1 царстваў 4 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І было слова Самуэля да ўсяго Ізраэля. І сталася ў тыя дні, што прыйшлі філістынцы ваяваць; і выйшаў Ізраэль на бой з філістынцамі, і расклаўся лагерам каля Абэн-Эзэра. Філістынцы ж прыйшлі ў Афэк і выстраіліся ў баявым парадку супраць Ізраэля.
І вышла слова Самуйлава да ўсёга Ізраеля. І выступілі Ізраелцы супроці Пілішчан на вайну, і разьлягліся табарам ля Евен-Езэру, а Пілішчане разьлягліся ля Афеку.
Калі ж пачаўся бой, ізраэльцы сталі адступаць перад філістынцамі; і загінула ў тым баі на палях каля чатырох тысяч ваяроў.
І зладзіліся Пілішчане супроці Ізраелцаў, і пашырылася бітва, і зражаны быў Ізраель перад Пілішчанамі, і былі пабіты на полю бітвы каля чатырох тысячаў чалавекаў.
І вярнуўся народ у лагер, і старэйшыны Ізраэля казалі: «Чаму ўдарыў сёння нас Госпад перад філістынцамі? Давайце прынясём з Сіло каўчэг запавету Госпада, і хай прабывае сярод нас, каб ратаваў Ён нас ад рук ворагаў нашых».
І прышоў люд да табару; і сказалі старцы Ізраелявы: «Чаму зразіў нас СПАДАР сядні перад Пілішчанамі? Возьмем сабе із Шыла скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, і яна прыйдзе ўпрымеж нас, і выбаве нас ад рукі варагоў нашых».
Дык паслаў народ у Сіло, і прынеслі адтуль каўчэг запавету Госпада Магуццяў, Які сядзеў на херубінах. Пры каўчэгу запавету Бога былі два сыны Гэлі: Хофні і Пінхас.
І паслаў люд да Шыла, і панесьлі стуль скрыню змовы СПАДАРА войскаў, Каторы сядзіць на херувах; і там два сыны Ілевы із скрыняю змовы Божае, Гофні а Фінегас.
І калі прыбыў каўчэг запавету Госпада ў лагер, загаманіў увесь Ізраэль вялікім гоманам і задрыжала зямля.
І як прыбыла скрыня змовы СПАДАРОВАЕ да табару, то падняў увесь Ізраель вялікі крык, і загудзела зямля.
І гук крыку пачулі філістынцы і пыталіся: «Што гэта за гук крыку вялікага ў лагеры гебраяў?» І даведаліся, што каўчэг Госпада прыбыў у лагер.
І пачулі Пілішчане гук гэнага крыку, і сказалі: «Што за гук вялікага крыку ў табару гэбрэйскім?» І яны сьцямілі, што скрыня СПАДАРОВА прыбыла та дабару.
І перапалохаліся філістынцы, кажучы: «Прыбыў Бог у лагер!» І загаманілі ад страху, кажучы: «Гора нам! Бо не было такой радасці ні ўчора, ні заўчора.
І спалохаліся Пілішчане, бо сказалі: «Бог прышоў да табару». І сказалі: «Бяда нам! бо ня было падобнага ані ўчорах, ані заўчора.
Гора нам! Хто нас уратуе ад рукі гэтых узвышніх багоў? Гэта тыя самыя багі, якія ўдарылі Егіпет усякай плягай у пустыні.
Бяда нам! хто выбаве нас ад рукі гэтых дужых Багоў? Гэта тыя Багове, Каторыя зразілі Ягіпцян усялякімі карамі на пустыні.
Умацуйцеся і будзьце мужнымі, філістынцы, каб не служылі вы гебраям, як яны служылі вам. Будзьце мужчынамі і ваюйце!»
Пасіліцеся а будзьце мужныя, Пілішчане, каб вам ня быць у няволі ў Гэбрэяў, як яны ў вас у няволі, і будзьце мужныя, і ваюйце».
І ваявалі філістынцы, і перамаглі Ізраэль, і кожны ўцёк у сваю палатку; і сталася кара гэтая надта вялікая, і ў Ізраэля палегла трыццаць тысяч пяхоты.
І ваявалі Пілішчане, і разьбіты былі Ізраелцы, і ўцяклі кажны да будану свайго, і была параза вельмі вялікая, і пала Ізраелцаў трыццаць тысячаў пяхотных.
І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Гэлі Хофні і Пінхас, памерлі забітыя.
І скрыня Божая была ўзята, і два сыны Ілевы памерлі — Гофні а Фінегас.
Адзін бэньямінец, што ўцёк з бою, дабраўся ў Сіло ў той дзень у раздзёртым адзенні і з абсыпанай пылам галавою.
І пабег адзін Венямінянін ізь месца бітвы, і прышоў да Шыла таго ж дня; і даўгія ўборы ягоныя разьдзертыя, і пыл на галаве ў яго.
Калі ён прыбег, Гэлі сядзеў на крэсле каля брамы, гледзячы на дарогу; бо трывожылася сэрца яго дзеля каўчэга Божага. Чалавек жа той, што прыйшоў, паведаміў гораду, і ўвесь горад загаласіў.
І прышоў ён, і вось, Іль сядзеў на седаве ля дарогі й назіраў, бо сэрца ягонае дрыжэла за скрыню Божую. І чалавек тый прышоў наказаць у месьце, і загаласіла ўсе места.
І пачуў Гэлі гук крыку, і спытаўся: «Што азначае гармідар гэты?» А той чалавек паспяшаўся, і прыйшоў і паведаміў Гэлі.
І пачуў Іль гук галашэньня, і сказаў: «Што гэта за гук гому?» І чалавек пабарзьдзіў, і прышоў, і сказаў Ілю.
А Гэлі меў дзевяноста восем гадоў, і вочы яго аслабелі, і ён не мог бачыць.
Ілю было дзевяцьдзясят восьмі год, і вочы ягоныя зацьмелі, і ён ня мог бачыць.
І ён сказаў Гэлі: «Я той, што прыбыў з месца бою, і я той, што вырваўся сёння з баявога строю». Ён яму сказаў: «Што сталася, сын мой?»
І сказаў тый чалавек Ілю: «Я тый, што прышоў з поля бітвы, і я з поля бітвы ўцёк сядні». І ён сказаў: «Што сталася, сыну мой?»
Адказваючы ж, той, хто паведамляў, сказаў: «Ізраэльцы ўцяклі перад філістынцамі, і вялікая пагібель сталася ў народзе; акрамя таго, і абодва сыны твае памерлі, Хофні і Пінхас, і каўчэг Божы ўзяты».
І адказаў ганец, і сказаў: «Уцёк Ізраель перад Пілішчанамі, і таксама параза вялікая сталася ў людзе, і таксама абодвы сыны твае памерлі, Гофні а Фінегас, і скрыня Божая ўзята».
І калі сказаў пра каўчэг Божы, Гэлі зваліўся з крэсла назад каля брамы і, зламаўшы сабе карак, памёр; бо ён быў чалавек стары і цяжкі; ён судзіў Ізраэль сорак гадоў.
І было, як менаваў ён скрыню Божую, то ўпаў Іль ізь седава плячыма на зямлю ля вугла брамы, зламіў сабе хрыбет і памер, бо ён быў стары й цяжкі. І ён судзіў Ізраеля сорак год.
А яго нявестка, жонка Пінхаса, была цяжарнай і мела хутка радзіць. І, калі даведалася, што каўчэг Божы ўзяты і што яе свёкар і яе муж памерлі, скурчылася і нарадзіла; бо прыйшлі на яе родавыя болі.
І нявестка ягоная, жонка Фінегасава, была цяжарная ўжо блізка раджэньня. І як учула яна ведамку праз узяцьця скрыні Божае і празь сьмерць сьвёкра свайго а мужа свайго, то ўклякла й нарадзіла, бо схапілі яе болі ейныя.
І калі канала, казалі ёй жанчыны, якія стаялі вакол яе: «Не бойся, ты нарадзіла сына». Яна не адказала ім, ані звярнула на іх увагі.
І як памірала яна, то казалі стаячыя ля яе жанкі: «Ня бойся! бо сына ты нарадзіла». Але яна не адказала й ня брала да сэрца свайго.
І назвала хлапчаня Іхабод, кажучы: «Адышла слава ад Ізраэля!» з прычыны ўзяцця каўчэга Божага, і з-за свёкра свайго, і з-за мужа свайго.
І назвала дзецянё: Іхавод, кажучы: «Палонена слава ад Ізраеля» — з узяцьцям скрыні Божае і сьвёкра ейнага й мужа ейнага.
І сказала: «Адышла слава ад Ізраэля, бо ўзяты каўчэг Божы».
Яна сказала: «Палонена слава ад Ізраеля, бо ўзята скрыня Божая».