1 царстваў 10 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І ўзяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе на кіраўніка спадчыны Сваёй:
І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго, і сказаў: «Вось, памазаў цябе ГОСПАД на правадыра спадчыны Сваёй.
калі ты цяпер пойдзеш ад мяне, дык сустрэнеш двух чалавек паблізу магілы Рахілі, на межах Веньямінавых, у Цэлцаху, і яны скажуць табе: знайшліся асьліцы, якіх ты хадзіў шукаць, і вось бацька твой, забыўшы пра асьліц, непакоіцца за вас, кажучы: што з сынам маім?
Калі пойдзеш сёньня ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Рахелі, недалёка ад мяжы Бэн’яміна, у Цэльцаху. Яны скажуць табе: “Знайшліся асьліцы, якіх ты пайшоў шукаць. А бацька твой, забыўшыся пра асьліцаў, хвалюецца за вас, кажучы: "Што сталася з сынам маім?"”
і пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Фаворскай, і сустрэнуць цябе там тры чалавекі, што ісьцімуць да Бога ў Вэтыль: адзін нясе тры казьляняткі, другі нясе тры хлябы, а трэці нясе мех зь віном;
Калі пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Табор, сустрэнуць цябе тры мужчыны, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несьці трох казьлянят, другі будзе несьці тры круглыя хлябы, а трэці будзе несьці буклак віна.
і будуць яны цябе вітаць і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш з рук іхніх.
Яны прывітаюць цябе і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш іх з рук іхніх.
Пасьля таго ты прыйдзеш на пагорак Божы, дзе ахоўны атрад Філістымскі; і калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш гурт прарокаў, што сыходзіцьмуць з вышыні, і перад імі псалтыр і тымпан, і жалейка і гусьлі, і яны прарочаць;
І прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзяцца Філістынцы. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, якія зыходзяць з узгорку, а перад імі псалтыры, бубны, жалейкі і гусьлі, а самі яны будуць прарочыць.
і сыйдзе на цябе Дух Гасподні, і ты будзеш прарочыць зь імі і зробішся іншым чалавекам.
І зыйдзе на цябе Дух ГОСПАДА, і ты будзеш прарочыць разам з імі, і станеш чалавекам іхнім.
Калі гэтыя азнакі збудуцца з табою, тады рабі, што можа рука твая, бо з табою Бог.
Калі зьдзейсьняцца ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо ГОСПАД будзе з табою.
І ты пайдзі раней за мяне ў Галгал, куды і я прыйду да цябе дзеля прынясеньня цэласпаленьня і мірных ахвяраў; сем дзён чакай, пакуль я ня прыйду да цябе, і тады пакажу табе, што табе рабіць.
І пойдзеш ты перад абліччам маім у Гільгал, а я прыйду да цябе, каб скласьці ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя. Чакай мяне сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе, каб навучыць цябе, што маеш рабіць».
Як толькі Саўл павярнуўся, каб ісьці ад Самуіла, Бог даў яму іншае сэрца, і збыліся ўсе тыя азнакі ў той самы дзень.
І калі Саўл павярнуўся, каб адыйсьці ад Самуэля, Бог зьмяніў сэрца ягонае на іншае, і ў гэты ж дзень зьдзейсьніліся ўсе знакі гэтыя.
Калі прыйшлі яны да пагорка, вось сустракаецца ім гурт прарокаў, і сышоў на яго Дух Божы, і ён прарочыў сярод іх.
І прыйшлі яны адтуль у Гіву, і вось грамада прарокаў выйшла насустрач яму. І зыйшоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарочыць між імі.
Усе, хто ведаў яго ўчора і заўчора, убачыўшы, што ён з прарокамі прарочыць, казалі ў народзе адзін аднаму: што гэта сталася з сынам Кісавым? няўжо і Саўл у прароках?
І калі ўсе, якія яго ведалі ўчора і пазаўчора, убачылі, што ён прарочыць разам з прарокамі, пыталіся адзін аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіша? Няўжо і Саўл між прарокаў?»
І адказваў адзін з тых, што былі там, і сказаў: а ў тых, хто бацька. Таму ўвайшло ў прымаўку: няўжо і Саўл у прароках?
І адказаў чалавек тамтэйшы, і сказаў: «Хто бацька іхні?» Дзеля таго зьявілася прымаўка: «Няўжо і Саўл між прарокаў?»
І перастаў ён прарочыць і пайшоў на вышыню.
І скончыў ён прарочыць, і пайшоў на ўзгорак.
І сказаў дзядзька Саўлаў яму і слузе ягонаму: куды вы хадзілі? Ён сказаў: шукаць асьліц, але, бачачы, што іх няма, зайшлі да Самуіла.
І спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў слугі ягонага: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асьліцаў. А калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля».
І сказаў дзядзька Саўлаў: раскажы мне, што сказаў вам Самуіл.
І сказаў дзядзька Саўла: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?»
І сказаў Саўл дзядзьку свайму: ён абвясьціў нам, што асьліцы знайшліся. А таго, што сказаў яму Самуіл пра царства, не адкрыў яму.
І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асьліцы». А адносна размовы пра валадараньне, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму.
І склікаў Самуіл народ да Госпада ў Масіфу
І склікаў Самуэль народ да ГОСПАДА ў Міцпу,
і сказаў сынам Ізраілевым: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў Ізраіля зь Егіпта і выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і ад рукі ўсіх царстваў, што прыгняталі вас.
і сказаў сынам Ізраіля: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў Ізраіля з Эгіпту, Я выратаваў вас з рук Эгіпцянаў, і з рук усіх валадарстваў, якія зьдзекваліся над вамі.
А вы цяпер адкінулі Бога вашага, Які ратуе вас ад усіх бедстваў вашых і смуткаў вашых, і сказалі Яму: цара пастаў над намі. Дык вось станьце прад Госпадам паводле плямёнаў вашых і паводле родаў вашых.
А вы сёньня адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усялякіх бедаў і трывогаў вашых, і сказалі: "Пастаў над намі валадара!"” Дык цяпер станьце перад абліччам ГОСПАДА паводле каленаў вашых і тысячаў вашых».
І загадаў Самуіл падыходзіць усім плямёнам Ізраілевым, і ўказана племя Веньямінава.
І загадаў Самуэль падыходзіць усім каленам Ізраіля, і выпала жэрабя на калена Бэн’яміна.
І загадаў падыходзіць племю Веньямінаваму паводле родаў яго і ўказаны род Матрыеў; і прыводзяць род Матрыеў па мужчынах, і названы Саўл, сын Кісаў; і шукалі яго і не знаходзілі.
І загадаў Самуэль падыходзіць калену Бэн’яміна паводле сем’яў сваіх, і жэрабя выпала на сям’ю Матры, і быў выбраны Саўл, сын Кіша. І шукалі яго, але не маглі знайсьці.
І спыталіся яшчэ ў Госпада: ці прыйдзе ён яшчэ сюды? І сказаў Гасподзь: вось ён хаваецца ў абозе.
І спыталіся ў ГОСПАДА: «Ці чалавек гэты прыйшоў сюды?» І ГОСПАД сказаў: «Ён хаваецца сярод рэчаў [у табары]».
І пабеглі і ўзялі яго адтуль, і ён стаў сярод народу і быў ад плячэй сваіх вышэйшы за ўвесь народ.
І пабеглі, і прывялі яго адтуль. І стаў ён пасярод народу, і перавышаў ён увесь народ на галаву.
І сказаў Самуіл усяму народу: ці бачыце, каго выбраў Гасподзь? падобнага да яго няма ва ўсім народзе. Тады ўвесь народ усклікнуў і сказаў: хай жыве цар!
І сказаў Самуэль усяму народу: «Ці бачыце таго, каго выбраў ГОСПАД? Бо няма яму роўнага ў-ва ўсім народзе». І ўвесь народ загаманіў: «Няхай жыве валадар!»
І выклаў Самуіл народу правы царства, і напісаў кнігу, і паклаў прад Госпадам. І адпусьціў увесь народ, кожнага ў дом свой.
І абвясьціў Самуэль народу пастанову адносна валадара, і запісаў гэта ў кнігу, і палажыў яе перад абліччам ГОСПАДА. І адпусьціў Самуэль увесь народ, кожнага ў дом свой.
Таксама і Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву; і пайшлі зь ім адважныя, сэрца якіх крануўся Бог.
Таксама Саўл пайшоў у дом свой у Гіве. І пайшлі з ім ваяры, сэрцаў якіх дакрануўся Бог.
А нягодныя людзі казалі: ці ж яму ратаваць нас? І пагардзілі ім і не паднесьлі яму дарункаў. Але ён як бы не заўважаў таго.
А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынесьлі яму падарункаў, але ён не зьвяртаў на гэта ўвагі.