1 царстваў 22 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адалам; калі аб гэтым даведаліся браты яго і ўвесь дом бацькі яго, яны пайшлі за ім туды.
 
І вышаў Давід стуль, і ўцёк да пячоры Адуламскае; і пачулі браты ягоныя а ўвесь дом айца ягонага, і зышлі да яго туды.

І сабраліся да яго ўсе тыя, хто цярпеў нястачы і меў даўгі, і засмучаныя духам; і ён стаўся іх кіраўніком, і было з ім каля чатырох сотняў чалавек.
 
І зьберліся да яго кажны ўцісьнены, і кажны даўжбіт, і кажны зьнемарашчаны душою, — і стаў ён начэльнікам над імі; і было зь ім каля чатырыста чалавекаў.

І адтуль накіраваўся Давід у Міцпу, што ў Маабе, і сказаў цару Мааба: «Ці маглі б прабываць у вас бацька мой і маці мая, пакуль выявіцца, што хоча Бог зрабіць са мною?»
 
І пайшоў Давід стуль да Міцпы Моаўскае, і сказаў каралю Моаўскаму: «Хай прыйдзе, калі ласка, ацец мой а маці мая да вас, пакуль я не даведаюся, што зробе з імною Бог».

І ён пакінуў іх у цара Мааба; і яны заставаліся ў яго ўвесь час, калі Давід хаваўся ў недасяжным месцы.
 
І прывёў іх да караля Моаўскага; і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у гэтым замку.

А прарок Гад раіў Давіду: «Не заставайся ў сховішчы. Збярыся і ідзі ў зямлю Юды». І, вырушыўшы, Давід прыбыў у лес Гарэт.
 
Але прарока Ґад сказаў Давіду: «Ня жыві ў гэтым замку, ідзі і ўвыйдзі сабе ў зямлю Юдзіну». І пайшоў Давід, і прышоў да лесу Гэрэф.

І пачуў Саўл, што выяўлены Давід і людзі, якія былі з ім. А Саўл, калі быў у Габе і сядзеў пад дубам на гары, трымаючы дзіду ў руцэ, і калі ўсе паслугачы яго акружалі яго,
 
І пачуў Саўла, што ведама праз Давіда а людзёў, каторыя былі зь ім. Саўла сядзеў тады ў Ґівее пад гаям у Раме, зь дзідаю ў руццэ, і ўсі слугі ягоныя абступалі яго.

сказаў паслугачам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэньяміна! Сын Ясэя дасць таксама і вам усім палі і вінаграднікі, і вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,
 
І сказаў Саўла слугам Сваім, што абступалі яго: «Паслухайце ж, сынове Веняміновы, нягож усім вам дасьць Есянок полі а вінішчы, і ўсіх вас пастанове за тысячнікаў а сотнікаў,

бо вы ўсе пакляліся супраць мяне. І ніхто не перасцярог мяне, што сын мой заключыў саюз з сынам Ясэя; ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў мне, што сын мой падгаварыў паслугача майго супраць мяне, каб ён рабіў засаду на мяне, як сёння».
 
Што вы ўсі змовіліся супроці мяне, і ніхто не адкрыў вушом маім, што сын мой учыніў змову зь Есянком; і нікому з вас не баліць за мяне, каб адкрыць вуху майму, што сын мой падвучыў супроці мяне слугу майго цікаваць на мяне, як цяпер?»

На гэта адказаў Даэг ідумеец, які быў з паслугачамі Саўла: «Я ўбачыў сына Ясэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітуба;
 
І адказаў Доіґ Едомеянін, стоячы із слугамі Саўлавымі, і сказаў: «Я бачыў, як Есянок прыходзіў да Нову да Агімелеха Агітувёнка,

ён раіўся з Госпадам наконт яго, і даў яму ежу, але даў яму і меч Галіята філістынца».
 
І гэты пытаўся яму ў СПАДАРА, і даў яму ежу, таксама й меч Голяфа Пілішчаніна аддаў яму».

Тады цар паслаў паклікаць святара Ахімэлеха, сына Ахітуба, і ўвесь дом бацькі яго, значыць святароў, якія былі ў Нобе; усе яны прыбылі да цара.
 
І паслаў кароль пагукаць Агімелеха Агітувёнка сьвятара а ўвесь дом айца ягонага, сьвятароў, каторыя ў Нове; і прышлі яны ўсі да караля.

І сказаў Саўл: «Слухай, сын Ахітуба!» Ён адказаў: «Вось я, гаспадару мой».
 
І сказаў Саўла: «Паслухай жа, Агітувёнку!» І тый адказаў: «Вось я, спадару мой!»

І сказаў яму Саўл: «Чаму пакляліся вы супраць мяне, ты і сын Ясэя, і даў ты яму хлябы і меч, і раіўся наконт яго з Госпадам, каб ён, знаходзячыся ў засадзе, паўстаў супраць мяне, як гэта адбываецца сёння?»
 
І сказаў яму Саўла: «Чаму вы змовіліся супроці мяне, ты а Есянок, што ты даў яму хлеб і меч, і пытаўся яму ў Бога, каб ён паўстаў супроці мяне й цікаваў на мяне, як цяпер?»

І ў адказ цару сказаў Ахімэлех: «І хто з усіх паслугачоў тваіх такі верны, як Давід: і зяць цара, і кіраўнік варты тваёй, і шанаваны ў доме тваім?
 
І адказаў Агімелех каралю, і сказаў: «Хто з усіх слугаў тваіх верны, як Давід? Ен і зяць каралёў, і сігае, каб цябе слухаць, і паважаны ў доме тваім?

Ці ж толькі сёння раіўся я наконт яго з Богам? Ніякім чынам, хай цар не падазрае ў гэтай справе паслугача свайго і ўсю сям’ю бацькі майго; бо паслугач твой нічога не ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».
 
Ці цеперся я пачаў пытацца яму ў Бога? Крый Божа! ня вінуй у гэтым, каролю, слугу свайго а ўвесь дом айца майго; бо ў вусёй гэтай справе ня ведаў слуга твой ані малога, ані вялікага».

Але цар сказаў: «Ты мусіш памерці, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».
 
І сказаў кароль: «Ты маеш памерці, Агімелеша, ты а ўвесь дом айца твайго».

І загадаў цар паслугачам, якія акружалі яго: «Ідзіце і забіце святароў Госпада, бо рука іх з Давідам; ведаючы, што ён уцёк, яны не паведамілі мне». Паслугачы ж цара не хацелі падняць руку сваю на святароў Госпада.
 
І сказаў кароль ганцом, што стаялі ля яго: «Ступіце й забіце сьвятароў СПАДАРОВЫХ; бо таксама рука іхная з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі вуху майму». Але ня зычылі слугі каралёвы выцягнуць рук сваіх, каб напасьці на сьвятароў СПАДАРОВЫХ.

І сказаў цар Даэгу: «Ты ідзі і ўдар святароў». І Даэг ідумеец, пайшоўшы, ударыў святароў; і знішчыў у той дзень восемдзесят пяць чалавек, апранутых у льняны эфод.
 
І сказаў кароль Доіґу: «Абярніся ты й нападзі на сьвятароў». І абярнуўся Доіґ Едомеянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня асьмідзясят пяцёх мужоў, каторыя насілі лянны наплечнік.

А святарскі горад Ноб ударыў ён вастрыём меча, пазабіваў мужчын і жанчын, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.
 
І Ноў, места сьвятароў, паразіў лязом мяча, ад мужчыны аж да жонкі, ад дзяцяці да сысуна, і вала, і асла, і авечку паразіў лязом мяча.

Уратаваўся ж толькі адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітуба, на імя Абіятар, які ўцёк да Давіда
 
Уратаваўся толькі адзін сын Агімелеха Агітувёнка, наймя Авафар, і ўцёк за Давідам.

і паведаміў яму, што Саўл забіў святароў Госпада.
 
І сказаў Авафар Давіду, што Саўла забіў сьвятароў СПАДАРОВЫХ.

І Давід сказаў Абіятару: «Я ведаў ужо тады, калі быў там Даэг ідумеец, што ён напэўна паведаміць аб гэтым Саўлу. Я адказчык за ўсе душы дому бацькі твайго.
 
І сказаў Давід Авафару: «Я ведаў таго дня, як там быў Доіґ Едомеянін, што ён напэўна скажа Саўлу; я вінен у вусіх душах дому айца твайго.

Заставайся са мною, не бойся! Бо хто шукае жыцця майго, той шукае і твайго жыцця, і са мною ты будзеш уратаваны».
 
Застанься ў мяне, ня бойся; бо хто будзе шукаць мае душы, будзе шукаць і твае душы; ты будзеш у мяне пад ахаронаю».