1 царстваў 22 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адалам; калі аб гэтым даведаліся браты яго і ўвесь дом бацькі яго, яны пайшлі за ім туды.
 
І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адулям. І пачулі [пра гэта] браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, і ўсе пайшлі за ім туды.

І сабраліся да яго ўсе тыя, хто цярпеў нястачы і меў даўгі, і засмучаныя духам; і ён стаўся іх кіраўніком, і было з ім каля чатырох сотняў чалавек.
 
І сабраліся да яго ўсе пакрыўджаныя, і тыя, што мелі даўгі, і засмучаныя ў духу, і ён стаўся іх правадыром. І было з ім каля чатырох сотняў чалавек.

І адтуль накіраваўся Давід у Міцпу, што ў Маабе, і сказаў цару Мааба: «Ці маглі б прабываць у вас бацька мой і маці мая, пакуль выявіцца, што хоча Бог зрабіць са мною?»
 
Адтуль пайшоў Давід у Міцпу, якая ў Мааве, і сказаў валадару Мааву: «Дазволь жыць у вас бацьку майму і маці маёй, пакуль выявіцца, што Бог зробіць са мною».

І ён пакінуў іх у цара Мааба; і яны заставаліся ў яго ўвесь час, калі Давід хаваўся ў недасяжным месцы.
 
І ён прывёў іх перад аблічча валадара Мааву, і яны заставаліся ў яго ўсе дні, калі Давід хаваўся ва ўмацаваным месцы.

А прарок Гад раіў Давіду: «Не заставайся ў сховішчы. Збярыся і ідзі ў зямлю Юды». І, вырушыўшы, Давід прыбыў у лес Гарэт.
 
І сказаў прарок Гад Давіду: «Не заставайся ва ўмацаваным месцы, але зьбярыся і ідзі ў зямлю Юды». І вырушыў Давід, і прыйшоў у лес Хэрэт.

І пачуў Саўл, што выяўлены Давід і людзі, якія былі з ім. А Саўл, калі быў у Габе і сядзеў пад дубам на гары, трымаючы дзіду ў руцэ, і калі ўсе паслугачы яго акружалі яго,
 
І пачуў Саўл, што заўважаны Давід і людзі, якія з ім. А Саўл сядзеў тады ў Гіве пад тамарыскам на ўзгорку, і дзіда была ў руцэ ягонай, а ўсе слугі ягоныя атачалі яго.

сказаў паслугачам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэньяміна! Сын Ясэя дасць таксама і вам усім палі і вінаграднікі, і вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,
 
І сказаў Саўл слугам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэн’яміна! Ці ж сын Есэя дасьць вам усім палі і вінаграднікі? Ці ж вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,

бо вы ўсе пакляліся супраць мяне. І ніхто не перасцярог мяне, што сын мой заключыў саюз з сынам Ясэя; ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў мне, што сын мой падгаварыў паслугача майго супраць мяне, каб ён рабіў засаду на мяне, як сёння».
 
што вы запрысягліся супраць мяне. Ніхто не паведаміў у вушы мае пра запавет сына майго з сынам Есэя. Ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў у вушы мае, што сын мой узбудзіў слугу майго супраць мяне, каб ён зрабіў засаду на мяне як гэта [дзеецца] сёньня».

На гэта адказаў Даэг ідумеец, які быў з паслугачамі Саўла: «Я ўбачыў сына Ясэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітуба;
 
І адказаў Даэг Эдомец, які стаяў між слугамі Саўла, і сказаў: «Я бачыў сына Есэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітува.

ён раіўся з Госпадам наконт яго, і даў яму ежу, але даў яму і меч Галіята філістынца».
 
І ён пытаўся ў ГОСПАДА дзеля яго, і даў яму ежу, і даў яму меч Галіята Філістынца».

Тады цар паслаў паклікаць святара Ахімэлеха, сына Ахітуба, і ўвесь дом бацькі яго, значыць святароў, якія былі ў Нобе; усе яны прыбылі да цара.
 
І паслаў валадар, каб паклікалі сьвятара Ахімэлеха, сына Ахітува, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, якія ў Нобе. І ўсе яны прыйшлі да валадара.

І сказаў Саўл: «Слухай, сын Ахітуба!» Ён адказаў: «Вось я, гаспадару мой».
 
І сказаў Саўл: «Слухай, сыне Ахітува!» Ён сказаў: «Вось я, гаспадару мой».

І сказаў яму Саўл: «Чаму пакляліся вы супраць мяне, ты і сын Ясэя, і даў ты яму хлябы і меч, і раіўся наконт яго з Госпадам, каб ён, знаходзячыся ў засадзе, паўстаў супраць мяне, як гэта адбываецца сёння?»
 
І сказаў яму Саўл: «Чаму запрысягліся вы супраць мяне, ты і сын Есэя, і даў ты яму хлябы і меч, і пытаўся дзеля яго ў Бога, каб ён паўстаў супраць мяне, як гэта [дзеецца] сёньня?»

І ў адказ цару сказаў Ахімэлех: «І хто з усіх паслугачоў тваіх такі верны, як Давід: і зяць цара, і кіраўнік варты тваёй, і шанаваны ў доме тваім?
 
І адказаў валадару Ахімэлех, і сказаў: «Хто спасярод слугаў тваіх ёсьць так верны як Давід, зяць валадара? Ён стаіць на чале варты тваёй і шанаваны ў доме тваім.

Ці ж толькі сёння раіўся я наконт яго з Богам? Ніякім чынам, хай цар не падазрае ў гэтай справе паслугача свайго і ўсю сям’ю бацькі майго; бо паслугач твой нічога не ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».
 
Ці ж толькі сёньня я пытаўся дзеля яго ў Бога? Ніякім чынам! Няхай валадар не закідвае ў гэтай справе слузе твайму і ўсяму дому бацькі майго, бо слуга твой нічога ня ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».

Але цар сказаў: «Ты мусіш памерці, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».
 
І сказаў валадар: «Ты сьмерцю памрэш, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».

І загадаў цар паслугачам, якія акружалі яго: «Ідзіце і забіце святароў Госпада, бо рука іх з Давідам; ведаючы, што ён уцёк, яны не паведамілі мне». Паслугачы ж цара не хацелі падняць руку сваю на святароў Госпада.
 
І загадаў валадар слугам, якія атачалі яго: «Ідзіце і забіце сьвятароў ГОСПАДА, бо рука іхняя з Давідам, бо яны ведалі, што ён уцякае, і не паведамілі ў вушы мае». Але слугі валадара не хацелі падняць рукі сваёй на сьвятароў ГОСПАДА.

І сказаў цар Даэгу: «Ты ідзі і ўдар святароў». І Даэг ідумеец, пайшоўшы, ударыў святароў; і знішчыў у той дзень восемдзесят пяць чалавек, апранутых у льняны эфод.
 
І сказаў валадар Даэгу: «Ты ідзі і забі сьвятароў». І Даэг Эдомец падыйшоў да сьвятароў, і забіў у той дзень восемдзясят пяць чалавек, апранутых у ільняны эфод.

А святарскі горад Ноб ударыў ён вастрыём меча, пазабіваў мужчын і жанчын, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.
 
І напаў Саўл на сьвятарскі горад Ноб, і вострывам мяча пазабіваў мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.

Уратаваўся ж толькі адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітуба, на імя Абіятар, які ўцёк да Давіда
 
І ўратаваўся [толькі] адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітува, на імя Абіятар, і ён уцёк да Давіда.

і паведаміў яму, што Саўл забіў святароў Госпада.
 
І Абіятар паведаміў Давіду, што Саўл забіў сьвятароў ГОСПАДА.

І Давід сказаў Абіятару: «Я ведаў ужо тады, калі быў там Даэг ідумеец, што ён напэўна паведаміць аб гэтым Саўлу. Я адказчык за ўсе душы дому бацькі твайго.
 
І сказаў Давід Абіятару: «Я ведаў у той дзень, калі быў там Даэг Эдомец, што ён паведаміць пра гэта Саўлу. Я вінаваты ў-ва ўсіх душах дому бацькі твайго.

Заставайся са мною, не бойся! Бо хто шукае жыцця майго, той шукае і твайго жыцця, і са мною ты будзеш уратаваны».
 
Заставайся са мною, ня бойся! Хто шукае душы маёй, той шукае душы тваёй, але са мною ты будзеш выратаваны».