1 царстваў 23 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Паведамілі Давіду, кажучы: вось, Філістымляне напалі на Кэіль і рабуюць гумны.
І паведамілі Давіду, кажучы: «Вось, Філістынцы напалі на Кейлю і рабуюць гумны».
І спытаўся Давід у Госпада. кажучы: ці ісьці мне, і ці паб’ю я гэтых Філістымлянаў? І адказваў Гасподзь Давіду: ідзі, ты паб’еш Філістымлянаў і выратуеш Кэіль.
І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці ісьці і ўдарыць на Філістынцаў гэтых?» І сказаў ГОСПАД Давіду: «Ідзі, і нападзі на Філістынцаў гэтых, і вызвалі Кейлю».
Але тыя, што былі з Давідам, сказалі яму: вось, мы баімся тут у Юдэі, як жа нам ісьці ў Кэіль супроць рушэньняў Філістымскіх?
І сказалі людзі Давіда яму: «Вось, мы тут у Юдэі жывем у страху, і мы пойдзем у Кейлю на дружыны Філістынскія?»
Тады зноў спытаў Давід у Госпада, і адказваў яму Гасподзь і сказаў: устань і йдзі ў Кэіль, бо Я перадам Філістымлянаў у рукі твае.
І Давід зноў пытаўся ў ГОСПАДА, і ГОСПАД адказаў яму, і сказаў: «Уставай і ідзі ў Кейлю, бо Я аддам Філістынцаў у рукі твае».
І пайшоў Давід зь людзьмі сваімі ў Кэіль, і ваяваў зь Філістымлянамі, і забраў быдла іхняе, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і выратаваў Давід жыхароў Кэіля.
І пайшоў Давід і людзі ягоныя ў Кейлю, і ваявалі супраць Філістынцаў, і забралі жывёлу іхнюю, і ўчынілі ім вялікую паразу, і вызваліў Давід жыхароў Кейлі.
Калі Авіятар, сын Ахімэлэхаў, прыбег да Давіда ў Кэіль, дык прынёс з сабою і наплечнік.
І было, што Абіятар, сын Ахімэлеха, уцёк да Давіда ў Кейлю, і ён зыйшоў з эфодам у руцэ сваёй.
І данесьлі Саўлу, што Давід прыйшоў у Кэіль, і Саўл сказаў: Бог аддаў яго ў рукі мае, бо ён замкнуўся, увайшоўшы ў горад з брамамі і замкамі.
І паведамілі Саўлу, што Давід прыйшоў у Кейлю, і сказаў Саўл: «Аддаў яго Бог у рукі мае, бо ўваходзячы ў горад, які мае брамы і запоры, ён сам замкнуў сябе».
І склікаў Саўл увесь народ на вайну, каб ісьці да Кэіля, аблажыць Давіда і людзей ягоных.
І склікаў Саўл увесь народ на вайну, каб ісьці ў Кейлю і аблягаць Давіда і людзей ягоных.
Калі даведаўся Давід, што Саўл намысьліў супроць яго ліхое, сказаў сьвятару Авіятару: прынясі наплечнік.
І даведаўся Давід, што Саўл патаемна рыхтуе яму зло, і сказаў Абіятару сьвятару: «Прынясі эфод».
І сказаў Давід: Госпадзе Божа Ізраілеў! Раб твой пачуў, што Саўл хоча прыйсьці ў Кэіль, спустошыць горад празь мяне.
І сказаў Давід: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, слуга твой, чуючы, пачуў, што Саўл мае намер прыйсьці ў Кейлю, каб зруйнаваць горад з маёй прычыны.
Ці аддадуць мяне жыхары Кэіля ў рукі яму? І ці прыйдзе сюды Саўл, як чуў раб Твой? Госпадзе Божа Ізраілеў! адкрый рабу Твайму. І сказаў Гасподзь: прыйдзе.
Ці аддадуць мяне гаспадары Кейлі ў рукі ягоныя? Ці прыйдзе Саўл, як чуў слуга твой? ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, адкажы слузе твайму». І сказаў ГОСПАД: «Прыйдзе».
І сказаў Давід: ці аддадуць жыхары Кэіля мяне і людзей маіх у рукі Саўлу? І сказаў Гасподзь: аддадуць.
І спытаўся Давід: «Ці выдадуць мяне і людзей маіх гаспадары Кейлі ў рукі Саўла?» ГОСПАД сказаў: «Выдадуць».
Тады падняўся Давід і людзі ягоныя, каля шасьцісот чалавек, і выйшлі з Кэіля і хадзілі, дзе маглі. А Саўлу было данесена, што Давід уцёк з Кэіля, і тады ён адмяніў паход.
І ўстаў Давід і людзі ягоныя лікам каля шасьцісот, і выйшлі з Кейлі, і хадзілі, дзе маглі. І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк з Кейлі, і ён адклікаў выправу.
А Давід заставаўся ў пустыні ў недаступных мясьцінах і потым на гары ў пустыні Зіф. А Саўл шукаў яго кожны дзень; але Бог не аддаў Давіда ў рукі ягоныя.
І быў Давід у пустыні ў недасяжных месцах, і пасяліўся ў гарах у пустыні Зіф. А Саўл шукаў яго ўсе дні, але Бог ня выдаў [Давіда] ў рукі ягоныя.
І бачыў Давід, што Саўл выйшаў шукаць душы ягонай; а Давід быў у пустыні Зіф у лесе.
І ўбачыў Давід, што Саўл вырушыў і шукае душу ягоную, а ён быў у пустыні Зіф у Харэшы.
І ўстаў Ёнатан, сын Саўлаў, і прыйшоў да Давіда ў лес, і ўмацаваў яго спадзяваньнем на Бога,
І ўстаў Ёнатан, сын Саўла, і прыйшоў да Давіда ў Харэш, і ўмацаваў яго ў Богу,
і сказаў яму: ня бойся, бо ня знойдзе цябе рука бацькі майго Саўла, і ты будзеш цараваць над Ізраілем, а я буду другі пасьля цябе; і Саўл, бацька мой, ведае гэта.
і сказаў яму: «Ня бойся, ня знойдзе цябе рука Саўла, бацькі майго, і ты будзеш валадарыць над Ізраілем, а я буду другім пасьля цябе. І вось, Саўл, бацька мой, ведае гэта».
І паклалі яны паміж сабою заруку прад абліччам Госпада; і Давід застаўся ў лесе, а Ёнатан пайшоў у дом свой.
І абодва яны заключылі запавет перад абліччам ГОСПАДА. І Давід застаўся ў Харэшы, а Ёнатан вярнуўся ў дом свой.
І прыйшлі Зіфэі да Саўла ў Гіву, кажучы: вось, Давід хаваецца ў нас у недаступных мясьцінах, у лесе, на пагорку Гэхіла, што направа ад Есімона;
І пайшлі Зіфейцы да Саўла ў Гіву, кажучы: «Давід хаваецца каля нас у недасяжных месцах у Харэшы, на ўзгорышчы Хахіля, на поўдні пусткі.
дык вось, па жаданьні душы тваёй, цару, ідзі; а нашым чынам будзе аддаць яго ў рукі цара.
І цяпер, валадару, калі душа твая пажадае, зыходзячы, зыходзь, а мы выдадзім яго ў рукі валадара».
І сказаў ім Саўл: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што пашкадавалі мяне;
І сказаў Саўл: «Няхай дабраславіць вас ГОСПАД, бо вы спачуваеце мне.
ідзеце, упэўніцеся яшчэ і высачыце месца ягонае, дзе будзе нага ягоная, і хто бачыў яго там, бо мне кажуць, што ён вельмі хітры;
Ідзіце і праверце ўсё яшчэ раз, і даведайцеся, і агледзьце месца, у якім стопы ягоныя, і хто яго там бачыў. Бо казалі мне, што ён вельмі хітры.
і высачыце, і разьведайце ўсе ягоныя сховішчы, у якіх ён тоіцца, і вярнецеся да мяне з пэўнаю весткаю, і я пайду з вамі; і калі ён у гэтай зямлі, я буду шукаць яго ва ўсіх тысячах Юдавых.
І пабачце, і выведайце ўсе сховы ягоныя, у якіх ён хаваецца, і вярніцеся да мяне, ведаючы месца, і я пайду з вамі. І калі ён будзе ў зямлі гэтай, я буду шукаць яго ў-ва ўсіх тысячах Юды».
І ўсталі яны і пайшлі ў Зіф раней за Саўла. А Давід і людзі ягоныя былі ў пустыні Маон, на раўніне, направа ад Есімона.
І яны ўсталі і пайшлі ў Зіф перад абліччам Саўла. А Давід і людзі ягоныя былі ў пустыні Маон, у Арабе на поўдні пусткі.
І пайшоў Саўл зь людзьмі сваімі шукаць яго. Але Давіду паведамілі пра гэта, і ён перайшоў да скалы і заставаўся ў пустыні Маон. І дачуўся Саўл і пагнаўся за Давідам у пустыню Маон.
І пайшоў Саўл з людзьмі сваімі шукаць [Давіда]. І паведамілі Давіду [пра гэта], і ён зыйшоў са скалы, і застаўся ў пустыні Маон. А Саўл пачуў [пра гэта] і гнаўся за Давідам у пустыні Маон.
І йшоў Саўл па адным баку гары, а Давід зь людзьмі сваімі быў па другі бок гары. І калі Давід сьпяшаўся ўцячы ад Саўла, а Саўл зь людзьмі сваімі ішоў у абыход Давіду і людзям ягоным, каб захапіць іх,
І ішоў Саўл па адным баку гары, а Давід з людзьмі сваімі былі на другім баку гары. І Давід пасьпешліва ўцякаў ад аблічча Саўла, а Саўл з людзьмі сваімі [намагаўся] атачыць Давіда і людзей ягоных, каб злавіць іх.
тады прыйшоў да Саўла вястун, кажучы: сьпяшайся і прыходзь, бо Філістымляне напалі на зямлю.
І прыйшоў пасланец да Саўла, кажучы: «Сьпяшайся вярнуцца, бо Філістынцы напалі на зямлю».
І вярнуўся Саўл ад перасьледу Давідавага і пайшоў насустрач Філістымлянам; таму і назвалі гэтую мясьціну: Сэла-Гамахлэкот.
І Саўл вярнуўся з пагоні за Давідам, і выйшаў супраць Філістынцаў. Дзеля таго назвалі месца тое Сэля-Гаммахлекот.