1 царстваў 15 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказаў Самуіл Саўлу: Гасподзь паслаў мяне памазаць цябе царом над народам Ягоным, над Ізраілем; цяпер паслухайся голасу Госпада.
І сказаў Самуэль Саўлу: «Госпад паслаў мяне, каб я памазаў цябе царом над народам Яго, Ізраэлем. Дык цяпер паслухай голас Госпада.
Так кажа Гасподзь Саваоф: успомніў Я пра тое, што зрабіў Амалік Ізраілю, як ён супрацьстаяў яму на шляху, калі ён ішоў зь Егіпта.
Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Узважыў Я, што зрабіў Амалек Ізраэлю, як перашкаджаў яму ў дарозе, калі ён качаваў з Егіпта,
цяпер ідзі і пабі Амаліка і вынішчы ўсё, што ў яго; і не давай літасьці яму, а аддай сьмерці ад мужа да жонкі, ад падлетка да немаўляці, ад вала да авечкі, ад вярблюда да асла.
дык цяпер ідзі і пабі Амалека, і пакладзі праклён на ўсё, што ён мае; не шкадуй яго, але забівай, ад мужчыны аж да жанчыны, ад малога аж да немаўляці, таксама валоў і авечак, вярблюдаў і аслоў”».
І сабраў Саўл люд і налічыў іх у Тэлаіме дзьвесьце тысяч Ізраільцянаў пешых і дзесяць тысяч з калена Юдавага.
І склікаў Саўл народ, і палічыў яго ў Тэлеме: дзвесце тысяч пяхоты і дзесяць тысяч ваяроў Юды.
І дайшоў Саўл да горада Амалікавага і зрабіў засаду ў даліне.
І калі пайшоў Саўл да горада Амалека, зрабіў ён засаду на бурнай рэчцы,
І сказаў Саўл Кіняянам: ідзеце, аддзялецеся, выйдзіце з асяродзьдзя Амаліка, каб я не загубіў вас зь ім, бо вы аказалі прыхільнасьць усім Ізраільцянам, калі яны ішлі зь Егіпта. І аддзяліліся Кіняяне з асяродзьдзя Амаліка.
і паведаміў Саўл кінэям: «Адыдзіце, аддзяліцеся і выйдзіце ад Амалека, каб часам разам з ім я не загубіў і вас: бо вы выявілі міласэрнасць усім сынам Ізраэля, калі ішлі яны з Егіпта». І выйшлі кінэі з грамады Амалека.
І пабіў Саўл Амаліка ад Хавілы да навакольля Сура, што перад Егіптам;
І пабіў Саўл Амалека ад Хавілы аж да Сура, што перад Егіптам.
і Агага, цара Амалікавага, захапіў жывога, а народ увесь вынішчыў мечам.
І захапіў ён Агага, цара амалекскага, жывым, а ўвесь народ забіў вастрыём меча, паклаўшы праклён.
Але Саўл і народ пашкадавалі Агага і найлепшых авечак і валоў і ўкормленых ягнят, і ўсё добрае, і не хацелі зьнішчаць, а ўсе рэчы малаважныя і благія зьнішчылі.
І пашкадавалі Саўл з народам Агага, і статкі найлепшых авечак, і валоў, і, канешне, адкормленай жывёлы і авечак, і ўсяго адборнага, і не захацелі нішчыць гэта; пазабівалі ж яны ўсё, што марным было і хворым, на яго паклалі яны праклён.
І было слова Госпада Самуілу такое:
А Госпад прамовіў да Самуэля, кажучы:
Шкадую, што паставіў Я Саўла царом, бо ён адвярнуўся ад Мяне і слова Майго ня выканаў. І засмуціўся Самуіл і заклікаў Госпада цэлую ноч.
«Шкадую, што Я паставіў Саўла царом, бо адступіўся ён ад Мяне і не спаўняе словы Мае». І засмуціўся Самуэль, і ўсю ноч маліўся да Госпада.
І ўстаў Самуіл рана раніцай і пайшоў насустрач Саўлу. І паведамілі Самуілу, што Саўл хадзіў на Карміл і там паставіў сабе помнік, і сышоў у Галгал.
І калі ўстаў Самуэль ноччу, каб наведаць Саўла раніцай, паведамілі Самуэлю, што Саўл выбраўся ў Кармэль і там паставіў сабе помнік, і, вяртаючыся, ён накіраваўся ў Галгал.
Калі прыйшоў Самуіл да Саўла, дык Саўл сказаў яму: дабраславёны ты ў Госпада; я выканаў слова Госпада.
І калі Самуэль прыбыў да Саўла, сказаў яму Саўл: «Хай дабраславіць цябе Госпад; я выканаў слова Госпада».
І сказаў Самуіл: а што гэта за бляяньне авечак у вушах маіх і рыканьне валоў, якое я чую?
І спытаў у яго Самуэль: «А што гэта за мыканне статкаў, што гучыць у вушах маіх, і мыканне валоў, што чую я?»
І сказаў Саўл: прывялі іх ад Амаліка, бо людзі пашкадавалі найлепшых авечак і валоў на ахвяраваньне Госпаду Богу твайму; а астатняе мы зьнішчылі.
А Саўл кажа: «Мы прывялі іх ад Амалека; бо пашкадаваў народ лепшых авечак і валоў, каб скласці іх у ахвяру Госпаду, Богу твайму, а астатніх мы знішчылі».
І сказаў Самуіл Саўлу: пачакай, я скажу табе, што сказаў мне Гасподзь уначы. І сказаў яму Саўл: кажы.
А Самуэль сказаў Саўлу: «Хопіць, і я табе скажу, што мне сказаў Госпад у гэтую ноч». І сказаў яму Саўл: «Гавары!»
І сказаў Самуіл: ці не малы ты быў у вачах тваіх, калі стаўся галавою плямёнаў Ізраілевых, і Гасподзь памазаў цябе царом над Ізраілем?
І сказаў Самуэль: «Ці не малым ты быў у вачах сваіх, а стаўся ты галавой пакаленняў Ізраэля? І памазаў цябе Госпад на цара над Ізраэлем,
І паслаў цябе Гасподзь у дарогу, сказаўшы: ідзі і пракляні няверных Амалікіцянаў і ваюй супроць іх, пакуль ня зьнішчыш іх.
і выслаў цябе Госпад у дарогу, і сказаў: “Ідзі і пакладзі праклён на Амалека, і ваюй з імі аж да поўнага вынішчэння іх”.
Чаму ж ты не паслухаў голасу Госпада і кінуўся на здабычу і ўчыніў благое перад вачыма Госпада?
Дык чаму не паслухаў ты голасу Госпада, але кінуўся на здабычу і дапусціўся зла ў вачах Госпада?»
І сказаў Саўл Самуілу: я паслухаўся голасу Госпада і пайшоў у дарогу, куды паслаў мяне Гасподзь, і прывёў Агага, цара Амалікіцкага, а Амаліка зьнішчыў;
І сказаў Саўл Самуэлю: «А я паслухаў голас Госпада, і хадзіў дарогаю, па якой паслаў мяне Госпад; і прывёў я Агага, цара амалекскага, і Амалека вынішчыў.
а людзі са здабычы, з авечак і валоў, узялі самае лепшае з праклятага, дзеля ахвяраваньня Госпаду Богу твайму ў Галгале.
Народ жа ўзяў са здабычы авечак і валоў, як пяршыні іх, каб скласці ў ахвяру Госпаду, Богу твайму, у Галгале».
І адказаў Самуіл: няўжо цэласпаленьні і ахвяры гэтак сама прыемныя Госпаду, як паслушэнства голасу Госпада? паслушэнства лепшае за ахвяры і паслухмянасьць лепшая за тлушч авечы;
Кажа яму Самуэль: «Ці ж Госпад хоча цэласпаленняў і крывавых ахвяр больш, чым паслушэнства голасу Госпада? Бо лепш паслухмянасць, чым крывавыя ахвяры, і пакорлівасць лепш, чым ахвяра з тлушчу бараноў.
бо непакорлівасьць ёсьць грэх, як чараўніцтва, і супраціўства тое самае, што балвахвалства; за тое, што ты занядбаў слова Госпада, і Ён занядбаў цябе, каб ты ня быў царом.
Бо непакорнасць — такі самы грэх, як варажба, а свавольства — як злачынства балванахвальства: з-за таго, што ты зняважыў слова Госпада, Ён адкінуў цябе, каб ты не быў царом».
І сказаў Саўл Самуілу: зграшыў я, бо пераступіў загад Госпада і слова тваё; але я баяўся народу і паслухаўся голасу ягонага;
І сказаў Саўл Самуэлю: «Зграшыў я, бо ўхіліўся ад слова Госпадава і слоў тваіх, баючыся народа і слухаючы яго голасу;
а цяпер здымі зь мяне грэх мой і вярніся са мною, каб я пакланіўся Госпаду твайму.
ты ж цяпер здымі, прашу, з мяне грэх мой і вярніся са мной, каб я пакланіўся Госпаду».
І адказаў Самуіл Саўлу: не вярнуся я з табою, бо ты зьнікчэмніў слова Госпада, і Гасподзь зьнікчэмніў цябе, каб ты ня быў царом над Ізраілем.
І Самуэль адказаў Саўлу: «Не вярнуся з табой, бо ты пагардзіў словам Госпада; і адкінуў цябе Госпад, каб ты не быў царом над Ізраэлем».
І павярнуўся Самуіл, каб адысьці. Але Саўл ухапіўся за край вопраткі ягонай і разадраў яе.
І павярнуўся Самуэль, каб ісці; а Саўл схапіў за крысо яго плашча, і яно падзёрлася.
Тады сказаў Самуіл: сёньня адабраў Гасподзь царства Ізраільскае ў цябе і аддаў яго блізкаму твайму, лепшаму за цябе;
І сказаў яму Самуэль: «Аддзярэ Госпад царства Ізраэля ад цябе сёння і перадасць яго блізкаму твайму, лепшаму за цябе.
і ня скажа няпраўды і не пакаецца вернік Ізраілеў, бо не чалавек Ён, каб каяцца Яму.
А Слава Ізраэля не хлусіць і не раскайваецца; бо гэта не чалавек, каб раскайвацца».
І сказаў Саўл: я зграшыў; але ўшануй мяне сёньня перад старэйшынамі народу майго і перад Ізраілем і вярніся са мною, і я пакланюся Госпаду Богу твайму.
І Саўл адказаў: «Зграшыў я, але ўшануй мяне цяпер перад старэйшынамі народа майго і перад Ізраэлем, і вярніся са мной, каб пакланіўся я Госпаду, Богу твайму».
І вярнуўся Самуіл па Саўла, і пакланіўся Саўл Госпаду.
І вярнуўся Самуэль, і пайшоў з Саўлам, і Саўл пакланіўся Госпаду.
Потым сказаў Самуіл: прывядзеце да мяне Агага, цара Амалікіцкага. І падышоў да яго Агаг дрыготкі, і сказаў Агаг: канечне горыч сьмерці мінулася?
І сказаў Самуэль: «Прывядзіце да мяне Агага, цара амалекскага». І падышоў да яго Агаг, дрыжучы. І Агаг сказаў: «Сапраўды, адступіла ад мяне горыч смерці!»
Але Самуіл сказаў: як меч твой жанчын пазбаўляў дзяцей, так маці твая сярод жанчын хай пазбудзецца сына. І расьсек Самуіл Агага прад Госпадам у Галгале.
І Самуэль сказаў: «Як меч твой пазбавіў маці дзяцей іх, так між жанчынамі маці твая застанецца таксама без дзяцей». І загадаў Самуэль забіць Агага перад Госпадам у Галгале.
І адышоў Самуіл у Раму, а Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву Саўлаву.
І Самуэль накіраваўся ў Раму; а Саўл вярнуўся ў сваю сядзібу ў Габу Саўлаву.
І больш ня бачыўся Самуіл з Саўлам да сьмерці сваёй; але смуткаваў Самуіл па Саўле, бо Гасподзь шкадаваў, што зрабіў Саўла царом над Ізраілем.
І ад гэтага часу Самуэль не бачыў больш Саўла аж да дня сваёй смерці; і Самуэль сумаваў дзеля Саўла, бо Госпад шкадаваў, што паставіў Саўла царом над Ізраэлем.