1 царстваў 10 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І ўзяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе на кіраўніка спадчыны Сваёй:
 
І ўзяў Самуйла жбанок алівы, і выліў на галаву яму, і пацалаваў яго, і сказаў: «Ці ня так, што памазаў цябе СПАДАР над спадкам сваім за князя?

калі ты цяпер пойдзеш ад мяне, дык сустрэнеш двух чалавек паблізу магілы Рахілі, на межах Веньямінавых, у Цэлцаху, і яны скажуць табе: знайшліся асьліцы, якіх ты хадзіў шукаць, і вось бацька твой, забыўшы пра асьліц, непакоіцца за вас, кажучы: што з сынам маім?
 
І як ты цяпер пойдзеш ад мяне, то стрэнеш двух чалавекаў ля гробу Рахелінага, у зямлі Веняміновай, у Цэлцазе, і яны скажуць табе: "Знайшліся асьліцы, каторых ты хадзіў шукаць, і вось, айцец твой пакінуў справу асьліцаў і парушаецца праз вас, кажучы: ’Што я зраблю із сынам сваім?’"

і пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Фаворскай, і сустрэнуць цябе там тры чалавекі, што ісьцімуць да Бога ў Вэтыль: адзін нясе тры казьляняткі, другі нясе тры хлябы, а трэці нясе мех зь віном;
 
І зьменіш дарогу адтуль і далей, прыйдзеш аж да дубровы Таборскае, і знойдуць цябе там тры чалавекі, што ўзыходзяць да Бога, да Бэт-Элю: адзін нясець трое казянят, і адзін нясець тры букаткі хлеба, і адзін нясець скураны мех ізь віном.

і будуць яны цябе вітаць і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш з рук іхніх.
 
І прывецяць яны цябе супакоям, і дадуць табе дзьве букаткі хлеба, і ты возьмеш із рук іхных.

Пасьля таго ты прыйдзеш на пагорак Божы, дзе ахоўны атрад Філістымскі; і калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш гурт прарокаў, што сыходзіцьмуць з вышыні, і перад імі псалтыр і тымпан, і жалейка і гусьлі, і яны прарочаць;
 
Просьле гэтага прыйдзеш на ўзгорак Божы, ідзе старожа Пілісцкая; і як ўзыйдзеш там у места, то стрэнеш груд прарокаў, што зыходзяць із вышыні, і перад імі псалтыр а бубён а дуда а гусьлі, і яны праракаюць.

і сыйдзе на цябе Дух Гасподні, і ты будзеш прарочыць зь імі і зробішся іншым чалавекам.
 
І нойдзе на цябе Дух СПАДАРОЎ, і ты будзеш праракаць зь імі, і абернешся ў накшага чалавека.

Калі гэтыя азнакі збудуцца з табою, тады рабі, што можа рука твая, бо з табою Бог.
 
І як гэтыя знакі стануцца табе, тады рабі, што знойдзе рука твая, бо Бог із табою.

І ты пайдзі раней за мяне ў Галгал, куды і я прыйду да цябе дзеля прынясеньня цэласпаленьня і мірных ахвяраў; сем дзён чакай, пакуль я ня прыйду да цябе, і тады пакажу табе, што табе рабіць.
 
І ты зыйдзеш уперад за мяне да Ґілґалу, і вось, я зыйду да цябе, каб узьнесьці ўсепаленьне й абракаць аброкі супакойныя. Сем дзён жджы, пакуль я ня прыйду да цябе, і я скажу табе, што табе рабіць».

Як толькі Саўл павярнуўся, каб ісьці ад Самуіла, Бог даў яму іншае сэрца, і збыліся ўсе тыя азнакі ў той самы дзень.
 
І сталася, як ён абярнуў плечы свае, каб ісьці ад Самуйлы, што знакшыў яму Бог сэрца ягонае на другое, і прышлі на яго ўсі тыя знакі таго ж дня.

Калі прыйшлі яны да пагорка, вось сустракаецца ім гурт прарокаў, і сышоў на яго Дух Божы, і ён прарочыў сярод іх.
 
І прышлі яны туды на ўзгорак, і вось, груд прарокаў наўпярэймы яму, і зышоў на яго Дух Божы, і ён праракаў сярод іх.

Усе, хто ведаў яго ўчора і заўчора, убачыўшы, што ён з прарокамі прарочыць, казалі ў народзе адзін аднаму: што гэта сталася з сынам Кісавым? няўжо і Саўл у прароках?
 
І сталася, што ўсі, зналыя яго ад учорах а заўчора, абачыўшы, і вось, ён із прарокамі праракае, гукалі ў людзе адзін аднаму: «Што гэта сталася зь Кішанком? нягож і Саўла ў прароках?»

І адказваў адзін з тых, што былі там, і сказаў: а ў тых, хто бацька. Таму ўвайшло ў прымаўку: няўжо і Саўл у прароках?
 
І адказаў адзін із былых тамака, і сказаў: «А хто ацец іхны?» Затым стала прыказяй: «Няго ж і Саўла ў прароках?»

І перастаў ён прарочыць і пайшоў на вышыню.
 
І перастаў ён праракаць, і пайшоў на вышыню.

І сказаў дзядзька Саўлаў яму і слузе ягонаму: куды вы хадзілі? Ён сказаў: шукаць асьліц, але, бачачы, што іх няма, зайшлі да Самуіла.
 
І сказаў дзядзька Саўлаў яму а дзяцюку ягонаму: «Куды вы хадзілі?» Ён сказаў: «Шукаць асьліцаў, але, бачачы, што няма, то зайшліся да Самуйлы».

І сказаў дзядзька Саўлаў: раскажы мне, што сказаў вам Самуіл.
 
І сказаў дзядзька Саўлу: «Скажы ж імне, што сказаў вам Самуйла?»

І сказаў Саўл дзядзьку свайму: ён абвясьціў нам, што асьліцы знайшліся. А таго, што сказаў яму Самуіл пра царства, не адкрыў яму.
 
І сказаў Саўла дзядзьку свайму: «Ён выразьліва паведаміў нам, што асьліцы знайшліся». А праз гаспадарства не паведаміў яму, што сказаў Самуйла.

І склікаў Самуіл народ да Госпада ў Масіфу
 
І згукаў Самуйла люд да СПАДАРА да Міцпы,

і сказаў сынам Ізраілевым: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў Ізраіля зь Егіпта і выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і ад рукі ўсіх царстваў, што прыгняталі вас.
 
І сказаў сыном Ізраелявым: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я ўзьвёў Ізраеля зь Ягіпту, і выбавіў вас ад рукі Ягіпцян і ад рукі ўсіх гаспадарстваў, што ўціскалі вас";

А вы цяпер адкінулі Бога вашага, Які ратуе вас ад усіх бедстваў вашых і смуткаў вашых, і сказалі Яму: цара пастаў над намі. Дык вось станьце прад Госпадам паводле плямёнаў вашых і паводле родаў вашых.
 
А вы цяпер адхінулі Бога свайго, Каторы выбаўляе вас ад усялякага ліха вашага і ўціскаў вашых, і сказалі яму: "Не, але караля пастанаві над намі!" Дык станьце цяпер перад СПАДАРОМ подле плямёнаў сваіх і подле тысячаў сваіх».

І загадаў Самуіл падыходзіць усім плямёнам Ізраілевым, і ўказана племя Веньямінава.
 
І дабліжыў Самуйла ўсі плямёны Ізраелявы, і было ўзята плямя Венямінова.

І загадаў падыходзіць племю Веньямінаваму паводле родаў яго і ўказаны род Матрыеў; і прыводзяць род Матрыеў па мужчынах, і названы Саўл, сын Кісаў; і шукалі яго і не знаходзілі.
 
І дабліжыў плямя Венямінова подле радзімаў іхных, і была ўзята радзіма Матрава, і быў узяты Саўла Кішанок; і шукалі яго, і не знайшлі.

І спыталіся яшчэ ў Госпада: ці прыйдзе ён яшчэ сюды? І сказаў Гасподзь: вось ён хаваецца ў абозе.
 
І пыталіся яшчэ ў СПАДАРА: «Ці прыйдзе яшчэ сюды гэты чалавек?» І сказаў СПАДАР: «Вось, ён хаваецца памеж рэчаў».

І пабеглі і ўзялі яго адтуль, і ён стаў сярод народу і быў ад плячэй сваіх вышэйшы за ўвесь народ.
 
І пабеглі, і ўзялі яго стуль, і ён стаў сярод люду, і быў ад плячоў сваіх вышшы за ўвесь люд.

І сказаў Самуіл усяму народу: ці бачыце, каго выбраў Гасподзь? падобнага да яго няма ва ўсім народзе. Тады ўвесь народ усклікнуў і сказаў: хай жыве цар!
 
І сказаў Самуйла ўсяму люду: «Ці бачыце, што яго абраў СПАДАР? бо няма падобнага да яго памеж усяго люду». Тады ўвесь люд гукаў і сказаў: «Няхай жывець кароль!»

І выклаў Самуіл народу правы царства, і напісаў кнігу, і паклаў прад Госпадам. І адпусьціў увесь народ, кожнага ў дом свой.
 
І гукаў Самуйла люду суды гаспадарства, і напісаў у кнігу, і палажыў перад СПАДАРОМ. І адпусьціў Самуйла ўвесь люд, кажнага да дому свайго.

Таксама і Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву; і пайшлі зь ім адважныя, сэрца якіх крануўся Бог.
 
Таксама й Саўла пайшоў да дому свайго, да Ґівеі: і пайшло зь ім войска, да каторых сэрца Бог даткнуўся.

А нягодныя людзі казалі: ці ж яму ратаваць нас? І пагардзілі ім і не паднесьлі яму дарункаў. Але ён як бы не заўважаў таго.
 
А сынове Веляла гукалі: «Што, ці гэты выбаве нас?» І пагрэбавалі ім, і ня прынесьлі яму дару; але ён быў быццам глухі.