1 царстваў 26 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І прышлі Зыфяне да Саўлы да Ґівеы, кажучы: «Ціж не хаваецца Давід на ўзгорку Гахіла, каторы направа ад Ешымону?»
 
Прыйшлі Зіфеі да Саўла ў Гіву і сказалі: вось, Давід хаваецца ў нас на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона.

І ўстаў Саўла, і спусьціўся на пустыню Зыф, і ізь ім тры тысячы выборных мужоў Ізраельскіх, каб шукаць Давіда на пустыні Зыф.
 
І ўстаў Саўл і спусьціўся ў пустыню Зіф, і зь ім тры тысячы выбраных мужчын Ізраільскіх, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф.

І разьлёгся Саўла на ўзгорку Гахіла, каторы перад Ешымонам направа, ля дарогі; Давід жа прабываў на пустыні й бачыў, што Саўла прышоў за ім на пустыню;
 
І атабарыўся Саўл на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона, каля дарогі; а Давід быў у пустыні і бачыў, што Саўл ішоў за ім у пустыню;

І паслаў Давід узьведнікаў, і даведаўся, што Саўла запраўды прышоў.
 
і паслаў Давід віжоў і даведаўся, што Саўл сапраўды прыйшоў з Кэіля.

І ўстаў Давід, і прышоў аж да месца, ідзе Саўла разьлёгся табарам, і абачыў Давід месца, ідзе ляжаў там Саўла а Аўнір Ніранок, вайводца ягоны, Саўла ж ляжаў у месцу, абаронным вазамі, а люд разьлёгся навокал яго.
 
І ўстаў Давід і пайшоў да месца, на якім Саўл атабарыўся, і ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Авэнір, сын Ніраў, ваеначальнік ягоны. А Саўл спаў у намёце, а народ разьмясьціўся вакол яго.

І адказаў Давід, і сказаў Агімелеху Гэцічу а Авішаю Цэруёнку, брату Ёававаму, кажучы: «Хто зыйдзе з імною да Саўлы да табару?» І адказаў Авішай: «Я зыйду з табою».
 
І зьвярнуўся Давід і сказаў Авімэлэху Хэтэяніну і Авэсу, сыну Саруінаму, брату Ёава, кажучы: хто пойдзе са мною да Саўла ў табар? І адказаў Авэса: я пайду з табою.

І прышоў Давід із Авішаём да людзёў ночы, і вось, Саўла ляжыць, сьпіць у месцу, абаронным вазамі, і дзіда ягоная ўткнёна ў зямлю ля ўзгалоўя ягонага; Аўнір жа а люд ляжаць навокал яго.
 
І прыйшоў Давід з Авэсам да людзей Саўлавых уначы; і вось, Саўл ляжыць, сьпіць у намёце, і дзіда ягоная ўваткнутая ў зямлю каля галавы ягонай: а Авэнір і людзі ляжаць вакол яго.

Авішай сказаў Давіду: «Замкнуў Бог цяпер злосьніка твайго ў рукі твае; дык дазволь, я прыбю яго дзідаю аж да зямлі адным вытням і не паўтару яму».
 
Авэса сказаў Давіду: аддаў сёньня Бог ворага твайго ў рукі твае; дык вось, дазволь я прыкалю яго дзідай да зямлі адным ударам і не паўтару ўдару.

І сказаў Давід Авішаю: «Ня губі яго, бо хто, падняўшы руку на памазанца СПАДАРОВАГА, застанецца нявінны».
 
Але Давід сказаў Авэсу: не забівай яго; бо хто, падняўшы руку на памазанца Гасподняга, застанецца непакараны?

І сказаў Давід: «Жыў СПАДАР! хіба СПАДАР паразіць яго, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэць, альбо зыйдзе на вайну, і ня стане яго; мяне ж хай не дапусьце СПАДАР падняць руку сваю на памазанца СПДАРОВАГА.
 
І сказаў Давід: жывы Гасподзь! няхай уразіць яго Гасподзь, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэ, альбо пойдзе на вайну і загіне; а мне хай не дазволіць Гасподзь падняць руку маю на памазанца Гасподняга;

А цяпер вазьмі ж дзіду, што ля ўзгалоўя ягонага, і жбан із вадою, і пойдзем да сябе».
 
а вазьмі ягоную дзіду, якая каля галавы ягонай, і посуд з вадою, і пойдзем да сябе.

І ўзяў Давід дзіду а жбан із вадою ля ўзгалоўя Саўлавага, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, але ўсі спалі; бо цьвярды сон ад СПАДАРА напаў на іх.
 
І ўзяў Давід дзіду і посуд з вадою каля галавы Саўла, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, а ўсе спалі, бо сон ад Госпада напаў на іх.

І перайшоў Давід на другі бок, і стаў на версе гары здалеку, вялікае месца было меж іх.
 
І перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары ўдалечыні; вялікая адлегласьць была паміж імі.

І загукаў Давід да люду а Аўніра Ніранка, кажучы: «Ці не адкажаш ты Аўніру!» І адказаў Аўнір, і сказаў: «Хто ты, што крычыш каралю?»
 
І заклікаў Давід народ і Авэніра, сына Ніравага, кажучы: адказвай, Авэнір. І адказваў Авэнір і сказаў: хто ты, што крычыш і турбуеш цара?

І сказаў Давід Аўніру: «Ці ня муж ты, і хто роўны з табою ў Ізраелю? Чаму ж ты не сьцеражэш спадара свайго, караля? Во прыходзіў адзін ізь люду загубіць караля, спадара твайго.
 
І сказаў Давід Авэніру: ці ня ты мужчына, роўнага якому няма ў Ізраілі? Чаму ж ты не ахоўваеш гаспадара твайго, цара? бо прыходзіў нехта зь людзей, каб загубіць цара, гаспадара твайго.

Ня добра ты гэта робіш; жыў СПАДАР! вы сыны сьмерці за тое, што не сьцеражыце спадара свайго — памазанца СПАДАРОВАГА. Дык глянь, ідзе дзіда каралёва й жбан із вадою, што былі ля ўзгалоўя ягонага?»
 
Нядобра ты гэта робіш; жывы Гасподзь! вы вартыя сьмерці за тое, што не ахоўваеце гаспадара вашага, памазанца Гасподняга. Паглядзі, дзе дзіда царовая і посуд з вадою, што былі каля галавы ягонай?

І пазнаў Саўла голас Давідаў, і сказаў: «Ці твой гэта голас, сыну мой Давідзе?» І сказаў Давід: «Мой голас, спадару мой каролю».
 
І пазнаў Саўл голас Давідаў і сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І сказаў Давід: мой голас, гаспадару мой, цару.

І сказаў яшчэ: «За што спадар мой перасьлядуе слугу свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руццэ маёй?
 
І сказаў: за што гаспадар мой перасьледуе раба свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руцэ маёй?

Дык цяпер хай выслухае спадар мой кароль словы слугі свайго: калі СПАДАР настроіў цябе супроці мяне, то прымі гэта за пах; а калі — сынове людзкія, то праклятыя яны перад СПАДАРОМ, бо яны выгналі мяне цяпер, каб не прылучыцца імне да спадку СПАДАРОВАГА, кажучы: "Ідзі, служы багом чужым".
 
І сёньня няхай выслухае гаспадар мой, цар, слова раба свайго: калі Гасподзь узбудзіў цябе супроць мяне, дык хай гэта будзе ад цябе духмянаю ахвяраю; а калі — сыны чалавечыя, дык пракляты яны прад Госпадам, бо яны выгналі мяне сёньня, каб не належаць мне да спадчыны Госпада, кажучы: ідзі, служы багам чужым.

Дык хай не разальлецца ж кроў мая на зямлю перад відам СПАДАРОВЫМ, бо кароль Ізраеляў вышаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапатаю па горах».
 
Хай жа не пральецца кроў мая на зямлю прад абліччам Госпада: бо цар Ізраілеў выйшаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапаткаю па гарах.

І сказаў Саўла: «Ізграшыў я; зьвярніся, сыну мой Давідзе; бо наперад я ня буду рабіць табе ліха, бо душа мая была дарагая ў ваччу тваім сядні; вось, дурна рабіў я й мыляўся надзвычайна».
 
І сказаў Саўл: зграшыў я; вярніся, сыне мой Давідзе, бо я ня буду больш чыніць табе зла, бо душа мая была дарагая сёньня ў вачах тваіх; неразумна рабіў я і многа грашыў.

І адказаў Давід, і сказаў: «Во дзіда каралёва; хай пярэйдзе адзін ізь дзяцюкоў і возьме яе.
 
І адказваў Давід і сказаў: вось дзіда царовая; няхай адзін хлопчык прыйдзе і возьме яе;

А СПАДАР зьверне кажнаму праўдзівасьць ягоную а вернасьць ягоную, бо СПАДАР аддаваў цябе ў рукі, але я не захацеў падняць рукі свае на памазанца СПАДАРОВАГА.
 
і хай дасьць Гасподзь кожнаму паводле праўды ягонай і паводле ісьціны ягонай, бо Гасподзь аддаваў цябе ў рукі мае, але я не захацеў падняць рукі маёй на памазанца Гасподняга;

І вось, як узьвялічылася душа твая сядні ў ваччу маім, так хай узьвялічыцца душа мая ў ваччу СПАДАРА, і хай выбаве мяне з усялякае бяды!»
 
і няхай, як каштоўнае было жыцьцё тваё сёньня ў вачах маіх, так цэніцца маё жыцьцё ў вачах Госпада, і хай выбавіць мяне з усякай бяды!

І сказаў Саўла Давіду: «Дабраславёны ты, сыну мой Давідзе; і справу справіш, і перамагчы пераможаш». І пайшоў Давід сваёю дарогаю, а Саўла зьвярнуўся на свае месца.
 
І сказаў Саўл Давіду: дабраславёны ты, сыне мой Давідзе; і дзею ўчыніш, і пераадолець пераадолееш. І пайшоў Давід сваёй дарогаю, а Саўл вярнуўся ў сваё месца.