Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Самуйлава 4 1 Самуйлава 4 разьдзел

1 І вышла слова Самуйлава да ўсёга Ізраеля. І выступілі Ізраелцы супроці Пілішчан на вайну, і разьлягліся табарам ля Евен-Езэру, а Пілішчане разьлягліся ля Афеку.
2 І зладзіліся Пілішчане супроці Ізраелцаў, і пашырылася бітва, і зражаны быў Ізраель перад Пілішчанамі, і былі пабіты на полю бітвы каля чатырох тысячаў чалавекаў.
3 І прышоў люд да табару; і сказалі старцы Ізраелявы: «Чаму зразіў нас СПАДАР сядні перад Пілішчанамі? Возьмем сабе із Шыла скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, і яна прыйдзе ўпрымеж нас, і выбаве нас ад рукі варагоў нашых».
4 І паслаў люд да Шыла, і панесьлі стуль скрыню змовы СПАДАРА войскаў, Каторы сядзіць на херувах; і там два сыны Ілевы із скрыняю змовы Божае, Гофні а Фінегас.
5 І як прыбыла скрыня змовы СПАДАРОВАЕ да табару, то падняў увесь Ізраель вялікі крык, і загудзела зямля.
6 І пачулі Пілішчане гук гэнага крыку, і сказалі: «Што за гук вялікага крыку ў табару гэбрэйскім?» І яны сьцямілі, што скрыня СПАДАРОВА прыбыла та дабару.
7 І спалохаліся Пілішчане, бо сказалі: «Бог прышоў да табару». І сказалі: «Бяда нам! бо ня было падобнага ані ўчорах, ані заўчора.
8 Бяда нам! хто выбаве нас ад рукі гэтых дужых Багоў? Гэта тыя Багове, Каторыя зразілі Ягіпцян усялякімі карамі на пустыні.
9 Пасіліцеся а будзьце мужныя, Пілішчане, каб вам ня быць у няволі ў Гэбрэяў, як яны ў вас у няволі, і будзьце мужныя, і ваюйце».
10 І ваявалі Пілішчане, і разьбіты былі Ізраелцы, і ўцяклі кажны да будану свайго, і была параза вельмі вялікая, і пала Ізраелцаў трыццаць тысячаў пяхотных.
11 І скрыня Божая была ўзята, і два сыны Ілевы памерлі — Гофні а Фінегас.
12 І пабег адзін Венямінянін ізь месца бітвы, і прышоў да Шыла таго ж дня; і даўгія ўборы ягоныя разьдзертыя, і пыл на галаве ў яго.
13 І прышоў ён, і вось, Іль сядзеў на седаве ля дарогі й назіраў, бо сэрца ягонае дрыжэла за скрыню Божую. І чалавек тый прышоў наказаць у месьце, і загаласіла ўсе места.
14 І пачуў Іль гук галашэньня, і сказаў: «Што гэта за гук гому?» І чалавек пабарзьдзіў, і прышоў, і сказаў Ілю.
15 Ілю было дзевяцьдзясят восьмі год, і вочы ягоныя зацьмелі, і ён ня мог бачыць.
16 І сказаў тый чалавек Ілю: «Я тый, што прышоў з поля бітвы, і я з поля бітвы ўцёк сядні». І ён сказаў: «Што сталася, сыну мой?»
17 І адказаў ганец, і сказаў: «Уцёк Ізраель перад Пілішчанамі, і таксама параза вялікая сталася ў людзе, і таксама абодвы сыны твае памерлі, Гофні а Фінегас, і скрыня Божая ўзята».
18 І было, як менаваў ён скрыню Божую, то ўпаў Іль ізь седава плячыма на зямлю ля вугла брамы, зламіў сабе хрыбет і памер, бо ён быў стары й цяжкі. І ён судзіў Ізраеля сорак год.
19 І нявестка ягоная, жонка Фінегасава, была цяжарная ўжо блізка раджэньня. І як учула яна ведамку праз узяцьця скрыні Божае і празь сьмерць сьвёкра свайго а мужа свайго, то ўклякла й нарадзіла, бо схапілі яе болі ейныя.
20 І як памірала яна, то казалі стаячыя ля яе жанкі: «Ня бойся! бо сына ты нарадзіла». Але яна не адказала й ня брала да сэрца свайго.
21 І назвала дзецянё: Іхавод, кажучы: «Палонена слава ад Ізраеля» — з узяцьцям скрыні Божае і сьвёкра ейнага й мужа ейнага.
22 Яна сказала: «Палонена слава ад Ізраеля, бо ўзята скрыня Божая».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Самуйлава, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.