1 царстваў 3 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Хлопчык Самуіл служыў Госпаду пры Іліі; слова Гасподняе было рэдкае ў тыя дні, відзежы былі ня частыя.
А юнак Самуэль служыў Госпаду пад наглядамі Гэлі. І слова Госпада было рэдкім у тыя дні; з’яўленне Бога не было частым.
І было ў той час, калі Ілій ляжаў на сваім месцы, — і ў вачах ягоных пачало цямнець, і ён ня мог бачыць, —
Такім чынам, сталася аднаго дня, што Гэлі спаў на сваім месцы, а вочы яго слабелі і ён не мог бачыць.
і сьвяцільня Божая яшчэ не патухла, і Самуіл ляжаў у храме Гасподнім, дзе каўчэг Божы:
Лямпа Божая не была яшчэ згаслай, і Самуэль спаў у святыні Госпада, дзе быў каўчэг Госпада.
паклікаў Гасподзь Самуіла. І адказаў ён: вось я!
І паклікаў Госпад Самуэля, які ў адказ сказаў: «Вось я».
І пабег да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе; ідзі назад, кладзіся. І ён пайшоў і лёг.
І падбег да Гэлі і сказаў: «Вось я; бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Не клікаў я цябе. Вяртайся, спі!» І ён пайшоў і лёг спаць.
Але Гасподзь другі раз паклікаў Самуіла. Ён устаў і прыйшоў да Ілія другі раз і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе, сыне мой; ідзі назад, кладзіся.
І Госпад зноў паклікаў Самуэля. І Самуэль, устаўшы, пабег да Гэлі і сказаў: «Вось я, бо клікаў ты мяне». Ён адказаў: «Я не клікаў цябе, сын мой. Вяртайся і кладзіся спаць».
Самуіл яшчэ ня ведаў тады голасу Госпада, і яшчэ не адкрывалася яму слова Гасподняе.
А Самуэль не пазнаў яшчэ Госпада, і не было яшчэ яму аб’яўлена слова Госпадава.
І паклікаў Гасподзь Самуіла яшчэ трэці раз. Ён устаў і прыйшоў да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Тады зразумеў Ілій, што Гасподзь кліча хлопчыка.
І Госпад зноў паклікаў Самуэля трэці раз, ён, падняўшыся, пабег да Гэлі і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Тады зразумеў Гэлі, што Госпад кліча юнака.
І сказаў Ілій Самуілу: ідзі назад і кладзіся, і калі пакліча цябе Той, Які кліча, ты скажы: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой. І пайшоў Самуіл і лёг на месцы сваім.
І сказаў ён Самуэлю: «Ідзі і кладзіся спаць; а калі зноў пакліча цябе хто, кажы: “Гавары, Госпадзе, бо слухае паслугач Твой”». Дык вярнуўся Самуэль і лёг спаць на сваім месцы.
І прыйшоў Гасподзь, і стаў, і паклікаў, як таго і другога разу: Самуіле! Самуіле! І сказаў Самуіл: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой.
І прыйшоў Госпад, і стаў, і паклікаў, як клікаў раней: «Самуэль, Самуэль!» А Самуэль адказаў: «Гавары, Госпадзе, бо слухае паслугач твой».
І сказаў Гасподзь Самуілу: вось, Я ўчыню дзею ў Ізраілі, пра якую калі хто пачуе, дык у таго зазьвініць у вушах;
І сказаў Госпад Самуэлю: «Вось, Я гавару слова ў Ізраэлі, што, хто пра гэта пачуе, зазвініць у абодвух вушах яго.
у той дзень Я ўчыню над Ізраілем усё тое, што Я казаў пра дом ягоны; Я пачну і закончу;
У дзень той Я споўню над Гэлі ўсё, што прадказаў адносна дому яго, ад пачатку і да канца.
Я абвясьціў яму, што Я пакараю дом яго навекі за тую віну, што ён ведаў, як сыны ягоныя ліхадзейнічаюць, і ня цугляў іх;
Бо Я прадказаў яму, што буду судзіць дом яго навекі дзеля правіннасці, таму што ён ведаў, што сыны яго зневажаюць Бога, а не караў іх.
і таму прысягаю дому Ілія, што віна дома Іліевага не загладзіцца ні ахвярамі, ні прынашэньнямі хлебнымі вавек.
Дзеля таго Я прысягнуў дому Гэлі, што не будзе ачышчана правіннасць дому яго ані ахвярамі, ані дарамі, навечна».
І спаў Самуіл да раніцы, і адчыніў дзьверы дома Гасподняга; і баяўся Самуіл абвясьціць відзеж гэты Ілію.
А Самуэль спаў да раніцы, а потым адчыніў браму дома Госпада. І баяўся Самуэль сказаць Гэлі аб гэтым з’яўленні.
Але Ілій паклікаў Самуіла і сказаў: сыне мой Самуіле! Той сказаў: вось я!
Але Гэлі паклікаў Самуэля і сказаў: «Самуэль, сын мой». Ён, адказваючы, сказаў: «Вось я».
І сказаў Ілій: што сказана табе? не хавай ад мяне, тое і тое зробіць з табою Бог, і яшчэ болей зробіць, калі ты ўтоіш ад мяне што-колечы з усяго таго, што сказана табе.
І запытаўся ў яго: «Што за слова, якое было сказана табе? Прашу цябе, не ўтойвай ад мяне. Няхай гэта зробіць табе Бог і гэта дадасць, калі будзеш хаваць ад мяне слова з усіх слоў, што сказаны былі табе».
І абвясьціў яму Самуіл і ня ўтоіў ад яго нічога. Тады сказаў Ілій: Ён — Гасподзь; што Яму заўгодна, тое і ўтворыць.
Дык выявіў яму Самуэль усе словы і не ўтойваў ад яго. І Гэлі адказаў: «Ён — Госпад! Хай робіць, што добрае ў вачах Яго».
І вырас Самуіл, і Гасподзь быў зь ім; і не засталося ніводнага слова ягонага, каб ня спраўдзілася.
І Самуэль вырас, і Госпад быў з ім; і з усіх яго слоў ніводнае не ўпала на зямлю.
І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дана да Вірсавіі, што Самуілу выпаў гонар быць прарокам Гасподнім.
І даведаўся ўвесь Ізраэль, ад Дана да Бээр-Сэбы, што Самуэль быў пастаўлены прарокам Госпадавым.
І прадаўжаў Гасподзь зьяўляцца ў Сіломе пасьля таго, як адкрыў Сябе Самуілу ў Сіломе праз слова Гасподняе.
І працягваў Госпад з’яўляцца ў Сіло; бо адкрыўся Госпад Самуэлю ў Сіло згодна слову Госпадаву.