1 царстваў 10 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І ўзяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе на кіраўніка спадчыны Сваёй:
І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на яго галаву, і, пацалаваўшы яго, сказаў: «Вось, памазаў цябе Госпад на кіраўніка над народам Сваім, над Ізраэлем. І ты будзеш кіраваць народам Госпадавым, і ты вызваліш яго з рук ворагаў яго, якія яго абкружаюць. І гэта табе знак, бо памазаў цябе Бог на кіраўніка над спадчынай Яго:
калі ты цяпер пойдзеш ад мяне, дык сустрэнеш двух чалавек паблізу магілы Рахілі, на межах Веньямінавых, у Цэлцаху, і яны скажуць табе: знайшліся асьліцы, якіх ты хадзіў шукаць, і вось бацька твой, забыўшы пра асьліц, непакоіцца за вас, кажучы: што з сынам маім?
калі пойдзеш сёння ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Ракелі, у межах Бэньяміна, і яны скажуць табе: “Знайшліся асліцы, якіх ты пайшоў шукаць; і бацька твой, забыўшыся пра асліц, хвалюецца за вас і кажа: “Што зрабіў я з сынам маім?”
і пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Фаворскай, і сустрэнуць цябе там тры чалавекі, што ісьцімуць да Бога ў Вэтыль: адзін нясе тры казьляняткі, другі нясе тры хлябы, а трэці нясе мех зь віном;
І калі пойдзеш адтуль, і далей пройдзеш, і прыйдзеш да дуба ў Таборы, там сустрэнуць цябе трое мужчын, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несці трох казлянят, і другі будзе несці тры круглыя хлябы, і трэці будзе несці бурдзюк віна.
і будуць яны цябе вітаць і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш з рук іхніх.
І калі прывітаюць яны цябе, дадуць табе два боханы хлеба, і ты возьмеш іх з рук іх.
Пасьля таго ты прыйдзеш на пагорак Божы, дзе ахоўны атрад Філістымскі; і калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш гурт прарокаў, што сыходзіцьмуць з вышыні, і перад імі псалтыр і тымпан, і жалейка і гусьлі, і яны прарочаць;
Затым прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзіцца стаянка філістынцаў. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, што сыходзяць з узгорка, і перад імі арфы, тымпаны, бубны і гуслі, і самі яны будуць прарочыць.
і сыйдзе на цябе Дух Гасподні, і ты будзеш прарочыць зь імі і зробішся іншым чалавекам.
І ўвойдзе ў цябе Дух Госпадаў, і ты будзеш прарочыць разам з імі, і ператворышся ў другога чалавека.
Калі гэтыя азнакі збудуцца з табою, тады рабі, што можа рука твая, бо з табою Бог.
Такім чынам, калі здзейсняцца для цябе ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо Госпад будзе з табою.
І ты пайдзі раней за мяне ў Галгал, куды і я прыйду да цябе дзеля прынясеньня цэласпаленьня і мірных ахвяраў; сем дзён чакай, пакуль я ня прыйду да цябе, і тады пакажу табе, што табе рабіць.
І пойдзеш ты перада мной у Галгал. А я прыйду да цябе, каб скласці ахвяры цэласпалення і каб прынесці ахвяру прымірэння. Чакай сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе і навучу цябе, што маеш рабіць».
Як толькі Саўл павярнуўся, каб ісьці ад Самуіла, Бог даў яму іншае сэрца, і збыліся ўсе тыя азнакі ў той самы дзень.
І як толькі Саўл павярнуўся, каб адысці ад Самуэля, Бог змяніў сэрца яго на іншае, і ў той дзень здзейсніліся ўсе гэтыя знакі.
Калі прыйшлі яны да пагорка, вось сустракаецца ім гурт прарокаў, і сышоў на яго Дух Божы, і ён прарочыў сярод іх.
І прыйшлі яны адтуль у Габу, і вось, грамада прарокаў выйшла насустрач яму; і сышоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарарочыць між іх.
Усе, хто ведаў яго ўчора і заўчора, убачыўшы, што ён з прарокамі прарочыць, казалі ў народзе адзін аднаму: што гэта сталася з сынам Кісавым? няўжо і Саўл у прароках?
Калі ж усе, хто яго ведаў учора і заўчора, убачылі, што ён знаходзіцца з прарокамі і прарочыць, пыталіся адзін у аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіса? Няўжо і Саўл між прарокаў?»
І адказваў адзін з тых, што былі там, і сказаў: а ў тых, хто бацька. Таму ўвайшло ў прымаўку: няўжо і Саўл у прароках?
І адазваўся чалавек тутэйшы, кажучы: «А хто іх бацька?» Таму нарадзілася прымаўка: «Ці і Саўл між прарокамі?»
І перастаў ён прарочыць і пайшоў на вышыню.
А ён перастаў прарочыць і пайшоў на ўзгорак,
І сказаў дзядзька Саўлаў яму і слузе ягонаму: куды вы хадзілі? Ён сказаў: шукаць асьліц, але, бачачы, што іх няма, зайшлі да Самуіла.
і спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў паслугача яго: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асліц; калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля».
І сказаў дзядзька Саўлаў: раскажы мне, што сказаў вам Самуіл.
І сказаў яму дзядзька яго: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?»
І сказаў Саўл дзядзьку свайму: ён абвясьціў нам, што асьліцы знайшліся. А таго, што сказаў яму Самуіл пра царства, не адкрыў яму.
І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асліцы». А адносна размовы аб цараванні, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму.
І склікаў Самуіл народ да Госпада ў Масіфу
І склікаў Самуэль народ да Госпада ў Міцпу,
і сказаў сынам Ізраілевым: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў Ізраіля зь Егіпта і выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і ад рукі ўсіх царстваў, што прыгняталі вас.
і сказаў сынам Ізраэля: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: Я вывеў Ізраэль з Егіпта і Я выратаваў вас з рук егіпцянаў і з рук усіх царстваў, якія чынілі вам шкоду.
А вы цяпер адкінулі Бога вашага, Які ратуе вас ад усіх бедстваў вашых і смуткаў вашых, і сказалі Яму: цара пастаў над намі. Дык вось станьце прад Госпадам паводле плямёнаў вашых і паводле родаў вашых.
А вы сёння адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усякіх бед і трывог вашых, і сказалі: “Не трэба, але пастаў над намі цара!” Дык цяпер станьце перад Госпадам па пакаленнях вашых і па родах».
І загадаў Самуіл падыходзіць усім плямёнам Ізраілевым, і ўказана племя Веньямінава.
І прывёў Самуэль усе пакаленні Ізраэля; і выпала жэрабя пакаленню Бэньяміна.
І загадаў падыходзіць племю Веньямінаваму паводле родаў яго і ўказаны род Матрыеў; і прыводзяць род Матрыеў па мужчынах, і названы Саўл, сын Кісаў; і шукалі яго і не знаходзілі.
І прывёў ён пакаленне Бэньяміна і роды яго; і жэрабя выпала роду Мэтры, і дайшло аж да Саўла, сына Кіса. І шукалі яго, і не маглі знайсці.
І спыталіся яшчэ ў Госпада: ці прыйдзе ён яшчэ сюды? І сказаў Гасподзь: вось ён хаваецца ў абозе.
І потым пыталіся ў Госпада, ці той чалавек прыбыў сюды. І Госпад адказаў: «Вось, ён хаваецца ў лагеры».
І пабеглі і ўзялі яго адтуль, і ён стаў сярод народу і быў ад плячэй сваіх вышэйшы за ўвесь народ.
Дык пабеглі за ім і прывялі яго адтуль; і стаў ён пасярод народа, і быў вышэйшы за ўвесь народ на галаву.
І сказаў Самуіл усяму народу: ці бачыце, каго выбраў Гасподзь? падобнага да яго няма ва ўсім народзе. Тады ўвесь народ усклікнуў і сказаў: хай жыве цар!
І сказаў Самуэль усяму народу: «Вы бачыце ясна, каго выбраў Госпад. Бо няма яму роўнага ва ўсім народзе». І ўвесь народ усклікнуў і сказаў: «Хай жыве цар!»
І выклаў Самуіл народу правы царства, і напісаў кнігу, і паклаў прад Госпадам. І адпусьціў увесь народ, кожнага ў дом свой.
Самуэль жа абвясціў народу закон царавання, і запісаў гэта ў кнізе, і паклаў яе перад Госпадам; і адпусціў Самуэль увесь народ, кожнага — у дом яго.
Таксама і Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву; і пайшлі зь ім адважныя, сэрца якіх крануўся Бог.
Але і Саўл пайшоў у дом свой у Габе; і праводзілі яго мужныя ваяры, да сэрцаў якіх дакрануўся Бог.
А нягодныя людзі казалі: ці ж яму ратаваць нас? І пагардзілі ім і не паднесьлі яму дарункаў. Але ён як бы не заўважаў таго.
А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынеслі яму падарункаў, але ён не звяртаў на гэта ўвагі.