1 царстваў 7 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І прышлі людзі Кіраф-Еарыму, і ўзьнесьлі скрыню СПАДАРОВУ, і прывялі яе да дому Авінадавага, на ўзгорак, а Елеазара, сына ягонага, пасьвяцілі, каб ён сьцярог скрыню СПАДАРОВУ.
І прыйшлі жыхары Кірыятыярыма, і ўзялі каўчэг Госпада, і прынесьлі яго ў дом Амінадаваў, на пагорак, а Элеазара, сына ягонага, асьвяцілі, каб ён захоўваў каўчэг Госпада.
І сталася, як з тога дня, як перабывала скрыня ў Кіраф-Еарыме, мінула шмат дзён, і было дваццаць год, што тужыў увесь дом Ізраеляў па СПАДАРУ.
З таго дня, як застаўся каўчэг у Кірыятыярыме, прайшло шмат часу, гадоў дваццаць. І вярнуўся ўвесь дом Ізраілеў да Госпада.
І сказаў Самуйла ўсяму дому Ізраеляваму, кажучы: «Калі вы ўсім сэрцам сваім зварачаецеся да СПАДАРА, то аддальце з пасярод сябе багі чужаземныя а Астарты, і прыгатуйце сэрца вашае да СПАДАРА, і служыце яму аднаму, і ён выбаве вас ад рукі Пілішчан».
І сказаў Самуіл усяму дому Ізраіля, кажучы: калі вы ўсім сэрцам сваім вяртаецеся да Госпада, дык выдаліце са свайго асяродзьдзя багоў іншаземных і Астартаў і расхінеце сэрца ваша да Госпада і служэце Яму аднаму, і Ён выратуе вас ад рукі Філістымлянаў.
І аддалілі сынове Ізраелявы Ваалы а Астарты, і пачалі служыць СПАДАРУ аднаму.
І выдалілі сыны Ізраілевыя Ваалаў і Астартаў і пачалі служыць аднаму Госпаду.
І сказаў Самуйла: «Зьбярыце ўсіх Ізраелцаў да Міцпы, і я памалюся за вас СПАДАРУ».
І сказаў Самуіл: зьбярэце ўсіх Ізраільцянаў у Масіфу, і я памалюся за вас Госпаду.
І зьберліся да Міцпы, і сілялі ваду, і вылівалі перад СПАДАРОМ, і поставалі таго дня, і сказалі там: «Ізграшылі мы перад СПАДАРОМ». І судзіў Самуйла сыноў Ізраелявых у Міцпе.
І сабраліся ў Масіфу, і чэрпалі ваду, і вылівалі прад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень, кажучы: зграшылі мы прад Госпадам. І судзіў Самуіл сыноў Ізраілевых у Масіфе.
А як пачулі Пілішчане, што зьберліся сынове Ізраелявы да Міцпы, тады ўзышлі князі Пілісцкія да Ізраеля. І пачулі сынове Ізраелявы, і баяліся Пілішчан.
Калі пачулі Філістымляне, што сабраліся сыны Ізраілевыя ў Масіфу, тады пайшлі валадары Філістымскія на Ізраіля. Ізраільцяне, дачуўшыся, спалохаліся Філістымлянаў.
І сказалі сынове Ізраелявы Самуйлу: «Не маўчы праз нас, каб ня гукаць да СПАДАРА, Бога нашага, і каб ён выбавіў нас ад рукі Пілішчан».
І сказалі сыны Ізраілевыя Самуілу: не пераставай заклікаць за нас Госпада Бога нашага, каб Ён выратаваў нас ад рукі Філістымлянаў.
І ўзяў Самуйла адно ягнё-сысуна, і аброк яго на ўсепаленьне СПАДАРУ, і загукаў Самуйла да СПАДАРА за Ізраеля, і адказаў яму СПАДАР.
І ўзяў Самуіл адно ягня ад саскоў і прынёс яго на цэласпаленьне Госпаду, і заклікаў Самуіл Госпада да Ізраіля, і пачуў яго Гасподзь.
І як Самуйла абракаў усепаленьне, а Пілішчане дабліжыліся ваяваць із Ізраелям, то СПАДАР загрымеў таго дня вялікім громам над Пілішчанмі, і Ён іх прывёў у замягню, і яны былі пабіты перад Ізраелям.
І калі Самуіл прыносіў цэласпаленьне, Філістымляне прыйшлі ваяваць зь Ізраілем. Але Гасподзь загрымеў у той дзень моцным громам над Філістымлянамі і навёў на іх жах, і яны былі пакараныя перад Ізраілем.
І выступілі Ізраелцы зь Міцпы, і гналі Пілішчан, і білі іх аж да месца пад Веф-Карам.
І выступілі Ізраільцяне з Масіфы, і перасьледавалі Філістымлянаў, і білі іх да месца пад Вэтхорам.
І ўзяў Самуйла адзін камень, і пастанавіў памеж Міцпы й Ешаны, і даў яму імя Евен-Езэр, сказаўшы: «Дагэтуль памог нам Спадар».
І ўзяў Самуіл адзін камень, і паставіў паміж Масіфаю і Сэнам і назваў яго Авэн-Эзэр, сказаўшы: да гэтага месца дапамог нам Гасподзь.
І зваяваны былі Пілішчане, і наперад ня прыходзілі на граніцы Ізраелявы; і была рука Спадарова на Пілішчан усі дні Самуйлавы.
Так упакораны былі Філістымляне і перасталі хадзіць у межы Ізраілевыя; і была рука Гасподняя на Філістымлянах ва ўсе дні Самуіла.
І зьвернены былі Ізраелю месты, каторыя былі ўзяўшы Пілішчане ў Ізраеля, ад Екрону й аж да Ґафу, і землі свае вывальніў Ізраель із рук Пілішчан; І быў мір меж Ізраеля й Аморэя.
І вернуты былі Ізраілю гарады, якія ўзялі Філістымляне ў Ізраіля, ад Акарона і да Гэта, і межы іх вызваліў Ізраіль з рук Філістымлянаў, і быў мір паміж Ізраілем і Амарэямі.
І судзіў Самуйла Ізраеля ўсі дні жыцьця свайго.
І быў Самуіл судзьдзёю Ізраіля ва ўсе дні жыцьця свайго:
І хадзіў ён год у год, і кружыняў каля Бэт-Элю а Ґілґалу а Міцпы, і судзіў Ізраеля ў вусіх гэтых месцах;
год у год ён хадзіў і абыходзіў Вэтыль і Галгал і Масіфу і судзіў Ізраіля ва ўсіх гэтых мясьцінах;
І зварачаўся да Рамы, бо там быў дом ягоны, і там судзіў ён Ізраеля, і збудаваў там аброчнік СПАДАРУ.
потым вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў ён Ізраіля, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.