1 царстваў 16 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказаў Гасподзь Самуілу: дакуль ты будзеш смуткаваць па Саўле, якога Я адхіліў, каб ён ня быў царом над Ізраілем? напоўні рог твой алеем і ідзі; Я пашлю цябе да Ясэя Віфляемляніна, бо сярод сыноў ягоных Я нагледзеў Сабе цара.
І сказаў Госпад Самуэлю: «Дакуль ты будзеш сумаваць дзеля Саўла, якога Я адкінуў, каб ён не быў царом над Ізраэлем? Напоўні рог свой алеем і ідзі, бо Я пасылаю цябе да Ясэя з Бэтлехэма: бо паміж яго сыноў убачыў Я Сабе цара».
І сказаў Самуіл: як я пайду? Саўл дачуецца і заб’е мяне. Гасподзь сказаў: вазьмі ў руку тваю цяля са статку і скажы: я прыйшоў дзеля ахвяраваньня Госпаду;
І Самуэль кажа: «Як жа я пайду? Бо пачуе пра гэта Саўл і заб’е мяне». І кажа яму Госпад: «Возьмеш з сабою цялушку са статка ў рукі свае і скажаш: “Пайшоў я скласці ахвяру Госпаду”.
і запрасі Ясэя да ахвяры; Я пакажу табе, што табе рабіць, і ты памажаш Мне таго, пра каго Я скажу табе.
І запросіш Ясэя на ахвяру; і Я табе падкажу, што маеш рабіць, і каго маеш памазаць, пакажу табе».
І зрабіў Самуіл так, як сказаў яму Гасподзь. Калі прыйшоў ён у Віфляем, дык старэйшыны горада з трымценьнем выйшлі насустрач яму і сказалі: ці мірны прыход твой?
І зрабіў Самуэль так, як Госпад яму загадаў, і прыбыў ён у Бэтлехэм. І сустрэлі яго перапалоханыя старэйшыны горада, і пыталіся: «Ці супакойны прыход твой?»
І адказаў ён: мірны, дзеля ахвяраваньня Госпаду прыйшоў я; асьвяцецеся і ідзеце са мною да ахвярапрынашэньня. І асьвяціў Ясэя і сыноў ягоных і запрасіў іх да ахвяры.
І ён сказаў: «Супакойны; прыбыў я, каб скласці ахвяру Госпаду. Асвяціцеся і хадзіце са мною, каб скласці ахвяру». Такім чынам, асвяціў Ясэя і сыноў яго і паклікаў іх на ахвяру.
І калі яны прыйшлі, ён, убачыўшы Эліява, сказаў: правільна, гэты прад Госпадам памазанец Ягоны!
Калі прыйшлі яны, убачыў Самуэль Эліяба і сказаў: «Без сумнення, перад Госпадам намашчэнец Яго!»
Але Гасподзь сказаў Самуілу: не зважай на выгляд ягоны і на вышыню росту яго; Я адхіліў яго; Я гляджу ня так, як глядзіць чалавек; бо чалавек глядзіць на аблічча, а Гасподзь глядзіць на сэрца.
І Госпад сказаў Самуэлю: «Не глядзі на твар яго, ані на высокі рост яго, бо Я яго не выбраў; Я не вырашаю так, як чалавек: бо чалавек бачыць яўнае, а Госпад бачыць сэрца».
І паклікаў Ясэй Амінадава і падвёў яго да Самуіла, і сказаў Самуіл: і гэтага ня выбраў Гасподзь.
І паклікаў Ясэй Абінадаба, і прывёў яго да Самуэля, які сказаў: «І не гэтага выбраў Госпад».
І падвёў Ясэй Саму, і сказаў Самуіл: і гэтага ня выбраў Гасподзь.
Потым прывёў Ясэй Саму, але і яму сказаў Самуэль: «І гэтага не выбраў Госпад».
Так падводзіў Ясэй да Самуіла сямёх сыноў сваіх, але Самуіл сказаў Ясэю; нікога з гэтых ня выбраў Гасподзь.
Так прыводзіў Ясэй сем сыноў сваіх да Самуэля, і Самуэль казаў Ясэю: «Не выбраў Госпад нікога з іх».
І сказаў Самуіл Ясэю: ці ўсе дзеці тут? І адказаў Ясэй: ёсьць яшчэ маладзейшы; ён пасьвіць авечкі. І сказаў Самуіл Ясэю: пашлі і вазьмі яго, бо мы ня сядзем абедаць, пакуль ня прыйдзе ён сюды.
І запытаў Самуэль Ясэя: «Ці гэта ўсе сыны твае?» Ён адказаў: «Застаўся яшчэ адзін, найменшы, ён пасвіць авечак». І кажа Ясэю Самуэль: «Адпусці яго і прывядзі сюды; бо не пачнём застолля, пакуль ён сюды не прыйдзе».
І паслаў Ясэй, і прывялі яго. І быў ён бялявы, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. І сказаў Гасподзь: устань, памаж яго, бо гэта ён.
Дык паслаў ён па яго і прывеў яго; а быў ён руды і меў прыгожы твар і зграбную постаць. І сказаў Госпад: «Устань, памаж яго: бо гэта той».
І ўзяў Самуіл рог з алеем і памазаў яго сярод братоў ягоных, і пакоіўся Дух Гасподні на Давідзе з таго дня і пасьля. А Самуіл устаў і адышоў у Раму.
І ўзяў Самуэль рог з алеем, і памазаў яго ў прысутнасці братоў яго; і ад таго дня сышоў на Давіда Дух Госпадаў. І Самуэль падняўся і вярнуўся ў Раму.
А ад Саўла адступіўся Дух Гасподні, і бунтаваў яго ліхі дух супраць Госпада.
А пакінуў Саўла Дух Госпада, і авалодаў ім дух ліхі ад Госпада.
І сказалі яму слугі Саўлавыя: вось, ліхі дух супроць Госпада бунтуе цябе;
І сказалі яму паслугачы Саўлавы: «Вось, мучыць цябе ліхі дух ад Бога.
няхай гаспадар наш загадае слугам сваім, якія перад табою, пашукаць чалавека, умельскага ў гульні на арфе, і калі прыйдзе на цябе ліхі дух супроць Бога, дык ён, іграючы рукою сваёю, будзе супакойваць цябе;
Гаспадару наш, дай загад, і паслугачы твае, якія пры табе, адшукаюць чалавека, што ўмее граць на гуслях, каб ён, калі будзе цябе мучыць дух ліхі, спасланы Госпадам, граў рукою сваёю і супакойваў цябе».
і адказаў Саўл слугам сваім: знайдзеце мне чалавека, які добра грае, і прывядзеце яго да мяне.
І сказаў Саўл паслугачам сваім: «Знайдзіце мне кагосьці, хто грае добра, і прывядзіце яго да мяне».
Тады адзін слуга ягоны сказаў: вось, я бачыў у Ясэя Віфляемляніна сына, які ўмее граць, чалавека адважнага і ваяўнічага, і разумнага ў словах і віднага сабою, і Гасподзь зь ім.
І адзін з паслугачоў прамовіў у адказ: «Вось, я бачыў сына Ясэя з Бэтлехэма, які ўмее граць, і ён чалавек мужны і вельмі дужы, і разважны ў словах, і разам чалавек прыгожы; і Госпад ёсць з ім».
І паслаў Саўл вястуноў да Ясэя і сказаў: пашлі да мяне Давіда, сына твайго, які каля статку.
Дык паслаў Саўл пасланцоў да Ясэя, кажучы: «Прышлі да мяне Давіда, сына свайго, які пасвіць статак».
І ўзяў Ясэй асла з хлебам і мех зь віном і адно казьляня, і паслаў з Давідам, сынам сваім, да Саўла.
І ўзяў Ясэй асла з хлебам, і бурдзюк віна, і адно казляня, і паслаў праз Давіда, сына свайго, Саўлу.
І прыйшоў Давід да Саўла і служыў перад ім, і вельмі спадабаўся яму і зрабіўся ягоным збраяносцам.
І прыйшоў Давід да Саўла, і стаў перад ім; і Саўл палюбіў яго вельмі, і стаў ён у яго збраяносцам.
І паслаў Саўл сказаць Ясэю: няхай Давід служыць пры мне, бо ён здабыў упадабаньне ў вачах маіх.
І паслаў Саўл да Ясэя, кажучы: «Давід застанецца ў мяне, бо знайшоў ласку ў маіх вачах».
І калі Дух ад Бога бываў на Саўле, дык Давід, узяўшы арфу, граў, — і радасьней і лепей рабілася Саўлу, і дух ліхі адступаўся ад яго.
Такім чынам, калі толькі ліхі дух, спасланы Богам, нападаў на Саўла, Давід браў гуслі і граў рукою сваёю; і Саўлу была палёгка, і ён чуўся лепей: бо адступаўся ад яго ліхі дух.