1 царстваў 25 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І памер Самуйла; і зьберліся ўсі Ізраелцы, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. А Давід устаў і зышоў на пустыню Паран.
І памёр Самуіл. І сабраліся ўсе Ізраільцяне, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. Давід устаў і сышоў да пустыні Фаран.
І быў нейкі чалавек у Маоне, каторага занятак у Карміле, чалавек вельмі вялікі: у яго было тры тысячы авец і тысяча козаў; і сталася, што ён стрыг авечкі свае ў Карміле.
Быў нехта ў Маоне, а маёнтак яго на Карміле, чалавек вельмі багаты; у яго было тры тысячы авечак і тысяча коз; і быў ён пры стрыжцы авечак на Карміле.
Імя чалавека таго — Навал, а імя жонкі ягонае — Авіґаіла; гэта жонка добрага розуму й пазаркая, але муж цьвярды й чалавек благіх справаў, і ён з дому Калевавага.
Імя чалавека таго — Навал, а імя жонкі ягонай — Авігея. Гэтая жанчына была вельмі разумная і прыгожая з твару, а ён — чалавек жорсткі і ліхі норавам; ён быў з роду Халева.
І пачуў Давід на пустыні, што Навал стрыжэць авечкі свае.
І пачуў Давід у пустыні, што Навал стрыжэ авечкі свае.
І паслаў Давід дзесяцёх дзяцюкоў, і сказаў Давід дзяцюком: «Узыйдзіце на Карміл, і прыйдзіце да Навала, і папытайцеся ў яго ад мяне, як маецца.
І паслаў Давід дзесяць хлопчыкаў, і сказаў Давід хлопчыкам: узыдзеце на Карміл і ідзеце да Навала, і павітайце яго ад майго імя,
І скажыце гэтак: "Здароў, супакой табе, супакой дому твайму, супакой усяму твайму!
і скажэце так: мір табе, мір дому твайму, мір усяму твайму;
І цяпер я пачуў, што стрыгуць у цябе. Вось, пастухі твае былі з намі, і мы не засаромілі іх, і нічагусенькі ў іх ня зьгінула ўвесь час быцьця іх на Карміле;
сёньня я пачуў, што ў цябе стрыгуць авечкі; вось, пастухі твае былі з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога ў іх не прапала за ўвесь час, пакуль яны былі на Карміле;
Папытайся ў дзяцюкоў сваіх, і яны скажуць табе; дык хай знойдуць дзяцюкі ласку ў ваччу тваім, бо ў добры дзень прышлі мы; дай, калі ласка, што знойдзе рука твая, слугам сваім і сыну свайму Давіду"».
спытайся ў слуг тваіх, і яны скажуць табе; дык вось, знойдуць хлопчыкі ўпадабаньне ў вачах тваіх, бо ў добры дзень прыйшлі мы; дык дай рабам тваім і сыну твайму Давіду, што знойдзе рука твая.
І прышлі дзяцюкі Давідавы, і казалі Навалу ад Давіда, подле ўсіх словаў гэтых, і адзяржаліся.
І пайшлі людзі Давідавыя, і сказалі Навалу ад імя Давіда ўсе гэтыя словы, і замоўклі.
І адказаў Навал слугам Давідавым, і сказаў: «Хто такі Давід, і хто такі Есянок? Цяпер стала шмат слугаў, што адрываюцца ад паноў сваіх;
І ўскочыў Навал, і адказваў слугам Давідавым, і сказаў: хто такі Давід, і хто такі сын Ясэеў? сёньня стала многа рабоў, якія ўцякаюць ад гаспадароў сваіх;
Нягож імне ўзяць хлеб свой а ваду сваю а сьвежаніну, што я асьвяжыў стрыгучым авечкі ў мяне, і аддаць людзём, праз каторых ня ведаю, скуль яны?»
няўжо мне ўзяць хлябы мае і ваду маю, і мяса, прыгатаванае мною стрыгалям маім, і аддаць людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?
І завярнуліся дзяцюкі ў сваю дарогу, і зьвярнуліся, і прышлі, і пераказалі яму подле ўсіх словаў гэтых.
І пайшлі назад людзі Давідавыя сваёй дарогай і вярнуліся, і прыйшлі і пераказалі яму ўсе словы гэтыя.
І Давід сказаў людзём сваім: «Паперажыцеся кажны мячом сваім». І ўсі паперазаліся мячамі сваімі, паперазаўся й Давід мячом сваім; і ўзышлі за Давідам каля чатырыста чалавекаў, а дзьвесьце засталося ля рэчаў.
Тады Давід сказаў людзям сваім: аперажэцеся кожны мечам сваім. І ўсе аперазаліся мечамі сваімі, аперазаўся і сам Давід сваім мечам, і пайшлі за Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся каля абозу.
Авіґаіле Навалісе азнайміў адзін ізь дзяцюкоў, сказаўшы: «Вось, Давід прыслаў з пустыні пасланцоў дабраславіць спадара нашага, але ён накінуўся на іх із крыкам.
А Авігеі, жонцы Навалавай, паведаміў адзін слуга, сказаўшы: вось, Давід прысылаў з пустыні паслоў вітаць нашага гаспадара, але ён абышоўся зь імі груба;
А гэныя людзі вельма добрыя да нас, не засаромілі нас, і нічога ня зьгінула ў нас увесь час, як мы хадзілі зь імі, быўшы ў полю.
а гэтыя людзі вельмі добрыя да нас, ня крыўдзілі нас, і нічога не прапала ў нас за ўвесь час, калі мы хадзілі зь імі, быўшы ў полі;
Яны былі сьцяною нам і ночы і ўдзень, увесь час, пакуль мы былі зь імі, пасучы стады.
яны былі нам аслонаю і ўдзень і ўначы ўвесь час, калі мы пасьвілі статкі паблізу іх;
Дык ведай і глядзі, што табе рабіць, бо пастаноўлена бяда на спадара нашага і на ўвесь дом ягоны; а ён сын Веляла, каб гукаць да яго».
дык вось, падумай і паглядзі, што рабіць; бо непазьбежна пагражае бяда гаспадару нашаму і ўсяму дому ягонаму, а ён — чалавек ліхі, нельга гаварыць зь ім.
І пабарзьдзіла Авіґаіла, і ўзяла дзьвесьце букаткаў хлеба, і два скураныя мяхі зь віном, і пяць авец прыгатаваных, і пяць мераў пражаных зярнят, і сто вязанак разынак, і дзьвесьце вязанак фіґаў, і наклала на аслы.
Тады Авігея пасьпешліва ўзяла дзьвесьце хлябоў і два мяхі зь віном, і пяць авечак падрыхтаваных і пяць мераў сушанага зерня, і сто вязанак разынак і дзьвесьце вязанак смокваў, і наўючыла на аслоў,
І сказала дзяцюком сваім: «Ідзіце сьпераду мяне, вось, я за вамі прыйду». А мужу свайму Навалу нічога не сказала.
і сказала слугам сваім: ідзеце паперадзе мяне, вось, я пайду за вамі. А мужу свайму Навалу нічога не сказала.
І было: яна ехала на асьле і спусьцілася далоў, закрытая гарой, і вось, Давід а ягоныя людзі спушчаюцца супроці яе, і яна стрэла іх.
Калі ж яна, седзячы на асьле, спускалася па схілах гары, вось, насустрач ёй ідзе Давід і людзі ягоныя, і яна сустрэлася зь імі.
І Давід сказаў: «Але, дарма я сьцярог усе, што гэны меў на пустыні, і ня зьгінула нічога з усёга ягонага; а ён аддаў імне благім за добрае.
І Давід сказаў: так, дарэмна я ахоўваў у пустыні маёмасьць гэтага чалавека, і нічога не прапала з таго, што належала яму; ён плаціць мне злом за дабро;
Так хай учыне Бог злосьнікам Давідавым, і так хай дадасьць, калі я пакіну да раньня з усёга ягонага нават тога, што мочыцца на сьцяну».
няхай тое і тое зробіць Бог з ворагамі Давіда, і яшчэ болей зробіць, калі да сьвітаньня з усяго, што належыць Навалу, я пакіну таго, што мочыцца да сьцяны.
І Авіґаіла абачыла Давіда, і пабарзьдзіла, ісьсела з асла, і пала перад Давідам на від свой, і пакланілася да зямлі;
Калі Авігея ўбачыла Давіда, дык пасьпяшалася сысьці з асла і ўпала перад Давідам на твар свой і пакланілася да зямлі;
І пала ў ногі яму, і сказала: «Хай будзе на імне бяспраўе, спадару мой; дазволь служэбцы тваёй гукаць у вушы твае, і паслухай словаў служэбкі свае.
і ўпала да ног ягоных і сказала: на мне грэх, гаспадару мой; дазволь рабыні тваёй гаварыць у вушы твае і паслухай слоў рабыні тваёй.
Няхай жа спадар мой не зважае на гэтага чалавека Веляла, на Навала, бо, якое імя ягонае, такі й ён. Навал — імя ягонае, і шал ягоны ізь ім. А я, служэбка твая, ня бачыла маладзёнаў спадара майго, каторых ты прыслаў.
Няхай гаспадар мой не зважае на гэтага ліхога чалавека, на Навала; бо якое імя ў яго, такі і ён. Навал — імя яго, і вар’яцтва ягонае зь ім. А я, рабыня твая, ня бачыла слуг гаспадара майго, якіх ты прыслаў.
Дык цяпер, спадару мой, — жыў СПАДАР і жыва душа твая! — СПАДАР не дапусьціў цябе прысьці да крыві і ўсьцярог руку тваю; дык цяпер хай будуць, як Навал, злосьнікі твае й тыя, што шукаюць ліха спадару майму,
І сёньня, гаспадару мой, жывы Гасподзь і жывая душа твая! Гасподзь не дазволіць табе ісьці праліваць кроў і ўтрымае руку тваю ад помсты, і сёньня хай будуць, як Навал, ворагі твае і зламысьнікі гаспадара майго.
Во дабраславенства гэта, каторае прывезла нявольніца твая спадару свайму, каб даць іх дзяцюком, што йдуць сьледам за спадаром маім.
Вось гэтыя дарункі, якія прынесла рабыня твая гаспадару майму, каб даць іх хлопчыкам, якія служаць гаспадару майму.
Даруй выступ служэбкі свае; СПАДАР напэўна ўладзе спадару майму дом трывалкі, бо войны СПАДАРОВЫ вядзець спадар мой, і ліха ня знойдзецца ў цябе ў вусі дні твае.
Даруй віну рабыні тваёй; Гасподзь мусова зладзіць гаспадару майму дом трывалы, бо войны Госпада вядзе гаспадар мой, і ліхое ня знойдзецца ў табе праз усё жыцьцё тваё.
Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе й шукаць душы твае, то душа спадара майго будзе завязана ў зьвязку жыцьця ў СПАДАРА, Бога твайго, а душу варагоў тваіх пусьце Ён бы пушчалам.
Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, дык душа гаспадара майго будзе завязана ў вузьле жыцьця ў Госпада Бога твайго, а душу ворагаў тваіх кіне Ён як бы з прашчы.
І як учыне СПАДАР спадару майму подле ўсёга, што казаў празь цябе добрага, і прызнача цябе за правадыра над Ізраелям;
І калі зробіць Гасподзь гаспадару майму ўсё, што казаў пра цябе добрага, і паставіць цябе гаспадаром над Ізраілем,
То ня будзе гэта спатыкненьням табе ані спадманам сэрцу спадара майго, што не разьліў дарма крыві і ўсьцярог сябе ад помсты. І СПАДАР добра зьдзее спадару майму, і ўспомніш служэбку сваю».
дык ня будзе гэта сэрцу гаспадара майго засмутаю і непакоем, што не праліў марна крыві і ахаваў сябе ад помсты. І Гасподзь адорыць дабром гаспадара майго, і ўзгадаеш рабыню тваю.
І сказаў Давід Авіґаіле: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы паслаў цябе цяпер наўпярэймы імне.
І сказаў Давід Авігеі: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які паслаў цябе сёньня насустрач мне,
І дабраславёная цямлівасьць твая, і дабраславёна ты за тое, што ты цяпер не дапусьціла мяне прысьці да крыві.
і дабраславёны розум твой, і дабраславёная ты за тое, што ты цяпер не дазволіла мне ісьці праліваць кроў і помсьціць за сябе.
Але, — жыў СПАДАР, Бог Ізраеляў, што ўдзяржаў мяне ад ліха табе, — калі б ты не пабарзьдзіла й ня прышла наўпярэймы імне, то я не пакінуў бы Навалу да сьвітаньня нават таго, што мочыцца на сьцяну».
Але, — жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стрымаў мяне, каб не зрабіў ліха табе, — калі б ты не пасьпяшалася і ня прыйшла на сустрэчу да мяне, дык да ранішняга сьвітаньня я не пакінуў бы Навалу нікога, хто мачыўся б на сьцяну.
І ўзяў Давід з рук ейных тое, што яна прывезла яму, і сказаў ёй: «Узыйдзі ў супакою да дому свайго; гля, я паслухаў голасу твайго і ўсьціў від твой».
І прыняў Давід з рук яе тое, што яна прынесла яму, і сказаў ёй: ідзі зь мірам у дом твой; вось, я паслухаўся голасу твайго і ўшанаваў твар твой.
І прышла Авіґаіла да Навала, і вось, у яго чэсьць у доме ягоным, як чэсьць каралеўская, і сэрца Навалова было вясёлае ў яго, ён жа быў канчальна п’яны; і не сказала яму а нічога, ані большага, ані меншага, да сьвітаньня.
І прыйшла Авігея да Навала, і вось, у яго банкет у доме ягоным, як банкет царскі, і сэрца ў Навала было вясёлае; а ён быў вельмі п’яны; і не сказала яму ні слова, ні большага, ні меншага, да раніцы.
І было нараніцы, як Навал выцьверазіўся, што сказала яму жонка ягоная словы гэтыя, і замерла ў ім сэрца ягонае, і стаў ён, як камень.
А раніцай, калі Навал працьверазеў, жонка ягоная расказала яму пра гэта, і замерла ў ім сэрца ягонае, і зрабіўся ён, як камень.
І было дзён за дзесяць: паразіў СПАДАР Навала, і ён памер.
Дзён празь дзесяць уразіў Гасподзь Навала, і ён памёр.
І пачуў Давід, што Навал памер, і сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Каторы моцна памсьціўся за паганьбеньне з рукі Навала, і захаваў слугу Свайго ад ліха, і злосьць Навалову абярнуў СПАДАР на галаву яму». І паслаў Давід, і казаў Авіґаіле, каб узяць яе сабе за жонку.
І пачуў Давід, што Навал памёр, і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Які заплаціў яму за ганьбаваньне мяне Навалам, і Які ахаваў раба свайго ад ліхога; Гасподзь абярнуў злосьць Навалаву на яго ж галаву. І паслаў Давід сказаць Авігеі, што ён бярэ яе сабе за жонку.
І прышлі слугі Давідавы да Авіґаілы на Карміл, і сказалі ёй гэтак: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку».
І прыйшлі слугі Давідавыя і сказалі ёй так: Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку.
Яна ўстала, і пакланілася відам да зямлі, і сказала: «Вось, хай служэбка твая будзе нявольніца, каб мыць ногі слугам спадара свайго».
Яна ўстала і пакланілася тварам да зямлі і сказала: вось, рабыня твая гатовая быць служанкаю, каб абмываць ногі слуг гаспадара майго.
І пабарзьдзіла, і ўстала Авіґаіла, і ўсьсела на асла, і пяць дзяўчат пайшлі за ёю; і пайшла яна за пасланцамі Давідавымі, і стала жонкаю ягонай.
І сабралася Авігея пасьпешліва і села на асла, і пяць служанак суправаджалі яе; і пайшла яна за пасламі Давідавымі і зрабілася яго жонкаю.
І Агіноаму з Ізрэеля ўзяў Давід, і былі таксама гэтыя дзьве яго жонкамі.
І Ахінааму з Ізрэеля ўзяў Давід, і абедзьве яны былі яго жонкі.
Саўла ж аддаў дачку сваю Міхалу, жонку Давідаву, Палту Лаішонку, каторы з Ґаліму.
А Саўл аддаў дачку сваю Мэлхолу, жонку Давідавую, Фалтыю, сыну Лаіша, што з Галіма.