітоў; навошта ж ты раскідаеш сетку на душу маю і на пагібель мне?

І прысягнуў ёй Саўла СПАДАРОМ, кажучы: «Жыў СПАДАР! ня будзе бяспраўя табе за гэтую справу».
 
І прысягнуў ёй Саўл Госпадам, кажучы: жывы Гасподзь! ня будзе табе бяды за гэтую дзею.

І сказала жонка: «Каго ж узьвесьці табе?» І сказаў ён: «Самуйлу ўзьвядзі імне».
 
Тады жанчына спыталася: каго ж табе вывесьці? І адказваў ён: Самуіла выведзі мне.

І абачыла жонка Самуйлу, і крыкнула вялікім голасам; і сказала жонка Саўлу, кажучы: «Чаму ты ашукаў мяне? Гэта ж ты — Саўла».
 
І ўбачыла жанчына Самуіла і гучна ўскрыкнула; і зьвярнулася жанчына да Саўла, кажучы: навошта ты ашукаў мяне? ты — Саўл.

І сказаў ёй кароль: «Ня бойся; што ж ты бачыш?» І адказала жонка Саўлу: «Бачу багоў, што выходзяць ізь зямлі».
 
І сказаў ёй цар: ня бойся, што ты бачыш? І адказвала жанчына: бачу як бы бога, які выходзіць зь зямлі.

«Які выгляд ягоны?» Яна сказала: «Муж стары ўзыходзе, і ён апрануўшыся ў вахілім». І пазнаў Саўла, што гэта Самуйла, і паў відам на зямлю, і пакланіўся.
 
Які ён з выгляду? — спытаўся ў яе Саўл. Яна сказала: выходзіць зь зямлі мужчына вельмі стары, апрануты ў доўгае адзеньне. Тады пазнаў Саўл, што гэта Самуіл, і ўпаў тварам на зямлю і пакланіўся.

І сказаў Самуйла Саўлу: «Нашто ты трывожыш мяне, каб я ўзышоў?» І адказаў Саўла: «Цяжка імне вельма: Пілішчане ваююць супроці мяне, а Бог адступіў ад мяне й болей не адказуе імне ані прарокамі, ані ў снох; і я выгукаў цябе, каб ты сказаў імне, што імне рабіць».
 
І сказаў Самуіл Саўлу: навошта ты трывожыш мяне, каб я выйшаў? І адказваў Саўл: цяжка мне вельмі: Філістымляне ваююць супроць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і больш не адказвае мне ні праз прарокаў, ні ўва сьне; таму я выклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што мне рабіць.

І сказаў Самуйла: «Чаму ж ты пытаешся ў мяне, гэта ж СПАДАР адступіў ад цябе й стаў праціўнікам тваім?
 
І сказаў Самуіл: навошта ж ты пытаешся ў мяне, калі Гасподзь адступіўся ад цябе і зрабіўся ворагам табе?

Учыніў СПАДАР сабе, як казаў імною: адарваў СПАДАР гаспадарства з рук тваіх і аддаў яго прыяцелю твайму, Давіду.
 
Гасподзь зробіць тое, што казаў празь мяне: забярэ Гасподзь царства з рук тваіх і аддасьць яго блізкаму твайму Давіду.

Як ты не паслухаў голасу СПАДАРОВАГА і ня споўніў палу гневу Ягонага на Амаліка, дык СПАДАР і ўчыніў табе гэта сядні.
 
Таму што ты не паслухаўся голасу Гасподняга і не абярнуў гневу Ягонага на Амаліка, дык Гасподзь і робіць гэта над табою сёньня.

І аддасьць СПАДАР таксама Ізраеля з табою ў рукі Пілішчан; і заўтра ты а сынове твае будзеце з імною, таксама табар Ізраельскі аддасьць СПАДАР у рукі Пілішчан».
 
І аддасьць Гасподзь Ізраіля разам з табою ў рукі Філістымлянаў: заўтра ты і сыны твае будуць са мною, і табар Ізраільскі аддасьць Гасподзь у рукі Філістымлянаў.

І пабарзьдзіў Саўла, і ўпаў усім ростам сваім на зямлю, і дужа спалохаўся слоў Самуйлавых; дый сілы ня стала ў яго, бо ён ня еў хлеба ўвесь тый дзень і ўсю ноч.
 
Тады Саўл раптам упаў усім целам сваім на зямлю, бо моцна спалохаўся слоў Самуіла; прытым і сілы ня стала ў ім, бо ён ня еў хлеба цэлы той дзень і цэлую ноч.

І прышла жонка да Саўлы, і абачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала яму: «Вось, паслухала нявольніца твая голасу твайго, і паддала жыцьцё свае небясьпечнасьці, і паслухала слоў тваіх, што ты казаў імне.
 
І падышла жанчына тая да Саўла, і ўбачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала: вось, рабыня твая паслухалася голасу твайго і паставіла жыцьцё сваё пад небясьпеку і выканала загад, які ты даў мне;

А цяпер паслухай, калі ласка, і ты голасу нявольніцы свае: я пастанаўлю перад табою кавалак хлеба, паеж і пасілішся, як пойдзеш у дарогу».
 
цяпер прашу, паслухайся і ты голасу рабыні тваёй: я прапаную табе кавалак хлеба, паясі, і будзе ў табе моц, калі пойдзеш у дарогу.

Але ён адмовіўся й сказаў: «Ня буду есьці». І ўмаўлялі яго слугі ягоныя, а таксама жонка; дык ён паслухаў голасу іхнага, і ўстаў ізь зямлі, і сеў на ложак.
 
Але ён адмовіўся і сказаў: ня буду есьці. І пачалі ўгаворваць яго слугі ягоныя, а таксама і жанчына; і ён паслухаўся голасу іхняга, і ўстаў зь зямлі, і сеў на ложак.

У жонкі ж было ў доме ўкормленае цялё; і пабарзьдзіла, і зарэзала яго, і, узяўшы мукі, замясіла а сьпякла праснакі.
 
А ў жанчыны было дома ўкормленае цяля, і яна пасьпяшалася закалоць яго і, узяўшы мукі, замясіла і сьпякла праснакі,

І дабліжыла Саўлу а слугам ягоным, і яны пад’елі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы.
 
і прапанавала Саўлу і слугам ягоным; і яны паелі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы.