1 царстваў 21 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І прышоў Давід да Нову да Агімелеха сьвятара, і задрыжэў Агімелех, ідучы наўпярэймы Давіду, і сказаў яму: «Чаму ты адзін, і нікога няма з табою?»
І прыйшоў Давід у Номву да Ахімэлэха сьвятара, і сумеўся Ахімэлэх пры сустрэчы з Давідам і сказаў яму: чаму ты адзін, і нікога няма з табою?
І сказаў Давід Агімелеху сьвятару: «Кароль паручыў імне справу й сказаў імне: "Хай ня ведае ніхто нічога із справы, нашто я паслаў цябе й што паручыў табе"; а дзяцюкоў я прызначыў на такое а такое месца.
І сказаў Давід Ахімэлэху сьвятару: цар даручыў мне дзею і сказаў мне: «хай ніхто ня ведае, па што я паслаў цябе і што даручыў табе»; таму людзей я пакінуў на пэўным месцы;
Дык, што ёсьць у цябе пад рукою, пяць букаткаў хлеба дай у руку маю альбо што знойдзецца».
дык вось, што ёсьць у цябе пад рукою, дай мне, хлябоў пяць, альбо што знойдзецца.
І адказаў сьвятар Давіду, і сказаў: «Няма ў мяне пад рукою будзеннага хлеба, а ё хлеб сьвяты, калі толькі дзяцюкі сьцерагліся жонкі».
І адказаў сьвятар Давіду, кажучы: няма ў мяне пад рукою простага хлеба, а ёсьць хлеб асьвечаны; калі толькі людзі твае ўстрымаліся ад жанчын.
І адказаў Давід сьвятару, і сказаў яму: «Жонкі ўзьдзяржаны ад нас учорах а заўчора, як я вышаў, і судзіны ў дзяцюкоў сьвятыя, а як дарога будзенная, то тым болей хлеб усьвяціцца ў судзіне».
І адказаў Давід сьвятару і сказаў яму: жанчын з намі ня было ні ўчора, ні заўчора, з часу, як я выйшаў, а посуд хлопчыкаў чысты, а калі дарога нячыстая, дык хлеб застанецца чыстым у посудзе.
І даў яму сьвятар сьвятога, бо ня было там хлеба, апрача букаткаў хлеба Выкладу, каторыя зьняты былі ад віду СПАДАРОВАГА, каб пакласьці цёплы хлеб у дню, калі здыймалі чэрствы хлеб.
І даў яму сьвятар асьвечанага хлеба; бо ня было ў яго хлеба, акрамя хлябоў выстаўленьня, якія ўзятыя былі ад аблічча Госпада, каб, калі зьнятыя будуць, пакласьці цёплыя хлябы.
І там адзін із слугаў Саўлавых, наймя Доіґ, Едомеянін, пастыр Саўлаў, задзяржаўся таго дня перад СПАДАРОМ.
Там быў таго дня прад Госпадам адзін слуга Саўлаў, імем Доік, Ідумэянін, начальнік пастухоў Саўлавых.
І сказаў Давід Агімелеху: «Ці няма тут у цябе пад рукою дзіды альбо мяча? бо я ня ўзяў у руку сваю ані мяча, ані іншае зброі, бо паручэньне каралёва было пасьпешнае».
І сказаў Давід Ахімэлэху: ці няма тут у цябе пад рукою дзіды ці меча? бо я ня ўзяў з сабою ні меча, ні іншай зброі, бо даручэньне царовае было сьпешнае.
І сказаў сьвятар: «Во меч Голяфа Пілішчаніна, каторага ты забіў у даліне Дуба, заверчаны ў вадзежу, адзаду наплечніка; калі хочаш, вазьмі яго; іншага, апрача гэтага, няма тут». І сказаў Давід: «Нямаш да яго падобнага; дай імне яго».
І сказаў сьвятар: вось меч Галіяфа Філістымляніна, якога ты забіў у даліне дуба, загорнуты ў вопратку, за наплечнікам; калі хочаш, вазьмі яго; іншага акрамя гэтага тут няма. І сказаў Давід: няма да яго падобнага, дай мне яго.
І ўстаў Давід, і ўцёк таго ж дня ад Саўлы, і прышоў да Ахіша, караля Ґафскага.
І ўстаў Давід, і ўцёк таго самага дня ад Саўла, і прыйшоў да Анхуса, цара Гэцкага.
І сказалі Ахішу слугі ягоныя: «Ці гэта не Давід, кароль таго краю? ці не яму пяялі ў карагодах і гукалі: "Саўла паразіў тысячы, а Давід — дзесяткі тысячаў"?»
І сказалі Анхусу слугі ягоныя: ці ня гэта Давід, цар той краіны? ці не яму сьпявалі ў карагодах і казалі: Саўл пабіў тысячы, а Давід — дзясяткі тысяч?
Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцу сваім, і дужа баяўся Ахіша, караля Ґафскага.
Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцы сваім і моцна баяўся Анхуса, цара Гэцкага.
І зьмяніў паступак свой перад імі, і прыдаўся шалёным у вачох іхных, і рысаваў літары на варотах брамаў, і пушчаў сьліну па барадзе сваёй.
І зьмяніў твар свой перад імі, і прыкінуўся вар’ятам у іхніх вачах, і крэсьліў на дзьвярах, і пускаў сьліну па барадзе сваёй.
І сказаў Ахіш слугам сваім: «Бачыце, ён чалавек шалёны, нашто вы прывялі яго да мяне?
І сказаў Анхус рабам сваім: бачыце, ён чалавек вар’ят; навошта вы прывялі яго да мяне?
Ціж мала ў мяне шалёных, што вы прывялі яго, каб ён шалеў перад імною? Нягож ён увыйдзе ў дом мой?"
ці ж мала ў мяне вар’ятаў, што вы прывялі яго, каб ён юродзіў перад мною? няўжо ён увойдзе ў дом мой?