1 царстваў 6 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І быў каўчэг Госпада ў зямлі філістынскай сем месяцаў.
І прабыў каўчэг Гасподні ў вобласьці Філістымскай сем месяцаў.
І паклікалі філістынцы святароў і прадказальнікаў, кажучы: «Што маем зрабіць з каўчэгам Госпада? Парайце нам, як маем адаслаць яго на сваё месца».
І паклікалі Філістымляне жрацоў і празарліўцаў і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Гасподнім? навучэце нас, як нам адпусьціць яго ў месца ягонае.
Яны сказалі: «Калі маеце адаслаць каўчэг Бога Ізраэля, не адсылайце яго пустым, але, што належыцца, аддайце Яму за грэх і тады ачысціцеся; даведаецеся, чаму не адступае рука Яго ад вас».
Тыя сказалі: калі вы хочаце адпусьціць каўчэг Бога Ізраілевага, дык не адпускайце яго ні з чым, а прынясеце яму ахвяру павіннасьці; тады ацаліцеся і ўведаеце, за што не адступае ад вас рука Ягоная.
Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аддаць?» І яны адказалі: «Па ліку кіраўнікоў філістынскіх зрабіце пяць нарываў залатых і пяць мышэй залатых, бо адна пляга дакранулася да ўсіх вас і кіраўнікоў вашых.
І сказалі яны: якую ахвяру павіннасьці мусім прынесьці мы Яму? Тыя сказалі: па ліку ўладароў Філістымскіх пяць нарасьцяў залатых і пяць мышэй залатых; бо кара адна на ўсіх вас і на ўладарах вашых;
І зрабіце выявы нарываў вашых і выявы мышэй, якія вынішчаюць зямлю, і аддасце хвалу Богу Ізраэля, каб толькі адхіліў руку Сваю ад вас, і ад багоў вашых, і ад зямлі вашай.
дык вось, зрабеце выявы нарасьцьяў вашых і выявы мышэй вашых, што спусташаюць зямлю, і ўзьнясеце славу Богу Ізраілеваму; магчыма, Ён паслабіць руку Сваю над вамі і над багамі вашымі і над зямлёю вашаю;
Чаму вы робіце цвёрдымі сэрцы вашыя, як зацвярдзіў Егіпет і фараон сэрца сваё? Ці не дазволілі ім адысці тады, калі Госпад пакараў іх?
і навошта вам рабіць жорсткім сэрца ваша, як ажарсьцьвілі сэрца сваё Егіпцяне і фараон? вось, калі Гасподзь паказаў сілу Сваю над імі, дык яны адпусьцілі іх, і тыя пайшлі;
Дык цяпер вазьміце і падрыхтуйце адзін новы воз і дзвюх дойных кароў, на якіх не было ярма, запражыце ў воз, а цялят іх замкніце дома.
дык вось, вазьмеце, зрабеце адну калясьніцу новую і вазьмеце дзьве каровы-першацёлкі, на якіх ня было ярма, і запражэце кароў у калясьніцы, а цялят ад іх завядзеце ад іх дамоў;
Затым вазьміце каўчэг Госпадаў і пастаўце на воз, а выявы залатыя, якімі адплачваеце Яму за грэх, палажыце ў скрынку на баку яго і пусціце яго ў дарогу,
і вазьмеце каўчэг Гасподні і пастаўце яго на калясьніцу, а залатыя рэчы, якія прынесяце Яму ў ахвяру павіннасьці, пакладзеце ў скрынку збоку ад яго; і адпусьцеце яго, і хай пойдзе;
і глядзіце на яго: калі ён накіруецца дарогай да сваіх межаў да Бэтсамэса, ведайце, што гэта Ён навёў на вас гэтае вялікае няшчасце; а калі не, то будзем ведаць, што не Яго рука да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».
і глядзеце, калі ён пойдзе да межаў сваіх, да Бэтсаміса, дык ён вялікае зло зрабіў нам; а калі не, дык мы будзем ведаць, што не ягоная рука пакарала нас, а зрабілася гэта з намі выпадкова.
Дык зрабілі яны гэткім спосабам, і ўзялі дзвюх кароў, і запрэглі іх у воз, а цялят іх замкнулі ў доме,
І зрабілі яны так: і ўзялі дзьве каровы-першацёлкі і запрэглі іх у калясьніцу, а цялят іх затрымалі дома;
і паставілі каўчэг Госпадаў на воз і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарываў.
і паставілі каўчэг Госпада на калясьніцу і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарасьцяў.
А каровы пайшлі простаю дарогаю ў напрамку Бэтсамэса, ішлі яны па адной дарозе, ступаючы і мыкаючы, і не сыходзілі ані ўправа, ані ўлева. Але і кіраўнікі філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэтсамэса.
І пайшлі каровы проста на дарогу да Бэтсаміса: адною дарогаю ішлі, ішлі і рыкалі, але ня ўхіляліся ні направа, ні налева; а ўладары Філістымскія ішлі сьледам за імі да межаў Бэтсаміса.
А ў Бэтсаміце ў даліне жалі пшаніцу, і, падняўшы вочы, убачылі каўчэг і ўзрадаваліся, калі ўбачылі яго.
Жыхары Бэтсаміса жалі тады пшаніцу ў даліне і, зірнуўшы, угледзелі каўчэг Гасподні, і ўзрадаваліся, што ўбачылі яго.
А воз уз’ехаў на поле Ешуа з Бэтсаміта і затрымаўся там. А там ляжаў камень вялікі; і яны пасяклі воз на дровы, а кароў усклалі на іх Госпаду ў ахвяру цэласпалення.
А калясьніца прыйшла на поле Ісуса Бэтсамісяніна і спынілася там; і быў тут вялікі камень, і раскалолі калясьніцу на дровы, а кароў прынесьлі на цэласпаленьне Госпаду.
А левіты знялі каўчэг Божы і скрынку, што ляжала побач з ім, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і паклалі іх на вялікі камень. Усклалі ж у той дзень жыхары Бэтсаміта Госпаду ахвяры цэласпалення і прынеслі ахвяры крывавыя.
Лявіты зьнялі каўчэг Госпада і скрынку, што была пры ім, у якой былі залатыя рэчы, і паставілі на вялікім тым камені; а жыхары Бэтсаміса прынесьлі таго дня цэласпаленьне і закалолі ахвяры Госпаду.
І пяць кіраўнікоў філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Акарон у той самы дзень.
І пяць уладароў Філістымскіх бачылі гэта і вярнуліся таго ж дня ў Акарон.
А вось нарывы залатыя, якія аддалі філістынцы Госпаду за грэх: адзін за Азот, адзін за Газу, адзін за Аскалон, адзін за Гет, адзін за Акарон;
Залатыя гэтыя нарасьці, якія прынесьлі Філістымляне ў ахвяру павіннасьці Госпаду, былі: адна за Азот, адна за Газу, адна за Аскалон, адна за Гэт, адна за Акарон;
і залатыя мышы былі паводле ліку гарадоў філістынскіх, пяці кіраўнікоў іх, ад умацаванага горада аж да пасялення, што было без муроў; камень той вялікі, на якім паставілі каўчэг Госпадаў, на полі Ешуа з Бэтсаміта, ёсць сведка гэтаму па сённяшні дзень.
а залатыя мышы былі па колькасьці гарадоў Філістымскіх — пяці валадароў, ад гарадоў умацаваных і да адкрытых сёлаў, да вялікага каменя, на якім паставілі каўчэг Госпада, і які да сёньня на полі Ісуса Бэтсамісяніна.
І пакараў Госпад жыхароў Бэтсаміта, бо яны заглядвалі ў каўчэг Госпада; і забіў Госпад семдзесят чалавек з народа. І народ быў у жалобе, бо Госпад ударыў народ вялікай караю;
І пакараў Ён жыхароў Бэтсаміса за тое, што яны заглядвалі ў каўчэг Госпада, і забіў з народу пяцьдзесят тысяч семдзесят чалавек. І заенчыў народ, бо пакараў Гасподзь народ караю вялікаю.
і казалі людзі бэтсамітцы: «Хто можа стаць у прысутнасці Госпада, гэтага Святога Бога? І да каго Ён пяройдзе ад нас?»
І сказалі жыхары Бэтсаміса: хто можа стаяць прад Госпадам, Гэтым Сьвятым Богам? і да каго Ён пойдзе ад нас?
І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Карыят-Ярыма, кажучы: «Вярнулі філістынцы каўчэг Госпада. Прыходзьце і забярыце яго наверх да сябе».
І паслалі паслоў да жыхароў Кірыятыярыма сказаць: Філістымляне вярнулі каўчэг Госпада; прыйдзеце, вазьмеце яго сабе.