1 царстваў 13 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Сын многіх гадоў быў Саўл, калі пачаў цараваць; два гады цараваў над Ізраэлем.
Саўл меў гады, калі пачаў валадарыць, і два гады валадарыў над Ізраілем.
І Саўл выбраў сабе тры тысячы ізраэльцаў: і дзве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Бэтэль, а тысяча з Ёнатанам у Габе Бэньяміна, астатні народ ён адпусціў кожнага ў палатку яго.
І выбраў Саўл сабе тры тысячы Ізраільцянаў, і з іх дзьве тысячы былі з Саўлам у Міхмашы і на гары Бэтэль, а тысяча — з Ёнатанам у Гіве Бэн’ямінавай, а рэшту войска ён адпусьціў, кожнага ў намёт свой.
І Ёнатан пабіў дружыну філістынцаў, якая была ў Габе. Пачулі аб гэтым філістынцы; а Саўл абвясціў аб гэтым гукам трубы ва ўсёй зямлі, гаворачы: «Хай пачуюць гебраі!»
І Ёнатан пабіў дружыну Філістынцаў, якая была ў Геве. І пачулі пра гэта Філістынцы, а Саўл абвясьціў пра гэта гукам трубы ў-ва ўсёй зямлі, кажучы: «Няхай пачуюць Гебраі!»
І ўвесь Ізраэль пачуў гэтую вестку: «Пабіў Саўл дружыну філістынцаў; і Ізраэль стаўся ненавісным для філістынцаў». І сабраўся народ пры Саўле ў Галгале.
І ўвесь Ізраіль пачуў вестку: «Пабіў Саўл дружыну Філістынцаў. Ізраіль стаўся ненавісным для Філістынцаў». І сабраўся народ да Саўла ў Гільгал.
І філістынцы сабраліся, каб ваяваць супраць Ізраэля: тры тысячы калясніц і тры тысячы коннікаў ды астатняга народу мноства, як пяску на беразе мора. І, выйшаўшы, сталі яны лагерам у Міхмасе на ўсход ад Бэт-Авэна.
І Філістынцы сабраліся, каб ваяваць супраць Ізраіля: тры тысячы калясьніцаў і тры тысячы коньнікаў, і народу мноства, як пяску на беразе мора. І разлажыліся яны табарам у Міхмашы на ўсход ад Бэт-Авэну.
Калі гэта заўважылі ваяры ізраэльскія, што яны знаходзяцца на вузкім месцы, — бо народ быў вымучаны, — пахаваліся ў пячорах і шчылінах, таксама ў скалах, і ў гротах, і на вадаёмах.
І ўбачылі ваяры Ізраіля, што яны ў небясьпецы, а народ быў вымучаны, і пахаваліся народ у пячорах, шчылінах, скалах, ямах і ярах.
А [некаторыя] гебраі пераправіліся праз Ярдан у зямлю Гада і ў Галаад. І калі Саўл быў яшчэ ў Галгале, увесь народ, які быў пры ім, быў надта напалоханы.
А [некаторыя] Гебраі пераправіліся праз Ярдан у зямлю Гада і ў Гілеад. А Саўл быў яшчэ ў Гільгале, і ўвесь народ, які быў пры ім, дрыжаў [ад страху].
І сем дзён чакаў ён адпаведна загаду Самуэля, і Самуэль не прыходзіў у Галгал; і народ стаў адыходзіць ад яго.
Сем дзён чакаў [Саўл] часу, вызначанага Самуэлем, аднак Самуэль не прыходзіў у Гільгал, і народ стаў адыходзіць ад яго.
Такім чынам, сказаў Саўл: «Прынясіце мне ахвяру цэласпалення і ахвяру прымірэння». І склаў ён ахвяру цэласпалення.
І сказаў Саўл: «Прынясіце мне ахвяру цэласпаленьня і ахвяру мірную». І склаў ён ахвяру цэласпаленьня.
І калі скончыў складаць ахвяру цэласпалення, вось, прыбыў Самуэль. І выйшаў Саўл яму насустрач, каб яго прывітаць.
І скончыў ён складаць цэласпаленьне, і вось, прыйшоў Самуэль. І выйшаў Саўл яму на спатканьне, каб прывітаць яго.
І Самуэль сказаў яму: «Што ты зрабіў?» Саўл адказаў: «Я вось бачыў, што народ адыходзіць ад мяне, а ты не прыйшоў у вызначаны час, а філістынцы сабраліся ў Міхмасе,
І сказаў Самуэль: «Што ты нарабіў?» Саўл сказаў: «Я бачыў, што народ адыходзіць ад мяне, і ты не прыйшоў у вызначаны час. А Філістынцы сабраліся ў Міхмашы.
я сказаў: філістынцы цяпер нападуць на мяне ў Галгале, і я не здабыў ласкі ў Госпада. Змушаны неабходнасцю, склаў я ахвяру цэласпалення».
І я сказаў сабе: “Філістынцы нападуць на мяне ў Гільгале, а я не здабыў ласкі перад абліччам ГОСПАДА”. І змушаны, я склаў цэласпаленьне».
І сказаў Самуэль Саўлу: «Неразумна ты зрабіў. О, каб ты захоўваў прыказанні Госпада, Бога твайго, якія Ён табе даў! Напэўна цяпер замацаваў бы Госпад цараванне тваё над Ізраэлем навекі.
І сказаў Самуэль Саўлу: «Неразумна ты зрабіў. Ты не захаваў прыказаньне ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён загадаў. Бо цяпер замацаваў бы ГОСПАД валадараньне тваё над Ізраілем на вякі.
Але цяпер цараванне тваё доўга не патрывае. Госпад знайшоў сабе чалавека паводле сэрца Свайго, і паставіць яго Госпад кіраўніком над народам Сваім, бо ты не выканаў таго, што загадаў табе Госпад».
Але цяпер валадараньне тваё не патрывае. ГОСПАД знайшоў сабе чалавека паводле сэрца Свайго і паставіў яго ГОСПАД правадыром народу Свайго, бо ты не захаваў таго, што загадаў табе ГОСПАД».
І Самуэль устаў, і пайшоў з Галгала, і падаўся дарогай сваёй. І народ, што застаўся, пайшоў за Саўлам супраць ваяроў, і прыйшоў з Галгала ў Габу Бэньяміна. Саўл палічыў народ, што прыйшоў з ім, і налічыў каля шасцісот чалавек.
І ўстаў Самуэль, і пайшоў з Гільгалу ў Гіву Бэн’ямінавую. А Саўл палічыў народ, што быў з ім, і налічыў каля шасьцісот чалавек.
І Саўл, і сын яго Ёнатан, і народ, які пры іх знаходзіўся, сядзелі ў Габе Бэньяміна. А філістынцы размяшчаліся ў Міхмасе.
Саўл, і Ёнатан, сын ягоны, і народ, які быў з ім, сядзелі ў Гіве Бэн’ямінавай, а Філістынцы стаялі табарам у Міхмашы.
З лагера філістынцаў выйшлі тры кліны для рабунку: адзін клін накіраваўся на дарогу ў Офру ў зямлю Суал,
З табару Філістынцаў выйшлі тры аддзелы, каб пустошыць [зямлю]; адзін аддзел накіраваўся на шлях у Офру ў зямлю Шуал,
а другі клін накіраваўся на дарогу ў Бэтарон, а трэці пайшоў дарогаю да мяжы, што ідзе ад даліны Сэбаім да пустыні.
другі аддзел накіраваўся на шлях у Бэтхарон, а трэці аддзел пайшоў дарогаю да мяжы, што ідзе ад даліны Цэвоім у пустыню.
А ва ўсёй зямлі Ізраэльскай не было тады аніводнага каваля; бо філістынцы баяліся, каб гебраі не зрабілі часам меча або дзіды.
А ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля не было тады аніводнага каваля, бо Філістынцы казалі: «Няхай Гебраі ня зробяць ані мяча, ані дзіды».
Дык сыходзіліся ўсе ізраэльцы да філістынцаў, каб кожны завастрыў сашнік свой, і матыку, і сякеру, і серп.
І прыходзілі ўсе Ізраільцяне да Філістынцаў, каб вастрыць плуг свой, сякеру, матыку або серп.
А цана вастрэння была: за сашнікі і матыкі — дзве часткі сікля, і трэцюю частку сікля — за вастрэнне сякер і за выпраўленне калоў.
І за вастрэньне плуга і сякеры плацілі дзьве трэці сыкля, і трэцюю частку сыкля за матыку або серп.
І калі прыйшоў у Міхмасе час вайны, не знайшлося ані меча, ані дзіды ў руцэ ўсяго народа, які быў з Саўлам і Ёнатанам, за выключэннем Саўла і яго сына Ёнатана.
І сталася, што ў час вайны ніхто з людзей, якія былі з Саўлам і Ёнатанам, ня меў ані мяча, ані дзіды; мелі іх [толькі] Саўл і Ёнатан, сын ягоны.
Варта ж філістынская пайшла да перахода каля Міхмаса.
І пайшла варта Філістынская да пераходу каля Міхмашу.