1 царстваў 13 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Год быў з пачатку цараваньня Саўла, і другі год цараваў ён над Ізраілем, як выбраў сабе Саўл тры тысячы зь Ізраільцянаў:
 
Сын многіх гадоў быў Саўл, калі пачаў цараваць; два гады цараваў над Ізраэлем.

дзьве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Вэтыльскай, а тысяча была зь Ёнатанам у Гіве Веньямінавай; а астатні люд адпусьціў ён па дамах сваіх.
 
І Саўл выбраў сабе тры тысячы ізраэльцаў: і дзве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Бэтэль, а тысяча з Ёнатанам у Габе Бэньяміна, астатні народ ён адпусціў кожнага ў палатку яго.

І разьбіў Ёнатан ахоўны атрад Філістымскі, які быў у Гіве; і пачулі пра гэта Філістымляне, а Саўл пратрубіў у трубу па ўсёй краіне, абвяшчаючы: няхай пачуюць Габрэі!
 
І Ёнатан пабіў дружыну філістынцаў, якая была ў Габе. Пачулі аб гэтым філістынцы; а Саўл абвясціў аб гэтым гукам трубы ва ўсёй зямлі, гаворачы: «Хай пачуюць гебраі!»

Калі ўвесь Ізраіль пачуў, што разьбіў Саўл ахоўны атрад Філістымскі і што Ізраіль зрабіўся ненавісны Філістымлянам, дык люд сабраўся да Саўла ў Галгал.
 
І ўвесь Ізраэль пачуў гэтую вестку: «Пабіў Саўл дружыну філістынцаў; і Ізраэль стаўся ненавісным для філістынцаў». І сабраўся народ пры Саўле ў Галгале.

І сабраліся Філістымляне на вайну супроць Ізраіля: трыццаць тысяч калясьніц і шэсьць тысяч коньніцы, і люду мноства, як пясок на беразе мора; і прыйшлі і разьмясьціліся табарам у Міхмасе, з усходняга боку Бэт-Авэна.
 
І філістынцы сабраліся, каб ваяваць супраць Ізраэля: тры тысячы калясніц і тры тысячы коннікаў ды астатняга народу мноства, як пяску на беразе мора. І, выйшаўшы, сталі яны лагерам у Міхмасе на ўсход ад Бэт-Авэна.

Ізраільцяне, бачачы, што яны ў небясьпецы, бо народ быў уціснуты, хаваліся ў пячорах і ў цясьнінах і ў скалах, і ў вежах і ў равах;
 
Калі гэта заўважылі ваяры ізраэльскія, што яны знаходзяцца на вузкім месцы, — бо народ быў вымучаны, — пахаваліся ў пячорах і шчылінах, таксама ў скалах, і ў гротах, і на вадаёмах.

а некаторыя з Габрэяў пераправіліся за Ярдан у краіну Гадаву і Галаадскую; а Саўл быў яшчэ ў Галгале, і ўвесь люд, які быў зь ім, быў у страху.
 
А [некаторыя] гебраі пераправіліся праз Ярдан у зямлю Гада і ў Галаад. І калі Саўл быў яшчэ ў Галгале, увесь народ, які быў пры ім, быў надта напалоханы.

І чакаў ён сем дзён, да тэрміну, вызначанага Самуілам, а Самуіл ня прыходзіў у Галгал. І пачаў люд разьбягацца ад яго.
 
І сем дзён чакаў ён адпаведна загаду Самуэля, і Самуэль не прыходзіў у Галгал; і народ стаў адыходзіць ад яго.

І сказаў Саўл: прывядзеце да мяне, што вызначана ў ахвяру цэласпаленьня і ў ахвяры мірныя. І ўчыніў цэласпаленьне.
 
Такім чынам, сказаў Саўл: «Прынясіце мне ахвяру цэласпалення і ахвяру прымірэння». І склаў ён ахвяру цэласпалення.

Але ледзь толькі закончыў ён цэласпаленьне, вось, прыходзіць Самуіл. І выйшаў Саўл насустрач яму, каб вітаць яго.
 
І калі скончыў складаць ахвяру цэласпалення, вось, прыбыў Самуэль. І выйшаў Саўл яму насустрач, каб яго прывітаць.

Але Самуіл сказаў: што ты зрабіў? Саўл адказаў: я бачыў, што люд разьбягаецца ад мяне, а ты ня прыходзіў у назначаны час, а Філістымляне сабраліся ў Міхмасе;
 
І Самуэль сказаў яму: «Што ты зрабіў?» Саўл адказаў: «Я вось бачыў, што народ адыходзіць ад мяне, а ты не прыйшоў у вызначаны час, а філістынцы сабраліся ў Міхмасе,

тады падумаў я: «цяпер прыйдуць на мяне Філістымляне ў Галгал, а я яшчэ не заклікаў да Госпада», і таму рашыўся ўчыніць цэласпаленьне.
 
я сказаў: філістынцы цяпер нападуць на мяне ў Галгале, і я не здабыў ласкі ў Госпада. Змушаны неабходнасцю, склаў я ахвяру цэласпалення».

І сказаў Самуіл Саўлу: кепска зрабіў ты, што ня выканаў загаду Госпада Бога твайго, што даўно быў табе, бо сёньня ўмацаваў бы Гасподзь цараваньне тваё над Ізраілем назаўсёды;
 
І сказаў Самуэль Саўлу: «Неразумна ты зрабіў. О, каб ты захоўваў прыказанні Госпада, Бога твайго, якія Ён табе даў! Напэўна цяпер замацаваў бы Госпад цараванне тваё над Ізраэлем навекі.

але цяпер ня выстаяць царству твайму: Гасподзь знойдзе Сабе чалавека па сэрцы Сваім і загадае яму Гасподзь быць правадыром народу Свайго, бо ты ня выканаў таго, што было загадана табе Госпадам.
 
Але цяпер цараванне тваё доўга не патрывае. Госпад знайшоў сабе чалавека паводле сэрца Свайго, і паставіць яго Госпад кіраўніком над народам Сваім, бо ты не выканаў таго, што загадаў табе Госпад».

І ўстаў Самуіл і пайшоў з Галгала ў Гіву Веньямінаву; а Саўл пералічыў людзей, якія былі зь ім, да шасьцісот чалавек.
 
І Самуэль устаў, і пайшоў з Галгала, і падаўся дарогай сваёй. І народ, што застаўся, пайшоў за Саўлам супраць ваяроў, і прыйшоў з Галгала ў Габу Бэньяміна. Саўл палічыў народ, што прыйшоў з ім, і налічыў каля шасцісот чалавек.

Саўл з сынам сваім Ёнатанам і людзьмі, якія былі пры іх, заселі ў Гіве Веньямінавай; а Філістымляне стаялі табарам у Міхмасе.
 
І Саўл, і сын яго Ёнатан, і народ, які пры іх знаходзіўся, сядзелі ў Габе Бэньяміна. А філістынцы размяшчаліся ў Міхмасе.

І выйшлі з табара Філістымскага тры атрады для спусташэньня зямлі: адзін скіраваўся па дарозе да Офры, у акругу Саўлавую,
 
З лагера філістынцаў выйшлі тры кліны для рабунку: адзін клін накіраваўся на дарогу ў Офру ў зямлю Суал,

другі атрад выправіўся па дарозе Вэтаронскай, а трэці скіраваўся па дарозе да мяжы даліны Цэваім, да пустыні.
 
а другі клін накіраваўся на дарогу ў Бэтарон, а трэці пайшоў дарогаю да мяжы, што ідзе ад даліны Сэбаім да пустыні.

Кавалёў ня было ва ўсёй зямлі Ізраільскай, бо Філістымляне апасаліся, каб Габрэі не зрабілі меча альбо дзіды.
 
А ва ўсёй зямлі Ізраэльскай не было тады аніводнага каваля; бо філістынцы баяліся, каб гебраі не зрабілі часам меча або дзіды.

І павінны былі хадзіць усе Ізраільцяне да Філістымлянаў мянціць свае сашнікі і свае рыдлёўкі, і свае сякеры і свае матыкі,
 
Дык сыходзіліся ўсе ізраэльцы да філістынцаў, каб кожны завастрыў сашнік свой, і матыку, і сякеру, і серп.

калі зробіцца шчарбіна на лязе ў сашніку і ў рыдлёўках, і ў вілах і ў сякерах, альбо калі трэба ражон паправіць.
 
А цана вастрэння была: за сашнікі і матыкі — дзве часткі сікля, і трэцюю частку сікля — за вастрэнне сякер і за выпраўленне калоў.

Таму ў час вайны ня было ні меча, ні дзіды ва ўсяго народу, які быў з Саўлам і Ёнатанам, а толькі знайшліся яны ў Саўла і Ёнатана, сына ягонага.
 
І калі прыйшоў у Міхмасе час вайны, не знайшлося ані меча, ані дзіды ў руцэ ўсяго народа, які быў з Саўлам і Ёнатанам, за выключэннем Саўла і яго сына Ёнатана.

І выйшаў перадавы атрад Філістымскі да пераправы Міхмаскай.
 
Варта ж філістынская пайшла да перахода каля Міхмаса.