1 царстваў 30 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

На трэці дзень пасьля таго, як Давід і людзі ягоныя пайшлі ў Сэкелаг, Амалікіцяне напалі з поўдня на Сэкелаг і ўзялі Сэкелаг і спалілі яго агнём,
 
І калі Давід разам са сваімі ваярамі прыйшоў ў Сікэлаг, амалекцы напалі на Нагэб і Сікэлаг, і здабылі Сікэлаг і спалілі яго агнём;

а жанчын і ўсіх, што былі ў ім, ад малога да вялікага, не забілі, а забралі ў палон, і пайшлі сваёй дарогаю.
 
і забралі яны ў палон жанчын і ўсіх у ім, ад найменшага да найбольшага, і не забілі нікога, але павялі з сабою і вярталіся дарогай сваёй.

І прыйшоў Давід і людзі ягоныя да горада, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны іхнія і дочкі іхнія пабраныя ў палон.
 
Дык калі Давід са сваімі людзьмі вярнуўся ў горад і ўбачыў, што ён падпалены агнём і што жонкі іх, і сыны іх, і дочкі забраныя ў няволю,

І падняў Давід і люд, што быў зь ім, плач, і плакалі, пакуль не засталося ў іх сілы плакаць.
 
загаласілі Давід і народ, які з ім быў, і плакалі яны, аж пакуль ім хапала слёз.

Узятыя былі ў палон і абедзьве жонкі Давіда, Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.
 
А ўзялі ў палон таксама абодвух жонак Давіда, Ахінаам з Езрагэля і Абігайль, жонку Набала з Кармэля.

Давід моцна быў зьбянтэжаны, бо люд хацеў пабіць яго камянямі, бо ўбольваўся душою ўвесь люд, кожны за сыноў сваіх і дочак сваіх.
 
І Давід адчуваў вялікае гора; бо хацеў народ яго ўкаменаваць, бо засмучаная была душа кожнага чалавека дзеля сыноў іх і дачок. Але Давід набраў сілы ў Госпадзе, Богу сваім,

Але Давід умацаваўся спадзяваньнем на Госпада Бога свайго, і сказаў Давід Авіятару сьвятару, сыну Авімэлэхаваму: прынясі мне наплечнік. І прынёс Авіятар наплечнік Давіду.
 
і сказаў святару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду.

І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці перасьледаваць мне гэтае полчышча, і ці даганю іх? І сказана яму: перасьледуй, дагоніш і адбярэш.
 
І раіўся Давід з Госпадам, пытаючыся: «Ці гнацца мне за гэтымі рабаўнікамі, ці не?» І сказаў яму Госпад: «Ганіся, бо, без сумнення, дагоніш іх і адбярэш здабычу».

І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім; і прыйшлі да патока Васор і стомленыя спыніліся там.
 
Такім чынам, пайшоў Давід сам і шэсцьсот ваяроў, якія былі пры ім, і дайшлі аж да ручая Бэзор, і тыя, што змучыліся, крыху затрымаліся.

І перасьледаваў Давід сам і чатырыста чалавек; а дзьвесьце чалавек заставаліся, бо ня мелі сілы перайсьці паток Васорскі.
 
А гнаўся сам Давід і чатырыста ваяроў; і астатнія спыніліся: дзвесце чалавек, якія, стомленыя, не маглі перайсці праз ручай Бэзор.

І знайшлі Егіпцяніна ў полі, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і напаілі яго вадою;
 
І знайшлі яны ў полі чалавека егіпцяніна, і прывялі яго да Давіда; і далі яму хлеба, і ён з’еў, і далі яму вады напіцца,

і далі яму частку зь вязанкі смокваў і дзьве вязанкі разынак, і ён еў і ўмацаваўся, бо ён ня еў хлеба і ня піў вады тры дні і тры ночы.
 
але далі яму таксама карыйскіх сушаных фіг і дзве гронкі разынак. Калі ён гэта з’еў, вярнуўся да яго дух яго, бо ён ужо тры дні і тры ночы не еў хлеба і не піў вады.

І сказаў яму Давід: чый ты і адкуль ты? І сказаў ён: я — хлопец Егіпцянін, раб аднаго Амалікіцяніна, і кінуў мяне гаспадар мой, бо ўжо тры дні, як я захварэў;
 
Тады запытаў у яго Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў яму: «Я малады егіпцянін, нявольнік амалекца, але кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму.

мы прарваліся ў паўднёвую частку Керэці і ў вобласьць Юдавую і ў паўднёвую частку Халева, а Сэкелаг спалілі агнём.
 
А мы напалі на Нагэб херэтаў, і на Нагэб Юды, і на Нагэб Калеба, і Сікэлаг спалілі агнём».

І сказаў яму Давід: ці давядзеш мяне да гэтага полчышча? І сказаў ён: прысягні мне Богам, што ты не заб’еш мяне і не перадасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я давяду цябе да гэтага полчышча.
 
І спытаў у яго Давід: «Ці можаш ты нас завесці да той арды?» Ён адказаў: «Прысягні мне Богам, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і тады я завяду цябе да той арды».

Давід прысягнуў яму, і ён павёў яго. І вось Амалікіцяне, рассыпаўшыся па ўсёй той краіне, ядуць і п’юць і сьвяткуюць з прычыны вялікай здабычы, якую яны ўзялі зь зямлі Філістымскай і зь зямлі Юдэйскай.
 
Калі ён павёў яго, тыя разышліся, вось, па ўсёй краіне, елі і пілі, і святкавалі дзеля вялікай здабычы і нарабаванага, якое сабралі яны ў філістынскай і Юдэйскай зямлі.

І пабіваў іх Давід ад зьмярканьня да вечара другога дня, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюды і паўцякалі.
 
І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечара наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюдаў і ўцяклі.

І адабраў Давід усё, што ўзялі Амалікіцяне, і абедзьвюх жонак сваіх адабраў Давід,
 
І забраў Давід усё, што нарабаваў Амалек, і вызваліў таксама абедзвюх сваіх жонак.

і не прапала ў іх нічога, ні малога, ні вялікага, ні з сыноў, ні з дачок, ні са здабычы, ні з усяго, што Амалікіцяне ўзялі ў іх: усё вярнуў Давід.
 
І ніхто з іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, і ўсё, што тыя нарабавалі, усё забраў Давід назад.

І ўзяў Давід усё дробнае і буйное быдла, і гналі яго перад сваім быдлам і казалі: гэта — Давідава здабыча.
 
І ўзяў Давід усе статкі і табуны, і гналі гэтую маёмасць перад ім, і крычалі: «Вось здабыча Давіда!»

І прыйшоў Давід да тых дзьвюх сотняў чалавек, якія ня мелі сілы ісьці за ім, і якіх ён пакінуў каля патока Васор, і выйшлі яны насустрач Давіду і насустрач людзям, якія былі зь ім. І падышоў Давід да гэтых людзей і прывітаў іх.
 
Давід жа дайшоў да тых двухсот чалавек, што, стомленыя, спыніліся і не маглі ісці з Давідам і засталіся па яго загадзе каля ручая Бэзор. І перанялі яны Давіда і людзей яго, а Давід, падышоўшы да іх, прывітаў іх мірна.

Тады ліхія і нягодныя зь людзей, якія хадзілі з Давідам, пачалі гаварыць: за тое, што яны не хадзілі з намі, не дамо ім са здабычы, якую мы адабралі: няхай кожны возьме толькі сваю жонку і дзяцей і йдзе.
 
І ў адказ адзін чалавек, найгоршы і несправядлівейшы з людзей, што хадзілі з Давідам, сказаў ім: «Яны не пайшлі разам з намі, і мы не аддадзім ім нічога са здабычы, якую мы забралі; але дастаткова кожнаму яго жонкі і дзяцей; калі яны іх забяруць, хай ідуць».

Але Давід сказаў, не рабеце так, братове мае, пасьля таго, як Гасподзь даў нам гэта і захаваў нас і перадаў у рукі нашыя полчышча, што прыходзіла супраць нас.
 
Сказаў жа Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам Госпад, і Ён захаваў нас, і аддаў гэтую арду, якая на нас напала, у нашы рукі;

І хто паслухаецца вас у гэтай справе? Якая частка тым, што хадзілі на вайну, такая частка павінна быць і тым, што заставаліся пры абозе: на ўсіх трэба падзяліць.
 
ніхто не паслухае вас у гэтай размове: бо будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў лагеры, і хай яны дзеляць роўна».

Так было з гэтага часу і пасьля; і паставіў ён гэта ў закон і ў правіла Ізраілю да сёньня.
 
І ад гэтага дня і надалей сталася гэта як пастанова і як закон для ізраэльцаў, і пратрывала аж па сённяшні дзень.

І прыйшоў Давід у Сэкелаг і паслаў са здабычы старэйшынам Юдавым, сябрам сваім, кажучы: «вось вам дарунак са здабычы, узятай у ворагаў Гасподніх», —
 
Такім чынам, Давід вярнуўся ў Сікэлаг, і паслаў ён падарункі са здабычы старэйшынам Юды, блізкім сваім, кажучы: «Прыміце дабраславенне са здабычы на ворагах Госпада».

тым, якія ў Вэтылі і ў Раме паўднёвай і ў Ятыры,
 
І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нагэбе, і тым, што ў Ятэры,

і ў Араіры і ў Шыфмоце, і ў Эстэмоа,
 
і тым, што ў Арары, і тым, што ў Сэфамоце, і тым, што ў Эстэмо,

і ў Рахале і ў гарадах Ерахмэельскіх і ў гарадах Кенэйскіх,
 
і тым, што ў Кармэлі, і ў гарадах Ерамээля, і ў гарадах кінэяў,

і ў Хорме, і ў Харашане, і ў Атаху,
 
і тым, што ў Хорме, і тым, што ў Барасане, і тым, што ў Атаху,

і ў Хэўроне і ва ўсіх мясьцінах, дзе хадзіў Давід сам і людзі ягоныя.
 
і тым, што ў Геброне, і ў астатніх месцах, дзе праходзіў сам Давід са сваімі ваярамі.